Сяргей Белаяр - Расследаванні інспектара Сарвы Страница 12

Тут можно читать бесплатно Сяргей Белаяр - Расследаванні інспектара Сарвы. Жанр: Разная литература / Прочее, год -. Так же Вы можете читать полную версию (весь текст) онлайн без регистрации и SMS на сайте Knigogid (Книгогид) или прочесть краткое содержание, предисловие (аннотацию), описание и ознакомиться с отзывами (комментариями) о произведении.

Сяргей Белаяр - Расследаванні інспектара Сарвы читать онлайн бесплатно

Сяргей Белаяр - Расследаванні інспектара Сарвы - читать книгу онлайн бесплатно, автор Сяргей Белаяр

— Мы сябравалі з ранняга дзяцінства — я ведаў Эрыка лепш за яго самога!.. Кабат занадта моцна любіў жыццё, каб добраахвотна ад яго адмовіцца!

— Жыццё, спадар Дароўскі, часам нават закаранелых аптымістаў ператварае ў безнадзейных песімістаў!

— Толькі не ў выпадку з Эрыкам! — з запалам запэўніў інжынер. — Паўгода таму Кабат атрымаў ступень доктара навук, з'яўляўся заснавальнікам навуковай школы, быў паважаны кіраўніцтвам, карыстаўся аўтарытэтам у калег, меў мноства сяброў і рыхтаваўся стаць дзедам!

— Спіс вялікі! — кіўнуў інспектар. — Аднак ні ў сукупнасці, ні паасобку пералічаныя вамі пункты гарантыі таго, што чалавек не скончыць жыццё самагубствам, не даюць! Ведалі б вы, якімі дзіўнымі часам бываюць матывы самагубцаў!.. Гэта тут?

— Так, — Дароўскі скарыстаўся ключом і адступіў, прапускаючы Сарву.

— Цёмна, змрочна і далёка ад людзей... Кабат відавочна не хацеў, каб яму перашкодзілі, а гэта азначае, што праблема, з якой ён сутыкнуўся, была занадта сур'ёзнай. Або Кабат падсвядома ўспрымаў яе менавіта так... Ён пакінуў перадсмяротную запіску?

— Вось! — інспектару ў рукі трапіў няроўна вырваны з нататніка аркуш з россыпам напісаных алоўкам літар. — Эрык заўсёды карыстаўся чырвоным, калі хацеў падкрэсліць значнасць таго ці іншага месца ў тэксце.

— Чарвяк згрызае мяне... Што б гэта магло азначаць? — Сарва ўзброіўся вялікай лупай. Узо­ры казалі пра тое, што папера пабывала ў руках як мінімум трох чалавек. — Звычайна самазабойцы да апошняга моманту жадаюць, каб іх выратавалі.

— Не маю ніякага ўяўлення!

— Гэта почырк Кабата? — інспектар сунуў запіску ў пакет для доказаў.

— Так.

— Мне спатрэбіцца ўзор яго почырку для графалагічнай экспертызы... Размяшчэнне пырскаў крыві дазваляе зрабіць выснову, што Кабат сеў, упёрся спінай у сцяну, і нанёс сабе некалькі моцных удараў, частка з якіх прыйшлася на правую скронь...

— Вы ж не бачылі цела! — здзівіўся інжынер і міжволі адхіснуўся.

— Кожная кропля крыві пакідае эліптычны след, які дазваляе лакалізаваць крыніцу кроплі. Па форме эліпса даволі лёгка вызначыць кірунак палёту кожнай з іх. Злучыўшы кірунак, атрымліваем месца, дзе знаходзіцца вертыкальная вось пункту размяшчэння раны... — Сарва зрабіў некалькі фотаздымкаў. — Сцены тоўстыя, таму пачуць крыкі Кабата ніхто не мог... Як доўга цела праляжала тут?

— Труп знайшлі на пачатку дзясятай, калі Эрык не з'явіўся да начальніка станцыі са справаздачай за мінулы месяц. «Іаган Готфрыд Гале» памерамі пахваліцца не можа.

Аглядаць не было чаго, тым не менш інспектар скрупулёзна даследаваў кожны сантыметр падлогі і сцены. На жаль, новых даных гэта не дало.

— Я хацеў бы пагутарыць з доктарам, які аглядаў цела.

— Калі ласка, за мной!

Медыцынскі бокс размяшчаўся ў процілеглым канцы станцыі. Перш чым трапіць на прыём да Звірбуля, давялося чакаць заканчэння медыцынскага агляду.

— Чым я магу растлумачыць учынак Кабата? — Звірбуль на імгненне задумаўся. — Няйначай, як вар'яцтвам, а дакладней — экзагенным вострым псіхозам. У Кабата не было ні дэпрэсіўнага расстройства, ні кагнітыўнай рыгіднасці. Ён не злоўжываў алкаголем і псіхатропнымі прэпаратамі, не меў схільнасці да суіцыднага мыслення. Ніякіх праблем у шлюбе і сямейнай паталогіі. Стрэсавыя фактары на яго не ўздзейнічалі...

— Гэта значыць, ён проста страціў над сабой кантроль?

— Не зусім карэктнае сцвярджэнне, спадар Сарва, аднак сутнасць адлюстроўвае дакладна. Ніводзін з тэстаў ніякай дэвіяцыі і псіхічнага расстройства ў Кабата не выявіў.

— Наколькі дакладныя вынікі тэстаў псіхічнага здароўя? — адным рухам стыла інспектар рабіў паметы ў сваім камп'ютары.

— Мы выкарыстоўваем шкалу дэпрэсіі Бека, шкалу Занга для самаацэнкі трывогі, тэст Сандзі, апытальнік структуры актуальных страхаў асобы, Я-структурны тэст Амона, шкалу самаацэнкі рэактыўнай трывожнасці па Спілбергеру, тэст Роршаха і мноства іншых методык! Кабат быў цалкам здаровы, калі не лічыць прыступаў гемікраніі.

— І як часта Кабата адольвала мігрэнь?

— Ён звяртаўся да мяне чатыры разы за мінулы месяц і тры — за дзве дэкады гэтага. У ніводным з выпадкаў прыступы не суправаджаліся ні фотафобіяй, ні фонафобіяй, ні гіперакузіяй, ні дысфарыяй, ні гіперасміяй. Толькі млоснасць, часам ваніты і агульная слабасць арганізму. Працягласць прыступаў — не даўжэйшая за чатыры гадзіны. Прапісаны дыгідраэргатамін.

— Вы не спрабавалі высветліць прычыны псіхозу, спадар Звірбуль?

— Натуральна, я прыняў усе меры для высвятлення матываў учынку Кабата, але адназначнага адказу так і не атрымаў.

— А чым займаўся Кабат?

— Крыягеніка, — адказаў Дароўскі, які ўвесь гэты час моўчкі мераў крокамі кабінет. — Ворагаў у Эрыка не было, калі што.

— Спадар Звірбуль, што паказаў аналіз ежы і вады?

— Слядоў іншародных рэчываў у крыві Кабата не выяўлена. Якой бы ні аказалася прычына, гэта дакладна не атручванне!

— Давайце зірнем на цела!

У якасці морга на станцыі выкарыстоўвалася адна з лабараторый, тэмпература ў якой падтрымлівалася на ўзроўні плюс два градусы па Цэльсію.

Твар інжынера-геакрыёлага нагадваў выродлівую гумовую маску з увагнутасцямі ў раёне лба і правай скроні. Іх глыбіня выдавала сілу ўдараў. Інспектар прысеў над целам і ўважліва агледзеў скурнае покрыва на руках Кабата.

— Гематомы адсутнічаюць... на шыі таксама ніякіх слядоў прымянення сілы... Кабат быў праўшой?

— Так, — разам адказалі Дароўскі і Звірбуль.

— Дзе айсбаль? — скрываўленая прылада самагубства была загорнутая ў плёнку з поліпрапілену. Агляд, зняцце адбіткаў пальцаў і следчы эксперымент занялі ў Сарвы гадзіну. Параўнанне адбіткаў пальцаў з айсбаля і перадсмяротнай запіскі паказала, што яны належаць аднаму чалавеку. Інжынеру-геакрыёлагу — як высветлілася з базы даных медыцынскага пун­кта. — Адназначна самагубства!

— Гэта было відавочна з самага пачатку! — сказаў Звірбуль, а Дароўскі прыгнечана паківаў галавой. І без слоў было ясна, што ён да апошняга не верыў у тое, што таварышу хапіла духу.

— Пакажыце мне жылую ячэйку Кабата! — ролю гіда ўзяў на сябе інжынер.

Статус вучонага з сусветным імем меў свае перавагі — пакой інжынера-геакрыёлага адрозніваўся ад жылой ячэйкі, выдзеленай інспектару, у лепшы бок. Сарва вырашыў пачаць з агляду асабістых рэчаў Кабата: вельмі часта разгадку трэба было шукаць менавіта ў дарагіх чалавеку прадметах.

Фатаграфій — сям'я, родныя, калегі — было шмат: інжынер-геакрыёлаг захоўваў два аль­бомы. Кожны са здымкаў быў забяспечаны кароткім тлумачальным подпісам. Яны дапамаглі інспектару скласці псіхалагічны партрэт Кабата. Да канца прагляду ў Сарвы больш не заставалася сумненняў у тым, што разгадку варта шукаць у мінулым.

Почыркі на налепках у альбомах і ў перадсмяротнай запісцы былі ідэнтычнымі, з улікам, безумоўна, стрэсавага стану інжынера-геакрыёлага перад самагубствам.

Пасля альбомаў інспектар зірнуў на ноўтбук. Адсутнасць інвентарнага нумара пераканала Сарву ў тым, што камп'ютар належыць Кабату.

— Акумулятарная батарэя цалкам разраджаная... — інспектар пачаў высоўваць шуфляды пісьмовага стала і неўзабаве выявіў сеткавы адаптар, машынальна адзначыўшы прысутнасць у шуфлядах толькі канцылярскіх прылад і паперы. — Паглядзім, што ў нас тут!

З ноўтбукам Сарва звязваў пэўныя надзеі. Сістэма загрузілася адразу — пароль для ўваходу адсутнічаў. Двайной пстрычкай па працоўным стале інспектар выклікаў файлавы менеджар і пачаў корпацца ў інтэрфейсе.

— Вось табе і маеш!

— Што такое? — страпянуўся інжынер, які стаяў у дзвярным праёме.

— З аператыўнай запамінальнай прылады выдалена ўся інфармацыя... Падобна на тое, што нехта вельмі не хацеў, каб звесткі сталі агульнадаступныя... Ці ў парыве шаленства Ка­бат выдаліў іх сам!.. Ёсць толькі адзін спосаб праверыць! — Сарва дастаў з чамаданчыка USBфлэш-назапашвальнік і сунуў канектар у гняздо на бакавой панэлі ноўтбука, а затым вывеў на экран меню. Засталося толькі запусціць спецыяльна распрацаваную для паліцыі праграму аднаўлення для выдаленых файлаў.

Аперацыя прайшла надзіва паспяхова, хоць і зацягнулася на гадзіну. Амаль у тры разы больш часу заняла знаёмства з інфармацыяй на шасці дысках ноўтбука. Дароўскі двойчы прыносіў гарбату з печывам — Сарва не хацеў губляць часу.

Файл пад назвай «Дзённік» інспектар свядома пакінуў «на дэсерт». Чым больш Сарва чытаў, тым больш зразумелай рабілася карціна здарэння, пакуль не стала відавочнай.

— Спадар Дароўскі, а колькі каштуюць вашы сакрэты?

— Прабачце? — здзівіўся інжынер.

— Колькі гатовыя заплаціць транснацыянальныя карпарацыі за тое, каб даведацца аб распрацоўках «Іагана Готфрыда Гале»? Крыягеніка — вельмі перспектыўная галіна навукі.

— Вось вы пра што! — слаба ўсміхнуўся Дароўскі. — Шмат! Вельмі шмат!.. Станцыя — лакаматыў фізікі нізкіх тэмператур: тут сабраныя вядучыя навукоўцы ў гэтай галіне... Але персанал «Іагана Готфрыда Гале» не прадаецца!

Перейти на страницу:
Вы автор?
Жалоба
Все книги на сайте размещаются его пользователями. Приносим свои глубочайшие извинения, если Ваша книга была опубликована без Вашего на то согласия.
Напишите нам, и мы в срочном порядке примем меры.
Комментарии / Отзывы
    Ничего не найдено.