Уладзімір Някляеў - На ўсякім свеце Страница 2

Тут можно читать бесплатно Уладзімір Някляеў - На ўсякім свеце. Жанр: Разная литература / Прочее, год -. Так же Вы можете читать полную версию (весь текст) онлайн без регистрации и SMS на сайте Knigogid (Книгогид) или прочесть краткое содержание, предисловие (аннотацию), описание и ознакомиться с отзывами (комментариями) о произведении.

Уладзімір Някляеў - На ўсякім свеце читать онлайн бесплатно

Уладзімір Някляеў - На ўсякім свеце - читать книгу онлайн бесплатно, автор Уладзімір Някляеў

Яшчэ малым ён наслухаўся ад дзеда з бабай столькі неверагодных гісторый, якія здараліся на Дзяды, што толькі пра тое й марыў, каб хоць нешта падобнае сталася з ім. Аднойчы дзед Ясь распавёў за памінальным сталом, як сустрэў пад ноч на Крывой гары свайго памерлага бацьку, Стасевага прадзеда Марку. Той быў сівы, хоць пахавалі яго чарнявым, сам увесь у белым і з белай торбай на плячы, перавязанай чырвонай стужкай.

“Пашукаў ён у торбе, - распавядаў дзед, - і дастаў арэхавы свісток. На, кажа, сынок, гэты свісток, ён чароўны. Адзін раз у яго свіснеш - і памрэ той, каму смерці пажадаеш. Два разы свіснеш - і ажыве той, каго ўваскрасіць захочаш. Тры разы свіснеш... - працягнуў мне свісток бацька, які стаяў за тры крокі ад мяне і бліжэй не падыходзіў, а я са страху нібы ў гару ўрос, ступіць не мог, каб свісток узяць, толькі нахіляўся, з усіх сіл цягнуўся насустрач, вось ужо пальцы мае ягоных пальцаў крануліся, мяне як маланкай прабіла, рука торгнулася - і свісток з бацькавай далоні не ў руку мне, а на зямлю ўпаў і пакаціўся з гары, якая раптам расступілася і ўдыхнула ў сябе бацьку, як туман, і выдыхнула, як воблака, якое ў неба паплыло, нібы душа бацькі. Так і не паспеў ён сказаць мне, што будзе, калі тры разы свіснеш, а я кінуўся ў спудзе дахаты. Назаўтра пайшоў свісток шукаць, ды дзе ты яго на той гары знойдзеш, калі нават не помніш, з якога боку стаяў, у якім месцы гара расступілася...

Усё дзяцінства Стасева было прабеганае па Крывой гары ў пошуках чароўнага свістка. І пазней, ужо дарослы, колькі ні шукаў - не знайшоў. А калі б і знайшоў, дык што?..

А вось што: адзін раз свіснуў бы! Каб усе разам з ім сканалі. Не толькі ў Каранях ці Багушах - ва ўсім свеце. Не аднаму ж яму паміраць! Няма яго, дык няма нікога. Тады справядліва.

Калі ж двойчы свіснуць, каб некага ўваскрасіць, дык каго? Хто гэтага варты?.. Хіба маці з таго свету вярнуць?.. Бацьку? А навошта?.. Каб зноў мучыліся? Гарбелі ад ранку да ночы толькі дзеля таго, каб пракарміцца? Спіны не разгіналі на зямлі, дзе, пасеяўшы мех, добра, калі збярэш два. Не, хай яны ўжо лепш у гэтай зямлі адпачываюць...

А тыя, каму яшчэ жыць, няхай на зямлі гэтай мучацца. Не заслужылі яны, каб так лёгка: раз - і на неба. За што?.. І шукаў Стась свісток толькі дзеля таго, каб паглядзець, што ж будзе, калі свіснеш тройчы? Можа, Страшны суд?.. Ці проста сам памрэш. Свіснуў тры разы - і даволі.

Увогуле жыццё - тры разы свіснуць.

- Я ўсё ведаю, - прыпадняўся і шапнуў Стасю на вуха Мацей. - І пра свісток, і што будзе.

Пра свісток ён, канешне, можа ведаць, пра гэта ўсе ведаюць і ў Каранях, і ў Багушах... Але пра тое, што будзе, калі тройчы свіснуць, скуль ведае? А калі ведае, дык як? Як жывы, ці як мёртвы?

- Скуль ты ведаеш?

- Скуль, скуль... Сказаў Стапуль! - з каранёўскай прымаўкай лёг роўненька ў труне Мацей. - Стуль і ведаю. А скажаш так, каб па мне заплакалі, як па апошнім беларусе, дык і ты будзеш ведаць.

З чаго яму так закарцела апошнім беларусам стаць?.. Яшчэ дзесяць мільёнаў беларусаў жыве на белым свеце, дзякуй Богу. А ён: я апошні.

- Ты не апошні беларус, Мацей. Яшчэ дзесяць мільёнаў беларусаў на свеце жывуць. І я не магу пра цябе казаць, як пра апошняга.

Знізу ўверх, ад падбароддзя да лобу праплыла ўсмешка па твары Ма­цея - неяк дзіўна ўсміхаюцца гэтыя нябожчыкі.

- Думаеш, жывуць?..

- Што тут думаць? Недаўна перапіс быў: дзесяць мільёнаў. Ну, трохі меней... Але колькі яшчэ ў Расеі, колькі ў Еўропе, Амерыцы...

Мацей зноў падскочыў:

- І там ніхто не памёр, апроч старых эмігрантаў! Разумеет? Ні тут, ні там - ніхто! А я знайшоў свісток! Свіснуў адзін раз, каб усе са мной разам!.. І што? А нічога! Ніхто!.. Ну, думаю, дай свісну двойчы. Каб ажылі. Ды ў апошні момант цюкнула: гэта ж і стары Страх ажыве, а я тры рублі яму вінен. Дзе я тыя тры рублі, яшчэ савецкія, вазьму? І не свіснуў другі раз, а як бы заікнуўся свістам. Выйшла так: не два, не паўтара... І папёрлі гэтыя... З боку Каранёў, з Крывой гары... Не жывыя, не мёртвыя... Ды яшчэ ты! Нібы жывы, а сказаць пра мяне нічога не можаш!..

З усяго, што хутка-хутка, як заведзены, прагаварыў Мацей, Стась не зразумеў амаль нічога. Апроч таго, што Мацей знайшоў свісток.

- Ты чароўны свісток знайшоў на Крывой гары?

- Знайшоў! Толькі не на гары.

- А дзе?

- Пад гарой.

- Дзе пад гарой?

- Там, куды ён скаціўся. Гару трэсла - і ён скаціўся. Я знайшоў і свіснуў. Адзін раз. Каб справядліва, каб разам са мной памерлі ўсе беларусы. Апроч дзяцей, якія яшчэ не ведаюць, хто яны. Каб і ў Багушах памерлі, і ў Каранях, і ва ўсім свеце. А ніхто не памёр! Толькі старыя эмігранты ў Амэрыцы. Што не зразумелага?

Зразумелага было па-ранейшаму мала, таму Стась спытаў не наўпрост, каб час пацягнуць:

- Калі гэта Крывую гару трэсла?

- А калі ў Румыніі землятрус быў, які ўсіх пісьменнікаў румынскіх у адным доме накрыў! Забыўся?

Ну, дапусцім, пра землятрус у Румыніі Стась помніў. Але пры чым тут Румынія? І пісьменнікі румынскія?

- Пры чым тут Румынія з румынскімі пісьменнікамі?

- Як пры чым? - хацеў вылезці з труны, але перадумаў вылазіць, бо паглядзеў на падворак і нідзе лепшага месца не знайшоў, Мацей. - Ідэю падалі! Я падумаў: калі тыя ўсе разам, дык і гэтыя ўсе разам. А пасля ўзяў шырэй: не толькі беларускія пісьменнікі - усе беларусы! І што аказалася? Аказалася, што няма такіх!

Стась пачаў цяміць паціху, да чаго Мацей верне, толькі ў гэта цяжка было паверыць, і ён спытаў:

- Пісьменнікаў няма?

- Я ж кажу, што ўзяў шырэй. Няма такіх беларусаў.

- Якіх такіх?

- Сапраўдных. Скончыліся сапраўдныя. Адны падробныя засталіся. Яны й жывуць... Слухай, падай мне люльку, вунь на падваконніку ляжыць, я памёр, не дапаліўшы. І зэдлік вазьмі, сядзь, чаго стаяць жывому?

Стась схадзіў па люльку і зэдлік, сеў каля труны.

- З чаго ты ўзяў, што беларусы скончыліся, дзядзька Мацей? Вось я з Менску еду, там поўна беларусаў. Еду ў Карані - і там... Не столькі, колькі ў Менску, але ёсць... - даў ён прыпаліць Мацею, і той соладка зацягнуўся горкім самасадам:

- Не беларусы яны.

- А хто?

- Скуль мне ведаць? Можа, рускія. Можа, палякі. Ці румыны. Вось румыны ёсць, хоць у іх землятрус быў, а беларусаў няма, хоць землятрусу не было. Каб беларусы былі, дык памерлі б, калі я свіснуў. А хто памёр?..

Ніхто, апроч старых эмігрантаў. Нават ты жывы. Значыць... - паклаў люль­ку на вечка, якое бокам пры труне стаяла, і нахіліўся да Стася Мацей...

- Што значыць?

- А тое, што не надта падобны ты да бацькі. І да дзеда не надта.

- Як гэта не падобны?.. - азірнуўся Стась, шукаючы бацьку з маці, дзеда з бабай, але не ўбачыў іх паблізу. І дзядзькі Петруся з дзядзькам Лявонам на падворку не было. Мусіць, ускрыўдавалі, што столькі часу не бачыліся, а ён не з імі, а з Мацеем размову завёў, нібы Мацей яму даражэй. Не даражэй яму Мацей, проста Мацей нібыта жывы, а калі размаўляць у гэтым жыцці не жывому з жывым, тады каму з кім? Можа, бяда наша якраз у тым, што болей з мёртвымі размаўляем, чым з жывымі?

Вось учора Ганя патэлефанавала: “Ты ў Карані на Дзяды збіраешся? Давай я з табой паеду, пагаворым пра нас. Не лішне будзе...”

Яно-то не лішне. Але ён уявіў, як яна ў машыне ўсю дарогу сакатаць будзе, замінаць на могілках... Хоць чаму замінаць? Вечнаму маўчанню?..

- Можа, свісток ты не той знайшоў? - не стаў разбірацца з Мацеем, хто да каго падобны, Стась. - Не чароўны. Ці ён той, але ўжо не спраўны, столькі гадоў прайшло... Пакажы.

- Спраўны, - паляпаў Мацей па правай калашыне. - Я праверыў. Хацеў апошнюю жонку, Палуту ажывіць, каб спытаць, куды падзелася, а свіснуў - ажылі ўсе тры... Вунь... - напружыўся ён, залезшы ў кішэнь. - І Палута, і Аўрэля, і Вяргіня. Як цяпер жыць? Дык я ў труну...

- А Ма-цей-чык ты мой! А мой ты род-нень-кі!.. - загаласіла, пачуўшы ягоныя словы, Аўрэля, першая жонка, якая ўжо гадоў трыццаць як памерла, і Мацей пасля з другой жонкай, Вяргіняй, якая таксама памерла, гадоў дваццаць пражыў, ды яшчэ гадоў дзесяць з трэцяй, Палутай, пра якую ніхто не ведаў, жывая яна ці не, бо ўжо гады чатыры прамінула, як пайшла яна ў лес і прапала, толькі хустку яе знайшлі на ўзлеску з боку Каранёў, - а на каго ж ты на мяне пакінуў?..

Дзіўна было слухаць, як жонка, якая памерла раней, галосіць па мужы, які памёр пазней, а тут яшчэ Вяргіня, другая жонка, падбегла, ухапілася за плечы Мацея: “А хто ж цяпер мяне абдыме?.. А хто прылашчыць?..” - і толькі Палута, якая была маладая і трохі малахольная, таму й пайшла за яго, амаль стогадовага, у свае дваццаць пяць, не плакала, не галасіла, а стаяла пасярод падворка і ўсміхалася.

Вось чаму ў нас усміхаюцца толькі тыя, якія малахольныя? Ды яшчэ нябожчыкі... Вунь стары Страх які ўсмешлівы! І Стапуль, і Былінскі, і Стрыга з Валюком... А пры жыцці такія панылыя соўгаліся... Чаму жывыя мы ўсе такія, нібы ўчора некага пахавалі?

- Бачыш? - шнарыў па кішэнях Мацей. - А ты кажаш: свісток не спраўны. Яшчэ які спраўны... Толькі дзе ён?.. Га, Вяргіня?

Вяргіня, якая забілася, зваліўшыся з драбіны, калі на гарышча лезла, і Мацея падазравалі, што ён цвікі на верхняй папярэчыне аслабіў, каб Вяргіню на Палуту памяняць, узялася рукі ў бокі:

Перейти на страницу:
Вы автор?
Жалоба
Все книги на сайте размещаются его пользователями. Приносим свои глубочайшие извинения, если Ваша книга была опубликована без Вашего на то согласия.
Напишите нам, и мы в срочном порядке примем меры.
Комментарии / Отзывы
    Ничего не найдено.