Неизвестно - Дубянецкі Страница 30
Неизвестно - Дубянецкі читать онлайн бесплатно
Пра ўдзел Артура К. Дойла дакапаўся амерыканскі вучоны Джон Хетуэй-Уінслоу, які захапляўся вывучэньнем гістарычных фальсіфікацыяў.
Апрача таго, быў Стась. Заўтра ён з тымі самымі масквічамі едзе ў Пінск і Брэст.
22 верасьня 1985 году. Нядзеля. Былі Алесь Адамовіч і, вядома, Марыя.
Алесь едзе са сваім кінафільмам “Ідзі і глядзі…” ў ФРГ.
Абмеркавалі плёткі, што ходзяць вакол Алеся. Асабліва тую, што ён павінен быў узяць у цітры Я. Брыля і У. Калесьніка.
Ён днямі цікава выступіў у “ЛГ”. АТК2 сказаў, быццам бы, што, “цяпер у цябе (Алеся) будзе ворагаў яшчэ больш”.
Расказаў мне пра дзіўную сувязь Ніла Гілевіча з Сачанкам.
Дарэчы, чуткі “народныя” аддаюць ужо Нілаву пасаду – Алесю. Вельмі арыгінальна.
Марыя нарабіла столькі прыгажэнных букетаў, што заўтра трэба будзе падарыць Алене Сяргееўне і Ірыне Аляксандраўне. У мяне застанецца самы прыгожы, у самай прыгожай вазе.
Вячэрнія замеры: ціск 120/80; пульс 64. Рэдкасны штыль!
Перагаварыў з Жанай Сьцяпанаўнай Шалянок. Усё стала на свае месцы. Яна валодае такім дарам прыводзіць у сістэму нечыя хаатычныя ўяўленьні пра што б там ні было. Вельмі каштоўны сьпецыяліст!
Бадай што найбольшае шчасьце меў ад ліста Галечкі. Яна напісала яго ў Планерскім 18.09. Менск атрымаў праз тры дні. Ну а я – яшчэ праз адзін. Відаць, з Ірынкаю ў іх была дамоўленасьць пра нейкія “зразумелыя ўсім” шыфры-скарачэньні, як напрыклад, “Жыўслаўдзіў”, “Годаразн” (= надвор’е рознае). Бо далей-такі ідзе пра яго: “Сумаваць не дае. Паказвае Крым ва ўсіх іпастасях. Мора – нясьцерпна цудоўнае. Балтыйскай тэмпературы. Але занадта цывілізавана. Горы – вось гэта стыхія! Прападаю ў гарах: хвароба ўзыходжаньня ў вострай форме. На гэты час у бліжэйшых ваколіцах няма ніводнага “ня ўзятага” мною піка. Рыхтуюся да штурму больш аддаленых вяршыняў. Ногі ня хочуць ужо ісьці на ўзроўні мора. Мой гонар – узыходжаньне на Карадаг (дзякаваць Богу, не адбіўся на маім бюджэце). Сёньня еду глядзець Карадаг з мора.
Даведалася ўсё пра Валошына. Улюбілася. Зьдзейсьніла паломніцтва да высокагорнай магілы.
Цяпер мне здаецца, што няма прыгажэйшай мясьціны за Кактэбель. Зоры – як у планетарыі. Адпачываю душой і целам. Як вы? Пакуль ад вас нічога не атрымала. Усяго самага! Галечка”.
24 верасьня 1985 году. Яшчэ ў бытнасьць Мікіты Хрушчова “начальнікам” СССР, мне расказалі, што нейкая былая цэнзарка Дадзіёмава ў Менскім оперным тэатры прабралася за дазволеную лінію і кінула Хрушчову ліст.
Гэтая гераічная жанчына ўсё жыцьцё змагалася за свае і чужыя правы, але яна дапускала пры гэтым маленькую “памылачку”: яна верыла, што ў цэлым савецкая ўлада справядлівая, што гэта толькі асобныя ліхадзеі псуюць народу настрой.
Невядома, што яна прасіла ў Хрушчова і ці памог ён ёй. Кажуць. Што ягоныя “хлопцы” схапілі тады яе за абедзьве рукі і вывелі з памяшканьня.
А быў у Фаіны Дазіёмавай выпадак сапраўднай схваткі з энкавэдзісцкай зграяй.
Мужам Фаіны Дазіёмавай быў вайсковы дзеяч – начальнік штабоў аб’яднаных школаў (разьмяшчалася там, дзе цяпер Сувораўскае вучылішча). Ягонае прозьвішча было Цёмкін (а можа і Цёпкін?)
Паводле тадышняй моды, ён быў арыштаваны і кінуты ў турму, яе “перасялілі” ў нейкі падвал. Ёй пашанцавала неяк падбегчы да Панамарэнкі і перадаць яму ліст. Выклікалі справу. Разабраліся. Яго абвінавачвалі, што ён рыхтаваў антысавецкае паўстаньне з дапамогаю палякаў.
Выпусьцілі. Варта пацікавіцца ягоным далейшым лёсам.
26 верасьня 1985 году. Чацьвер. Даўно мне надакучае ўжо Марына Якаўлеўна Гурская, каб хутчэй выдаць “том” успамінаў пра яе нябожчыка Ільлю Данілавіча. Мяне зьдзіўляе, што нават некаторыя паважаныя добрыя літаратары праяўлялі клопат пра гэту кнігу. Мне сорамна нават называць іх тут. На мае лёгкія папрокі яны кажуць, што “гэта ж не пра Гурскага, а пра эпоху.”
Вось, нарэшце, гэтая кніга ў маіх руках.
Цёмна-балотнага колеру, прадаўгаватая, 192 старонкі, 8.75 ул.-выд. аркушаў 84х90 1/32. І галоўнае, цешыць маё сэрца і, мабыць, недзе ў магіле Гурскі пабіў у ладкі, што ёсьць і галоўны элемент у кнізе – АТ 12234! Гэта ж яго родная служба, кроў ад крыві, плоць ад плоці. Цудоўны тыраж – 2300: больш яна нікому не спатрэбіцца. А што ж у сярэдзіне? Тое, што пасьпеў ужо прачытаць – жах!
Адкрывае зборнік успамін самага “заслужанага” паплечніка і самага мацёрага прысаветчыка ў літаратуры і культуры – Пятруся Броўкі. Пяць з гакам маразматычных старонак. Аказваецца, гэтае трызьненьне апублікаванае ў 6-м томе Броўкавага збору. Выкінуць! Не пускаць у наступнае выданьне!
Зусім не абавязковым стаіць і ўспамін Мікалая Аляксеевіча, генерала – “салдат рэвалюцыі”.
А як успрымаць словы гэтага генерала: “…мы шчыра ўдзячныя нашай партыі і савецкай уладзе, што яны выхавалі нас такімі, зрабілі ўсё, каб мы сталі сапраўднымі камуністамі, высокаадукаванымі людзьмі, пісьменьнікамі, а самае галоўнае – вернымі салдатамі нашай ленінскай партыі”.
Бедны генерал, мабыць, спатрэбілася капейка, і ўзяў гэтае глупства прапусьціў праз “Полымя” – яшчэ ў 1978 годзе. А можа, удава, сімпатычная старэнькая Марыя Якаўлеўна паціху даўно ўжо зьбірала – заказвала такія ўспаміны. І вынік цікавы. Са сьпецпаказальніку, што дадзены ў канцы кнігі пад назваю “заўвагі”, відаць: усяго ўспамінаў надрукавана ў гэтай кнізе трыццаць два (па “зьмесьце” гэта можна прасьцей падлічыць!), з іх шаснаццаць былі “прапушчаныя” праз друк, а другія шаснаццаць суправаджае подпіс: “Напісана для кнігі”. Ну, а тыя першыя ці хоць частка з іх, напісаныя сьпецыяльна да нейкага юбілею.
Кнігу, відаць, цалкам арганізавала ўдава. Не было б яе клопату, не было б ніколі гэтай кнігі – нікому, рашуча нікому непатрэбнай. Сама ж Марыя Якаўлеўна яшчэ і прасіла тых, хто ня ўмее пісаць па-беларуску: “Вы толькі адно напішыце, а я перакладу на беларускую мову”. Можа, і тэмы раздала, каб ня надта былі адны паўторы. Яна кемлівая.
Пераклала М. Я. Гурская ўспаміны такіх, як: М. І. Аляксееў; З. І. Азгур; М.М. Жарко; А. Х. Асіпенка; А. Я. Міронаў; Н. А. Сукат; Я. І. Садоўскі. Можа, калі-небудзь я і вярнуся да гэтай кнігі.
27 верасьня 1985 году. У палату 303, паверхам ніжэй, сёньня прывезьлі зноў Льва Салаўя. Пра гэта мне паведаміла яго жонка Клара Яфімаўна.
Быў Лёня Дранько-Майсюк. Разьвітаўся перад ад’ездам аж на цэлы тыдзень (!) у саўгас “Доктаравічы”. З ім яшчэ едзе і Саша Дрозд. Цудоўны хлопец, але ж яму там заўсёды не шанцуе. Я ўжо прасіў сваіх грамадскіх дзеячаў, каб не пасылалі яго, але яны мне задалі сакраментальнае пытаньне: “А каго пасылаць?” Я не адказаў на яго.
Лёнева Воля з Васільком цяпер у Маскве, у бабкі. Да гэтай “бабкі” зьявілася раптам справа ў маёй Марыі. Лёня натхняе на тэлефонны званок. Але мая ніколі на гэта не ідзе “сходу”.
28 верасьня 1985 году. Субота. Страшэнна кепска сябе адчуваю. Зусім адчуваньне ня тое, калі цягнешся за нітрагліцэрынкаю. У мяне адразу чулася, што гэтай таблетачкі ці вельмі-вельмі будзе мала, ці яна зусім не паможа.
Віктар Дзьмітрыевіч убачыў мае мучэньні з самае раніцы і скамандаваў узяць пад язык сустак і 2-3 нітрагліцэрынкі. Сустак фортэ ўзяў і 2 нітрагліцэрынкі – 3 пабаяўся.
Ён жа, Віктар Дзьмітрыевіч, прасігналіў і на пост. Сёньня ж выхадны дзень. Аднак урач “явілася” неадкладна – Вольга Казіміраўна Доўгань.
Ціск быў вельмі высокі – мне нават і не сказалі які. Пульс ня ведаю таксама (хоць, думаю, ён нармальны)
Пачалі калоць… Апрача гэтага трэба захоўваць строгі пасьцельны рэжым №1, а сёньня толькі ляжаць.
Вельмі крыўдна, што такі рэдкасны стан у мяне, а вакол мяне нікога з родных няма – Марыя паехала з начоўкаю “на дачу”, Галя – на Каўказе, Ірынка – на практыцы. Лёня ўчора паехаў у саўгас, Алесь быў тыдзень таму назад, цяпер ня будзе. Уся надзея на Колю. Гэты, дзякаваць Богу, можа ў любы час прыбегчы.
Мне млосна, дзьве таблеткі нітрагліцэрыну здымаюць кепска. Дзе мая сям’я? А дзе Стась? Ах, ён возіцца з гэтымі маскоўскімі візіцёрамі. Я хачу бачыць некага знаёмага, каго люблю. Апрача названых, нямала яшчэ хто здольны супакоіць мяне. У мяне ж столькі сяброў і прыяцеляў, – як Лёня сказаў, “сотні вашых дзяцей, каму вы патрэбны”. А я скажу, што ня толькі “родных дзяцей”, але ж і паплечнікаў, братоў, дый дзядзькаў. Я ня буду тут нікога называць, каб нікога не прапусьціць.
І Коля ўсё-такі прыбег, хоць быў і ўчора, і заўчора. Прынёс “ЛіМ”, што мне нямала. Але ж само яго зьяўленьне – даражэй за ўсе тыя лекі…
Быў Барыс Сачанка. Дзякуй яму. Ён убачыў, што я не размоватабельны і паабяцаў зайсьці іншым разам. А цяпер яму, як сакратару СП, ёсьць каго праведаць. Тут Фёдар Куляшоў, тут Леў Салавей, тут, кажуць, і Лёня Яўменаў нібыта з інсультам вока. Можа, яшчэ хто.
Барыс толькі “пацікавіўся”, на якой мове мы з Міколам размаўляем паміж сабою. Ён ведае, што Мікола вывеў ужо ледзь не ў эпагей пытаньне з пашырэньнем выкарыстаньня заходне-палесскай (яцьвяжскай) гаворкі. І ведае, што я яго горача падтрымліваю на ўсіх этапах. І не сакрэт нікому, што абодва мы, як ні круці, а ўсё-такі носьбіты якраз гэтай “мікрамовы”, як сьціпла пагаджаемся мы зваць пакуль яе.
Жалоба
Напишите нам, и мы в срочном порядке примем меры.