Уладзімір Мажылоўскі - Брудная справа Страница 2

Тут можно читать бесплатно Уладзімір Мажылоўскі - Брудная справа. Жанр: Разная литература / Прочее, год неизвестен. Так же Вы можете читать полную версию (весь текст) онлайн без регистрации и SMS на сайте Knigogid (Книгогид) или прочесть краткое содержание, предисловие (аннотацию), описание и ознакомиться с отзывами (комментариями) о произведении.

Уладзімір Мажылоўскі - Брудная справа читать онлайн бесплатно

Уладзімір Мажылоўскі - Брудная справа - читать книгу онлайн бесплатно, автор Уладзімір Мажылоўскі

— А гэта хто? — пацікавіўся Самуіл. Не вельмі прыемнае ўражанне пакінуў пасля сябе незнаёмец, не спадабаўся ён лаўніку.

— Дзядзька Кузьма — сябар Антука, — адказаў хлопец.

— І што ён робіць тут ноччу?

— Можа, рыбу прынёс, — выказаў здагадку Мікола. Было бачна, што і ён не вельмі паважае сябра стрыя. А, можа, баіцца яго? Самуіл уважліва назіраў за хлапчуком. А той падняўся з лавы, узяў з прыпечка пук лучын, выбраў з іх дзве найбольш смалітыя і маўкліва, быццам хаваючы ад госця нейкія свае пачуцці, накіраваўся да агмяню, каб памяняць там лучыну.

Падняўся з лавы і Корчак.

— Пайду я, Мікола, — лаўнік выцягнуў з-за пояса шапку і міжволі перавёў позірк на запечак, адкуль з цемнаты на яго глядзелі два бліскучыя агеньчыкі. «Кошка!» — пстрыкнула здагадка. Але для вачэй кошкі вельмі ўжо не падыходзіла вышыня. Ні цела, ні твару ўладальніка вачэй Самуіл не заўважыў — толькі дзве палымяныя кропкі. Паспрабаваць піва не ўдалося, — бы сціраючы насланнё, правёў ён далонню па сваім твары, — таму пайду я дахаты.

— Шчасліва! — пажадаў Мікола і, не зважаючы больш увагі на госця, выцягнуў з другога лучніка старую лучыну, кінуў яе ў конаўку з вадой. Лучына злосна зашыпела, раздругі стрэліла іскрамі, скурчылася і заціхла. Густая стужка дыму адарвалася ад яе чорнай паверхні, закруцілася над конаўкай і растварылася ў прасторы памяшкання непрыемнай горыччу.

Лаўнік зачыніў дзверы, выйшаў на панадворак, агледзеўся. Як і раней, ноч імжэла мелкім дробным дажджом. Як і раней, навокал панавала цішыня. Як і раней, непрыемнае пачуццё трывогі заварушылася ў сярэдзіне.

«Усё будзе добра! — падбадзёрыў ён сам сябе. — Хаця і шкада, што я за вечар так і не ўбачыў карчмарку».

Корчак павольна крочыў па вузкай вуліцы. Перад вачыма пачаргова паўставалі то вобраз перапалоханага сіраты, то грэблівая ўсмешка Кузьмы, то хваравіта-шалёнае ззянне чыіхсьці вачэй. Чыіх?

Раптам, хутчэй інстынктыўна, чым слыхам, праз лёгкі шэпт дажджу ён адчуў за спінай шавяленне. Спыніўся, паспрабаваў азірнуцца, як у імгненне ноч азарылася для яго асляпляльным святлом і магутны выбух раскалоў цішыню, а разам з ёй і галаву Самуіла. Закружылася зямля, некуды знікла паветра. Лаўнік паспрабаваў знайсці рукамі хаця б нейкую апору, утрымацца на нагах, аднак апоры нідзе не было і ён, хапаючы шырока раскрытым ротам паветра і няўклюдна размахваючы рукамі, цяжка паваліўся ў гразь пасярод вузкай вулачкі.

«Памерлыя не плачуць і не зведваюць болю!» — першая думка абудзіла Самуіла. Ён паспрабаваў варухнуцца, аднак пякучы боль маланкай страсянуў яго цела, вырваўся стогнам. Гэты стогн ціхім заклікам прагучаў ў начы. «Я жывы! — ці то абрадаваўся, ці то здзівіўся лаўнік. — У мерцвякоў не можа так балець галава і не могуць мерзнуць ногі. А, можа, я цяпер у пекле?» Самуіл спалохаўся апошняй думкі і рэзка расплюшчыў вочы. Не, ён быў не ў пекле, — у пекле не бывае дажджу, — і асэнсаванне гэтага падбадзёрыла, надало сілы. Ён павольна падняўся на каленкі, пачакаў, пакуль крыху суцішыцца ў галаве боль, потым устаў на ногі і, больш не зважаючы ні на гразь, ні на лужы, пасунуўся ў напрамку свайго двара.

3

Два дні Корчак не выходзіў на працу, адлежваўся дома, піў травяныя адвары і горкія настоі. На трэці дзень ён з’явіўся ў магістраце і адразу ж быў пакліканы да бурмістра.

— Ну як, Самуіл, галава? — сустрэў яго пытаннем пан Міхал. — Не баліць?

Лаўнік паціснуў плячыма, бо не зразумеў: бурмістр цікавіцца яго здароўем сур’ёзна ці такім чынам жартуе.

— Не адбіў незнаёмы добразычлівец табе ахвоту разбірацца са смерцю карчмара ці толькі раззлаваў цябе, раззадорыў?

— Раззлаваў, пан Міхал, — Самуілу не хацелася ўспамінаць ноч, калі ён быў на валасінку ад смерці і, пэўна, калі б не шапка, якая змякчыла ўдар, то ляжаў бы ён ужо ў дамавіне пад тоўстай земляной коўдрай на мясцовых могілках. Быццам прачытаўшы яго думкі бурмістр нагадаў:

— Я ж цябе папярэджваў, што справа гэта цёмная, — ён спыніўся насупраць лаўніка зазірнуў яму ў вочы, кіўнуў на лаву: «Сядай». Потым прадоўжыў: — Асмеліцца на забой

ства лаўніка — гэта табе не жабрака засячы, тут патрэбны вельмі важкія прычыны. Якія, Самуіл? Што ты там бачыў, што чуў? Расказвай! Хаця цябе маглі аглушыць і абчысціць мясцовыя бандыты. Ты не думаў пра гэта?

— У мяне было з сабой з дзясятак грошаў, але іх не ўзялі. Ды і крэсіва не зрэзалі з пояса, — адказаў лаўнік. — Той, хто мяне ўдарыў, хітры і жорсткі чалавек, які валодае навыкамі паляўнічага і немалой сілай. Пад такое апісанне падыходзіць толькі адзін з убачаных мною там людзей — гэта Кузьма.

— Дзе ты перайшоў яму сцежку?

— Не ведаю, — паціснуў плячыма Корчак. — Раней я з ім ніколі не сутыкаўся, у карчме бачыў упершыню, ды і то ў цемры.

— А пра што гутарыў з пляменнікам Антука?

— Ды так, ні пра што, — Самуіл задумаўся, потым, не спяшаючыся, падрабязна пераказаў гутарку пану Міхалу. — Вось і ўсё, што я там даведаўся, — закончыў ён свае ўспаміны. — Што тут цікавага ці незвычайнага?

Пан Міхал не адказаў. Задумённа паглажваючы сваю бараду, ён нейкі час хадзіў узад-уперад па пакоі, потым шчоўкнуў пальцамі і, узбуджаны здагадкай, сеў на лаву побач з Корчакам.

— А што, калі маскоўскім лазутчыкам быў не карчмар, а яго жонка? — вочы бурмістра засвяціліся ад узрушэння.

4

За той час, пакуль Самуіл адлежваўся дома і лячыўся жончынымі адварамі, надвор’е ў горадзе змянілася: дажджавыя хмары адпаўзлі на захад, неба ачысцілася і толькі ў далёкай вышыні павольна праплывалі невялічкія ўскудлачаныя хмаркі. Дні стаялі лагодныя, сонечныя, з сінім небам і павучкамі-падарожнікамі ў паветры. Раніцай нецярплівы іней бяліў у нізінках траву і кустоўе, хрусцеў пад нагамі, аднак, калі над лесам узыходзіла сонца, ад інею таго не заставалася і следу — толькі ў цені пабудоў трымаўся ўпарта, злосна, да самага апоўдня.

Перш чым наведаць карчмарку Матруну, Корчак вырашыў пагутарыць з рыбакамі, якія знайшлі труп Антука — бацькам і сынам Гупаламі. Іх ён заспеў дома — яны толькі вярнуліся з Мухаўца і не паспелі нават паснедаць. Старэйшы, Зіновій, мужычок гадоў пяцідзесяці, невысокага росту, з рэдкім светлым валоссем на галаве і твары, сустрэў лаўніка непрыязна. На прывітанне зыркнуў з-пад ілба бясколернымі вачыма і, нешта прамармытаўшы сабе пад нос, павярнуўся спінай, пачаў мыць у конаўцы рукі.

Малодшы, якога звалі Аўсей, аказаўся больш прыветлівым. На выгляд яму было гадоў пад трыццаць, ён быў падобны да бацькі — гэткага ж невысокага росту, светлавалосы, хударлявы, але ў вачах яго Самуіл убачыў спакойную мужчынскую развагу і дзіцячую цікаўнасць. І ўсмешка ў яго была па-мужчынску спакойная і ўпэўненая. Ён папрасіў прабачыць яго бацьку: «Стаміўся сёння стары, прамёрз да касцей на рэчцы!» і, кіўнуўшы на лаву ля хаты, прапанаваў:

— Давай пагутарым там.

Самуіл не пярэчыў. Ён разумеў, што з’явіўся тут не зусім дарэчы, што людзі, якіх корміць рака, прамерзлі і стаміліся, і што яго роспыты пра тапельца, якога яны нядаўна выцягнулі з вады, не прыносяць ім асалоды, а таму, каб не затрымліваць Аўсея і не злаваць Зіновія, адразу ж запытаўся:

— Скажы, Аўсей, ці былі вы на рэчцы тым вечарам, калі ўтапілі Антука? Можа, нешта незвычайнае чулі ці бачылі?

— Не, тым вечарам дажджыла, а таму на Мухавец мы не хадзілі, сядзелі дома.

— А раніцай? Можа, на беразе што-небудзь бачылі незвычайнае?

— Ды не. Тым ранкам мы, як толькі падышлі да ракі, адразу ж напароліся на тапель­ца, — Аўсей перажагнаўся, прашаптаў некалькі слоў малітвы, — і бацька, не марудзячы, паслаў мяне ў магістрат.

— На целе Антука былі сляды бойкі?

— Здаецца, не. Калі кроў і была, то яе вадой змыла. А на выгляд — звычайны мужык, які перапіў брагі і моцна заснуў.

— Крыжык з яго рукі я выцягнуў, — данёсся ад хаты голас Зіновія. — Звычайны нацельны крыжык на звычайнай льняной нітцы.

— Крыжык? — Корчак рэзка павярнуўся да старога рыбака. — Пра крыжык мне Буцюта нічога не расказваў.

— А ён яго наогул выкінуў у рэчку, — рыбак вышчарыў ва ўсмешцы гнілыя зубы. — Аднак я яго потым адтуль вылавіў і павесіў на куст, пад якім мы ўбачылі Антука.

— І той крыжык зараз вісіць на кусце?

— Напэўна, — стомлена адказаў Зіновій, — калі твой сябар не ўбачыў яго ў другі раз і не знішчыў канчаткова.

— Як мне знайсці той куст?

— Адзін ты яго не знойдзеш.

Самуіл дастаў з мяшэчка, што вісеў на поясе, тры сярэбраныя манеткі і працягнуў Зіновію:

— Я хачу купіць той крыжык.

— А хіба ён мой? — рыбак адвёў убок працягнутую руку. — Зараз Аўсей паснедае і праводзіць цябе на бераг Мухаўца.

Аўсей паціснуў плячыма і ўсміхнуўся Корчаку: «Я хутка».

5

Крыжык, які Аўсей зняў з куста і перадаў лаўніку, і сапраўды аказаўся звычайным нацельным крыжыкам, якія насілі дзясяткі, калі не сотні, гараджан. Маленькі, драўляны — ён не ўяўляў аніякай каштоўнасці і таму было дзіўна, чаму яго заціснуў у кулаку Антук. «Чый гэта крыжык? — ідучы да карчмы Матруны, пытаў сябе Корчак. — Калі Антукоў, то навошта ён яго зняў? А калі забойцы? Гэта ж прамое ўказанне! Вось толькі дзе шукаць гаспадара гэтага крыжыка, ды і хто яго прызнае зараз?»

Перейти на страницу:
Вы автор?
Жалоба
Все книги на сайте размещаются его пользователями. Приносим свои глубочайшие извинения, если Ваша книга была опубликована без Вашего на то согласия.
Напишите нам, и мы в срочном порядке примем меры.
Комментарии / Отзывы
    Ничего не найдено.