Борис Виан - Ваўкалак (на белорусском языке) Страница 3
Борис Виан - Ваўкалак (на белорусском языке) читать онлайн бесплатно
- Зрабiце ласку, адзеньцеся i выйдзiце хутчэй вон! - загадаў ёй Дэнi.
Ваўкалак вырашыў раптам, каб павялiчыць эфект, завыць. Ён нiколi гэтага не рабiў, але, нягледзячы на нявопытнасць, завыў вельмi жудасна.
Напалоханая да смерцi прастытутка моўчкi мiгам апранулася i выскачыла з нумара. Дэнi застаўся адзiн - i засмяяўся. Ён адчуваў у сабе штосьцi распуснае, нешта такое, што распальвала яго.
- Гэта смак помсты, - сказаў ён сам сабе.
Ён прывёў сябе ў парадак i выйшаў. Была ноч, i бульвар залiвала цудоўным святлом.
Не зрабiў Дэнi i двух крокаў, як да яго падышлi тры мужчыны ў занадта ўжо кiдкiх светлых касцюмах, новых капелюшах i да бляску наваксаваных чаравiках.
- Пагаворым? - сказаў худзейшы, смуглявы, з тонкiмi вусiкамi.
- Не прыкiдвайся дурнем, - працадзiў праз зубы другi, чырвоны i квадратны.
- Зойдзем сюды, - прапанаваў смуглявы, калi яны праходзiлi мiма бара.
Дэнi зайшоў. Заiнтрыгаваны, ён усё яшчэ думаў, што прыгода гэтая была толькi жартам.
- Вы гуляеце ў брыдж? - спытаўся ён у мужчын.
- Зблытаеш нашы карты, атрымаеш па зубах - будзе тады табе брыдж, змрочна адказаў чырвоны квадратны. Здавалася, што ён быў дужа раз'юшаны.
- Вось што, шаноўны, - сказаў смуглявы адразу пасля чырвонага, - вы толькi што даволi няветлiва абышлiся з дзяўчынаю.
Дэнi зарагатаў.
- Ды ён здзекуецца з нас, морда! - сказаў чырвоны. - Нiчога, зараз яму стане сумна.
- Бачыш, - дадаў смуглявы, - мы крыху сябруем з гэтай дзяўчынкай.
Дэнi зразумеў усё.
- Бачу, - сказаў ён. - Вы - "каты".
У сутэнёраў ажно твары выцягнулiся ад такой знявагi: нячаста iм даводзiлася чуть гэтую пагардлiвую мянушку людзей iх занятку.
- Ты не жартуй! - пагрозлiва папярэдзiў Дэнi квадратны.
Дэнi паглядзеў на iх.
- Здаецца, зараз я раззлуюся, - сказаў ён рашуча. - Такое са мной упершыню, але я пазнаю гэта пачуццё. Я шмат чытаў пра яго.
На тварах у сутэнёраў застыла збянтэжанасць.
- Ты што, фраер, думаеш нас напалохаць? - спытаўся чырвоны.
Трэцi гаварыў мала, а сцiснуў кулак i замахнуўся, але не паспеў данесцi яго да падбародка Дэнi, як ваўкалак ухiлiўся, злавiў мужчыну за руку i сцiснуў запясце. Пачуўся хруст.
На галаву Дэнi цяжка апусцiлася бутэлька - ён заморгаў i адступiў.
- Мы цябе зараз прыдушым, - сказаў смуглявы.
Бар апусцеў. Дэнi пераскочыў столiк i квадратнага мужчыну. Збянтэжаны, той разявiў рот, але ўсё ж такi паспеў ухапiцца за замшавы ваўкалакаў чаравiк.
Адбылася кароткая бойка. Дэнi падышоў да люстэрка. Каўнер у кашулi быў разарваны, праз шчаку цягнуўся шрам, пад вокам свяцiўся "лiхтар". Ён жвава паклаў нерухомыя целы пад сядзеннямi каля стойкi. Сэрца проста выскоквала з грудзей. Ён крыху супакоiўся, ды раптам зiрнуў на насценны гадзiннiк. Было ўжо адзiнаццаць.
"Чорт! - падумаў ён. - Трэба ўцякаць".
Ён хутка насунуў чорныя акуляры i пабег да гатэля.
Яго душу перапаўняла нянавiсць, але Дэнi разумеў, што трэба неадкладна вярнуцца ў лес.
Разлiчыўшыся за нумар, ён узяў валiзу, ускочыў на ровар i стартаваў нiбыта чэмпiён свету па гонках на роварах.
* * *
Дэнi пад'язджаў да моста Сен-Клу, як раптам яго спынiў палiцэйскi.
- У вас што, лiхтара няма? - спытаўся ў ваўкалака гэты маленькi, нiчым не прыкметны чалавечак.
- Лiхтара? - здзiвiўся Дэнi. - А нашто ён мне? Я i так усё добра бачу.
- Нашто? Вы-то бачыце, - адказаў палiцэйскi, - але ж цi бачаць вас? А што, калi з-за вас здарыцца аварыя?
- Аварыя? - сказаў Дэнi. - Можа быць. Але ж як яго запалiць, гэты лiхтар?
- Вы што, смеяцеся? - спытаўся збянтэжаны "фараон".
- Паслухайце, - адказаў Дэнi, - я сапраўды вельмi спяшаюся i не маю часу смяяцца.
- А штраф заплацiць не хочаце? - сказаў занудлiвы ахоўнiк парадку.
- Вы мне абрыдлi, - адно адказаў ваўкалак.
- Выдатна! - сказаў раззлаваны палiцэйскi. - Плацiце!
Ён палез у кiшэню па нейкую кнiжку i ручку i апусцiў на iмгненне вочы.
- Прозвiшча, - спытаўся ён, узнiмаючы вочы.
I адразу засвiстаў у свiсток, бо ўбачыў Дэнi ўжо далёка ад сябе - той нацiснуў на педалi i кiнуўся на штурм адхону.
Дэнi iмчаўся. Ашаломлены асфальт не вытрымаў яго раз'юшанага нацiску. Прайшло колькi хвiлiн - i адхону ўжо як i не было. Пасля Дэнi iмгненна пранёсся ўздоўж парку Мантрэту i збочыў налева - да Чорнага моста i Вiль-д'Аўрэй. Вынырнуўшы з гэтага прыстойнага гарадка перад рэстаранам Кабасю, ён адчуў, што за iм нехта едзе, нацiснуў на педалi з апошняе сiлы - i стралою вылецеў на лясную дарогу. Час падганяў. Раптам недзе ўдалечынi гадзiннiк на вежы прабiў дванаццаць.
Ужо пасля першага ўдару Дэнi зразумеў, што справы яго кепскiя. Ён ледзь дацягваўся да педаляў, бо ногi яго, здаецца, пачалi карацець. Нейкi час ён яшчэ па iнерцыi ехаў па камянiстай прасёлачнай дарозе, залiтай месячным святлом, пакуль не ўбачыў свой цень - доўгую морду, вушы тырчком - i адразу грымнуўся вобзем: воўк, пэўна, не можа трымаць на ровары раўнавагу.
Грымнуўся на сваё шчасце. Ледзь прызямлiўшыся, ён адразу кiнуўся ў лясны гушчар, i ў гэты ж час матацыкл палiцэйскага са скрыгатам раструшчыў ровар.
Толькi Дэнi зноў стаў ваўком, як адразу, прадзiраючыся праз гушчар да сваёй пячоры, пачаў са здзiўленнем думаць пра тое, што ён, такi мяккi, спакойны, быў гэтакi неўтаймаваны ў чалавечай шкуры. Чаму забыўся ён раптам на ўсе свае добрыя прынцыпы, куды падзелася яго лагоднасць? Адкуль з'явiлася ў iм тая неверагодная раз'юшанасць, ахвярамi якой сталi сутэнёры (дарэчы, адзiн з iх, мусiм мы дадаць на апраўданне ўсiх iншых сутэнёраў, быў платным агентам палiцыi па барацьбе з распаўсюджваннем наркотыкаў)? Ды што там: успамiн пра помсту хваляваў яго i цяпер! Дэнi адно пакруцiў галавою. Якая ж бяда - гэты ўкус Сiямскага Мага! На шчасце, падумаў воўк, ён будзе перакiдацца ў чалавека толькi ў днi поўнi, i за тое дзякуй лёсу. Але ж заставалася ўсё-такi ў iм ад перажытага i штосьцi новае - i гэтая незразумелая злосць, прага рэваншу вымушалi яго непакоiцца.
Жалоба
Напишите нам, и мы в срочном порядке примем меры.