Неизвестно - Гапееў Ведзьміна тоня Страница 32
Неизвестно - Гапееў Ведзьміна тоня читать онлайн бесплатно
– Не запужвай дзяцей надта, – баба Адарка нячутна падышла да іх, колькі часу слухала. – Вы дзеду асабліва не верце. Харошых людзей усё адно больш. Дзеці вы ёсць і будзьце дзецьмі…
– Як гэта, – спытала Жэнька асцярожна, баючыся пакрыўдзіць старую, бо здавалася – яна сказала глупства. – Не зможам мы дзецьмі доўга заставацца. Ды і цяпер ужо не дзеці…
– Хрыстос некалі сказаў – будзьце як дзеці, – стала тлумачыць баба Адарка. – От Нэла, глядзіце: абы к каму не падыдзе. Яна сэрцайкам сваім адчувае дабрыню, сэрцайка ёй падказвае, ад каго злое чакаць. А чаму вы ўжо не так адчуваеце? Нэлу не падманеш словам, а вас ужо падманеш… Бо Нэла – дзіця шчырае, душа ў яе чыстая, злосці на ім няма. А злосць на сэрцы сляпым яго робіць… Жывіце сваім чалавечым векам…
– Як гэта – чалавечым? А… вы хіба іншым векам жывяце? – не пераставала здзіўляцца Жэнька.
– Ат, унучка, наш век ужо кацячы.
– Ой, гэта як? Раскажыце! – заінтрыгаваная, стала прасіць Жэнька.
– Ну, слухай сабе, – лагодна ўсміхнулася бабка Адарка. – Даўно тое было. Стварыў Бог усё жывое на зямлі, паклікаў да сябе, стаў гады жыцця раздаваць. Першы чалавек прыйшоў. Табе, кажа Бог чалавеку, дваццаць гадоў жыць. Пакрыўдзіўся чалавек, але змаўчаў. Прыйшоў да бога конь. Бог каню кажа – табе сорак гадоў. Злітуйся, божа, стаў прасіцца конь. Сорак гадоў мне плуг цягаць, бізун цярпець, хамут насіць? Скінь палову! Тут чалавек да Бога: аддай мне, Божа, дваццаць конскіх гадоў, як адмаўляецца. Добра, кажа Бог, бяры. Карова тут да Бога прыйшла. І ёй Бог сорак гадоў дае. Не хачу, кажа карова, сорак год цярпець, як мяне за цыцкі шморгаць будуць. Хопіць з мяне і дваццаці. А чалавек зноў да Бога: аддай і гэтыя дваццаць мне. Згадзіўся Бог. Сабака прыбег – яму Бог дваццаць год адмераў. Завыў сабака: дваццаць год на ланцугу? Ды за што ж ты мяне на такія здзекі, Божачка? Скінь палову. А чалавек тут як тут: дай мне, Божа, дзесяць сабачых. Бог і тут не адмовіў. Потым кошка завітала. І яна ад дваццаці адмераных ёй Богам гадоў адмовілася: хопіць на мой век дзесяць, кажа кошка. І яшчэ чалавеку дзесяць год дабавілася… Вось з тае пары так і жыве чалавек: першых дваццаць год – свой век, чалавечы. І валасок з яго галавы дарэмна не ўпадзе, толькі для сябе і жыве. А потым век конскі наступае: сям’я ды дзеці – цягні воз, такі лёс. Зарабляй, дзяцей падымай, дом будуй. Выраслі дзеці, тут бы і спачыць, для сябе пажыць, ды век кароўскі пачынаецца: дояць дзеці: таму на кватэру дай, таму вяселле гатуй, тут мэблю купляй, там машыну… Выраслі дзеці – пайшлі ўнукі: вось і век сабачы. Пільнуй адно ўнукаў, сядзі ля іх, бы прывязаны, будзь за маці і за татку, і за няньку і за вартаўніка. А ўжо і сам ледзь ногі цягнеш. Забярэ да сябе каторы з дзяцей – вось і пачаўся век кацячы. Карысці з цябе ў доме аніякай, хаваешся больш, адно каб пад ногі не трапіцца іншы раз. Што дадуць, тое з’ясі, дзе пакладуць, там і паспіш…
– Ой, як цікава, – ў захапленні прамовіла Жэнька. – Абавязкова запішу!
– Запішы сабе, – ўсміхнулася баба Адарка.
Тым часам дзед Васіль усё паглядваў на газетны здымак.
– Ты мне калі пра сляды казала? – спытаў ён жонку, потым павярнуўся да дзяцей: – Баба раніцай два сляды на роснай траве на нашым лужку бачыла. У бок Настусінага двара. Ад твайго саду, Сяргей…
– Ды пазаўчора ранкам і бачыла… Думала, злодзеі якія…
– А дайце мне, – працягнуў руку за газетай Віталь, паглядзеў на здымак, азірнуўся ў бок будана. – А здымак як быццам ад таго зарасніку зроблены…
– Пайшлі, – падхапіўся Віцька. – Паглядзім…
Падхапіліся і Віталь з Сяргеем, подбегам заспяшаліся ў гушчар сліваў, быццам гэта магло нешта цяпер змяніць.
Месца, дзе невядомы фатограф сядзеў у засадзе, яны знайшлі без цяжкасцей. Па слядах пабачылі – былі двое. А па характэрнаму следу ад красовак Віцька безапеляцыйна заявіў, што тут быў і Эдзік Настусін.
– Ён хваліўся сваімі красоўкамі, казаў – за 100 долараў. І плакаўся, што на падэшве аднаго малюнак сапсаваў аб нейкую жалезіну. Вось тут лінія пярэрваная, – Віцька паказаў на след, які на мяккай зямлі адбіўся, бы на пластыліне. – Ну, прыедзе яшчэ, – пагрозай закончыў ён.
– Прыедзе, сустрэнемся, – сказаў з нечаканай злосцю ў голасе і Віталь.
Дзіўна, ён жа ніколі не лічыў бойку правільным шляхам у любой справе.
Вярнуліся ў сад дзеда Васіля.
Той чакаў хлопцаў, бо загаварыў адразу:
– Ну, хай нам хоць солі цяпер, хто жадае, на хвост насыпле. Мы будзем сваю справу рабіць. Месяц, баба кажа, на надвор’е стаў, дажджу не чакаецца, ночы цёплыя. То нечага і нам чакаць. Я заўтра да старшыні сцягаюся, папрашу, каб трактар даў… Будзем ведаць канкрэтны дзень.
– Ура! – радасна закрычала Жэнька, забыўшыся на нядаўнюю прыкрасць. Толькі цяпер яна адчула, што знікла з душы незразумелая, недарэчная проста думка аб тым, што пасля ўсяго напісанага ў дзвюх газетах дзед Васіль наогул адмовіцца ад планаў. І цяпер было лёгка, і заметка ў раёнцы здалася драбязой.
Разышліся – ужо звечарэла.
…Назаўтра бліжэй да абеду патэлефанавала маці:
– Дзе там Віцька? Няхай прыйдзе ў школу, знойдзе фізрука, ён павінен прыйсці. Там у яго з былых часоў засталася палатка вялікая, на шэсць чалавек. Яна, праўда, з дзіркамі, але ж нешта прыдумаем…
– Ого! – не хавала захаплення Жэнька – аб палатцы яны колькі разоў казалі як аб недасяжнай мары.
– Гэта не “ого”, а будзем лічыць за ўклад школьнай арганізацыі БРСМ у справу ўвекавечання памяці герояў той вайны. Няхай падварушацца. Перадай Віцьку, каб сказаў фізруку дакладна дзень, у які будзеце выязджаць – той арганізуе колькі хлопцаў, каб дапамаглі…
Жэнька задаволена паклала трубку. Ну вось, нейкі ж толк атрымаўся з той заметкі. А што: сказалі пра школу, то нечага фізруку, маладому настаўніку міма сябе прапускаць такую справу, калі ён сакратар камітэта...
Маці, як прыйшла на абед, расказала куды больш:
– Увогуле, гаворка зайшла аб тым, каб у вашу каманду ўключыць двух дарослых мужчын-настаўнікаў, некалькі выпускнікоў-хлопцаў… Ну, так атрымлівалася, што вам на плыце месца не заставалася…
– Так мы і аддалі ім плыт! – хмыкнуў Віцька. – Няхай свой будуюць!
– Так мы і рашылі. Я пераканала, – прадоўжыла маці, – што адшукаць магілу на невялікім востраве калі і можна, то толькі з самім дзедам. Як ужо ў вас не атрымаецца, тады будзе арганізаваны большы атрад. Ці будзе пастаўлены на востраве на ўмоўным месцы помнік… Карацей, вам пачынаць.
– Мама, – прыжмурылася Жэнька, – а калі б ты не была дэпутатам сельскага савета, не была завучам… То нас бы прагналі проста, так?
– Ну, не выдумляй! – зазлавала нечакана маці. – Адно трэба ведаць, што многія рэчы ў нашым жыцці маюць некалькі значэнняў. Будзем жыць тым, што ёсць, – узяла яна сябе ў рукі, дагаварыла спакойна.
Віцька з Сяргеем збегалі па палатку. Віталь прыйшоў з ужо вялікім скруткам шпагату.
– Расцяжкі парабіць трэба, калкоў з тоўстага дроту нарабіць, – патлумачыў ён.
Палатка мела дзіркі ў падлозе ў некалькіх месцах, хапала невялікіх дзірак на баках. Прыдумалі: стары брызентавы дажджавік бацькі распаролі, наклалі латак. Вядома, вялікі дождж палатка не вытрымае, але дажджу можа і не быць! Затое будан не трэба будзе майстраваць, лес глуміць, час траціць…
Двор стаў падобны на кузню – на калуне зубілам адсякалі ад доўгага арматурнага прутка кавалкі (сам пруток знайшлі на звалцы). Кавалкі загіналі з аднаго боку, вастрылі з другога.
Жэнька схадзіла да дзеда Васіля, вярнулася з Нэлай, якая ўвесь дзень прабыла з бабай Адаркай.
– Дзед сказаў, што старшыня дае нам трактар на паслязаўтра. А яшчэ…– Жэнька загадкава абвяла хлопцаў хітраватым позіркам: – На мяне ў вёсцы глядзелі, як на гераіню кіно!
– А то ж… напісала… – падкалупнуў сястру Віцька, а Віталь сказаў другое:
– Да мяне Толік з Андрэем з дзевятага класа прыходзілі. Прасіліся, каб узялі іх з сабой.
– О, цяпер многа знойдзецца жадаючых! А як бутэлькі па сметніках шукаць – то нам. Нечага! – заявіў Віцька. – Скажы, Сяргей? – звярнуўся ён за падтрымкай.
– Я то не супраць кампаніі, – адазваўся Сяргей. – Але ж плыт мы на сябе толькі разлічвалі. Збіралі ўсяго на сябе. Ну, знойдзем вось магілу партызан, выканаем Віталеў план – паставім плыт на якар на Заечым востраве: плавай, хто пажадае. Я так думаю.
– Правільна думаеш, – пагадзілася і Жэнька. – У такую экспедыцыю за дзень не збіраюцца…
К вечару яны скруцілі падлатаную палатку ў мех, у асобны мяшэчак паклалі зробленыя расцяжкі.
Цяжка было паверыць, што ў іх заставаўся ўсяго адзін дзень – а потым пачнецца справа…
Частка 21
Сапраўдная бяда прыходзіць не тое што нечакана – яна прыходзіць такой, што адразу і зразумець не зможаш, што гэта – бяда. І аблічча яе – не заўсёды чорнае і страшнае, злое ды трывожнае. Можа і такім быць: чыстым, акуратным, гаваркім, вясёлым. Проста сяброўскім.
Не вялікая бяда, калі насуперак табе робяць.
Вялікая бяда, калі робяць насуперак, лічачы, што робяць для цябе…
Жалоба
Напишите нам, и мы в срочном порядке примем меры.