Станислав Акиньчиц - Залаты век Беларусi (на белорусском языке) Страница 2
Станислав Акиньчиц - Залаты век Беларусi (на белорусском языке) читать онлайн бесплатно
Дзевяноста пяць тэзiсаў, якiя зьмянiлi сьвет
Вечарам 31 кастрычнiка 1517 году вулiцы Вiтэнбэрга, сталiцы аднаго з Саксонскiх княстваў, былi запоўненыя ўзрушаным натоўпам, якi выходзiў з замкавага касьцёлу пасьля ўрачыстай iмшы напярэдаднi сьвята Ўсiх Сьвятых. Некалькi гадоў назад курфюрст саксонскi Фрыдрых Мудры, якi прагнуў зрабiць Вiтэнбэрг, невялiкi яшчэ горад на беразе Эльбы, новай сталiцай Саксонii, канкурэнтам славутаму сваiмi кiрмашамi i ўнiвэрсытэтам Ляйпцыгу, атрымаў ад папы рымскага прывiлей адпушчэньня грахоў для кожнага, хто на сьвята Ўсiх Сьвятых паспавядаецца i будзе на iмшы ў замкавым касьцёле. На гэты фэст з усёй Саксонii зьбiралiся жадаючыя атрымаць душэўны супакой. На некалькi дзён колькасьць жыхароў у Вiтэнбэргу павялiчвалася ў два-тры разы. Тут можна было ўбачыць князёў i баронаў, здрабнелую шляхту i вiтэнбэргскiх месьцiчаў. Тлумна цягнулiся жабракi аж з-пад Дрэздэна, студэнты новаўтворанага ўнiвэрсытэту сьпяшалiся замольваць свае грахi, сяляне з усяго навакольля зьяжджалiся цэлымi сем'ямi, ператвараючы гарадзкi пляц у вялiкi табар.
I вось увесь гэты разнастайны, галасьлiвы натоўп напоўнiў замкавы касьцёл, суцiшваючыся, здымаючы каптуры i капелюшы, каб пабожна ўдзельнiчаць у iмшы, спадзеючыся атрымаць нейкую пэўнасьць, калi ня ў гэтым жыцьцi, дык хаця б пасьля сьмерцi. Пачалася iмша. Хор манахаў з кляштару аўгустынiянаў засьпяваў «Альлелюя», i ўрачыстая мэлёдыя ўзьнялася пад гатычнае скляпеньне касьцёла. Пасьля на амбону ўзыйшоў сярэдняга веку манах у пацёртым, латаным манаскiм адзеньнi. Лёгкi шум прабег па натоўпу. "Марцiн Лютар, прафэсар", — зашаптаў студэнт месьцiчу, у якога здымаў пакой на паддашшы. Марцiн Лютар стаў на амбоне, выцягнуў некалькi аркушоў паперы, сьпiсаных дробнымi лiтарамi, i гучным голасам прамовiў: "Наш Госпад i Настаўнiк Iсус Хрыстос гаворыць: "Пакайцеся!" Ён прагне, каб усё жыцьцё веручых было пакаяньнем". У касьцёле запанавала цiшыня. Брат Марцiн гаварыў пра тое, што мучыла многiх, што сабралiся ў гэты вечар. "Калi ўсё жыцьцё павiнна быць пакаяньнем, чаго вартыя iндульгенцыi? Калi можна за грошы набыць прабачэньне грахоў, у чым тады сэнс пакаяньня?" — працягваў манах. З гневам, з абурэньнем Лютар гаварыў пра iндульгенцыi, пра безсэнсоўныя спробы адкупiцца ад кары, пра тых, якiя падманваюць людзей дзеля асабiстай выгоды, прадаючы неiснуючыя квiткi ў Валадарства Нябеснае. Сваю пропаведзь брат Марцiн скончыў, зачытаўшы 95 тэзiсаў супраць iндульгенцыяў, пасьля зыйшоў з амбоны, выйшаў з касьцёлу i прыбiў аркушы з тэзiсамi да брамы. "Калi нехта можа абвергнуць тое, што тут напiсана, я запрашаю да дыскусii цi тут, у Вiтэнбэргу, цi ў любым горадзе Сьвятой Рымскай iмпэрыi нямецкай нацыi", — абвесьцiў ён i вярнуўся на сваё мейсца. У касьцёле раптам стала шумна: гэта студэнты пачалi абмяркоўваць тэзiсы Лютара, падтрымлiваючы цi абвяргаючы прафэсара, але большасьць людзей разгублена маўчала. Хор зноў засьпяваў, служба пайшла далей, але сэрцы сотняў людзей былi ўсхваляваныя словамi, якiя яны пачулi.
Дзевяноста пяць тэзiсаў ускалыхнулi горад. Некалькi дзён увесь Вiтэнбэрг толькi i гаварыў пра пропаведзь брата Марцiна. Ужо назаўтра студэнты пераклалi тэзiсы Лютара, напiсаныя на лацiне, на нямецкую мову, а Ганс Люфт, якi меў друкарню паблiзу ўнiвэрсытэту, надрукаваў гэты пераклад. Шматлiкiя паломнiкi, што прыйшлi на сьвята Ўсiх Сьвятых у горад, панесьлi па ўсёй краiне тэзiсы вiтэнбэргскага прафэсара. У палацах i ў карчмах пачалiся зацятыя спрэчкi пра iндульгенцыi, пра збаўленьне, пра пакаяньне, пра Бiблiю, пра тое, якой павiнна быць царква. Пропаведзь Марцiна Лютара стала той запалкай, якая падпалiла Нямеччыну. Уся краiна загаварыла пра Рэфармацыю.
Рэфармацыя — гэта лацiнскае слова, якое ўтвараецца праз дадаваньне прыстаўкi «рэ-» да слова «фармацыя». "Фармацыя" азначае наданьне нечаму пэўнага кшталту, формы, а прыстаўка «рэ-» — што дадзенае дзеяньне паўтараецца зноў. Такiм чынам, Рэфармацыя — гэта аднаўленьне першапачатковага кшталту, першаснага вобразу. Рэфармацыя — гэта вяртаньне да першакрынiцы — Бiблii, вяртаньне да Божага погляду на Царкву, на грамадзтва, на чалавека. I Марцiн Лютар быў тым, хто на поўны голас заявiў пра гэта.
Кiм жа быў гэты прафэсар зь Вiтэнбэргу, словы якога ўскалыхнулi Эўропу? Марцiн Лютар быў манахам ордэну аўгустынiянаў i прымаў дзейны ўдзел у жыцьцi каталiцкае царквы як сьвятар i прафэсар тэалёгii. Здавалася, ён мог бы быць задаволены сваiм жыцьцём, стаўшы ў 29 год прафэсарам, а пазьней — вiкарыем (наглядчыкам) усiх саксонскiх кляштараў аўгустынiянаў. Але брат Марцiн увесь час пытаўся ў сябе: "Як дасягнуць мiру з Богам? Як знайсьцi ласку ў Бога?" I гэтыя пытаньнi не давалi яму спакою.
Для Лютара, як i для iншых вернiкаў таго часу, Бог быў грозным, немiласэрным Судзьдзёю, Якi сочыць за чалавекам i карае кожны ягоны праступак. Гэтага Бога трэба было задобрыць сваiмi ўчынкамi. У Лютара было вельмi чульлiвае сумленьне. Некаторыя кажуць, што «надта» чульлiвае. Ён рабiў усё, каб здабыць мiласьць Бога, але ад гэтага яго жыцьцё станавiлася яшчэ горшым. Будучы манахам, сьвятаром, прафэсарам, ён праводзiў сваё жыцьцё ў пастах i малiтвах да сьвятых, насiў кашулi з конскага воласу, пастаянна спавядаўся ў сваiх грахах, хадзiў у паломнiцтвы, купляў iндульгенцыi, выконваў усе патрабаваньнi каталiцкай царквы. Але гэта падавалася яму недастатковым, i нават калi ён сам лiчыў, што робiць усё магчымае, каб жыць праведна, супакою не было. Нiводзiн сьвятар ня мог сказаць яму ўпэўнена, што ён прабачаны, i Лютар сам ведаў, што ня мае мiру з Богам. У гэты час ён наведаў Рым, сталiцу хрысьцiянства, малiўся, пасьцiўся, выконваў усе абрады, дакранаўся ўсiх рэлiквiяў, але ўнутры было пуста. Гледзячы на духоўнае i маральнае сапсуцьцё рымскага духавенства, брат Марцiн губляў надзею.
Як прафэсар тэалёгii ў Вiтэнбэргу ён чытаў студэнтам лекцыi — камэнтаваў Псальмы i Новы Запавет. У адзiн з доўгiх зiмовых вечароў Марцiн Лютар, вывучаючы Пасланьне да Рымлянаў, раптам спынiўся на словах, якiя далi адказ на ўсе пытаньнi загубленага чалавека: "Праведнiк вераю жыць будзе". Вось яно, выратаваньне! "Я адчуў сябе цалкам адроджаным… Гэтыя словы Паўла сталiся для мяне брамамi раю", — апiсваў брат Марцiн свае перажываньнi таго вечару. Апраўданьне Божае прыходзiць да нас не праз нашыя ўласныя намаганьнi, але мы атрымлiваем яго, калi прымаем вераю тое, што Iсус Хрыстос ужо зрабiў для нас на крыжы. Усьведамленьне гэтага перавярнула жыцьцё Марцiна Лютара. Ён зразумеў, што збаўленьне — гэта перш за ўсё асабiстыя адносiны з Богам.
Крок за крокам дасьледуючы Бiблiю, ён адкрыў, што царква цалкам сказiла Эвангельле. Замест Божай мiласьцi прапаведвалiся чалавечыя заслугi, замест веры — забабоны i рэлiгiйныя абрады, замест Слова Божага — легенды i традыцыi. Асаблiва ўражвала вiтэнбэргскага прафэсара вучэньне аб iндульгенцыях, аб тым, што манахi i сьвятары за пэўную плату могуць вымалiць прабачэньне грахоў. Заплацiўшы грошы, якiя павiнны былi пайсьцi на пабудову базылiкi сьвятога Пятра ў Рыме, чалавек атрымлiваў спэцыяльную грамату, змацаваную папскай пячаткай, якая гарантавала прабачэньне грахоў жывому або памёршаму. З гэтым згадзiцца Марцiн Лютар нiяк ня мог, i таму на браме замкавага касьцёлу ў Вiтэнбэргу зьявiлiся 95 тэзiсаў супраць iндульгенцыяў. Некалькi папскiх тэолягаў прынялi выклiк Лютара да дыскусii, але нiчога не змаглi супрацьпаставiць ягоным тэзiсам, толькi абвiнавацiлi брата Марцiна ў тым, што ён паўтарае вучэньне Яна Гуса, асуджанае каталiцкай царквою на саборы ў Канстанцы. На гэта Лютар адказаў, што нават адзiн чалавек, абапiраючыся на Сьвятое Пiсьмо, можа выступаць i супраць папы, i супраць сабору. Калi празь нейкi час гусiты з Чэхii прыслалi Марцiну Лютару творы Яна Гуса, ён, прачытаўшы iх, знайшоў, што мноства iдэяў праскага рэфарматара падобныя да яго ўласных. Менавiта тады ён абвесьцiў сваiм пасьлядоўнiкам: "Усе мы — гусiты, ня ведаючы пра гэта".
Папа рымскi выслаў Лютару грозны загад адмовiцца ад сваiх поглядаў. Рэфарматар адказаў на гэта "Зваротам да хрысьцiянскай шляхты нямецкай нацыi", якi быў надрукаваны нечуваным на тыя часы накладам у 4 000 асобнiкаў i разыйшоўся так хутка, што празь месяц ужо друкавалася новае выданьне. У гэтым звароце, напiсаным па-нямецку, Лютар сьцьвярджаў, што няма сэнсу гаварыць пра тое, што сьвятары — гэта нейкiя асаблiвыя людзi, бо згодна зь Бiблiяй усе веручыя належаць да сьвятарства, i нагадваў, што сапраўдная Рэфармацыя пачынаецца ў сэрцы чалавека. Падзеi набiралi разгон.
15 чэрвеня 1520 году папа рымскi Леў X падпiсаў бульлю (пасланьне), у якой Марцiну Лютару давалася 60 дзён, каб ён адмовiўся ад сваiх словаў, i загадвалася спалiць усе ягоныя творы. Але абвесьцiць гэтае пасланьне папскiя легаты (пасланьнiкi) змаглi толькi ў некаторых гарадах. У Майнцы, Ляйпцыгу, Кёльне не было пра гэта нават гаворкi, бо яны ледзь уцяклi ад абуранага натоўпу. А 20 сьнежня 1520 году ля брамы Вiтэнбэргу Лютар, акружаны ўсхваляванымi студэнтамi, выкладчыкамi i месьцiчамi, кiдае ў вагонь папскае пасланьне.
Вясною 1521 году Марцiн Лютар па загаду iмпэратара зьявiўся на Вормскiм сойме (сходзе нямецкiх князёў i прадстаўнiкоў гарадоў). Ад яго зноў запатрабавалi адрачэньня ад сваiх тэзiсаў. Тады Лютар, нагадаўшы, што папа i саборы неаднойчы памылялiся, абвесьцiў, што калi яго не пераканаюць на падставе Бiблii, ён не адмовiцца ад выказаных думак: "На гэтым я стаю, я не магу iнакш. Няхай дапаможа мне Бог". Iмпэратар нiчым ня змог аспрэчыць рэфарматара, аднак прысудзiў яго на выгнаньне. Тады саксонскi курфюрст Фрыдрых Мудры, якi спрыяў Лютару, схаваў яго ў замку Вартбург. Там Марцiн Лютар пачаў сваю працу над перакладам Бiблii на нямецкую мову. У верасьнi 1522 году зьявiўся ў продажы Новы Запавет у яго перакладзе. Нягледзячы на вялiкi наклад i завялiкую цану ў паўтары дукаты, усе асобнiкi раскупiлi за два месяцы, i каб хоць неяк задаволiць попыт, на працягу двух гадоў выйшла 70 выданьняў гэтага перакладу. У 1534 годзе зьявiлася поўная Бiблiя на нямецкай мове. Яе папулярнасьць была такой вялiзарнай, што нават каталiцкiя друкарнi выдавалi гэты пераклад. Да сёньняшняга дня Бiблiя ў перакладзе Марцiна Лютара зьяўляецца найпапулярнейшым нямецкiм перакладам Сьвятога Пiсьма. Больш таго, гэты пераклад стварыў i ўнармаваў сучасную нямецкую мову, зьяўляючыся найбольшым нямецкiм празаiчным творам.
Жалоба
Напишите нам, и мы в срочном порядке примем меры.