Алесь Марціновіч - Былое, але не думы Страница 20
Алесь Марціновіч - Былое, але не думы читать онлайн бесплатно
Бочка з індыком у калодзежы
Няма, бадай, ніводнага чалавека, у жыцці якога б не здаралася чагонебудзь недарэчнага. Зразумела, і бацька мой — не выключэнне. Столькі з ім усялякіх гісторый здаралася, хоць садзіся і кнігу пішы. І ці не кожная адбывалася па ягонай дабраце, а то і па наіўнасці. Такі ўжо чалавек быў. Куды не крутанецца, абавязкова атрымаецца не так, як ў іншых. Скажам, трэба было прыдбаць вялікую бочку для засолкі гуркоў ці капусты. Ён загадзя дамовіўся ў магазіне, каб, калі акажацца свабодная, абавязкова паведамілі яму.
Што б зрабіў іншы на ягоным месцы, калі б даведаўся б, што патрэбная бочка ёсць? Правільна, папрасіў бы у каго-небудзь каня. Балазе, з гэтым праблемы ў вёсцы не было. Але бацька мой разважыў інакш: браць каня, значыць, трэба некаму за такую паслугу ставіць пляшку. Дый пакуль той конь яшчэ знойдзецца, за гэты час бочку можа купіць і хтосьці іншы.
Адклад не ідзе ў лад, як любіў казаць мой бацька. Таму і паспяшаўся ў магазін. Нават веласіпед з сабой не ўзяў. Маўляў, навошта — і так данясу. А ад магазіна да хаты метраў дзвесце. Магчыма, і меней, але ні ў якім разе не дзясятак, другі.
У магазіне, даведаўшыся, што бочку ён збіраецца несці на сваіх дваіх, засумняваліся:
— Рыгоравіч, няхай пастаіць у нас, ніхто яе не забярэ. А вы каня возьмеце...
— Не трэба мне конь, — адказаў Рыгоравіч.
— То мо хоць па веласіпед сходзіце?
— Абыдуся і без веласіпеда, — рашуча заявіў мой бацька. — Толькі дапамажыце мне яе на плечы ўзяць, — папрасіў ён мужчын, якія былі ў магазіне.
Выкацілі бочку на вуліцу, паддалі яе, і бацька мой, узяўшыся адной рукой за верхні край яе, а другой прытрымліваючы знізу, з гэтай дарагой для яго ношай накіраваўся дамоў. Спачатку яму ішлося лёгка, бо цяжар асабліва не адчуваўся, але чым далей адыходзіў ад магазіна, тым больш упэўніваўся, што ўсё не так проста, як падавалася спачатку. Але ж не вяртацца назад. Дый няма нікога, хто б мог дапамагчы.
Выйсце знайшоў у тым, каб ісці як мага хутчэй, ні пра што не думаючы. У такім разе пра ўсё забываеш. Так непрыкметна дайшоў і да варот, што вялі ў двор. Лагічней было б спыніцца, паставіўшы бочку дном на іх, а крыху адпачыўшы, прадоўжыць шлях. Толькі дзе там. Бацьку майго ўжо ўзяў азарт, як таго спартсмена, які знаходзіцца ля самага фінішу. Таму ён, не спыняючыся, пайшоў углыб двара. Аднак тут нечакана зразумеў, што далей бочку не угрымае. Дый сіл асцярожна паставіць яе на зямлю неставала. Калі ж упадзе, дык хутчэй за ўсё разаб’ецца.
Уважліва агледзеўся па баках і ягоны позірк спыніўся на калодзежы. Як не здагадаўся! Бочку можна паставіць на край яго, а потым, перадыхнуўшы, занесці ў хлеў. Бацька асцярожна пачаў апускаць яе, але стомленыя пальцы амаль не слухаліся яго. Бочка выслізнула з ягоных рук і паляцела ўніз, дзе віднелася вада.
Гэта адбылося так нечакана, што бацька мой, спалоханы тым, што здарылася, кінуўся ў хату. Ён уляцеў у яе, ледзь не збіўшы з ног сваю цешчу, а маю бабулю.
— Мама! — закрычаў мой бацька немым голасам.
— Што такое, Андруша?! — спалохалася яна.
Спалохацца было чаго: выгляд, як у вар’ята, ды яшчэ «мамай» назваў, што рэдка за ім заўважалася.
— Бочку ўтапіў! — адчувалася, што ён ніяк не можа прыйсці ў сябе.
— Як утапіў? — бабуля мая, зразумела, ведала, што ён пайшоў у магазін купляць бочку, але прычым тут «утапіў».
— У калодзеж упала! — пачулася ў адказ, але гэта для бабулі ніякай пэўнасці не ўнесла.
— Андруша, прычым тут калодзеж? — бабуля, не чакаючы далейшага тлумачэння, паспяшалася да калодзежа. За ёй з выглядам вінаватага накіраваўся бацька.
Бабуля зірнула ў калодзеж і жахнулася. У ім сапраўды знаходзілася бочка, але паколькі яна была пустой, то плавала на паверхні. Толькі з аднаго боку ў яе трапіла крыху вады.
— Як жа гэта цябе ўнаравіла, — крыху прыйшоўшы ў сябе, запыталася яна.
Давялося ўсё расказаць.
Бочку ж дасталі без асаблівай цяжкасці, бо калодзеж у нас неглыбокі. З калодзежам, між іншым, звязана яшчэ адна гісторыя. Праўда, не з нашым, але таксама з удзелам майго бацькі...
— Гэта ж трэба, — пайшла па вёсцы пагалоска, — у Міхайлавіча індык у калодзеж уваліўся.
Міхайлавіч — адзін з настаўнікаў. У ягоным жыцці таксама прыгод ставала. Самая вядомая, што ўскалыхнула ўсю вёску, звязаная з набыццём ім самай сучаснай на той час мэблі. Здаецца, германскай вытворчасці. Ні сам Міхайлавіч, ні іншыя не дакумекалі загадзя высветліць, як унясуць гэтую мэблю ў дом. А дарэмна, бо калі прывезлі яе, высветлілася, што яна не праходзіць праз дзвярны праём. На той жа час мэбля была не зборнай, а гатовай канструкцыі. Таму давялося. пашыраць дзверы. Дакладней, адпілоўваць вушакі. І вось гэты выпадак з індыком.
Іншы на месцы Міхайлавіча сам бы пастараўся як-небудзь выцягнуць няўважлівую птушку, але Міхайлавіч быў з тых, хто ўмее на пустым месцы зрабіць праблему. Калі ж адбываецца штосьці незвычайнае, — такі лямант стаіць, быццам усё жыццё рушыцца.
Гэты лямант дайшоў і да майго бацькі. Таму ён і паспяшаўся да Міхайлавіча паглядзець, ці сапраўды ўсё так сур’ёзна з гэтым самым індыком. На двары ў Міхайлавіча было ўжо некалькі мужчын, якія разам з ім разважалі, як выцягнуць індыка з калодзежа.
— Знайшлі праблему, — рашуча заявіў мой бацька. — Хто-небудзь садзіцца ў вядро, яго апускаюць у калодзеж.
Мужчыны задумаліся. Лагічней за ўсё было апускаць у калодзеж самога гаспадара, але Міхайлавіч быў такой вагі, што ніводзін ланцуг не вытрымае. Тады хтосьці і сказаў:
— Чаго доўга думаць-гадаць? Сам, Рыгоравіч, і спускайся.
Бацька задумаўся. Тут хтосьці пакпіў з яго:
— Падказваць кожны ўмее, а зрабіць.
Мой бацька павярнуў калаўрот так, што вядро апынулася ўпоравень з верхам калодзежа.
— Трымайце мацней калаўрот, — загадаў ён мужчынам, — сам асцярожна палез у вядро. Узяўшыся за ланцуг, папрасіў: — Паволі апускайце.
— Трымаю яго, — нарэшце пачулася з глыбіні. — Падымайце.
Прайшло не так і шмат часу, як паказалася вядро з маім бацькам, які тры-
маў у руцэ спалоханага індыка.
— Дзякуй, Рыгоравіч, — абрадаваўся Міхайлавіч.
— Не, — сказаў хтосьці з мужчыны, — так не пойдзе. За гэткую працу пляшка патрабуецца.
Міхайлавіч паспяшаўся ў хату. Але мой бацька не стаў чакаць падарунка, а накіраваўся дамоў. І добра зрабіў, бо ўжо насустрач яму спяшалася мама.
— Здурнеў, ці што? — абурылася яна. — Гэта ж ужо кажуць, што Марціновіч за бутэльку гарэлкі палез у калодзеж даставаць індыка.
— Патрэбна мне тая бутэлька, — адказаў бацька з пачуццём гонару. — Раскрычаліся, індыка з калодзежа дастаць не могуць.
Так і не стаў аўтарам «Комсы»
Адбылося гэта падчас адной з камандзіровак, калі мы з тагачасным галоўным рэдактарам «Беларускай думкі» Уладзімірам Вялічкам адправіліся ў чарговую паездку. Ці то на Магілёўшчыну, а можа, і на Гомельшчыну. Хіба запомніш кожную з іх: выязджалі ж рэгулярна штомесяц, а зрэдку і два разы на месяц. Важна ў дадзеным выпадку не тое, куды ехалі. Істотна тое, што ў гэтым накірунку спачатку даводзіцца ехаць не адзін дзясятак кіламетраў, пакуль не з’явіцца ўказальнік, які ўказвае, дзе трэба звярнуць у бок Магілёва, а як ехаць, каб патрапіць у Гомель. Па гэтай дарозе мы ездзілі не аднойчы, таму вадзіцель без праблем у неабходным месцы выбіраў неабходны кірунак. Гэтым жа разам ён нечакана захварэў. Камандзіроўку ж адкладваць не хацелася. Таму нам з саўмінаўскага гаража выдзелілі іншага шафёра.
Ехаць жа з новым вадзіцелем адно задавальнне, бо абавязкова знойдзецца, пра што пагаварыць. Тым больш, што гэты аказаўся чалавекам бывалым. Ужо немаладога ўзросту, ён шмат дзе папрацаваў. Пэўны час абслугоўваў нават афіцыйныя дэлегацыі. У тым ліку і тады, калі прыязджалі ў Рэспубліку Беларусь прэзідэнты братніх краін: Расіі — Барыс Ельцын і Украіны — Леанід Кучма. Шкадую, па свежай памяці не запісаў, пра што ён расказваў нам, бо, на жаль, падобнай звычкі не маю. Хоць у дадзеным выпадку, можа, і добра, што не рабіў гэтага. Усё ж давялося нямала пачуць і такога, што, як кажуць, не для друку.
Тым не менш адзін вельмі цікавы факт запомніўся. З Ельцыным звязаны. Аказваецца, Барыс Мікалаевіч звычайна, калі даходзіў да «кандыцыі», пачынаў спяваць «Запрагайте, хлопцы, коні». Пра гэта паведаміў вадзіцелям асабіст з аховы расійскага прэзідэнта. Таму, калі пачулася знаёмая песня, ён загадаў, што праз некалькі хвілін трэба выязджаць і каб, барані божа, не адставалі ад картэжа, бо Ельцын вельмі любіць не проста хуткую, а максімальна хутку язду.
Едзем, размаўляем. Раптам хтосьці з нас спахапіўся:
— Ці не прагледзелі мы неабходны паварот?
Вадзіцель уважліва прыгледзеўся да дарогі і сумна ўздыхнуў:
— Прагледзелі.
Заставалася вяртацца назад. І тут я ўспомніў, што павінен зрабіць адзін тэрміновы званок.
— Пачакайце, — кажу, а сам вылез з машыны і пачаў набіраць неабходны нумар. Але, паколькі машыны па шашы праносіліся ці не адна за адной, зразумеў, што трэба крыху адысці ад шашы, бо з-за шуму будзе дрэнна чуваць. Што і зрабіў. Пагаварыўшы літаральна нейкую мінуту — шмат па тэлефоне ўвогуле гаварыць не люблю, а тут толькі трэба было даць сваю згоду наконт аднаго пытання, я азірнуўся... Рэдакцыйнай машыны не было.
Жалоба
Напишите нам, и мы в срочном порядке примем меры.