Юры Станкевіч - Паўночны вецер для спелых пладоў Страница 3
Юры Станкевіч - Паўночны вецер для спелых пладоў читать онлайн бесплатно
— Вы і да Ніцшэ дабраліся? — здзівілася выкладчыца Нэла Ліцвінава. — Цікава, што чыталі, дзе і як?
— Была нагода, — ухіліўся ад адказу Ігнат Мазур.
— Можа, вы ведаеце і прычыну яго ранняй смерці? — нечакана пацікавілася выкладчыца.
— Ведаю. Незалечаная хвароба на пранцы.
Выкладчыца Нэла Ліцвінава падумала і спытала зусім іншае.
— Скажыце, Ігнат. Вы не хацелі б вучыцца далей па гэтым профілі? Вы, дарэчы, мой першы студэнт, які, небеспадстаўна падазраю, валодае тэмай напоўніцу. Распрацаваць кандыдацкую, а пра напрамак урэшце параіліся б разам.
— Не, — адказаў Ігнат Мазур. — Дзякуй вам вялікі, але я хачу працаваць. Вучыцца далей, потым выкладаць — гэта не для мяне. Да таго ж, ёсць і сямейныя праблемы, якія не аб’едзеш. Я — сын палітвязня.
Выкладчыца Нэла Ліцвінава ўзнялася з крэсла, працягнула руку.
— Прыйдзеце на экзамены з заліковай кніжкай. На лекцыі можаце не хадзіць.
Студэнт Ігнат Мазур нечакана для сябе шляхетна пацалаваў ёй далонь.
— Вельмі вам удзячны.
На твары выкладчыцы Ліцвінавай зноў выступіў лёгкі румянец.
— Да пабачэння, Ігнат. Рада за вас. Цікава пагаварылі.
***
Увечары студэнт Ігнат Мазур запісаў сабе ў нататнік:
«Выкладчыца Ліцвінава цікавілася ў мяне, як я паспеў прачытаць столькі кніг. Але калі б пачула праўдзівы адказ, то, пэўна, здзівілася б.
Чытаць я навучыўся рана, але кнігі палюбіў пазней. Спачатку быў страх. Так, у дзяцінстве я баяўся цемнаты і ратаваўся ад гэтай фобіі чытанкай. Усё тлумачылася быццам і проста. Маці працавала на заводзе ў тры змены, і я часта заставаўся дома адзін. Па вечарах, як правіла, электрычнае святло ў горадзе адключалі на некалькі гадзін. Эканомілі. Я ліхаманкава запальваў газніцу, забіваўся ў кут і перад сабой раскрываў чарговую кнігу. Прымушаў паглыбляцца ў тэкст, інакш навальвалася сапраўдная паніка. Страх цемры. Пачаўся ён пасля аднаго выпадку, якому і дагэтуль не магу даць тлумачэння. Неяк узімку, пад вечар, я выйшаў на панадворак, а калі захацеў вярнуцца ў хату, то выявілася, што дзверы знутры зачынены. Дома я быў адзін. З гадзіну-другую я хадзіў па снезе, вяртаўся, зноў спрабаваў адчыніць дзверы, але дарэмна.
Урэшце сусед выпадкова пабачыў мяне. Я ўжо замярзаў. Паклікалі мужчын, дзверы ўзламалі. Дом абшукалі. Ніхто не мог зразумець, як яны зачыніліся самі. Гэта было проста немагчыма. Замка не было, а быў звычайны масіўны гак, які сам не мог узняцца ў паветра і зачыніць знутры хаты дзверы. Мяркую цяпер, што гэта мог быць і слаба выяўлены палтэргейст. Дарэчы, вядомыя і ціхія яго формы.
Але з той пары ў цемры мяне апаноўваў страх. Газніца мігала, па сценах варушыліся цені, а на стале ляжала чарговая раскрытая кніга, гарталіся старонкі, прагна праглынаўся тэкст.
З заплечнікам я наведваў бібліятэку і набіраў кніг. З часам я пачаў адрозніваць сапраўдную літаратуру ад літтрэша. Я сталеў. Паступова мая фобія (боязь цемнаты) знікла, але звычка чытаць засталася».
***
Мінула некалькі дзён.
Пасля чарговых лекцый студэнт Ігнат Мазур вырашыў паехаць у інтэрнат да Ані Балтас. З сабой захапіў падручнік па палітэканоміі. У яго з’явілася прывідная надзея паўтарыць «гістматаўскі» метад: Аня будзе яму чытаць услых адказы на білеты, а ён запамінаць.
Але ўсё нечакана памянялася. У Аляксандраўскім скверы, праз які праходзіў, ён убачыў аднакурснікаў Іосіфа Зялёнку і Ваню Гужына. Яны сядзелі на лаўцы і толькі якраз адкаркавалі па бутэльцы чырвонага сухога віна.
— О, Ігнат, — сказаў Іосіф Зялёнка, — давай далучайся. — У сумцы што ў цябе? А мы тут, на лаўцы, «косці кінулі». Дык што — Ігнат? — складзем кампанію? А то з ім сумна. А ты пацан дасціпны, разумны. Што ў цябе ў сумцы?
— Ёсць пляшка сухога. Але я іду ў госці, — сказаў праўду Ігнат Мазур.
Жвавы і рухавы як ртуць Іосіф Зялёнка прапанаваў.
— Сядай з намі. У госці па вечарах ходзяць, ты, што — Віні Пух? У нас віна багата. Учора на радыё ганарар атрымалі. Мне за дзве інфармашкі, а яму, — кіўнуў на Гужына, — за інтэрвью. Пяць пухіроў віна і на закусь хапіла.
— Умееце жыць. А мне вось пісаць часу з-за іспытаў не хапае. Што на практыцы зарабіў, дык даўно сплыло. Урэшце, згода, перакулю шклянку.
— Прыкрыемся газетай! — загадаў Зялёнку абачлівы Ваня Гужын, — а то менты тут часам ганяюць.
Студэнт Ігнат Мазур сеў на лаўку, выпіў шклянку віна з разавага папяровага пакета, дастаў з кішэні пачак цыгарэт. Апошнім часам ён шмат паліў.
Выпілі па чарзе і яны. Гаварылі пра сесію, залікі, пра апошнія падзеі ў далёкай Празе. Ваня Гужын больш маўчаў, але пытанні задаваў даволі часта. Гэта быў сярэдняга росту, чарнявы, з гожым, хоць даволі звычайным тварам юнак. Студэнт Ігнат Мазур ведаў, што ён сын старшыні райвыканкама з правінцыі, сябра камсамольскага бюро факультэта, хоча застацца па размеркаванні ў Мінску, не хавае гэтага і ўжо шукае сабе месца.
Вядома, размова не мінула і таго, што ў Чэхаславакію нашы ўвялі войска, там неспакойна. Але чаму, дакладна не ведалі. Хаця здагадваліся...
Налілі яшчэ па шклянцы. Студэнт Ігнат Мазур раптам пашкадаваў, што дарэмна губляе тут час, падумаў, што пара ісці да Ані Балтас. Але нечакана Іосіф Зялёнка перасцерагальна зашыпеў і схаваў за спіну бутэльку. Па дарожцы, пэўна, таксама з вучэбнага корпуса, рушыў у іх напрамку выкладчык палітэканоміі Пятро Мацкевіч.
Магчыма, ён так бы і прайшоў побач, не звярнуўшы на іх увагі, калі б напалавіну недапітая бутэлька не выслізнула з рукі Іосіфа Зялёнкі і выкацілася на асфальтаваную сцежку. Студэнт Зялёнка спрытна нахіліўся і падхапіў яе.
Выкладчык Пятро Мацкевіч спыніўся.
— Добры дзень, Пётр Антонавіч, — з робленай ветлівасцю павітаўся з ім Ваня Гужын.
Запанавала непрацяглая паўза. Выкладчык Мацкевіч абудзіўся ад нейкіх сваіх думак і паглядзеў на хлопцаў.
— А-а, — сказаў ён, — дык вы мае студэнты? Успамінаю. Бачыліся. Адпачываеце? З віном? І што п’яце, цікава, у такім людным месцы?
— Сухое віно, — не стаў маніць Іосіф Зялёнка. — «Гамза» — не з лепшых гатункаў, але піць можна.
— А вы прысядзьце з намі, Пётр Антонавіч, — раптам набраўся нахабства студэнт Ваня Гужын. — Мы тут крыху ганарару атрымалі, дык вось адзначаем. Мы вас шчыра запрашаем і палічым за гонар, калі вы не адмовіцеся. Мы вас паважаем. Ды вось і сябры пацвердзяць.
— Так, так, — заківалі галовамі хлопцы.
Выкладчык Пятро Мацкевіч падумаў і прысеў на лаўку побач.
Студэнт Ваня Гужын наліў таму ў разавую шклянку віна.
— Зваць вас як? — пацікавіўся выкладчык Мацкевіч, пажадаў хлопцам здароўя і выпіў.
Хлопцы назваліся. Пачалі размову. Ні аб чым. Спачатку даволі напружана і абачліва — прыглядаліся да нечаканага суразмоўцы. Але выкладчык Пятро Мацкевіч размову іх раз-пораз падтрымліваў, гаварыў далікатна, хоць часам змаўкаў і думаў пра нешта сваё. Ніхто не звяртаў на іх увагі. Урэшце, у скверы часта выпівалі, і не толькі студэнты.
Неўзабаве выкладчык Мацкевіч падняўся з лаўкі, падзякаваў і сказаў, што яму трэба дадому.
— А вам у які бок? — спытаў няўрымслівы і ўсюдыісны студэнт Іосіф Зялёнка.
— Уніз па Паркавай.
— Дык і нам туды ж.
— У інтэрнат? Я вас правільна зразумеў?
— Так.
— Хадземце. Разам і мне будзе весялей, — сказаў выкладчык Мацкевіч.
Каля ГУМа завярнулі налева і пайшлі ўніз. Студэнт Ігнат Мазур хацеў
было развітацца і пакінуць кампанію, але Іосіф Зялёнка быццам здагадаўся і прашаптаў яму на вуха:
— Плюнь на «госці». У цябе яшчэ віно ў сумцы і ў нас дзве пляшкі засталіся — дык, можа, працягнем. Бачыш, Антоныч — свой чалавек. А мы яшчэ і ў гастраном забяжым па дарозе.
Дарогай размаўлялі толькі хлопцы. Выкладчык Пятро Мацкевіч зноў стаў задуменны і больш маўчаў.
Калі падышлі да інтэрната, студэнт Ваня Гужын нечакана звярнуўся да таго з прапановай:
— Можа, завітаеце да нас, Пётр Антонавіч? У нас на паверсе зараз спакойна, большасць на занятках.
Выкладчык Пётр Мацкевіч выслухаў таго, падумаў і згодна кіўнуў галавой і папрасіў.
— Толькі вы, хлопцы, асабліва наш пікнік не афішуйце.
***
Размясціліся ў пакойчыку, дзе жылі студэнты Гужын і Зялёнка.
Паставілі на столік віно, тое-сёе са сціплай закускі. Прачынілі акно, а дзверы, наадварот, зачынілі, каб ніхто не зайшоў.
Выпівалі і гаманілі да цемнаты. Выкладчык Пятро Мацкевіч слухаў, зрэдку сам задаваў хлопцам пытанні.
Пра сябе скупа расказаў, што калісьці вучыўся ў інстытуце, абараніў кандыдацкую, але пачаў пісаць п’есы, працаваў загадчыкам літаратурнай часткі ў тэатры, а таксама выступаў на сцэне як акцёр.
— А вашы п’есы — ідуць? — зацікавіўся студэнт Ігнат Мазур.
— Адну прынялі, далі тры спектаклі, а потым знялі, — шчыра адказаў выкладчык Пятро Мацкевіч.
— Чаму? — спытаў студэнт Іосіф Зялёнка.
— Значыць, не зусім у масць трапіла, — не стаў паглыбляцца выкладчык Пятро Мацкевіч.
Жалоба
Напишите нам, и мы в срочном порядке примем меры.