Братья Гримм - Казкi (на белорусском языке) Страница 14
Братья Гримм - Казкi (на белорусском языке) читать онлайн бесплатно
- Я ўзнагароджу яе тым, што будзе яна з кожным днём усё больш пачварная.
Другi прамовiў:
- Я ўзнагароджу яе тым, што пры кожным слове, што яна вымавiць, будзе з яе рота выскокваць лягушка.
А трэцi дадаў:
- А я ўзнагароджу яе тым, што яна памрэ цяжкою смерцю.
Пачала дзяўчына шукаць сунiцы, але не знайшла нi адной ягадзiнкi i вярнулася са злосцi дахаты. Толькi яна паспрабавала расказаць мацi, што здарылася з ёй у лесе, як пачало выскокваць з яе рота пры кожным слове па лягушцы, i ўсе адчулi да яе агiду.
Яшчэ больш неўзлюбiла мачыха сваю падчарыцу i пачала прыдумваць, як бы ёй дапячы, а падчарыца станавiлася з кожным днём усё прыгажэйшая i прыгажэйшая.
Нарэшце прынесла мачыха кацёл, прыладкавала яго на агонь i пачала кiпяцiць у вадзе пражу. Калi тая праварылася, узвалiла яна пражу на плечы беднай дзяўчыне, дала ёй у рукi сякеру i загадала iсцi на рэчку, каб высекчы там палонку i добра прапаласкаць пражу.
Дзяўчына паслухала, пайшла i высекла ў лёдзе палонку. Але калi яна секла лёд, пад'ехала шыкоўная карэта, i сядзеў у ёй кароль. Карэта запынiлася, i кароль запытаў:
- Дзiця маё, ты хто такая i што ты тут робiш?
- Я бедная дзяўчына, мыю пражу.
Кароль яе пашкадаваў i, бачачы, што яна вельмi прыгожая, сказаў:
- Хочаш, паедзем разам са мной?
- Ах, з вялiкай ахвотаю! - адказала яна, узрадаваўшыся, што ёй не трэба будзе вяртацца да мачыхi i яе дачкi.
I села яна ў карэту, i паехала разам з каралём. Прыехалi яны ў замак i адгулялi там пышнае вяселле, i была гэта ёй узнагарода ад маленькiх лясных чалавечкаў.
Праз год нарадзiла маладая каралева сына; i калi мачыха дачулася пра такое вялiкае шчасце, дык прыйшла са сваёю дачкой у замак, быццам жадаючы пабачыцца з ёю. Але якраз у тую часiну кароль кудысьцi адлучыўся i пры ёй не было нiкога; тады схапiла злая жанчына каралеву за валасы, а дачка ўзяла яе за ногi, яны паднялi яе з пасцелi i выкiнулi праз акно ў раку, што цякла каля самага замка. Пасля мачыха паклала ў пасцель сваю брыдкую дачку i накрыла яе ўсю коўдрай.
Вярнуўся кароль, i захацелася яму пагаварыць з жонкай, але старая закрычала:
- Цiшэй, цiшэй, цяпер няможна, яна ляжыць вельмi стомленая, няхай адпачне.
Кароль, не прадчуваючы нiчога благога, прыйшоў толькi назаўтра, i калi ён загаварыў з жонкаю, дык пры кожным слове з яе рота выскоквала лягушка, а раней, як усе ведалi, выпадаў чырвонец. Тады кароль запытаў, што гэта значыць, i старая патлумачыла, што гэта ў яе, маўляў, ад вялiкага поту i што гэта хутка мiнецца.
А ўночы ўбачыў маладзенькi кухар, як падплыла па вадасцёкавай канаўцы нейкая качка i запытала:
- Кароль, як ты жыў?
Гуляеш альбо спачыў?
Але калi ён ёй нiчога не адказаў, качка зноў падала голас:
- А як мае госцi, сядзяць?
Адказаў ёй маладзенькi кухар:
- Не, яны моцна спяць.
Пачала яна тады дапытвацца:
- А як родненькi сыночак?
I адказаў ён:
- Ён спiць сабе ў зыбцы ўсю ночку.
I паўстала тады з качкi каралева, i пайшла ў замак, пакармiла дзiця, пакалыхала яго ў зыбцы, накрыла i зноў паплыла па канаве. Так заяўлялася яна запар дзве ночы, а на трэцюю сказала маладзенькаму кухару:
- Iдзi i скажы каралю, каб ён узяў свой меч i тройчы ўзмахнуў iм нада мной на парозе.
Пабег той i расказаў пра гэта каралю. Прыйшоў кароль i тройчы ўзмахнуў мячом над зданню; i толькi ўзмахнуў трэцi раз, раптам бачыць: стаiць перад iм ягоная жонка, жывая, здаровая i цэлая, як была раней.
I меў кароль вялiкую радасць, але пратрымаў каралеву ў патайным пакоi да нядзелi, калi павiнны былi хрысцiць дзiця. А калi яго ахрысцiлi, кароль запытаў у старой:
- Што трэба зрабiць з чалавекам, якi сцягвае кагосьцi з пасцелi i кiдае яго ў ваду?
- Толькi так, - адказала тая, - пасадзiць такога нягоднiка ў бочку, прабiтую цвiкамi, i пiхнуць яе з гары ў раку.
I сказаў кароль:
- Ты сама сабе зрабiла прысуд.
I ён загадаў прынесцi бочку з цвiкамi, i ўвапхнуць у яе старую з дачкой. Зачынiлi бочку наглуха векам i пiхнулi з гары, i пакацiлася яна проста ў раку.
ГАРШЧОК КАШЫ
Жыла-была адна дзяўчынка.
Пайшла яна ў лес па ягады i сустрэла там бабульку.
- Дзень добры, дзяўчынка, - сказала ёй бабулька, - дай мне ягад, калi ласка.
- На, бабулька, - гаворыць дзяўчынка.
Паела бабулька ягад i сказала:
- Ты мне ягад дала, а я табе таксама нештачка падару. Вось табе гаршчочак. Варта толькi сказаць:
- Раз, два, тры,
Гаршчочак, вары!
i ён пачне варыць смачную, салодкую кашу. А скажаш яму:
- Раз, два, тры,
Больш не вары!
i ён перастане варыць.
- Дзякуй, бабулька, - сказала дзяўчынка, узяла гаршчочак i пайшла дамоў да мацi.
Абрадавалася мацi гэтаму гаршчочку. Ды i як не радавацца? Без працы i клопату заўсёды на абед смачная, салодкая каша будзе.
Вось аднойчы пайшла дзяўчынка з дому, а мацi паставiла гаршчочак перад сабой i гаворыць:
- Раз, два, тры,
Гаршчочак, вары!
Ён i пачаў варыць. Шмат кашы наварыў. Мацi паела ўволю. А гаршчочак усё варыць i варыць кашу. Як яго спынiць?
Трэба было сказаць:
- Раз, два, тры,
Больш не вары!
ды мацi не ўспомнiла гэтыя словы, а дзяўчынкi дома не было. Гаршчочак варыць i варыць. Ужо ўся кухня поўная кашы, ужо i ў прыхожай каша, i на ганку каша, а ён усё варыць i варыць. Спалохалася, мацi, пабегла шукаць дзяўчынку, ды не перабрацца ёй цераз дарогу - гарачая каша ракой цячэ. Добра, што дзяўчынка недалёка ад дому была. Убачыла яна, што на вулiцы робiцца, i бегам пабегла дамоў. Сяк-так узабралася на ганак, адчынiла дзверы i крыкнула:
- Раз, два, тры,
Больш не вары!
I перастаў гаршчочак варыць кашу.
А наварыў ён яе гэтулькi, што той, каму даводзiлася з вёскi ў горад ехаць, павiнен быў сабе ў кашы дарогу праядаць.
Толькi нiхто на гэта не скардзiўся.
Вельмi ўжо была каша смачная i салодкая.
ЦВIК
Адзiн купец добра пагандляваў на кiрмашы i набiў сабе поўную калiту золата i серабра. Сабраўся ён дадому вяртацца, - хацелася яму трапiць дадому да наступлення ночы. Вось прытарочыў ён дарожную суму з грашыма да сядла свайго каня i паехаў. Каля паўдня адпачываў ён у адным гарадку; сабраўся было ехаць далей, а тут падводзiць яму работнiк каня i кажа:
- Гаспадар, а на задняй левай назе ў падкове аднаго цвiка не хапае.
- Ну i няхай сабе не хапае, - адказаў купец, - за шэсць гадзiн, якiя мне застаецца праехаць, падкова нябось не звалiцца. Я спяшаюся.
Пасля паўдня, калi ён спешыўся i зноў вырашыў накармiць каня, уваходзiць у пакой работнiк i кажа:
- Гаспадар, а ў вашага каня на задняй левай назе няма падковы. Можа, адвезцi мне яго ў кузню?
- Ну i няхай сабе няма, - адказаў купец, ехаць жа ўсяго дзве гадзiны, бадай, з канём нiчога не здарыцца. Я спяшаюся.
Паскакаў ён далей; але неўзабаве пачаў конь прыкульгваць; пакульгаў ён, потым пачаў спатыкацца, потым павалiўся i зламаў сабе нагу. Давялося купцу каня кiнуць, адвязаць дарожную суму, узвалiць яе на плечы i дабрацца дадому пешкi, - i прыйшоў ён дадому позняй ноччу.
- А ўсёй жа бяды прычынай, - вымавiў ён пра сябе, - гэты пракляты цвiк.
А ты спяшайся павольна!
ПАДЗЕМНЫ ЧАЛАВЕЧАК
Жыў-быў некалi багаты кароль, i былi ў яго тры дачкi; яны штодня гулялi ў каралеўскiм садзе, а бацька быў такi аматар розных дрэў, што аб'явiў: калi раптам нехта сарве з дрэва хоць бы адзiн яблык, то ён, кароль, сiлаю праклёну загонiць зламыснiка на сто сажняў пад зямлю. Вось i наблiзiлася восень, i парабiлiся яблыкi на адной з яблынь чырвонымi, быццам крывёю налiлiся. А тры каралеўскiя дачкi штодня гулялi пад дрэвам ды пазiралi, цi не скiне вецер хоць бы адзiн яблычак, - бо за ўсё сваё жыццё яны не знайшлi нiводнага, якое б з яблынi звалiлася, - а само дрэва ад цяжкiх яблыкаў ажно на зямлю клалася. I вось вельмi ўжо захацелася малодшай каралеўне пакаштаваць яблычка i мовiла яна сёстрам:
- Бацька нас вельмi любiць, i, пэўна ж, не здзейснiць свайго праклёну; я думаю, што гэта датычыцца толькi чужых людзей. - Пры гэтых словах яна адшчыкнула самы вялiкi яблык, наблiзiлася да сясцёр ды кажа:
- Вось, пакаштуйце, мiлыя сястрычкi, хоць бы кавалачак! Я за ўсё сваё жыццё не ела такога смачнага яблычка.
I адкусiлi абедзве старэйшыя каралеўны ад таго яблыка, i ўсе трое адразу знiклi пад зямлёю, ды так глыбака, што адтуль не было нават чутно пеўневага кукарэкання.
Апоўднем кароль намерыўся папалуднаваць, але нiяк не мог даклiкацца дачок, ён доўга шукаў iх i ў палацы, i ў садзе, але марна. Ён гэтак засмуцiўся, што загадаў аб'явiць па ўсёй краiне ўказ, згодна якога той, хто знойдзе яго дачок, возьме любую сабе ў жонкi. I шмат хто з малайцоў выправiлiся ў пошукi, бо трох каралеўскiх дачок вельмi ўжо ўсе любiлi, - былi яны ласкавыя, а да таго дужа тварам вабныя. Мiж iншых смельчакоў было трое маладых паляўнiчых. Павандраваўшы тыдзень, пад'ехалi яны да палаца, а ў палацы тым прыгожыя пакоi, i ў адным з iх стол, а на iм розныя прысмакi панастаўленыя, i ўсе яны гарачыя, над iмi вiецца духмяная пара; а ў палацы гэтым не бачна нiводнай жывой душы. Прасядзелi там паляўнiчыя паўдня, а стравы, як былi гарачыя, так i засталiся, i над iмi вiецца духмяная пара; урэшце яны так згаладалiся, што паселi да стала i пачалi есцi. Добра наелiся, а пасля падумалi-падумалi ды вырашылi застацца ў гэтым палацы i кiнуць жэрабя, каму тут быць, а каму ехаць на пошукi каралеўскiх дачок; гэтак яны i зрабiлi; i выпала застацца ў палацы старэйшаму паляўнiчаму. Ранiцай двое паляўнiчых адправiлiся ў дарогу на пошукi, а старэйшы застаўся ў палацы. Раптам з'яўляецца апоўднем маленькi чалавечак i пачынае прасiць даць яму кавалачак хлеба; узяў тады старэйшы паляўнiчы хлеб, адкроiў лусту i падае яму, але маленькi чалавечак выпусцiў яе i папрасiў, каб той быў такi ласкавы i падняў яму гэту лусту хлеба з падлогi. Паляўнiчы згадзiўся i, вось калi ён нагнуўся, каб падняць той хлеб, маленькi чалавечак хапiў палку, учапiўся ў валасы i пачаў лупцаваць паляўнiчага.
Жалоба
Напишите нам, и мы в срочном порядке примем меры.