Герасио Кирого - Казкi трапiчнага лесу (на белорусском языке) Страница 7

Тут можно читать бесплатно Герасио Кирого - Казкi трапiчнага лесу (на белорусском языке). Жанр: Детская литература / Прочая детская литература, год неизвестен. Так же Вы можете читать полную версию (весь текст) онлайн без регистрации и SMS на сайте Knigogid (Книгогид) или прочесть краткое содержание, предисловие (аннотацию), описание и ознакомиться с отзывами (комментариями) о произведении.

Герасио Кирого - Казкi трапiчнага лесу (на белорусском языке) читать онлайн бесплатно

Герасио Кирого - Казкi трапiчнага лесу (на белорусском языке) - читать книгу онлайн бесплатно, автор Герасио Кирого

"Чаму гэта мама забаранiла шукаць гнёзды ў полi?" - падумаў ён. I так разважаючы, ён раптам пачуў вельмi далёка спеў нейкай птушкi.

- Якая гучная песня! - сказаў каацi ў захапленнi. - I якiя, напэўна, вялiкiя яйкi павiнны быць у такой птушкi!

Спеў пачуўся зноў. I тады каацi кiнуўся бегчы праз лес. Ён бег напрасткi, не разбiраючы дарогi, бо спеў ляцеў аднекуль проста наперадзе. Сонца ўжо садзiлася, а ён усё бег, задраўшы ўгору хвост. Нарэшце ён выскачыў на ўзлесак i паглядзеў у поле. Удалечынi стаяў чалавечы дом, i побач ён убачыў чалавека ў ботах, якi вёў на повадзе каня. I яшчэ ён убачыў вялiкую птушку, якая спявала. Тады каацi пляснуў сябе па лбе i сказаў:

- Ну, якi я недарэка! Я цяпер успомнiў, што гэта за птушка. Гэта ж певень! Аднойчы мама паказвала мне яго, калi мы сядзелi на дрэве. Пеўнi вельмi хораша спяваюць, i ў iх шмат курэй, якiя нясуць яйкi. Вось бы паесцi гэтых курыных яек!

Усiм вядома - нiшто так не падабаецца гэтым лясным звяркам, як курыныя яйкi. I хоць на адну хвiлiнку маленькаму каацi ўспомнiлася парада, якую дала яму мацi, але жаданне перамагло. Ён сеў на ўзлеску i пачаў чакаць, калi добра сцямнее, каб пралезцi ў куратнiк.

Нарэшце апусцiлася ноч. Тады ён на дыбачках, крок за крокам, пачаў падкрадацца да хаты. Падышоўшы, ён асцярожна прыслухаўся: вакол нiчагуткi было не чуваць. Маленькi каацi вельмi ўзрадаваўся, што зараз зможа з'есцi сто, тысячу - не, дзве тысячы курыных яек! Ён ступiў у куратнiк i першае, што ўбачыў каля дзвярэй, было яйка, якое ляжала адно на зямлi. Спачатку ён вырашыў пакiнуць яго на пасля, на закуску, бо яйка было ладнае. Але ў яго пацякла слiна, i ён, не ўтрымаўшыся, схапiў яйка зубамi.

Ледзь толькi ён гэта зрабiў, як ТРЭСЬ! - страшны ўдар абрынуўся яму ў твар, i ён адчуў невыцерпны боль.

- Мама, мама! - закрычаў ён, не ведаючы што рабiць ад болю.

Але ён быў як прыкуты да месца! I ў тую ж хвiлiну пачуўся хрыпаты сабачы брэх.

Тым часам, калi каацi сядзеў на ўзлеску i чакаў, пакуль добра сцямнее, каб пралезцi ў куратнiк, гаспадар дома забаўляўся на саломе са сваiмi дзецьмi, белагаловымi хлопчыкам i дзяўчынкай пяцi i шасцi гадоў. Яны смяялiся, бегалi, падалi, смеючыся ўставалi i зноў падалi. I бацька таксама падаў, на вялiкую радасць дзяцей. Урэшце яны перасталi дурэць, бо была ўжо ноч, i гаспадар сказаў:

- Пайду пастаўлю пастку на ласку, бо яна часта да нас залазiць i душыць куранят ды крадзе яйкi.

Ён пайшоў i паставiў пастку. А потым яны павячэралi i палеглi спаць. Але дзецi спаць не хацелi, яны скакалi з ложка на ложак i блыталiся ў начных кашулях. А бацька чытаў у сталовым пакоi i не перашкаджаў iм. Але раптам дзецi перасталi скакаць i крыкнулi:

- Тата! У пастку трапiла ласка! Сабака брэша! Мы хочам пабачыць, татачка!

Бацька дазволiў, але з умоваю, што яны абуюць сандалi, бо вакол было шмат гадзюк i цёмначы дзецям забаранялася хадзiць босымi.

Яны пайшлi. I што ж яны ўбачылi? Яны ўбачылi, што бацька нахiлiўся i, стрымлiваючы адной рукою сабаку, другою рукой выцягнуў за хвост i падняў каацi. Каацi быў яшчэ зусiм маленькi i ўвесь час пранiзлiва, як цвыркун, вiшчаў.

- Тата, не забiвай яго! - папрасiлi дзецi. - Ён зусiм маленечкi! Аддай яго нам.

- Добра, бярыце, - адказаў бацька. - Але добра даглядайце за iм, i сама галоўнае - не забывайцеся, што каацi, як i вы, п'юць ваду.

Ён казаў гэта таму, што раней у дзяцей быў лясны кот, якому яны ўвесь час цягалi мяса з халадзiльнiка, а вады не давалi, i ён здох.

I вось цяпер каацi запусцiлi ў тую самую клетку, у якой раней жыў лясны кот i якая стаяла каля куратнiка. А самi зноў пайшлi спаць.

Мiнула поўнач, i вакол апала глыбокая цiшыня. Але маленькi каацi, якi вельмi пацярпеў ад зубоў пасткi, не мог заснуць. I раптам ён убачыў у месяцавым святле тры невялiкiя ценi, якiя асцярожна падкрадалiся да яго. Сэрца ў няшчаснага каацiка затрымцела, бо ён пазнаў маму i сваiх двух братоў, якiя яго шукалi.

- Мама, мама! - паклiкаў палоннiк вельмi цiхенька, каб не нарабiць шуму. Я тут! Вызвалiце мяне! Я не хачу тут заставацца, ма... ма...

I ён несуцешна заплакаў.

Нягледзячы на ўсё, што здарылася, каацi былi задаволеныя, бо яны такi знайшлi адно аднаго i лашчылiся цяпер пысамi.

Яны адразу паспрабавалi вызвалiць палоннiка. Дзеля гэтага яны спачатку вырашылi былi перагрызцi драцяную сетку, i ўсе чацвёра накiнулiся на яе зубамi. Але ў iх нiчога не выйшла. I тады маме прыйшла ў галаву адна добрая думка. I яна сказала:

- Давайце пашукаем чалавекаў рыштунак! У людзей ёсць такiя прылады, каб перакусваць жалеза. Яны завуцца напiльнiкi. У iх тры бакi, як скура ў грымучай змяi, i iмi водзяць сюды-туды. Хадземце пашукаем!

Яны пайшлi ў чалавекаву майстэрню i вярнулiся адтуль з напiльнiкам. Разумеючы, што аднаму сiлы не хопiць, яны ўзялiся за напiльнiк утраiх, i праца пачалася. Яны так захапiлiся, што нават не заўважылi, што ўся клетка ўжо дрыжыць, трасецца i страшна грымiць. Яны нарабiлi такога грукату, што сабака нарэшце прачнуўся i хрыпла забрахаў. Але каацi вырашылi не чакаць, пакуль iх папросяць растлумачыць прычыну такога скандалу, i, кiнуўшы напiльнiк, уцяклi ў лес.

На другi дзень дзецi раненька пайшлi паглядзець на свайго новага госця, якi маркотна сядзеў у невялiчкай клетцы.

- Як мы яго назавём? - спытала дзяўчынка ў брацiка.

- Я ўжо прыдумаў! - адказаў хлопчык. - Мы назавём яго Семнаццаць!

Чаму Семнаццаць? Нiколi не было яшчэ лясной жывёлiны з такiм дзiўным iмем. Але хлопчык вучыўся лiчыць, i яго, напэўна, нечым прывабiў гэты лiк.

Як бы там нi было, а маленькага каацi назвалi Семнаццаць. Яму прынеслi хлеба, вiнаграду, шакаладу, мяса, крэветак i яек - вельмi смачных курыных яек. I яшчэ iм удалося вельмi хутка вылечыць яго - так, што ўжо праз дзень ён перастаў чухаць сабе галаву. Пяшчота дзяцей была такою вялiкай i шчырай, што, калi зноў наступiла ноч, каацi ўжо амаль змiрыўся са сваiм палонам. Ён толькi i думаў пра тыя ласункi, якiя еў цэлы дзень, i ўспамiнаў пра бялявых дзяцей чалавека, якiя былi такiя вясёлыя i добрыя.

Дзве ночы запар сабака спаў так блiзка да клеткi, што, на вялiкi жаль, сям'я палоннiка не магла да яго падысцi. Калi ж на трэцюю ноч яны зноў падкралiся, спадзеючыся знайсцi напiльнiк i выпусцiць на волю маленькага каацi, ён сказаў:

- Мама, я ўжо не хачу сыходзiць адсюль. Мне даюць яйкi, i ўсе са мной вельмi добрыя. Сёння мне сказалi, што, калi я добра буду сябе паводзiць, мяне хутка выпусцяць. Яны такiя ж, як мы. Яны таксама маленькiя дзецi, i мы разам гуляем.

Дзiкiя каацi вельмi засмуцiлiся, але ўрэшце, змiрыўшыся, паабяцалi каацiку прыходзiць да яго кожную ноч.

I праўда, кожную ноч, нават калi лiў дождж, мама i брацiкi прыходзiлi да маленькага каацi i бавiлi разам з iм трошкi часу. Каацiк прасоўваў iм праз драцяную сетку хлеб, i дзiкiя каацi сядзелi i елi хлеб перад клеткаю.

Так мiнула два тыднi. Каацi хадзiў ужо вольны i нанач сам iшоў у клетку. Калi не лiчыць, што часам яго тузалi за вуха, - за тое, што ён надта блiзка падыходзiў да куратнiка, - усё астатняе iшло добра. I ён, i дзецi вельмi ўпадабалi адно аднаго. Нават дзiкiя каацi, убачыўшы, якiя добрыя ў чалавека дзецi, таксама iх палюбiлi.

I вось аднойчы, калi стаяла вельмi цёмная ноч, а ў паветры моцна парыла i грымеў гром, дзiкiя каацi прыйшлi i гукнулi свайго меншага сыночка i брацiка. Але нiхто не азваўся. Занепакоеныя, яны падышлi блiжэй i ледзь не наступiлi на аграмадную гадзюку, якая скруцiлася каля ўвахода ў клетку! Каацi адразу зразумелi, што маленькi быў пакусаны, калi заходзiў у клетку. Таму ён i не адказваў на iх поклiч, а можа, нават быў ужо нежывы. Але яны жорстка адпомсцяць за яго! Вельмi раз'юшыўшыся, яны ўтраiх абступiлi змяю, заскакалi вакол i праз секунду, напаўшы, расшкамуталi зубамi ёй усю галаву.

Яны ўбеглi ў клетку i, сапраўды, убачылi, што каацiк ляжыць апухлы, ногi ў яго дрыжаць i ён памiрае. Марна дзiкiя каацi варочалi яго, марна чвэрць гадзiны лiзалi яму ўсё цела. Урэшце каацiк разявiў рот i перастаў дыхаць: ён быў нежывы.

Увогуле каацi мала ўспрымальныя да гадзючай атруты. Атрута iм амаль не шкодзiць. Ёсць i iншыя такiя жывёлы - напрыклад, мангуста, якая таксама вельмi добра пераносiць гадзючую атруту. Але каацiк, напэўна, быў укушаны ў артэрыю цi ў вену, бо тады кроў атручваецца адразу i жывёлiна памiрае. Так яно i здарылася з нашым маленькiм каацi.

Убачыўшы, што ён памёр, мацi i браты доўга плакалi. Потым, больш не маючы што рабiць, яны выйшлi з клеткi i абышлi двор, каб астатнi раз паглядзець на месца, дзе каацiк быў такi шчаслiвы. I ўрэшце рушылi ў лес.

I ўсё ж трое каацi былi вельмi заклапочаныя, i турбавала iх тое, што скажуць дзецi, калi назаўтра ранiцаю ўбачаць, што iх улюбёнец ляжыць нежывы? Дзецi паспелi моцна яго палюбiць, i каацi таксама палюбiлi бялявых дзяцей. Таму ўсе трое яны думалi пра адно: як зрабiць, каб дзецям не было балюча.

Яны доўга раiлiся i ўрэшце пастанавiлi так: сярэднi брат, якi целам i звычкамi быў рыхтык як меншы, павiнен застацца ў клетцы замест памерлага. З расказаў маленькага каацi яны ведалi шмат сакрэтаў гэтага дома, i дзецi не павiнны былi нi пра што здагадацца: можа, трошкi падзiвяцца чаму-небудзь, дый толькi.

Так i зрабiлi. Яны вярнулiся да хаты, сярэднi каацiк замянiў меншага, а мацi i старэйшы брат пацягнулi цела памерлага, схапiўшы яго зубамi. Яны паволi цягнулi яго ў лес, i галава нябогi звiсала i гайдалася, а хвост валачыўся па зямлi.

Перейти на страницу:
Вы автор?
Жалоба
Все книги на сайте размещаются его пользователями. Приносим свои глубочайшие извинения, если Ваша книга была опубликована без Вашего на то согласия.
Напишите нам, и мы в срочном порядке примем меры.
Комментарии / Отзывы
    Ничего не найдено.