Алесь Жук - Зоркі над палігонам

Тут можно читать бесплатно Алесь Жук - Зоркі над палігонам. Жанр: Разная литература / Прочее, год -. Так же Вы можете читать полную версию (весь текст) онлайн без регистрации и SMS на сайте Knigogid (Книгогид) или прочесть краткое содержание, предисловие (аннотацию), описание и ознакомиться с отзывами (комментариями) о произведении.
Алесь Жук - Зоркі над палігонам

Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних просмотр данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕН! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту free.libs@yandex.ru для удаления материала

Алесь Жук - Зоркі над палігонам краткое содержание

Прочтите описание перед тем, как прочитать онлайн книгу «Алесь Жук - Зоркі над палігонам» бесплатно полную версию:

Алесь Жук - Зоркі над палігонам читать онлайн бесплатно

Алесь Жук - Зоркі над палігонам - читать книгу онлайн бесплатно, автор Алесь Жук

АЛЕСЬ ЖУК

ЗОРКІ НАД ПАЛІГОНАМ

Аповесць

Баявыя машыны ішлі ўсю ноч. Роўна і цяжка гулі маторы. Кволым святлом, як светлячкі, жылі на брані, вільготнай ад расы, зялёныя агеньчыкі. Пагруквалі гусеніцы. Здавалася, калона знарок прыцішана вуркоча маторамі і слаба пагруквае гусеніцамі, каб не надта парушаць густую цішыню цёмнае раннявосеньскае ночы. Калона быццам заблудзілася, прапала між незнаёмых узлескаў, узгоркаў, пустых, пераараных на зіму палёў. Калі і паказвалася недзе збоч вёска, цёмная, ціхая, з рэдкімі белымі плямамі святла пад ліхтарамі дзе-небудзь ля фермаў ці ля калгасных майстэрняў, то і яна не магла ўгледзець калону — гул матораў і пагрукванне гусеніц усё роўна як наплывалі здалёку.

А калона стамілася. Густым потам лягла на браню раса, і сцякала рагамі, як кроплі па аконным шкле ў дождж. Гледзячы збоку, можна было нават падумаць, што гэтая браніраваная армада ідзе сама па сабе, што не засталося ў ёй ніводнага чалавека. Самі, невядома куды і чаго, пагрозліва ідуць машыны, злучыўшыся ў нейкую фантастычную жалезную істоту.

Але так магло здацца збоку, і чалавеку, які нічога не ведае пра вайсковае жыццё. Унутры калоны, за халоднаю бранёю, было цёпла, утульна, няярка свяціліся ліхтары, прытуліўшыся чалавек да чалавека, спала ў дэсантных адсеках пяхота, абняўшы сваю зброю.

I машыны на ямах нібы люлялі, закалыхвалі людзей.

Яркім зялёным святлом свяціліся на шчытку кіравання прыборы, і гэты зеленаваты водбліск лажыўся на твар механіка, на рукі, якія трымалі штурвал.

I акрамя механіка ў кожнай машыне не спаў яшчэ камандзір. Ягоная постаць пагойдвалася ў люку. Часам, калі збоч праплывала вёска ці калі выходзілі на ўзлесак або міналі адметную чым-небудзь мясцовасць, камандзір на некалькі хвілін апускаўся пад браню, на сваё камандзірскае сядзенне, правяраў па карце, на якой быў накрэслены маршрут, ці правільна ідзе калона, вызначаў, дзе яна знаходзіцца.

Потым камандзір зноў займаў сваё месца ў люку, углядаўся ў начную цемень, слухаў прывычнае патрэскванне і слабае гудзенне ў навушніках танкашлема. Радыёсувязь, нібыта жывое, нябачнае нервовае валаконца, звязвала ўсю калону. У любую секунду маглі пачуцца пазыўныя, кароткія, зразумелыя каманды — і ажыла б імгненна калона, знікла б і прытаілася ў лесе або рассыпалася па полі ў грозную баявую лінію...

Лейтэнант Карповіч ужо не адчуваў стомленасці і, здавалася, не хацеў і спаць. Цяпер ён мог бясконца, усё жыццё вось гэтак жа стаяць у люку на сваім камандзірскім месцы, гатовы выканаць любую каманду.

Карповічу здавалася, што і з гэтымі баявымі машынамі, і з салдатамі, якія спалі ў дэсантных адсеках, звязана ўсё яго жыццё. Быццам даўным-даўно ён ведае кожнага, быццам нічога больш і не рабіў у жыцці і ні пра што іншае не марыў. Не было ні інстытута, ні любімае геаграфіі, якая так спатрэбілася яму на вайсковай службе, ні мараў пра падарожжы з экспедыцыямі па ўсёй краіне, па ўсім свеце... Цяпер нават дзіўна, што не хацелася яму ісці на службу, што на першым часе здавалася, нібыта ўсё ягонае жыццё перавярнулася ўверх нагамі, калі на размеркаванні даведаўся, што патрэбна ісці ў войска...

Як гэта было, здавалася, і даўно, і няпраўда!..

Лейтэнант Карповіч ведаў, што хутка скончыцца марш, што баявыя машыны адна за адною паволі знікнуць за металічнымі варотамі парка. I калі пачнецца дзень, ужо нельга будзе нідзе адшукаць тую таямнічую і грозную калону, якая ішла па зямлі ўсю ноч. I ўдзень не будзе і гэтага стомленага, змучанага не аднымі бяссоннымі суткамі, запыленага лейтэнанта — камандзіра мотастралковага ўзвода Карповіча. Між людзей з'явіцца чысценька апрануты, паголены і падцягнуты лейтэнанцік у наглянцаваных хромавых ботах.

I ніхто, гледзячы на яго, і не падумае нават, што зусім нядаўна гэты лейтэнанцік вёў па лясах і палях грозныя баявыя машыны, а калі праязджалі паўз вёскі, лейтэнанту хацелася, каб бачылі яго, каб пазайздросцілі таму, як вольна пагойдваецца ён у люку...

Цяпер, успомніўшы першыя дні вучэнняў і тое, як ён красаваўся ў люку, Карповіч толькі ўсміхнуўся. За апошнія два месяцы, і асабліва за дні вучэнняў, прайшла нейкая незвычайная, вялікая паласа ў ягоным жыцці. I з аднаго боку яе стаяў цяперашні пяхотны лейтэнант, а з другрога боку — студэнт-географ, у будучым вялікі падарожнік, сярдзіты і незадаволены, што яго адрываюць ад любімага занятку...

Карповіч усміхнуўся.

РАЗДЗЕЛ 1

— Яшчэ раз кругом, таварыш лейтэнант! — камандаваў прапаршчык, стоячы за дзвюма скрынкамі, пакладзенымі адна на адну, быццам за прылаўкам.— Як знарок на вас пашыта. Здымайце.

Карповіч паслухмяна раздзяваўся і складаў адзенне на плашч-палатку, якая была разаслана на падлозе.

Прапаршчык скоса ўважліва глядзеў на Карповіча, які ў адных трусах і майцы стаяў на краёчку плашчпалаткі.

— А цяпер палявую форму адзеньце, калі ласка, таварыш лейтэнант.

Прапаршчык падаў форму і пераможна глядзеў на афіцэра, пакуль той адзяваўся. Прапаршчык быў перакананы, што і цяпер ён не памыліўся, што форма будзе якраз на гэтага шчупленькага лейтэнанціка, які спачатку нават саромеўся раздзявацца перад ім, ды і зараз адчувае сябе не зусім ёмка. Ён забярэ, што яму ні дай, не будзе абавязкова мераць адзенне. Але Палікарчык не мог дапусціцца да таго, каб хто-небудзь, гледзячы на лейтэнанта, на якім форма вісіць як на калу, запытаўся і пачуў, што такую амуніцыю выдаваў ён, стары служака Палікарчык.

I таму прапаршчык Палікарчык аж скрывіўся, калі ўбачыў, што штаны даўгаватыя на лейтэнанта, і Карпо-вічу здалося, што ў прапаршчыка неспадзеўкі разбалеўся зуб.

— Здымайце, здымайце штаны! — замахаў рукою прапаршчык.

Карповіч хуценька сцягнуў штаны, не разумеючы, чаму так падганяе яго прапаршчык. Штаны, здавалася, былі якраз на яго.

Карповічу паказалася спачатку, што гэты круглатвары, з вясёлымі прыплюшчанымі вачыма прапаршчык пацяшаецца з яго. Карповіч чуў, што стараслужачыя любяць пажартаваць з навічка, які не зусім ведае лад армейскага жыцця. Таму прапаршчык і прымусіў яго раздзявацца да трусоў, паставіў перад сабою і прымушае прымяраць то адны штаны, то другія, нібы ён, Карповіч, не афіцэр, а нейкая модніца. Урэшце ён, Карповіч, старэйшы па званні і можа загадаць гэтаму прапаршчыку... Але, стоячы ў трусах, было неяк няёмка камандаваць, не было камандзірскага выгляду і аўтарытэту.

— О, зараз іншая гамонка! Цяпер боты абувайце.

Прапаршчык падаў хромавыя боты і анучы, ухвальна ківаў галавою, гледзячы, як накручвае іх на нагу Карповіч.

— Правільна, па-салдацку. Так ніколі ног не парэжаш,— пахваліў прапаршчык.— Цяпер вам яшчэ папругу...

Прапаршчык выйшаў з-за свайго «прылаўка», падаў Карповічу папругу, дапамог прапхнуць рэмень партупеі пад пагон.

— Гатоў афіцэр, як карцінка! — шчыра ўсміхнуўся прапаршчык, лёгенька прыстукнуў рукою па скрынцы.

I нешта адарвалася ў душы ў Карповіча.

Быццам на незнаёмага чалавека, паглядзеў Карповіч на сваё адлюстраванне ў старым трумо, якое стаяла тут, у складзе адзення, і перад якім, мабыць, прайшлі тысячы людзей. 3 трумо глядзеў на нядаўняга студэнта крыху разгублены ладнаваты лейтэнант у палявой форме з зялёнымі зорачкамі на пагонах.

— Вось і ўсё, лейтэнант,— як прачытаўшы ягоныя думкі, сказаў прапаршчык. Прыжмураныя ягоныя вочы глядзелі на Карповіча журботна і зычліва.

Карповіч зразумеў, што прапаршчык і не збіраўся жартаваць з яго, і зрабілася няёмка.

Прапаршчык усміхнуўся Карповічу кволаю ўсмешкаю і растлумачыў:

— Я, браце, так некалі хацеў афіцэрам стаць!..

Ён махнуў рукою, не скончыў гаварыць, нагнуўся, дастаў шпулю шпагату і падаў Карповічу:

— Бярыце, таварыш лейтэнант, звязвайце форму.

Карповіч узяў шпагат і здзіўлена глядзеў на гару адзення, якая высілася на плашч-палатцы: паўсядзённая форма, зімовая, шынель, «хэбэ», боты, чаравікі, парадная форма, рубашкі, гальштукі, плашч-паліто...

Прапаршчык, нагнуўшыся, нешта перабіраў у адной са скрынак, шамацеў накладнымі з тоненькае паперы. На гэтакіх жа накладных была выпісана форма і Карповічу.

Карповіч разумеў, што прапаршчык і цяпер шкадуе, што не змог стаць афіцэрам. Мабыць, гэта была ягоная мара. А чалавек у жыцці мацней за ўсё шкадуе і не можа забыцца пра тую мару юнацтва, якая не здзейснілася.

Карповіч абышоў вакол палаткі, не ведаючы, як прыступіцца да формы.

Прапаршчык паглядзеў на яго, падышоў, стаў на калені, паскладаў паасобку кожную форму, пазвязваў яе шпагатам, акуратна склаў на плашч-палатцы і звязаў яе за рагі. Атрымаўся ладны вандзэлак.

Карповіч глядзеў на ўмелыя, спрытныя рухі прапаршчыкавых рук, на якіх засталіся страшныя сляды, якія пакідае агонь на чалавечым целе. Гэтакі ж самы след агню быў і на твары, і на шыі.

Перейти на страницу:
Вы автор?
Жалоба
Все книги на сайте размещаются его пользователями. Приносим свои глубочайшие извинения, если Ваша книга была опубликована без Вашего на то согласия.
Напишите нам, и мы в срочном порядке примем меры.
Комментарии / Отзывы
    Ничего не найдено.