Сяргей Белаяр - Выратавальная місія

Тут можно читать бесплатно Сяргей Белаяр - Выратавальная місія. Жанр: Разная литература / Прочее, год неизвестен. Так же Вы можете читать полную версию (весь текст) онлайн без регистрации и SMS на сайте Knigogid (Книгогид) или прочесть краткое содержание, предисловие (аннотацию), описание и ознакомиться с отзывами (комментариями) о произведении.
Сяргей Белаяр - Выратавальная місія

Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних просмотр данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕН! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту free.libs@yandex.ru для удаления материала

Сяргей Белаяр - Выратавальная місія краткое содержание

Прочтите описание перед тем, как прочитать онлайн книгу «Сяргей Белаяр - Выратавальная місія» бесплатно полную версию:

Сяргей Белаяр - Выратавальная місія читать онлайн бесплатно

Сяргей Белаяр - Выратавальная місія - читать книгу онлайн бесплатно, автор Сяргей Белаяр

Сяргей БЕЛАЯР

ВЫРАТАВАЛЬНАЯ МІСІЯ

I

Фатонны зоркалёт «Слейпнір» імкліва набліжаўся да канчатковай кропкі маршруту — міжнароднай касмічнай станцыі «Ёган Кеплер».

— Як думаеш, чаму знікла сувязь са станцыяй? — спытаў Кінбут Бянткоўскі, гледзячы ў манітор, на якім, вылучаючыся на фоне вугальна-чорнай прасторы з сотнямі немігатлівых зорак, расла Asteroidea.

— Не ведаю, камандзір, — паціснуў плячыма Едка Гедройц, — прычын можа быць шмат, пачынаючы ад паломкі перадатчыка і заканчваючы сонечнай бурай. Навошта гадаць? Састыкуемся і ўсё высветлім!

Бянткоўскі кіўнуў. Зямля атрымала сігнал SOS тыдзень таму, пасля чаго экіпаж МКС на сувязь больш не выходзіў

— Будзем спадзявацца, што нічога сур’ёзнага не адбылося!

— Гэта апошняе, у што я стаў бы верыць. Больш рацыянальна зыходзіць з таго, што ў іх праблемы! Прычым сур’ёзныя.

— Ты ператвараешся ў закаранелага цыніка, Едка!

— Космас робіць мяне такім. Пройдзе яшчэ не адна тысяча, калі не мільён гадоў, перш чым зоркі перастануць быць варожымі людзям. Заўсёды трэба настройвацца на самае горшае.

«Ёган Кеплер» паступова запаўняў сабой увесь экран.

— Бачных пашкоджанняў не адзначаю! — паведаміў Доўкгал Геліч, скарыстаўшыся трансфакатарам. — Зваротны бок разгледзець не магу!

— Як толькі скінем хуткасць да самай малой, высы­лай бот!

— Ёсць высылаць бот пасля тармажэння!

— Пераходжу на тармажэнне! — папярэдзіў таварышаў Скумін Разыцень. Насавая дзюза выплюнула сноп распаленага вадароду, «Слейпнір» слаба тузануўся. Слупок акселераметра хутка папоўз уніз, паказваючы адмоўнае паскарэнне.Праз некалькі хвілін, калі да станцыі заставалася пяцьсот кіламетраў, інжынер-радыст выпусціў бот, карэктуючы яго курс пры дапамозе джойсціка. Разведчык не баяўся ні паскарэння, ні рэзкага змянення курсу, ні звышвысокіх і звышнізкіх тэмператур, што дазваляла выкарыстоўваць яго ў шырокім дыяпазоне даследаванняў.

Астранаўты не адрывалі поглядаў ад манітораў. Напружанне расло.

— Выява выразная! Адхіленні тэхнагеннага характару адсутнічаюць!.. Што за чорт?

— Што здарылася, Доўкгал?

— Я страціў кантроль над ботам! — Геліч рухаў джойсцікам, аднак нічога не змянялася: разведчык куляй нёсся да станцыі. Усачыць за сапраўдным вадаспадам даных не ўяўлялася магчымым.

Праз імгненне камера бота адключылася.

Інжынер-радыст вылаяўся і паспрабаваў аднавіць кантроль над ботам. Нічога не атрымалася — разведчык урэзаўся ў адну з сонечных батарэй. Яна выбухнула мільёнам аскепкаў і дробных абломкаў. Куляючыся, бот пачаў адыходзіць ад МКС.

— Што гэта было?

— Не ведаю, капітан! Бот быў спраўны — я двойчы пратэставаў усе сістэмы... — у голасе інжынера-радыста гучалі ноткі разгубленасці. — Сувязь нібы абсеклі...

Бянткоўскі і Гедройц пераглянуліся. На твары работніка службы бяспекі з’явіўся выраз: «Я ж казаў!»

— Адмовіла і асноўная, і дублюючая сістэма. У маёй практыцы такое ўпершыню!.. Паспрабуем другі бот?

Бянткоўскі думаў нядоўга:

— Толькі асцярожна!

— Ёсць асцярожна! — словы Геліча не разышліся са справай: ён акуратна падвёў бот да меркаванай мяжы мёртвай зоны з гатоўнасцю ў любы момант вярнуць разведчыка. Апаратура нічога не рэгістравала. Нервова аблізаўшы вусны, інжынер-радыст плаўна штурхнуў джойсцік.

Бот перасёк нябачную рысу і працягнуў рух. Геліч падвёў разведчыка ўшчыльную да «Ёгана Кеплера», дазволіўшы разгледзець паверхню МКС у дробных дэталях, пасля чаго накіраваў на іншы бок.

— Герметычнасць корпуса не парушана!.. Ніякіх слядоў экстраннай эвакуацыі!

— Паспрабуй звязацца з імі!

— Ёсць!.. Выратавальнае судна «Слейпнір» выклікае міжнародную касмічную станцыю «Ёган Кеплер»!.. «Ёган Кеплер», адкажыце «Слейпніру»!.. — інжынеррадыст перабраў шэраг частот, але на кожнай з іх адказам быў толькі белы шум.

— Доўкгал, вяртай бот!.. Экіпажу падрыхтавацца да стыкоўкі!.. — астранаўты завозіліся ў крэслах, правяраючы прывязныя рамяні і ўладкоўваючыся ямчэй. Пераканаўшыся ў тым, што ўсе гатовы, капітан загадаў: — Скумін, пачынай!

Працэдура заняла каля паўгадзіны — «Слейпнір» зблізіўся са станцыяй і выпусціў злучальныя аўтаматычныя фермы, увянчаныя магутнымі магнітнымі прысоскамі. Дакрануўшыся да спецыяльных прыёмных пляцовак, яны намёртва зафіксавалі зоркалёт. Для ўзлёту патрабавалася адключыць электрычны ток, які сілкаваў магніты.

— Едка, бяры Геліча, Валовіча і Хурду!

— Зразумеў, камандзір!.. За мной!

Астранаўты апранулі скафандры, праверылі сістэму жыццезабеспячэння, рыштунак і зброю. На адмысловую самаходную каляску было загружана ўсё неабходнае для правядзення выратавальнай аперацыі.

— З Богам! — сказаў Бянткоўскі і праводзіў падначаленых вачыма да таго моманту, пакуль за групай не зачыніліся створкі шлюзавай камеры, затым зноў вярнуўся да экрана.

— Камандзір, як сувязь?

— Чую і бачу цябе добра, Едка!

— Уваходзім!

II

У корпусе давялося выразаць дзірку — дзверы аказаліся заблакаванымі. Прычым механічна — у крэмальерны замок быў устаўлены лом. Астранаўты ўключылі ліхтары на вінтоўках — святло не гарэла. Прамяні заскакалі па падлозе, сценах і столі.

— Яны нібы спрабавалі ад чагосьці абараніцца! — Гедройц, пакруціўшы ў руках лом, адкінуў яго, падняўшы воблака пылу, які на здзіўленне хутка асядаў.

— Дзіўна! Прайшоў усяго тыдзень, а пылу столькі, як пасля некалькіх тысяч гадоў запусцення...

Ратавальнікі нацягнулі па-над дзіркай герметычную плёнку, а затым уручную запусцілі сістэму выраўноўвання ціску. Другія дзверы адчыніліся без цяжкасці.

— Што з паветрам?

— Аналізатары кажуць, што яно нічым не адрозніваецца ад таго, якім мы дыхаем на «Слейпніры»!

— Скафандр не здымаць! Рухайцеся да каманднага модуля!

Цеплавізары былі бескарыснымі — тоўстыя металічныя пераборкі экранавалі выпраменьванне.

Работнік службы бяспекі перастроіў інжынера-механіка, суднавага лекара і інжынера-радыста ў калону, пасля чаго ратавальнікі пакрочылі да сэрца станцыі. Адсек за адсекам — акрамя адсутнасці асвятлення нішто не паказвала на тое, што адбылася аварыя.

— Камандзір, я быццам іду па Месяцы. Для паўнаты адчуванняў не хапае толькі рэгаліту, — Гедройц вадзіў ствалом, з-за чаго ў Бянткоўскага стваралася ўражанне, нібы ён удзельнічае ў камп’ютарнай гульні-шутары. — Бачу галоўны размеркавальны шчыт. Паспрабуем аднавіць падачу энергіі.

Інжынер-радыст узяўся за справу, каб праз некаторы час рэзюмаваць:

— Прасцей усталяваць новую сістэму. Тут усё згарэла: і асноўны, і дублюючы контуры. Скок напружання быў жахлівай сілы!

— Едка, мне здаецца, ці пылу стала больш?

— Усё так, камандзір! У мяне пакуль няма гэтаму рацыянальнага тлумачэння... Уваходзім у аранжарэю!.. Нічога сабе! Куды падзеліся ўсе расліны? — прамень слізгаў па перавернутых скрынях і глебе, якая рассыпалася няроўнымі кучамі. — Нідзе ні лісціка, ні галінкі, ні каліва! І сляды адсутнічаюць...

— Прымаючы да ўвагі колькасць скрынь і памеры адсека, у ім павінна быць натаптана, як на іпадроме!

— Навошта яны гэта зрабілі?

— Не ведаю, Едка.

— Якуб?

— Падобна да масавага вар’яцтва. Дакладней скажу толькі пасля таго, як знойдзем каго-небудзь з экіпажа.

— Калі знойдзем... — Гедройц перахапіў аўтаматычную вінтоўку.

Кантэйнеры з угнаеннямі былі разбіты і раскіданы, пластыкавыя бакі з вадой — прабіты.

— Больш падобна да дыверсіі!

— Чаму ты так вырашыў? — насцярожыўся Бянткоўскі. Гедройц рэдка памыляўся ў ацэнцы абстаноўкі. Як-ніяк, дваццаць гадоў у падраздзяленнях спецыяльнага прызначэння.

— Форма ўваходных адтулін — яна паўсюль аднолькавая. Стыхійны натоўп ніколі не ўзбройваецца аднатыпна.

— Гэта мог зрабіць і адзін чалавек.

— Ні ў каго не атрымаецца наносіць ідэнтычныя ўдары, камандзір. А гэтыя нібы зроблены машынай...

— На борце «Ёгана Кеплера» не было ні андроідаў, ні робатаў.

Злева размяшчаліся тры тэхнічныя модулі, справа — жылыя блокі, пазначаныя на дзвярах лацінскімі літарамі «A», «B», «C» і «D». Гедройц вырашыў пачаць з модуляў.

— Доўкгал, прыкрываеш!

Алгарытм праверкі быў адпрацаваны шматлікімі трэніроўкамі. Ні ў адным з модуляў ні жывых, ні мёртвых ратавальнікі не знайшлі. За выключэннем абясточаных механізмаў, паломак не мелася. У блоках «A», «B» і «C» панаваў узорны парадак, а вось у блоку «D» усё было перавернута дагары нагамі.

— Цікава, што тут шукалі? — спытаў інжынер-механік.

— Вось гэта! — Гедройц паказаў ствалом на армейскі нож, які быў замацаваны пад ложкам. — Той, хто зладзіў бардак, ведаў, што ў блоку захоўваецца нож, але не меў паняцця дзе. Шукаў у спешцы. Скарыстацца не паспеў... — работнік службы бяспекі агледзеў сценавую шафу са слядамі барацьбы, затым апусціў погляд на падлогу. — Крыві няма, а вось пылу амаль да шчыкалаткі!.. Хадзем!

Перейти на страницу:
Вы автор?
Жалоба
Все книги на сайте размещаются его пользователями. Приносим свои глубочайшие извинения, если Ваша книга была опубликована без Вашего на то согласия.
Напишите нам, и мы в срочном порядке примем меры.
Комментарии / Отзывы
    Ничего не найдено.