Уладзімір Караткевіч - ....Трэба церабіць сваю сцежку Дзённік 1965-66 гадоў Страница 3
Уладзімір Караткевіч - ....Трэба церабіць сваю сцежку Дзённік 1965-66 гадоў читать онлайн бесплатно
Сёння хадзілі на мора. Плаваў гадзіны тры, абсыхаў і зноў плаваў, скакаў з вышкі, заплываў за другую лінію бакенаў. Дзіва! Кожны дзень буду хадзіць.
А пасля – дзве гадзіны мінула – удрызг пасварыўся з Грышкам. Крычаў, што адзін бы я так далёка не паплыў (вядома, не паплыў бы, баяўся б за вопратку, а так вартаўнікі ёсць), што гэта – пыл у вочы, што гэта дзяціннасць.
Якая ж гэта дзяціннасць, калі гэта мне натуральна, калі я люблю гэта. Словам, папрасіў не ўказваць, бо я досыць для гэтага дарослы і ўжо дзесяць год жыву так, як хачу я, не патрабуючы ніякіх парад. Магчыма, перажываў, стоячы на беразе, але мне гэта таксама не трэба. Проста нервы ў яго развінчаныя ад нашага жыцця, ад усіх ягоных бед, ды яшчэ і ад агульнае нашае бяды. Цяпер не гаворым. Яны пайшлі ў горад. А я сказаў Генадзю, што я з Рыгорам гаварыць не буду да тых часоў, пакуль ён не пакіне даваць мне які б то ні быў “шэраг каштоўных указанняў, ды яшчэ падвышаным тонам”. Бо смешна, калі шасцімесячны шчанюк вучыць гадавалага, што такое снег.
І вось сяджу. Выправіў пераклады маіх вершаў, зрабіў гэты запіс, а пасля вячэры буду выпраўляць раман. Вось і ўсё.
19 жніўня
Зноў нічога не адбылося за тыдзень. Тая самая рэдакцыя, у якой нічога не раблю (выправіў – бяздарна, як і ўсё, – некалькі матар’ялаў, часткова ўжо надрукаваных, вось і ўсё), тая ж дарога дадому, тая самая золь, імжа, духата і іншыя даброты.
Хіба што за гэтыя дні скончыў работу над апрацоўкай “Каласоў” па заўвагах Лужаніна. Усяго скараціў на 8 . аркушаў і яшчэ 6-7 засталося скараціць. Ведаю, будзе больш стройна і, аднак, штосьці згубілася. Штосьці ад непасрэднасці, калі апавяданне льецца само сабою – знікла. Не кажу, вядома, аб мове, хаця і тут у некаторых выпадках ёсць вядомы прыгнёт “цэнтральнага” дыялекту, як быццам ён лепшы. Але шкада і многіх сцэн. Калі паспею (а гэта наўрад), пад канец жыцця ўсё ж пакіну свой варыянт. А не, то давядзецца падумаць хаця б аб аднаўленнях таго, што папсавалі нажніцы ў прадчуванні іншых нажніц.
Сёння сяду за трэці варыянт “Хрыста”.
24 жніўня. Аўторак
Скончыў учора вечарам сцэнар.
А раней напісаў яшчэ сёе-тое. 20-га ўзяў інтэрв’ю ў А.Ц. Абрашкі, старшыны падводнікаў (не ў чэшскім, вядома, сэнсе гэтага слова) – цудоўны, дарэчы, хлопец, – і напісаў артыкул. Дваццатага цэлы дзень правіў “Хрыста”. 22-га былі з Кляўком на пляжы. Грышка ўсе гэтыя дні прападаў і з’явіўся толькі ў нядзелю, паклікаў нас у госці да аднаго капітана на мыс Чуркіна.
Учора ўзяў з машынкі нарыс, вычытаў і аддаў. Пасля паехалі дамоў, скончыў тут апошнюю сцэну “Хрыста”.
Ага, да таго як ехаць дамоў, былі ўтраіх з рэдактарам у адмірала Стральцова [17]. Прапанаваў ён дваім ісці на крэйсеры і мінаносцы на вучэнні за экватар. Як мінеш Карэйскі праліў – увесь час борт у борт амерыканскія караблі, а над галавою самалёты. Я загарэўся, але, бачу, хлопцы не хочуць. Тады адмовіліся – маўляў, на працу трэба. Тады ён прапанаваў другое: да 5-га верасня з’ездзіць па краі, паглядзець сёе-тое (машыну дасць Чарнышоў [18], камандзіроўкі – газета), а пасля ў верасні кожнаму па адным з трох маршрутаў: Сахалін, Саўгавань, Петрапаўлаўск. На караблі туды і назад. Згадзіліся.
Пасля абеду зноў на рабоце. Там мне Вася Жураўлёў расказаў, што такое рэйд, калі побач сёмы амерыканскі флот. Цікава, але цікава і другое. А наконт экватара, дык лепей наступным летам куплю (калі ўсё будзе добра) сабе і маці круіз. У крайнім выпадку цераз год.
Рэдактар нас адпусціў. Вечарам чытаў. Узяў кнігу “Прыморскі край”. Шмат цікавага, але састаўлена па-ідыёцку, як многае ў нас. Часовага, што заўтра будзе нецікава або смешна, – многа. Прыродзе, гісторыі, выкапням, мору – з вераб’іныя нагавіцы.
Сёння зноў пасварыліся. Ды яшчэ пасля гэтага і жарты ў салдацкім гусце. Палову дня не размаўляем. Кудысьці хадзілі раніцай (можа, дамаўляцца аб машыне), кудысьці цяпер (можа, на радыё). Не клічуць – я і не йду. Хаця па справах агульных гавораць і ворагі. Ну і хрэн з імі, урэшце! Сёння шкадую, што адмовіўся ад В’етнама. Можа, яшчэ і не позна. Калі так, заўтра пайду па грошы і пагавару. Лепей хадзіць у трусах, тапачках і чахле на галаве, лавіць акул і бачыць бамбардзіроўшчыкі, чым ехаць у запаведнік з такой кампаніяй. Тыгры здадуцца анёламі Божымі.
З раніцы дождж. Пасля гарачае сонца. І вось у 16.15 зноў паліло. Даўно гэтай залевы не было, халеры. Цэлы дзень маўчаў (раніцай толькі з’ездзіў у рэдакцыю, занёс Жураўлёву часопісы ды зайшоў на пошту, прыехаў праз 40 хвілін, рэкорд), цэлы дзень пісаў лісты. Напісаў усім чыста. Магу цяпер ляжаць і пляваць у столь. Вось яна, якая гісторыя.
29 жніўня. Нядзеля
У сераду ўсё маўчалі. Паехаў у рэдакцыю, вычытаў нарыс і здаў яго сакратару.
<...>
Паехаў дадому, узяў усе рукапісы, адвёз на галоўпаштамт і адправіў “авія”. Каштавала гэта – страшэнна, але прынамсі цяпер магу быць спакойны. Самае позняе ў панядзелак яны будуць у Мінску, у рабоце.
Вечарам пазваніў Валера Зайцаў, сказаў, што будзе чакаць удома, бо сёння цэлы дзень патруляваў горадам. Прыехаў да яго, узяў апрацоўваць яго апавяданне, а пасля рушылі ў “Валну”. Ён даваў мне кватэру і прапаноўваў скарыстацца з яе, але ў мяне не той быў настрой. Ды й наогул, знаёміцца вось так, не ведаючы, пра што гаварыць і што цябе вяжа з нейкім ледзь не першым-лепшым чалавекам – гэта ўжо не па мне. Патрэбна нешта большае, а так – сумна, і лепей проста добрая бяседа за келіхам віна.
Дамовіліся з ім, што раніцай прыйду да яго на працу, каб ехаць на іспыты, але выхад у мора сарваўся, я вырашыў быў ехаць яшчэ да аднаго тыпажа, на Эгершэльд, каб пісаць аб ім, але да абеду часу ўжо было мала, і я паехаў у музей Арсеньева. Цікавы музей. Трэба будзе абавязкова схадзіць туды яшчэ, на больш доўгі час. Дзівосны краязнаўчы аддзел, мора і тайга. Гістарычны мог бы быць лепшы. Зусім мала, напрыклад, аб Бахайскім царстве. Аддзел сучасны, як звычайна, самы шэры і сумны з усіх.
Ну вось, вярнуўся дадому і тут, урэшце, выбухнуў скандал з трохдзённага мёртвага маўчання. Скандал да таго, што “людзі твайго паходжання так не робяць”, “не падабаецца – перабраўся б ты адсюль” і г.д. <…>
Я таксама спачатку крычаў, што маё паходжанне, паходжанне маёй маці не чапай, бо я ягонае таксама не чапляю. Урэшце ўзаемна папрасілі прабачэння за грубасць: яны за ідыёцкія жарты і за тое, што лазілі ў стол, і за прапанову перайсці з пакоя; я – за словы, што буду “замок ад іх вешаць”. Памірыліся, выпілі нават, а цень усё адно застаўся. Чорт пабірай, няўжо гэта ўсё ж такі “кожны памірае адзін”. А можа, гэта і сапраўды так?
Пайшлі на пляж, там яны знайшлі знаёмых, а я пайшоў дадому, глядзеў “Зачараваны востраў”. Здымкі цікавыя, але фільм – без цара ў галаве. Ні ідэі, ні адзінага стрыжня, ні патаемнай паэзіі – нічога. Калі спусціўся з кіназалы ў свой пакой – іх не было, але яны заходзілі. Рыгор прыйшоў уначы.
Раніцай прачнуўся, не хацеў нікуды ехаць. Хай сабе Зайцаў едзе на базу без мяне. Але ён праязджаў трамваем раней, сышоў, пазваніў, і я вымушаны быў ехаць з ім у бухту Уліс.
Ціхая бухта, яшчэ не абдзёртыя сопкі, няпахнучыя прыморскія кветкі. Падыходзім – і раптам белае воблака, ці то дым, ці то пыл, вартавыя ў процівагазах, рухаюцца дэгазацыйныя машыны, людзі ў супрацьрадыяцыйных касцюмах. Змываюць “попел” з чаўноў і тральшчыкаў.
І трывожны крык падыходзячай субмарыны.
…Гаварыў там са старшыной Пеставым. Цікавы чалавек. Пасля паехалі з Зайцавым дадому, пілі піва ў харошым рэстаранчыку “Прыбой”. Яго ўпрыгожвалі кветкамі (і з густам, вось што дзіўна!) для нейкага маладзёжнага вечара.
Прыехаў. Хлопцы паехалі сяго-таго ўзяць і не вярнуліся. Усё ж кожны сам па сабе – адзін, відаць, я, дурань апошні, за ўсіх.
Наступны дзень, учарашняя субота, добра, здаецца, давёў гэта. Раніцай з’ездзіў у рэдакцыю – ганарар будзе толькі ў панядзелак. Прыехаў дамоў, напісаў нарыс аб У. Пеставе, карацюсенькі. А пасля давялося выручаць хлопцаў з іх пазаўчарашніх прыгод. Дапамог Зайцаў – іначай не ведаю, як бы і выкруціўся. <…> Урэшце, чорт з імі. Сарваліся, як з ланцуга, а мне тут не развага, а хутчэй адпачынак ад свайго мінскага жыцця. Ды й грошай мала. Толькі што маральна бывае нявесела. І таму вырашыў – не ведаю, як атрымаецца, – што таксама не буду вельмі ўжо распінацца. Атрымаю сёе-тое – паеду сам шукаць прыгод, знайду, з дапамогай Валеркі, сейнер, выйду з рыбакамі, з’езджу на Пуцяцін і ў нейкія бухты, у Кедравую Падзь. Выпіць я й дома магу, і чаго тады было ехаць сюды, калі нічога й не паглядзіш.
Яшчэ ўчора пачаў апрацоўку “Адной з многіх”, але зрабіў мала. Не варыла галава, то пайшоў да матросаў на “Інспектара інкогніта”. З найлепшымі намерамі фільм, але выкананне шмат у чым прымушае чакаць лепшага. Ды і схожасць з “Рэвізорам” раздражняе. Гэта не “Паліто” і не “Белыя ночы”. А ўвогуле фільм нішто.
Сёння зрабіў, урэшце, “Адну з многіх”. Уласна, перапісаў апавяданне нанава. І стыль, і вобразы зрабіў, і характары. Заўтра дам яму прачытаць, пасля адвязу яго і нарыс у рэдакцыю і здам на машынку, вазьму ганарар і сустрэнуся недзе з хлопцамі. Яны за гэты час зойдуць у крайкам наконт камандзіровачных, а пасля разам зойдзем на радыё і тэлебачанне.
Жалоба
Напишите нам, и мы в срочном порядке примем меры.