Мікола Гамолка - Цытадэль неба Страница 16
Мікола Гамолка - Цытадэль неба читать онлайн бесплатно
— Заходзьце! — пачуўся рэзкі, непрыемны голас.
Зала, куды ўвайшоў Арноль, была значна меншых памераў, чым першая. Яна таксама была напалову пустая, ледзь-ледзь асветленая. У куце справа гарэў знаёмы неонавы крыж. Усё гэта стварала нейкую трывожную таямнічасць. Хоць Поль не быў баязліўцам, па яго целе прабеглі непрыемныя дрыжыкі.
Здавалася, у зале нікога не было. Але вось у адным кутку нешта заварушылася, засапло. Поль прыгледзеўся. Узмахам рукі клікаў яго да сябе ўладар Кложы. Поль пакорліва падышоў, пакланіўся і зрабіў левай рукой кланаўскі знак прывітання.
— Брат! — сказаў доўгі, сухі чалавек у чорным балахоне і жахлівай масцы.— Я твой суддзя і ўладар — Начны Ястраб. Ты наш верны і надзейны клавалер. Табе добра вядома: Штаты ў небяспецы. Трэба знішчыць чорных і чырвоных пачвараў на Зямлі. Ты адзін з тых, хто гатовы гэта зрабіць. Калі-б усе клавалеры былі такія, як ты, роўна праз два гады мы кіравалі-б Штатамі. Добрыя словы сказаны табой сёння нашаму народу ў прэс-клубе. Брат,— чорны чалавек паварушыўся, узяў у рукі неонавы крыж.— Мы — людзі і беззаганнай сумленнасці і высокародства. Мы ганарымся тым, што адкрылі тайную вайну супраць чорных i будзем хутка ваяваць з комуністамі. Ты першы будзеш біць іх сваім бяспрыкладным подзвігам... Брат! Мы жадаем табе дабра, поспехаў, удачы. Але не крыўдуй на наша слова — ты можаш загінуць, і пяць мільёнаў долараў застануцца ў сейфах сенатара Уолтэра. Ты падумай, брат, як зрабіць лепш.
— Я заключыў кантракт,— адказаў з адчаем Арноль i тут-жа адчуў, што яго дрэнна трымаюць ногі: яны дрыжаць. — У выпадку... — ён запнуўся, потым дадаў: — грошы атрымае бацька.
— Брат! — усклікнуў чорны чалавек, і ў проразях маскі па-кацінаму засвяціліся вочы.— Ты зрабіў памылку. Мы ўсё ведаем! Заўтра ты пакінеш Зямлю і можа быць назаўсёды. Твае браты клавалеры будуць шанаваць тваё имя, будуць помніць твой подзвіг. Ты павінен завяшчаць пяць мільёнаў клану!
Поль Арноль ледзь не застагнаў ад роспачы. Ён адступіў крок назад, пахіснуўся і зваліўся-б на падлогу, каб не схапіўся за арэхавую падстаўку, дзе стаяў магнітафон і запісваў усю гэтую размову.
Доўгая чорная рука ўзняла барвовы крыж, паднесла да твару маладога джэнтльмена.
Спакойна, брат, спакойна! Не забывайся, ты — клавалер клана. Мы прынялі тваю кроў, тваё цела.
Поль Арноль убачыў, як аднекуль з цемры выплыў белы ліст паперы, лёг перад ім на круглым маленькім століку.
— Падпішы, брат! Мы — не твой бацька, мы выцягнем альбо грошы альбо жылы з Уолтэра!
Полю здалося, што яму сніцца нейкі цяжкі, страшны сон, што пройдзе хвіліна — і ўсё гэта знікне, развеецца i ён з палёгкай уздыхне.
Але гэта быў не сон. Перад ім у поўзмроку віднелася чорная востраверхая маска, за якой быў схаваны хцівы, жорсткі твар Начнога Ястраба.
О, Поль ведае яго подзвігі! Некалькі дзён ён сам ганарыўся і выхваляўся перад сябрамі-клавалерамі гэтым важатым, лідэрам клана, здзіўляўся яго халоднай разважлівасці, бесцырымоннасці і жорсткаеці,
А цяпер — калі ласка. Сам трапіў у яго бязлітасныя рукі.
Нічога іншага не прыходзілася рабіць, як пакорліва згадзіцца з патрабаваннем Начнога Ястраба.
Поль нахіліўся над столікам і, не чытаючы паперы, падпісаў яе.
— Брат! Будзь гатовы змагацца за свой Гонар, за свой Дом, за Клан i перавагу Белых. Ідзі!..— каркнуў старэчым, надтрэснутым голасам уладар клана і паставіў неонавы крыж у левы кут залы.
Полю здалося, што яго нехта ўдарыў ззаду. Ён сагнуўся i выбег з жахлівага будынка. Трэба ісці да першай стаянкі таксі. У Поля было адчуванне, быццам нехта нахабна, у прысутнасці людзей, залез у кішэню і забраў усе яго грошы.
Свежае паветра паступова вярнула Поля да сапраўднасці.
Нейкі халодны спалох і збянтэжанасць, якія завалодалі ўсім яго целам у будынку Кложы, зніклі.
Калі як след разважыць, нічога асаблівага не здарылася. Апека клана, вядома, была-б нежаданай. Калі-ж так атрымалася, што-ж, Полю трэба цяпер быць асабліва пільным, асцярожным і абавязкова вярнуцца на Зямлю.
«Калі буду жывы, — разважаў ён, — атрымаю ўсе пяць мільёнаў, з якіх, праўда, давядзецца выдзеліць сёе-тое Максу, Робу i, вядома, клану. Аднак я не буду ўсё-ж у пройгрышы. Не, Роб i Макс павінны атрымаць узнагароду яшчэ ў дарозе. Так, так. Тады іх долю атрымае клан, i я стану багатым!»
Поль паскорыў крок. Уперадзе на плошчы чакалі яго ззяючыя лакам раскошныя таксі. Тысяча д’яблаў! Не ўсё прапала, ёсць верныя гарантыі, што і Элсі i долары будуць яго.
Горад яшчэ не спаў. 3 бараў і рэстаранаў даносіліся песні, крыкі, звон шклянак. Але ён нічога не чуў і не заўважаў. Перад вачыма Поля не знікалі твары Макса, Роба, Элсі і барвовы неонавы крыж.
Раздзел пятнаццаты
20 чэрвеня.
Віктар па-ранейшаму мала са мной размаўляе, трымае сябе падкрэслена строга, стрымана. Таму я часцей, чым калі-небудзь, звяртаюся да дзённіка — майго вернага таварыша. Я давяраю яму ўсе самыя таемныя перажыванні і пачуцці.
Я жыву добра. Калі асалодай жыцця называюць радасць, то яе ў мяне — хоць адбаўляй. У нашай Галактыцы нічога асаблівага не адбылося. Але на свеце ёсць шмат цікавага. Учора газеты паведамілі аб адлёце на Месяц першай касмічнай ракеты Штатаў. Камандзір карабля Поль Арноль сказаў даволі ваяўнічую прамову. Дзівакі! Мала таго, што яны ўжо раскупілі па частках Месяц, яны збіраюцца ўстанавіць пошліны для караблёў іншых краін, якія будуць туды прылятаць.
У Францыі, Балгарыі, Польшчы грамадскасць заяўляе супраць гэтага рашучы пратэст.
Дзеля чаго яны гэта робяць? Вядома, генералы мараць пабудаваць на Месяцы атамныя ваенныя базы, каб трымаць усю Зямлю пад страхам i пагрозай. Уладары кампаній і манаполій ужо намецілі месцы для сваіх руднікоў! Злосныя, нікчэмныя маньякі!
Прэса Штатаў узняла шалёнае выццё, ганьбіць совецкую навуку, услаўляе ракету «Анаконда». Я ў гэта не веру. Імкненне бізнесменаў да заваёвы Месяца тоіць у сабе якую-небудзь авантуру.
Хто такі Поль Арноль? Гавораць, гэта заядлы бізнесмен, але не прафесійны касманаўт. Ніхто нічога не чуў пра Макса i Роба. Я лічу, што хоць кіраванне ракетай амаль цалкам адбываецца з Зямлі, на барту трэба мець спрактыкаваных і ўмелых людзей. Хто ведае, што можа здарыцца на шляху ў космас.
Я хадзіў на касмадром. Заакіянская ракета якраз праходзіла 170-ю тысячу кілометраў. Спецыяльна вылучаныя інжынеры і вучоныя, якія сочаць за яе падарожжам, сказалі, што графік руху ракеты правільны. Тут быў таксама Іван Іванавіч Дзянісаў. Ён больш за іншых цікавіўся палётам заакіянскіх калег. Яно i вядома. Нялёгка было яму ўсведамляць, што не ён i яго таварышы першымі ступяць на незнаёмую планету.
Нечакана я заўважыў, як спахмурнелі яго вочы. У чым справа? Што такое з Дзянісавым? Не толькі я, але і другія паспелі заўважыць нечаканую змену настрою вучонага. Да яго падышоў галоўны інжынер ракетапарта.
— Што з вамі, Іван Іванавіч? — пацікавіўся ён.
— Прыгледзьцеся да ракеты. Мне здаецца, у ёй адсутнічаюць прапорцыі аб’ёму і велічыні,— сказаў ён трывожным голасам.
— Прашу вас, праверце...
Усе, хто быў у гэтай поўзмрочнай зале, сцены якой служылі своеасаблівымі пультамі кіравання будучымі касмічнымі караблямі, насцярожыліся.
Галоўны інжынер, высокі і добрадушны, падышоў да электроннай лічыльнай машыны, націснуў на нейкія кнопкі і застыў у чаканні. Хутка крайні з апаратаў пстрыкнуў, выкінуўшы на стол паперку з канчатковым вынікам развязанай задачы. Інжынер нейкі момант разглядаў яе, потым таропка падышоў да Івана Іванавіча.
— Глядзіце!
Дзянісаў наблізіў паперку да маленькай сіняй лямпачкі. Раптам ён рэзка ўзняў галаву, павярнуўся да служачых тэлевізійнай станцыі і вучоных.
— Сябры! Адно з двух — альбо нашы супернікі прымянілі для рухавіка ракеты нейкае невядомае нам інтэнсіўнае паліва, альбо... — ён раптам замоўк і, апусціўшы галаву, дадаў: — Вы самі павінны здагадацца...
— Не хопіць, каб вярнуцца назад? — спытаў Вілі Рэндол, які таксама быў тут і асабліва ўважліва сачыў за ходам палёту замежнай ракеты.
Іван Іванавіч зірнуў у вочы Вілі.
— Так, — выдыхнуў ён.
— Але-ж у ракеце зяць Уолтэра! — усклікнуў Рэндол. — Не можа быць, каб сенатар рызыкаваў яго жыццём...
— Э, мілы, пачакай,— спыніў яго Дзянісаў.— Тут можа быць пэўны разлік. Вы не памятаеце, як аднойчы там, у іх Атланце, адзін джэнтльмен, жадаючы разбагацець, застрахаваў сваю маці на 500 тысяч долараў і пасадзіў яе ў самалёт адной багатай кампаніі. I што-ж адбылося? Самалёт на шляху ўзарваўся. Загінула маці джэнтльмена і больш 30 пасажыраў. Што-ж джэнтльмен прыдумаў? Паслаў з маці багаж, у якім была схавана міна. Ён і атрымаў-бы гэтыя 500 тысяч долараў страхавых, каб не паспяшыў і не выкрыў самога сябе. Вось якія бываюць гісторыі ў іх свеце...— закончыў Іван Іванавіч і закурыў.
— Навошта Уолтэру багацець? — запярэчыў нехта. — Арноль небагаты чалавек. Кажуць, бацька яго ўсяго толькі ўладальнік невялікага кансервавага завода.
Жалоба
Напишите нам, и мы в срочном порядке примем меры.