Сяргей Белаяр - Расследаванні інспектара Сарвы Страница 15

Тут можно читать бесплатно Сяргей Белаяр - Расследаванні інспектара Сарвы. Жанр: Разная литература / Прочее, год -. Так же Вы можете читать полную версию (весь текст) онлайн без регистрации и SMS на сайте Knigogid (Книгогид) или прочесть краткое содержание, предисловие (аннотацию), описание и ознакомиться с отзывами (комментариями) о произведении.

Сяргей Белаяр - Расследаванні інспектара Сарвы читать онлайн бесплатно

Сяргей Белаяр - Расследаванні інспектара Сарвы - читать книгу онлайн бесплатно, автор Сяргей Белаяр

— Чортаў сышчык!

Сарва лёгка ўхіліўся ад хука справа і ўдарам у сківіцу збіў намесніка з ног. Астатняе было справай тэхнікі...

ЭЛІЗІУМ

Спектральны аналіз даў адназначны адказ: мемарыяльная шыльда з надпісам «Here men from the planet Earth first set foot upon the Moon, July 1969 A.D. We came in peace for all mankind» ніякага дачынення да місіі «Апалона-11» не мела.

— Фальшыўка! Застаецца толькі высветліць, каму і навошта спатрэбілася ўводзіць у зман Музей месячнай каланізацыі.

Інспектар Дэпартамента пазаземных крымінальных расследаванняў Ратаўт Сарва толькі ўзяў у рукі стыло, каб унесці ў памяць планшэтнага персанальнага камп'ютара новыя даныя, як тут падаў сігнал камунікатар. «Камісар Айнбунд», — адбілася на экране.

— Інспектар Сарва. Слухаю!

— Перадайце справу дэтэктыву Ладо. Праз гадзіну ён прыбудзе на «Джавані Рычолі». Самі ж адпраўляйцеся на Марс, у навуковы гарадок «Элізіум»! Вас забярэ «Вэй То».

Інспектар здзіўлена ўскінуў брыво — брыг адносіўся да эксперыментальнай серыі паліцэйскіх суднаў: гіперпрывад апошняй мадэлі дазваляў «Вэй То» скараціць час пераходу ўтрая. Расследаванне відавочна мела статус тэрміновага і вельмі важнага.

І Сарва меў рацыю.

— Забітыя акадэмікі Друсут Жаўноў і Мілек Таус, член-карэспандэнт Коіт Бабрук. Вы павінны як мага хутчэй знайсці і нейтралізаваць злачынцу!.. Інфармацыйны пакет я вам адправіў. Дакладвайце праз кожныя тры гадзіны! — камісар адключыўся.

Інспектар адкрыў файл. Навукоўцы з сусветным імем былі забітыя з прамежкам у дваццаць чатыры гадзіны трыма рознымі спосабамі: Жаўноў — ударам цяжкага тупога прадмета па галаве, Таус — загінуў у выніку пранікальнага штыкавога ранення ў вобласць сэрца, Ба­брук — ад механічнай асфіксіі. Сарва нахмурыўся: выбар ахвяр наводзіў на думку пра сабатаж і дыверсію. Улічваючы той факт, што з моманту апошняга забойства прайшло больш за восем гадзін, станавілася зразумелай спешка Айнбунда.

На «Элізіуме» мелася ўласная служба бяспекі, набраная з адстаўных вайскоўцаў і супрацоўнікаў спецслужбаў, аднак справіцца сваімі сіламі яна не здолела — адбілася зусім іншая спецыфіка.

Ладо прыбыў дакладна ў патрэбны час. Сарва ўвёў калегу ў курс справы, пасля чаго сабраў рэчы і заняў месца ў чоўне. З паскарэннем у 11 g апарат стартаваў на арбіту. Да часу прыбыцця інспектара разлік каардынат быў скончаны, і «Вэй То» нырнуў у гіперпрастору.

Падарожжа атрымалася кароткім: перыгелій Марса складаў восемсот дзесяць тысячных астранамічнай адзінкі. Брыг правёў манеўр тармажэння і завіс на арбіце. Не жадаючы губляць часу, інспектар перабраўся ў човен неадкладна пасля выхаду «Вэй То» з гіперпрасторы. Дысплэі дазвалялі сачыць за тым, што адбываецца звонку.

Аксід жалеза надаваў планеце чырванаватае адценне. Нават няўзброеным вокам можна было ўбачыць на паверхні светлыя вобласці, якія атрымалі назву мацерыкоў, і цёмныя ўчасткі — моры. Паўшар'і Марса даволі моцна адрозніваліся паводле характару: паўднёвае было густа ўсеянае кратарамі, чым нагадвала месячныя мацерыкі; большую частку паўночнага займалі адносна гладкія раўніны. Выразная мяжа паміж поўначчу і поўднем ды палярныя лядовыя шапкі дапаўнялі карціну.

Малая шчыльнасць атмасферы і невялікая хуткасць уваходу ў яе спрыялі бяспечнай пасадцы на Марс. Човен мякка крануўся апорамі керамічнага бетону, падняўшы пыл, які патрапіў на ўзлётна-пасадачную пляцоўку праз бар'ер з альфа-часціц нізкай энергіі. Крыніцы радыеактыўнага выпраменьвання стапрацэнтнай гарантыі не давалі: часціцы адрозніваліся занадта малымі памерамі.

Наколькі ведаў інспектар, сваё імя «Элізіум» атрымаў нездарма: гарадок з'яўляўся сапраўдным раем для навукоўцаў, паколькі такіх магчымасцяў самарэалізацыі перад імі не раскрывалася больш нідзе. Любы інтэлектуал лічыў за гонар быць запрошаным у «Элізіум».

У гарадок інспектара даставіў усюдыход службы бяспекі, а па завяршэнні працэдуры шлюзавання яго сустрэлі начальнік медыцынскай службы і начальнік аховы.

— Я — Дзірж Цінгулс, гэта — Сарыгоўт Гамалій, — мужчыны па чарзе паціснулі руку Сар­вы. — Камісар Айнбунд пазіцыянаваў вас як свайго найлепшага спецыяліста. Вы насамрэч такі прафесіянал?

— Аддаю перавагу пацвярджэнню рэнамэ справамі, а не словамі, спадар Цінгулс! — інспектар без цяжкасці вытрымаў пранізлівы погляд начальніка аховы.

— Што ж, паглядзім, на што вы здатныя, спадар Сарва!.. Аб'ект у нас рэжымны — вы павінны прайсці геномную дактыласкапію для атрымання часовага пропуска. Вашая ДНК будзе пераведзена ў лічбавы фармат і запісаная на сіліцэнавы камп'ютарны чып. Гэта дазволіць вам свабодна перасоўвацца па гарадку. Але доступ у звышсакрэтныя лабараторыі для вас будзе закрыты. Калі вам спатрэбіцца трапіць унутр, звярніцеся па дазвол да мяне. Адказ будзе атрыманы на працягу трох гадзін.

Беднасць мімікі і металічныя ноткі ў голасе рабілі начальніка аховы падобным да андроіда.

— Пропуск выдаецца на дваццаць чатыры гадзіны. Адлік часу пачынаецца з моманту актывацыі чыпа. Па заканчэнні тэрміну дзеяння пропуска трэба пакінуць гарадок або атрымаць новы пропуск з паўторам працэдуры геномнай ідэнтыфікацыі асобы. У пропуск убудаваны GPS-трэкер, які дазваляе адсочваць вашы перамяшчэнні і вызначаць дакладнае месцазнаходжанне. У выпадку разрыву нейронавай сеткі радыёчастотнай ідэнтыфікацыі, гэта значыць пры страце пропуска альбо парушэнні яго цэласнасці, ахоўная сістэма неадкладна падымае трывогу... Гэта што?

— Рабочы планшэт.

Мяркуючы па ўсім, Цінгулс атрымаў загад ва ўсім садзейнічаць расследаванню. У адваротным выпадку напэўна б правёў рэнтгенаскапію камп'ютара. З дапамогай стыла Сарва ўнёс у памяць не толькі новыя даныя, але і ўласныя сумненні: як пры такіх павышаных мерах бяспекі наогул маглі адбыцца забойствы?

— Спадар Гамалій, распачынайце! — начальнік медыцынскай службы падступіў да кампактнага прыбора, які да гэтага ляжаў на невысокай храміраванай калясцы. — Можаце задаваць пытанні, спадар Сарва!

Медык прымусіў інспектара закасаць рукаў і сунуць руку ў прыёмнік. Сарва адчуў слабы ўкол у вену.

— Я хацеў бы ведаць, пры якіх абставінах былі знойдзены целы.

— Калі ласка, намачыце слінай тампон!.. Дзякую!

— Жаўнова знайшоў спецыяліст па комплекснай уборцы памяшканняў праз чатыры з паловай гадзіны пасля забойства. Таўса хапіўся калега пасля таго, як акадэмік спазніўся на эксперымент з гамасферай. Педантычны Бабрук не з'явіўся на нараду ў кіраўніка навуковага гарадка.

— Атрымліваецца, у ніводным з трох выпадкаў ахоўная сістэма трывогі не падняла? — паказчыкі біялагічнай актыўнасці жывой і мёртвай плоці аднолькавымі не маглі быць апрыёры.

— Менавіта так. Па кожным выпадку было праведзена расследаванне, але ніякіх адхіленняў у рабоце пропускаў не выяўлена.

У планшэце з'явілася новая адзнака: дасканалай камп'ютарнай сістэмы не існавала. Тым больш што хакеры штодня ўдасканальвалі сваё майстэрства.

Ці не азначала тое, што аларм-сістэма не спрацавала, наступнае: забойца альбо яго саўдзельнік працуюць у тэхнічным аддзеле службы бяспекі?

— У ніводным з трох выпадкаў камеры відэаназірання, устаноўленыя на ўваходзе ў індывідуальных працоўных боксах, забойцу не зафіксавалі, хоць запіс вядзецца ў рэжыме «анлайн».

— Вы агледзелі відэакамеры?

— У першую чаргу. Спраўныя. Узламаныя не былі.

Гукавы зумер сігналізаваў аб тым, што 3D-прынтар пачаў работу. Начальнік медыцынскай службы ўважліва сачыў за ходам друку.

— З цэнтральнага пульта можна ўнесці карэктывы ў запіс?

— Мы праверылі і гэта, спадар Сарва. Аператары па-за падазрэннямі.

— Ніякіх тэхнічных збояў? Недазволеных падключэнняў?

— Ніякіх!

— У боксах відэакамеры ёсць?

— Нашы падапечныя высока цэняць прыватнасць даследаванняў, спадар Сарва.

— Вельмі сумная акалічнасць!.. Спадар Гамалій, ці выяўленыя пры аглядзе боксаў якія-небудзь анамаліі?

— Аніводнай! — зноў нагадаў пра сябе зумер. — Ваш пропуск гатовы!

Начальнік аховы паведаміў у дзяжурную часць код з дваццаці пяці знакаў, і праз хвіліну ярка-чырвоны колер мікраскапічнага святлодыёда на пластыкавай картцы змяніўся на зялёны.

— Сардэчна запрашаем у «Элізіум»! — усміхнуўся Гамалій, а Цінгулс прыклаў свой пропуск да сканера сістэмы бяспекі. Унутраныя створкі пачалі рассоўвацца.

Нягледзячы на тое, што ў інспектара не было падстаў для таго, каб усумніцца ў кампетэнтнасці падапечных начальніка аховы, ён папрасіў санкцыі азнаёміцца з відэазапісамі.

— Што вы там збіраецеся ўбачыць, спадар Сарва?

— Такі парадак, спадар Цінгулс!

Як і папярэджваў начальнік аховы, новай інфармацыі лічбавыя запісы не далі. Кантролер пацвердзіў іх аўтэнтычнасць. На ўсялякі выпадак Сарва папрасіў копіі. У практыцы інспектара мелася нямала выпадкаў, калі дэталі набывалі яснасць толькі пасля неаднаразовага прагляду.

Перейти на страницу:
Вы автор?
Жалоба
Все книги на сайте размещаются его пользователями. Приносим свои глубочайшие извинения, если Ваша книга была опубликована без Вашего на то согласия.
Напишите нам, и мы в срочном порядке примем меры.
Комментарии / Отзывы
    Ничего не найдено.