Валянцін Блакіт - Шануй імя сваё Страница 14

Тут можно читать бесплатно Валянцін Блакіт - Шануй імя сваё. Жанр: Разная литература / Прочее, год -. Так же Вы можете читать полную версию (весь текст) онлайн без регистрации и SMS на сайте Knigogid (Книгогид) или прочесть краткое содержание, предисловие (аннотацию), описание и ознакомиться с отзывами (комментариями) о произведении.

Валянцін Блакіт - Шануй імя сваё читать онлайн бесплатно

Валянцін Блакіт - Шануй імя сваё - читать книгу онлайн бесплатно, автор Валянцін Блакіт

— А па-вашаму, чым?

— Кажу ж табе: не ведаю. Каб ведаў — не пытаў бы. Ад цябе пачуць хачу...

Падобна было, што стары задумаў нейкую каверзу і хоча злавіць яго, тыцнуць: ага, ні халеры не ведае ваша навука! Гэта ў яго звычцы. Лазовік паціснуў плячыма. хто ж яго ведае... Ён, вядома, мог бы дэталёва растлумачыць, што да чаго, але марная справа нешта тлумачыць, калі ў старога ёсць на гэты конт свая думка. Застаецца толькі чакаць, пакуль ён не ўтрывае, скажа.

— Да-а-а...— не дачакаўшыся адказу, задуменна працягваў Кунцэвіч.— Тут, браце мой, не ў салетры ці суперфасфаце справа-а... Тут нешта іншае, браце мой... Зям­ля і ўсё, што расце на ёй, любоў і ласку чуюць, як жывыя. Ёсць любоў і ласка — радзіць і радаваць будзе, застанецца сірацінаю — удзічэе, быльнягом урасце...

— Ну, а дуб-то расце?

— Расце. I хай сабе расце — каму ён мяшае? Гэта аднаму Атрымовічу, ты помніш, некалі вочы мазоліў. Зямлі той займае — кот наплакаў, а хараство вялікае. Хлопцы мае ўпадабалі гэтае месца: летам у спёку на муражку ў цяньку паляжаць добра хвілінку-другую, у жніво сюды абеды завозяць... Трактарысты, гіцлі, колькі ні крычы, а плугі ля дуба мяльчэй пускаюць, каб, часам, карэнні не пашкодзіць... Калі хочаш, то ў дуба характар наш, сялянскі: каранямі ў зямлю ўрастае так — ніякімі бульдозерамi не зрушыш...— Кунцэвіч задуменна паглядзеў у акно, усміхнуўся сам сабе, зноў пасур’ёзнеў.— Я во часта думаю: чаму гэта ў нас пры такой тэхніцы, пры такой навуцы, а з сельскай гаспадаркай не заўсёды ладзіцца ўсё?..— Схамянуўся: — Ну, во і прыехалі!

Машына пабегла па асфальтаванай вуліцы, і Лазовік пашкадаваў, што прыехалі, не закончыўшы такой цікавай гаворкі.

Забор’е — звычайная, сярэдняй велічыні вёска, якіх сотні, мо нават тысячы на Беларусі. Доўгая, амаль з кіламетр, вуліца. Некалькі цагляных катэджаў пры ўездзе, але болей драўляных хат, абшытых вагонкаю, пафарбаваных. За кожнай — сады, а з вуліцы акуратненькі штыкетпік, за якім з ранняй вясны да позняй восені буяюць кветкі.— кідкія воку цюльпаны, сціплыя гваздзікі, лапушыстыя гладыёлусы, сарамлівыя вяргіні, рознакаляровыя астры. Гаспадыні адна перад другою стараюцца... Большасць хат пастаўлена наўскось, вуглом да вуліцы, бы кожная знарок выступав бачком зухавата: а паглядзіце якая я ладная! Стаяць яны не па адной лініі, на рознай адлегласці, і гэтая на першы погляд неарганізаванасць, выпадковасць не псуе выгляд вёскі, а мо, наадварот, надае ёй нейкую незразумелую гармонію, сваю непаўторнасць, свой характар.

Кунцэвічава хата нічым не адрозніваецца ад суседскіх. Хіба толькі — ганкам з незразумелай разьбою, то квадратнымі, то круглымі, то авальнымі шкельцамі, а па ліштвах зверху ўніз — шашачкі накшталт арнаменту, нейкія не зусім зразумелыя ўзоры, і ўсё гэта разам узятае стварае ўражанне лёгкасці, ажурнасці, цешыць вока непаўторным хараством. Лазовік бачыў, як гэты ганак аж два гады рабіў сваімі рукамі гаспадар разам з малодшым сынам Лёшкам. Кунцэвічаў бацька, Лёшкаў дзед, некалі быў сталяром на ўсю акругу, ад яго і засталіся розныя долатцы, рубанкі, гэблікі. А ганак атрымаўся адмысловы. Казалі, прыязджала нейкая этнаграфічная экспедыцыя: фатаграфавалі, змалёўвалі.

У Кунцэвічаў для Лазовіка заўсёды вароты пірагамі падпёрты. Алена Пятроўна, убачыўшы яго, узрадавалася, замітусілася:

— Ах, прагаладаліся, нябось... То чаго ж гэта я стаю...— У яе заўсёды першы клопат, каб госць быў на­кормлены.

Іншы раз Лазовік сказаў бы дурасліва: «Ой, і праўда ж, цётка Алёна, прагаладаліся, як ваўкі ў піліпаўку!» Цяпер больш, чым голад, смактала сарамлівая ніякаватасць перад гэтымі добрымі, шчырымі людзьмі, быццам ён у нечым здрадзіў ім.

— Дзякуй, цётка Алёна, але мне трэба ехаць...

— Ну, ладна-ладна! — нахмурыўся гаспадар, мусіць, здагадваючыся пра яго настрой.— Пакуль не паясі, нікуды ты, браце мой, не паедзеш.

Лазовік хацеў схлусіць, што яго чакае Цярэшка ў «Светлым шляху», якому назначыў сустрэчу, няёмка, каб зачакаліся, але перадумаў: у Кунцэвічаў усё роўна не адмовішся сесці за стол, а зараз — тым больш. Не-не, а раптам возьмуць ды падумаюць: во як, пакуль быў старшынёю — не цураўся, а цяпер адразу загрэбаваў. I гэта выклікала адразу ж нейкую пякучую горыч: няўжо канец Купцэвічавага старшынства стане канцом іх дружбы? Няўжо нельга будзе ўжо гаварыць адзін аднаму ўсё, што хочаш, ніколькі не клапоцячыся, што цябе могуць зразумець не так?! Няўжо і прыязджаць сюды будзе не з рукі?

А ён любіў бываць у Кунцэвічаў і па якой-небудзь справе да гаспадара, і проста так, без усялякай прычыны, бо ведаў, што тут яму заўсёды рады, тут ён можа расслабіцца, забыцца на нейкі час пра свае бясконцыя клопаты, адпачыць душою, адчуваючы звычайную няхітрую простасць і шчырасць, якіх так часта не хапае цяпер. Ка­нечне, яго цяпер з ахвотай запрасілі б да стала, падрыхтавалі б яшчэ не такі пачастунак у любым калгасе, але ён не мае звычкі бываць афіцыйным ці паўафіцыйным госцем на старшынскіх кватэрах — там адчувае сябе про­ста «патрэбным чалавекам», а «патрэбных людзей», як вя­дома, запрашаюць і частуюць не ад чыстага сэрца. Кунцэвічава хата заўсёды нагадвае яму бацькоўскі дом, якога ўжо даўно няма, і праз што адчувае сябе збедненым, мо нават абкрадзеным. Бацькі памерлі, апусцелую хату далёкія сваякі расцягнулі на дровы. Мо і таму ў яго заўсёды сціскаецца сэрца, да болю шкада закінутых, абязлюдзелых вёсачак, якіх так многа стала на Беларусі.

Кунцэвічава хата некалі на тры гады замяніла яму бацькоўскі дом — тут ён жыў, працуючы пасля інстытута аграномам, і быў у Кунцэвічаў амаль за сына, пакуль не прыглянулася тутэйшая фельчарка Валя, цяперашняя Валянціна Іванаўна, яго жонка.

Тут мала што перамянілася з тых часоў. Усё тая ж, на тым месцы, мэбля, што даўно выйшла з моды, нават шпалеры, здаецца, таго ж колеру, хоць у гаспадыні цвёрдае правіла — штогод вясною рабіць капітальную чыстку, куды ўваходзіць і абклейка сценаў свежымі шпалерамі! Хіба толькі на кухні з’явіўся беленькі гарнітур са шматлікімі шкапчыкамі і халадзільнікам ды замест керагаза стала газавая пліта на чатыры камфоркі.

Размова не хацела клеіцца, і гаспадар прапанаваў уключыць тэлевізар.

Ішла нейкая сумная перадача, аднак цярпліва глядзелі, абое разумеючы, што не тое іх цікавіць, не тое іх хвалюе. Лазовіку карцела неяк вярнуцца да гаворкі, якая абарвалася ў машыне, калі ўехалі ў вёску, але разумеў: для той гаворкі мусіць быць адпаведны настрой, а такога настрою ў Кунцэвіча цяпер няма.

На ўвесь экран з’явіўся мужчына з прэсным, трохі спалоханым тварам, гундосліва стаў чытаць па паперцы, і можна было падумаць, што і сам не разумее, што чытае. Ён быў падобны не на жывога чалавека, а на муляж, манекен, якімі ўпрыгожваюць вітрыны магазінаў «Адзенне». Слухаць яго было невыносна.

А на кухні сквірчэла, смажылася. Пацягнула спакусліва-смачным, дражніла, узбуджала люты голад.

Ляснула калітка, пачуліся частыя, таропкія крокі за сцяною. Кунцэвіч насцярожыўся: каго там нясе? Праз хвіліну скрыпнулі дзверы, з кухні данеслася прыглушаная жаночая гамонка. A-а, Марта Бакун, пазнаў Кунцэвіч, супакойваючыся, што прыйшлі турбаваць не яго. Але неўзабаве адчыніліся дзверы, і Марта нясмела ступіла ў святліцу. Нешта здарылася, калі не пасаромелася заходзіць, ведаючы, што тут чужы чалавек, можна сказаць, госць, падумаў Кунцэвіч. Аб тым, што нешта здарылася, сведчыў і Марцін твар, устрывожаны, заклапочаны. Няўжо з Апанасам?!

Марта пачціва кіўком галавы паздароўкалася з Лазовікам, моўчкі просячы прабачэння за сваё ўварванне, са спалохам глянула па Кунцэвіча.

— Што здарылася? — На Кунцэвічавым твары мільганула трывога.

— Ды з Ананасам кепска, Сцяпанавіч. Дахторка кажа — у раён трэба як хутчэй...

Апанас, як звычайна, перанасіў хваробу на нагах, ды на гэты раз так узяло, што ўклалі ў пасцель. У яго заўсёды к вясне і восені дае знаць пра сябе гэтая ангіна, якая, урачы кажуць, і падтачыла сэрца.

— Што з ім? — нецярпліва спытаўся Кунцэвіч, прыгадваючы, што сёнпя, прыехаўшы з раёна, збіраўся наведаць Апанаса.

— А хто ж яго ведае! Дахторка кажа: срочна ў бальніцу...

— Ну й трэба вязці! — падхапіўся з месца Кунцэвіч.— Ты ў гараж збегай, скажы Мішу, каб завёз...

— Была, была! I ў гаражы была, і ў канторы — нямашака ні твайго Мішы, ніякай ніводнай машыны нямашака...

— Дзе ж ён падзеўся? — яшчэ больш занепакоіўся Кунцэвіч.— От, гіцаль! Я ж яго зранку адпусціў! Галаву адарву! От жа круцель!

— Эдзік падвязе! — выручыў Лазовік.

Кунцэвіч паглядзеў на яго з удзячнасцю і няўпэўнена запярэчыў:

— То Эдзік толькі з дарогі, ды і ў машыне нешта корпаецца, нат у хату не схацеў ісці — мо што сапсавалася... То калі што, хай пад’едуць пашукаюць Мішу мо?

— Нічога-нічога! Машына спраўная, дарога невялікая. Завязе!

— То дзякуй табе... вам, Іван... I табе, Сцяпанавіч, дзякуй...— усхліпнула Марта.— Ах, божачкі, каб чаго благога і ўпраўду не было...

Перейти на страницу:
Вы автор?
Жалоба
Все книги на сайте размещаются его пользователями. Приносим свои глубочайшие извинения, если Ваша книга была опубликована без Вашего на то согласия.
Напишите нам, и мы в срочном порядке примем меры.
Комментарии / Отзывы
    Ничего не найдено.