Сяргей Белаяр - Выключэнне з правіл Страница 2
Сяргей Белаяр - Выключэнне з правіл читать онлайн бесплатно
— Вы разумееце, што я магу падаць на вас у суд за паклёп? Вашы выдумкі не пацверджаны ні адзіным доказам! Любы адвакат разнясе вашы інсінуацыі ў пух і прах за лічаныя хвіліны!
— Я ніколі не кідаюся словамі, спадар Басалыгін! Калі дазволіце, працягну!
— Дзеля Бога! Мне нават цікава, наколькі багатая ваша фантазія.
— Для таго каб замесці сляды, вы скарысталіся крадзеным паролем і ўлезлі ў галаўны камп’ютар. Вы не хацелі рызыкаваць — выбух не гарантаваў, што цэнтральны працэсар будзе знішчаны.
— І што ж я, па-вашаму, хацеў схаваць?
— Самародак.
— Чаму ж так дробна? Да гэтага моманту палёт вашай фантазіі ў нейкай ступені нават быў мне да гонару. А тут геній злачыннай задумы — і нейкі самародак!
— Не нейкі, а такі, што дазваляе набыць статус мультымільянера!
— Ужо лепш!
— У вас бы ўсё атрымалася, калі б ні адно «але»... Мелася ў каменданта, з якім я быў знаёмы асабіста, адна дзіўная па цяперашніх часах звычка — ён лічыў, што лепшым носьбітам інфармацыі з’яўляецца папера...
— І што? Якая тут сувязь?
— Прамая! — афіцэр прыбраў планшэтны камп’ютар і дастаў з унутранай кішэні кіцеля патрапаны абпалены нататнік. — Падзеі, якія Тэадор Гаурмс лічыў значнымі, ён запісваў.
Афіцэр прагартаў некалькі спісаных дробным почыркам старонак.
Канстанцін Басалыгін збялеў, але хутка знайшоўся:
— Я куплю ваша маўчанне за дзесяць адсоткаў!
— Спадар Басалыгін! — Палямон Дзёмуха прыгнечана паківаў галавой.
— Дваццаць! Гэта вялікая сума! Вельмі вялікая!
— Спроба подкупу службовай асобы!
— Трыццаць! Хопіць не толькі вам, але і вашым унукам!
— Я не настолькі ненажэрны, як вы, спадар Басалыгін. Прапануйце мне хоць усё, я не вазьму грошай, на якіх кроў дваццаці шасці чалавек!
— Дурань! Які ж вы дурань! Грошы самі плывуць да вас у рукі, а вы адмаўляецеся. Вам ніколі не зарабіць і дзясятай часткі кошту самародка!
— Можа быць, затое маё сумленне застанецца чыстым!
— Сумленне? Ды каму патрэбны перажытак мінулага? Грошы — вось сапраўдная каштоўнасць!
— Вы адправіцеся ў турму, спадар Басалыгін, а там грошы вам будуць ні да чаго — пра ваша забеспячэнне паклапоціцца дзяржава!
— Я разглядаў і такі варыянт. Максімум, што мне пагражае, — дзесяць гадоў. Дзякуй ліберальнаму заканадаўству! Што такое дзесяць гадоў у параўнанні з пяццюдзесяццю або шасцюдзесяццю гадамі, якія я збіраюся пражыць, ні ў чым сабе не адмаўляючы? Забі я хоць сотню, дзве, тры, суд ніколі не дасць мне больш за дзесяць гадоў!.. І зусім не факт, што прысяжныя прымуць да ўвагі запісы Гаурмса!
Афіцэр нахмурыўся і зайграў вужлакамі.
— Дастаткова будзе намякнуць на яго неадэкватнасць — наступствы кантузіі, вы разумееце!
— У Тэадора ніколі не было праблем з псіхікай — ані ў войску, ані пасля!
— Цяжка прыдумаць? Маючы мінімальныя акцёрскія здольнасці, будзе нескладана пераканаць прысяжных у тым, што Гаурмс быў псіхапатам і тыранам!
— Вы яшчэ і падлюга!
— Вашы абразы зусім мяне не кранаюць! Хутка я буду багатым, а вы... вы кусайце локці і цешце самалюбства трызненнямі пра мараль! Убогія заўсёды прыдумляюць апраўданні ўласнай неплацежаздольнасці. Самародак вам ніколі не знайсці — можаце нават не імкнуцца!
— А вы ж зусім не каецеся!
— Павінен? — інжынер-геолаг не ўтрымаўся ад усмешкі.
— Ані пачуцця віны, ані пакут сумлення... Дваццаць шэсць чалавек — яны ж былі вашымі сябрамі і калегамі!
— Не пашанцавала ім.
— Не пашанцавала? — вочы Палямона Дзёмухі палезлі на лоб. — У вас што, зусім няма сэрца?
— Спыніце гэты балаган! Збіраецеся арыштоўваць мяне, дык арыштоўвайце, але, будзьце ласкавы, выбаўце ад павучальных гутарак! Я не настроены выслухоўваць лухту!
— Ведаеце, спадар Басалыгін, упершыню я шкадую аб тым, што ў нас уведзены мараторый на смяротнае пакаранне! Такіх, як вы, трэба аддаваць кату!
— Колькі пафасу. Але не вам вырашаць мой лёс! Вы — усяго толькі пешка. Тупы выканаўца. Вы абавязаны і будзеце прытрымлівацца правіл.
— Няма правіл без выключэнняў, — ціха сказаў Палямон Дзёмуха.
Канстанцін Басалыгін здрыгануўся. Ён усё зразумеў без тлумачэнняў.
— Вы не зробіце гэтага!
— Чаму?
— Вы павінны даставіць мяне ў турму! — інжынер-геолаг сарваўся на крык.
— У адкрытым космасе часта здараюцца няшчасныя выпадкі...
Жалоба
Напишите нам, и мы в срочном порядке примем меры.