Сяргей Белаяр - Расследаванні інспектара Сарвы Страница 33

Тут можно читать бесплатно Сяргей Белаяр - Расследаванні інспектара Сарвы. Жанр: Разная литература / Прочее, год -. Так же Вы можете читать полную версию (весь текст) онлайн без регистрации и SMS на сайте Knigogid (Книгогид) или прочесть краткое содержание, предисловие (аннотацию), описание и ознакомиться с отзывами (комментариями) о произведении.

Сяргей Белаяр - Расследаванні інспектара Сарвы читать онлайн бесплатно

Сяргей Белаяр - Расследаванні інспектара Сарвы - читать книгу онлайн бесплатно, автор Сяргей Белаяр

— За столькі гадоў папера магла ператварыцца ў пацяруху.

— Вы маеце рацыю, спадар лейтэнант! А яшчэ бартавы журнал маглі схаваць, весці ў камп'ютары або знішчыць.

Няварта было і думаць аб тым, каб вывудзіць інфармацыю са старажытных камп'ютараў без прыцягнення спецыялістаў.

— Адна надзея на архіў Еўрапейскага касмічнага агенцтва... Спадары, давайце раздзелімся і праверым каюты. Не выключана, хто-небудзь з членаў экіпажа мог весці дзённік ці якім-небудзь іншым спосабам задакументаваў надзвычайнае здарэнне.

Даліла і Сарва адправіліся ў кают-кампанію, а матросы ўзяліся за ператрус кают.

Адсутнасць кіслароду дазволіла захавацца шматлікім рэчам, уключаючы кнігі. Па выхадных даных інспектар зрабіў выснову пра тое, што надрукавалі іх у першай чвэрці дваццаць перша­га стагоддзя ў ЗША і Вялікабрытаніі.

— Часавы прамежак мы ўстанавілі. Засталося толькі зразумець, што здарылася з «Энігмай»!

Пільны вобыск не даў ні адзінай падказкі датычна абставін адысеі даўжынёй у мільён гадоў.

— Штучнае старэнне? — Сарва задумаўся. — Які сэнс гэткага неэканомнага расходавання велізарных запасаў энергіі?.. Мільён гадоў... Нібы «Энігма» правалілася ў часавую анамалію... Стоп!.. Спадар лейтэнант, звяжыцеся з капітанам. Няхай на Зямлі правераць, ці былі адзначаны падчас палёту «Энігмы» кратовыя норы ў раёне Юпітэра!

— Пошук можа зацягнуцца, спадар інспектар.

— Не думаю. Маштабы экспансіі не параўнаць з цяперашнімі. Дакументаў наўрад ці будзе шмат. І ўсе яны даўным-даўно пераведзены ў лічбавы выгляд.

Адказ на абодва запыты прыйшоў праз адзінаццаць з паловай гадзін — ратавальнікі пабудзілі Сарву і ўручылі яму радыёграму.

— Зоркалёт «Энігма» стартаваў з мыса Канаверал штата Фларыда дзевятнаццатага красавіка дзве тысячы дваццаць першага года. Мэта місіі — вывучэнне Нептуна і Плутона. Знік шостага лютага дзве тысячы дваццаць трэцяга года ў раёне Сатурна. Прычына невядомая.

Якой-небудзь інфармацыяй аб кратовай нары паблізу Сатурна ЕКА не валодала.

— Тупік?

— Чаму ж, спадар лейтэнант?.. Тое, што даныя аб кратовай нары адсутнічаюць, зусім не азначае, што гэтай самай кратовай нары альбо чагосьці падобнага няма... Мы ляцім да Сатурна!

— Спадзяецеся знайсці там кратоваю нару, спадар інспектар?

— Так.

— Мы будзем шукаць іголку ў стозе сена! — нагадаў Даліла. — Мы не маем ні дакладных каардынат, ні спецыяльнага пошукавага абсталявання. Не забывайце аб тым, што кратовая нара можа быць блукаючай.

— А яшчэ яна можа калапсаваць, спадар лейтэнант... Абсталяванне возьмем на аварыйнавыратавальным судне, для мінімізацыі памераў раёна пошуку падключым штучны інтэлект «Сазігена Александрыйскага», Зямля падстрахуе пры дапамозе радыётэлескопаў. Працу трэба дарабіць, у адваротным выпадку, навошта наогул было за яе брацца?

Нягледзячы на тое, што Далілу апаноўвалі сумневы, ён кіўнуў. Шукаць кратовую нару вынікала хоць бы таму, каб не дапусціць паўтарэння інцыдэнту з «Энігмай».

— Тэарэтычна, у нас ёсць усе шанцы... Капітану спатрэбіцца пісьмовы загад.

— Лічыце, ён у яго ўжо ёсць!

Як і меркаваў Сарва, пераконваць камісара Айнбунда ў важнасці працягу пошуку не было неабходнасці. Камандзір «Сазігена Александрыйскага» атрымаў пакет дакументаў, пасля чаго каманда брыга разам з экіпажам аварыйна-выратавальнага судна прыступіла да дэмантажу сканераў.

На разлік каардынат гіперпрасторавага калідора, мантаж абсталявання ў насавым адсеку, вылічэнне перыметра пошукаў кратовай нары і перагрузку зондаў пайшло больш за дваццаць дзве гадзіны. Кожная пара рабочых рук была на ўліку, таму інспектар узяўся за працу нароўні з усімі.

Навігатар вывеў «Сазігена Александрыйскага» за дзевяноста тысяч кіламетраў ад разліковага месца знікнення «Энігмы». Сканеры неадкладна прыступілі да працы, а для разведкі былі высланы зонды.

Галоўным крытэрыем пошуку з'яўлялася спалучэнне значнага магнітнага поля, моцнай гравітацыі і прысутнасць цёмнай энергіі. З прычыны таго, што для стабільнага існавання кратовай нары дастаткова было колькі заўгодна малой колькасці фантомнай матэрыі, сума шчыльнасці энергіі і ціску астатняй яе часткі павінна была раўняцца нулю.

У якасці штаба пошукавай аперацыі Сарва выбраў капітанскі мосцік — балазе дазвалялі паўнамоцтвы, якімі ўзнагародзіў інспектара начальнік Дэпартамента.

— Ёсць навіны з Зямлі, спадар лейтэнант? — пацікавіўся інспектар, сочачы за тэлеметрыяй. Надзея была слабай — радыётэлескопы не маглі засекчы кратоваю нару пры малым яе памеры і ў выпадку, калі кратоваю нару закрывала перашкода. Таму Сарва не здзівіўся, калі пачуў:

— Скажэнне спектра электрамагнітнага выпраменьвання не адзначана. Перыядычная змена яркасці зорак адсутнічае.

— Працягваем пошук!

Дасягнуўшы меркаванага пункту знікнення «Энігмы», зонды скінулі хуткасць да нуля і зрабілі шэраг аналізаў. Ні адзін з іх адхілення ад нормы не выявіў. Даліла тактоўна маўчаў, дазваляючы Сарву сабрацца з думкамі. Інспектара не магло суцешыць тое, што даных першапачаткова быў мінімум.

— Хай зонды пачынаюць рух па спіралі!

Аператар задаў новую праграму, і цяпер адначасова даводзілася назіраць за чатырма рознымі малюнкамі. Апрацоўку даных, якія паступалі з зондаў і сканераў, узяў на сябе штучны інтэлект «Сазігена Александрыйскага».

На дзявятыя суткі нават Сарву стала зразумела, што наяўнымі сродкамі кратовую нару не знайсці. Да таго ж інспектар атрымаў новае, тэрміновае прадпісанне.

Прызнаваць паражэнне было цяжка. Сарва ўздыхнуў і сказаў:

— Мы зрабілі ўсё, што ад нас залежыць. Вяртаемся!

КРАТОВАЯ НАРА

Як бы цяжка ні было распісвацца ва ўласным бяссіллі, але затрымліваць і далей «Сазіген Александрыйскі» інспектар Дэпартамента пазаземных крымінальных расследаванняў Ратаўт Сарва не меў права. Пошук будуць весці іншыя.

— Брыг даставіць вас на амерыканскую арбітальную станцыю «Кронас», спадар інспектар, — сказаў першы памочнік капітана «Сазігена Александрыйскага», — праз два дні курсам на Уран пройдзе каланіяльны транспарт «Тур Хейердал». Ён забярэ вас.

Сарва кіўнуў, высілкам волі прымушаючы сябе пераключыцца на новую справу — выбух у лабараторыі пантрапалогіі на спадарожніку Умбрыэль. Інспектар павінен быў высветліць, хто стаіць за тэрарыстычным актам, у выніку якога загінула васямнаццаць чалавек.

— Я буду ў сябе! — Сарва вярнуўся ў каюту і, сабраўшы рэчы, сеў за справаздачу, у думках зганіўшы механіка Юдзіна за пабіты планшэтны персанальны камп'ютар. Дзякуючы гаджэту можна было сэканоміць шмат часу.

Зоркі ў ілюмінатары паплылі — брыг па чарзе ўключэннем і выключэннем манеўровых рухавікоў прыступіў да развароту. Па заканчэнні манеўру корпус нямоцна задрыжаў — уключыўся тэрмаядзерны рухавік: адлегласць да Сатурна была невялікай, і капітан не палічыў патрэбным выкарыстоўваць гіперпрывод.

Інспектар пагрузіўся ў працу з галавой і з прычыны гэтага не адразу ўсвядоміў, што здаецца яму няправільным. Рухавік працаваў у фарсіраваным рэжыме, прычым ляцеў «Сазіген Александрыйскі» не наперад, а назад. Каб пераканацца ў тым, што адчуванні яго не падманваюць, Сарва прыпаў да ілюмінатара.

— Мосцік, што адбываецца? — Сарва паспрабаваў звязацца з экіпажам па інтэркаме, аднак не меў поспеху: дынамікі адгукнуліся толькі белым шумам. Машынальна праверыўшы, ці на месцы пісталет, інспектар выглянуў у калідор і адразу наткнуўся поглядам на матросаў, якія беглі. — Спадарства, што здарылася?

— Нас зацягвае ў чорную дзірку! — не спыняючыся, адазваўся адзін з мужчын. У голасе матроса чуліся ноткі панікі. І нядзіўна — гравітацыйнае прыцягненне чорных дзір было настолькі вялікае, што захоплівала не толькі рэчыва, але і выпраменьванне.

— Чорт! — Сарва зразумеў усё адразу: «Сазігена Александрыйскага» зносіла ў кратовую нару, якую брыг беспаспяхова шукаў дзевяць сутак. Інспектар кінуўся на капітанскі мосцік, а па адсеках загучаў узмоцнены гучнагаварыцелем металічны голас:

— Экіпажу неадкладна заняць месцы ў супрацьперагрузачных коканах! Экстраннае апусканне!

Задума капітана была простай: сыход у гіперпрастору. Немалая верагоднасць таго, што ў кропцы выйсця брыг можа сутыкнуцца з нябесным целам, цьмянела ў параўнанні з тым, што прадказвала сустрэча з сінгулярнасцю.

У адсеку, дзе размяшчаліся супрацьперагрузачныя коканы, панаваў сапраўдны хаос — экіпаж як быццам забыўся аб тым, што месцаў хопіць на ўсіх. Паніку ўзмацняла занадта павольная змена лічбаў на лічыльніку зваротнага адліку.

«Не паспець!» — апякла страшэнная думка.

Не дазваляючы пачуццям авалодаць сабой, інспектар залез у свабодны кокан і згрупаваўся ў чаканні штуршка. Здавалася, ход часу з кожным імгненнем толькі запавольваецца.

Рызыкуючы выклікаць перагрэў рухавіка, капітан спрабаваў выціснуць з яго максімум, але безнадзейна прайграваў. Гравітацыйнае поле не хацела выпускаць сваю ахвяру. Сарва злавіў сябе на ірацыянальным жаданні падвесці атамны гадзіннік — да васьмі нулёў яшчэ так доўга...

Перейти на страницу:
Вы автор?
Жалоба
Все книги на сайте размещаются его пользователями. Приносим свои глубочайшие извинения, если Ваша книга была опубликована без Вашего на то согласия.
Напишите нам, и мы в срочном порядке примем меры.
Комментарии / Отзывы
    Ничего не найдено.