Валянцін Блакіт - Шануй імя сваё Страница 19

Тут можно читать бесплатно Валянцін Блакіт - Шануй імя сваё. Жанр: Разная литература / Прочее, год -. Так же Вы можете читать полную версию (весь текст) онлайн без регистрации и SMS на сайте Knigogid (Книгогид) или прочесть краткое содержание, предисловие (аннотацию), описание и ознакомиться с отзывами (комментариями) о произведении.

Валянцін Блакіт - Шануй імя сваё читать онлайн бесплатно

Валянцін Блакіт - Шануй імя сваё - читать книгу онлайн бесплатно, автор Валянцін Блакіт

Прайшло з паўгадзіны, і ён захваляваўся: было падобна, што пры такіх тэмпах апельсінаў не купіць. Праз паўтары гадзіны яго чакае Радзевіч, а да гэтага трэба пабыць у бальніцы ў Апанаса — спецыяльна раней паехаў. А мо махнуць рукою на гэтыя апельсіны ды пашукаць чаго ў магазіне? Свет клінам не сышоўся на апельсінах... Але нешта ўтрымлівала выйсці з чаргі — надта ж вялікая спакуса была парадаваць Апанаса гэтымі рэдкімі ласункамі. I, у рэшце рэшт, крыўдна: прастаяў столькі і вярнуцца ні з чым... А мо пакінуць Мішу ў чарзе, самому пайсці ў райком, а пасля ўжо ў бальніцу? Разумна, так трэба і зрабіць... Мо, калі Радзевіч на месцы, удасца пагаварыць раней.

Аднак чым больш пераконваў сябе, што гэта найлепшае выйсце, тым больш разумеў, што яно непрыймальнае. Па-першае, размова ў Радзевіча, пэўна, зацягнецца, будзе непрыемнай і совацца да Апанаса з кіслаю фізіяноміяй не з рукі. Па-другое, к таму часу ў бальніцы пачнецца абед, «мёртвая гадзіна» — не прапусцяць, давядзецца чакаць да вечара. I, па-трэцяе, незразумелы неспакой за Апанаса, які пачаўся з учарашняга дня, нейкае нядобрае прадчуванне, падсвядомая няясная трывога. У апошнія гады Апанас хварэў часта, але такога, як цяпер, прадчування і трывогі ніколі не было...

Праўда, было яшчэ адно выйсце: папрасіць, каб дазволілі купіць апельсінаў без чаргі. Растлумачыць людзям, для чаго яны яму патрэбны. Але, пэўна, не адзін ён стаіць, каб аднесці гэтыя ласункі ў бальніцу... Уяўляў, што скажуць разнерваваныя кабеты, якія, пэўна, другую гадзіну тырчаць у чарзе, і спакуслівая думка прыдбаць апельсіны без чаргі стала брыдкаю. Ён любіў парадак ва ўсім, з найвялікшай пагардай ставіўся да розных спрытнюг, хто ў вялікім і малым хоча мець выгоду без чаргі, за чужы кошт.

Трэба было прымаць нейкае рашэнне, а ён усё вагаўся. Раптам ля століка прадаўшчыцы пачалося ажыўленне, пачуўся сварлівы жаночы голас:

— Мы ўсе спяшаемся! Не гуляць сюды прыйшлі!

— Чалавеку ж у бальніцу трэба...— уладным голасам прысароміла прадаўшчыца.

I перш чым ён зразумеў, што там адбываецца, ад лат­ка, прыціскаючы абедзвюма рукамі два цэлафанавыя мяшочкі з апельсінамі, адваліў Міша. Аляксей Сцяпанавіч ад нечаканасці аж заморгаў вачыма, не ведаючы, радавацца ці гневацца. Міша з пераможным выглядам ішоў проста на яго, на увесь твар ззяла ўсмешка: маўляў, усё ў парадку, во як мы! Кунцэвіч сціснуўся ўвесь, дзіка глядзеў на Мішу, а той не мог нічога зразумець. Выскачыў з чаргі і подбегам памчаў да машыны, не заўважаючы Мішу, бы тым хацеў падаць знак, што ведаць не ведае гэтага нахабніка. Ён ішоў подбегам, а ззаду, з чаргі, здавалася, навылет свідруюць непрыязныя, ненавісныя позіркі, і прыгожыя, жаданыя ярка-жоўтыя апельсіны чамусьці раптам згубілі сваю былую нрывабнасць...

Ля бальнічных сходкаў стаяла бледная, змардаваная хваробамі жанчына ў непамерна вялікім, закінутым пала за палу халаце цёмна-сіняга колеру і карміла крошкамі вераб’ёў. Птахі жвава круціліся амаль ля самых яе ног, абутых у стаптаныя скураныя пантофлі, і на худым твары жанчыны свяцілася цёплая ўсмешка.

— Што ты за гэтых дармаедаў прынялася? — пасмешліва запытаў Кунцэвіч і падумаў: пэўна, яна вось так, самавіта, па-сялянску прывыкла карміць курэй, ссумавалася па доме...

— Так ужо і дармаедаў! — прыязна азвалася жанчы­на — і вераб’ёў як ветрам садзьмула на вярбу.

— Карысць-то ад іх якая, а?

— Э-э-э, чалавеча, колькі мух ды розных мошак яны нішчаць!.. Нішто на свеце не жыве без карысці...— Голас у жанчыны быў расцягнута-пявучы, разважлівы, і гаварыла яна так, быццам яны даўно знаёмыя. Пэўна, заўсёды, спаткаўшыся ў горадзе, вясковец вяскоўца здалёк пазнае па нейкіх ім толькі вядомых прыкметах, і сыходзяцца проста, без усялякіх цырымоній, рады адзін аднаму, як блізкаму сваяку, як добраму знаёмаму.— I яшчэ ведаеце, чаму мне падабаюцца гэтыя птахі?

— Ну-ну?

— Верныя яны, ніколі чалавека не пакідаюць,— з ненкім смуткам сказала жанчына.

Ого! — здзівіўся Аляксей Сцяпанавіч — яму і ў галаву не прыходзіла такое: вераб’і ды вераб’і, хто на іх калі ўвагу звяртае.

Жанчыне, відаць, вельмі хацелася, каб ён пастаяў, пагутарыў яшчэ, па праўдзе кажучы, і Аляксею Сцяпанавічу карцела распытаць, адкуль яна, што з ёю, але ў яго не было часу.

— Дзе ў вас тут тэрапія?

— Ды во там — на трэцім паверсе. Пойдзем, я правяду? -- з вялікаю ахвотай прапанавала свае паслугі жанчына.— А вы да каго?

— Ды тут аднаго знаёмага ўчора палажылі.

— Адкуль? — дапытвалася жанчына.

— 3 Забор’я. Мо чула?

— А то ж не чула! Гэта каторы з інфарктам? Мы тут усё ведаем.

— Так ужо і ведаеце...— недаверліва глянуў Кунцэвіч. Ну-у, баба ёсць баба!

Дарогу перагарадзіла поўная, пажылая санiтарка.

— Вы куды? — Голас у яе быў такі, быццам яна на ўсю бальніцу начальнік.

— У тэрапію...— не зусім смела сказаў Аляксей Сцяпанавіч.— Друг там у мяне ляжыць...

— Няможна! — уладна загадала санітарка.— Наведванне хворых па суботах і нядзелях,— і стала перад ім непрыступнай сцяной.

— Ды дайце вы чалавеку халат,— уступілася праважатая.

Санітарка знішчальна паглядзела на яе:

— А ты хто такая, каб указваць?! А ну-у-у... марш у палату! Хто дазволіў выпаўзаць?!

— У цябе не спыталася! — бязбоязна і трохі сварліва атрэзала жанчына і спагадліва параіла Кунцэвічу: — Што вы гаварыць будзеце з гэтаю ціграю? Урачу альбо медсястры пазваніце — яны пусцяць.

— А ну брысь адсюль! — раз’юшылася санітарка.— Я табе зараз пакажу тыгру! У морг пара, а яна яшчэ рыпіць! — I столькі было непрыязі ў яе вачах, што Аляксею Сцяпанавічу зрабілася не па сабе: хіба можна трымаць у бальніцы такую — яна ж зверам кідаецца на людзей!

— Можна, я пазваню? — з настойлівасцю ў голасе папрасіў Кунцэвіч.

Санітарка падазрона агледзела яго з ног да галавы, мусіць, нешта змікіціўшы, мякчэй сказала:

— Звані! — і сама сабе прабурчала: — Ходзяць усялякія!

Урач, даведаўшыся, хто ён і каго хоча бачыць, папрасіў зайсці.

Санітарка неахвотна паплыла за бар’ерчык, моўчкі па­дала не першай свежасці халат. Выгляд у яе быў незадаволены — не па ёй выйшла.

Урач чакаў на пляцоўцы трэцяга паверха, заклапочаны, строгі. Па яго выгляду Аляксей Сцяпанавіч адразу ж зразумеў, што з Ананасам дрэнна. Сціпла павіталіся, урач запрасіў у ардынатарскую.

— Што-небудзь сур’ёзнае, доктар? — апалым голасам запытаўся Кунцэвіч.

Урач адказаў не адразу — узяў цыгарэту, пстрыкнуў запальнічкай, прыкурыў, падышоў да акна, адчыніў фортку.

— Хваліцца няма чым. Інфаркт міякарда. Ацёк лёгкіх. На кіслародзе трымаем...

Аляксей Сцяпанавіч адчуў, што ногі перастаюць тры­маць яго, цяжка прысеў на канапу.

— Ён быў нетранспартабельны,— працягваў урач.— Нельга было везці, выклікаць «хуткую» трэ было...

— Можна да яго? — не сваім голасам спытаў Кунцэвіч.

— Яму кепска. Нельга! — коратка сказаў урач, але, мусіць, на яго падзейнічаў прыбіты Кунцэвічаў выгляд, бо падумаў і перамяніў сваё рашэнне: — Пасядзіце. Я зараз пагляджу...

Яго не было хвілін з дзесяць, і Аляксей Сцяпанавіч не знаходзіў сабе месца. Трэба было ўчора, калі прыбегла Марта, схадзіць паглядзець самому. А што, каб схадзіў, паглядзеў? Усё роўна павезлі б, як сказала фельчарка. Але ўсё ж...

Нарэшце зайшоў урач і прапанаваў:

— Пайшлі... Толькі не больш пяці мінут — нельга яго хваляваць.

Апанасаў ложак стаяў упоперак палаты, ля акна. Злева і справа ўздоўж — былі яшчэ два. На адным ляжаў бе­лы, як смерць, мужчына гадоў пяцідзесяці, на другім — падшыванец з надзвычай сінімі цікаўнымі вачыма. Ля Апанаса сядзела медыцынская сястра, побач на падлозе ляжаў вялізны курдзюк з кіслародам, а за спінкай ложка быў нейкі апарат.

Апанас ляжаў збляднелы, дыханне яго было цяжкім, раз-пораз нешта хрыпела ў грудзях. Як толькі яны з урачом наблізіліся, Апанас расплюшчыў вочы — пазнаў Кунцэвіча, не здзівіўся, спрабаваў усміхнуцца і зноў самкнуў павекі. Ляжаў спакойна, нерухома, выставіўшы ўперад падбародак, на якім з учарашняга дня прабілася сівая шчэць. Дыханне яго паступова рабілася больш роўным, не такімі сталі хрыпы, вусны трохі паружавелі, і Аляксей Сцяпанавіч падумаў, што ён спіць. Ужо намерыўся ўстаць з табурэткі і ціхенька выйсці, але Апанас адкрыў вочы і прашаптаў:

— Добра, што ты прыехаў.

— Ляжыце ціха — вам нельга размаўляць,— мякка, але настойліва загадаў урач.

— А чаму гэта і размаўляць няможна? — ні то запытаў, ні то запратэставаў Апанас і зрабіў спробу падняць галаву.

— Ды ляжы ты! — спалохаўся Кунцэвіч.

Урач паглядзеў на хворага трохі здзіўлена, але стро­га, сеў на табурэтку ля ложка і, узяўшы Апанасаву руку, стаў лічыць пульс. Ён палічыў раз, потым другі, уважліва гледзячы на гадзіннік.

— А мне стала зусім добра,— сказаў Апанас.

— Канечне! — супакоіў яго ўрач, устаў і папрасіў Кунцэвіча: — Толькі вы не доўга,— і выйшаў з палаты.

Перейти на страницу:
Вы автор?
Жалоба
Все книги на сайте размещаются его пользователями. Приносим свои глубочайшие извинения, если Ваша книга была опубликована без Вашего на то согласия.
Напишите нам, и мы в срочном порядке примем меры.
Комментарии / Отзывы
    Ничего не найдено.