Алесь Марціновіч - Былое, але не думы Страница 37
Алесь Марціновіч - Былое, але не думы читать онлайн бесплатно
Тым не менш я хутка парушыў самому сабе дадзенае слова. Не мог не зрабіць гэтага, бо тое, з чым сутыкнуўся, вельмі ж прасілася на абнародаванне ў маштабах рэспублікі. Праўда, гэта быў не той вопыт, што варты пераймання, а своеасаблівы, бо патрапляў ён пад вызначэнне: хоць смейся, хоць плач. А ўкаранілі гэты «вопыт» (без двухкосся ў дадзеным выпадку ніяк не абысціся) на Радзічаўскім заводзе металічных вырабаў, што працаваў у адной з вёсак непадалёку ад Слуцка.
Не ведаю, ці ёсць цяпер там якая-небудзь вытворчасць, а ў савецкія часы Радзічаўскі завод, без перабольшання, быў вядомы ва ўсім Савецкім Саюзе. Не будзем разбірацца, наколькі гэта апраўдана і эканамічна выгадна, але электрапастухі, вырабленыя ў Радзічаве, траплялі ажно на Далёкі Усход. Канечне, у гэтых «пастухах» нічога складанага не было: звычайны дрот, які падвешвалі на слупках вакол таго ўчастка, на якім пасвіліся каровы. Па дроце прапускалі электрычны ток малога напружання і калі якая-небудзь буронка спрабавала пераадолець агароджу, то лёгкі ўдар электрычнасці ў пысу прымушаў яе адразу ж адмовіцца ад такой задумы.
Але я маю на ўвазе не гэты вопыт, бо як да яго не стаўся, а ён усё ж станоўчы. На гэтым заводзе вырашылі, зноў жа зрабілі правільна, што для рэнтабельнай працы адных электрапастухоў мала. Дый захацелі заняць працай жанчын. Таму і адкрылі падсобны цэх, куды і ўладкавалі тых з іх, хто пажадаў. Занятак знайшлі чыста жаночы: жанчыны пачалі шыць трусы. Не для сябе зразумела, а мужчынскія — такія, якія некалі называлі сямейнымі. У гэтых трусах з-за іхняга вялікага памеру адначасова маглі ўмясціцца муж, жонка, дый цешчы месца хапала. Праўда, ніводнага мужчыны, якому б спадабалася падобнае суседства, не знайшлося. Ва ўсякім разе — на Случчыне. Усё ж трусы — не блытаць з хатнімі жывёламі — рэч індывідуальная. Таксама прадукцыя, канечне, вельмі неабходная, таму заўсёды запатрабаваная. Тым больш тканіны ў краіне ставала. Таму ніякіх праблем не было ні з вытворчасцю, ні са збытам. Усё нічога б, калі б.
Як вядома, любы выраб, а гэткі «стратэгічнага» прызначэння — не выключэнне, патрабуе адпаведнай біркі. Што ж, у гэтым сэнсе радзічаўскія заводчыкі таксама аказаліся на вышыні. Як і трэба, пазначылі «Радзічаўскі завод металічных вырабаў». Але пасля гэтага, па логіцы, трэба было б указаць крыху ніжэй нешта накшталт: «Падсобны цэх прадпрыемства». Ды дзе там: адразу ж напісалі: «Трусы мужчынскія. Сямейныя». Маўляў: ведай нашых: «Не кочегары мы, не плотники, а к трусам мужским охотники».
Убачыў я ў Слуцкім універмагу новае радзічаўскае «изделие», і пачуццё гонару за родных мне случакоў цёплай хваляй кранулася сэрца. Гэта ж такія жартаўнікі ў мяне на радзіме знайшліся, хоць у Клуб вясёлых і знаходлівых запрашай. Запытаўся ў прадаўшчыцы, паказваючы на гэтыя самыя трусы:
— І як вам надпіс?
Яна адразу здагадалася, што і да чаго.
— Не вы першы заўважылі гэта, — адказала яна. — Смяюцца людзі, але бяруць.
«Што ж, вопыт варты пераймання, — падумалася мне. — Гэта ж калі пайсці падобным шляхам, то, скажам, Слуцкі завод сантэхнічнага абсталявання можа выпускаць ліфчыкі жаночыя, ці, па-нашаму кажучы, станікі. Піўзавод — атруту для мышэй. І на этыкетцы ні ў якім разе нельга ўказваць, што гэта падсобная вытворчасць, дастаткова назваць само прадпрыемства. А калі вопыт варты пераймання, то чаму б не прапагандаваць яго.
Свой матэрыял пра радзічаўскіх «вынаходнікаў» я вырашыў прапанаваць «Мінскай праўдзе», з якой ужо на той час актыўна супрацоўнічаў. Праўда, у асноўным рэцэнзаваў творы пісьменнікаў, ураджэнцаў Міншчыны, а таксама рыхтаваў што-небудзь на тэмы культуры. Але ж у гэтай газеце рэгулярна з’яўляўся і куток сатыры і гумару. Тое, пра што я ўзяўся расказаць, акурат і падыходзіла для яго. Таму і пісаў з разлікам, каб не толькі смешна было, але і каб адначасова сатырычныя моманты прагучалі. Мабыць, удалося мне гэта няблага, бо ужо праз тыдзень матэрыял быў надрукаваны.
У тым, што ў раёне гэтая публікацыя не пройдзе незаўважанай, я ніколькі не сумняваўся. Аднак ніяк не чакаў, што на яе будзе такая імгненная рэакцыя з боку раённая кіраўніцтва. Хоць, калі разважыць, яе можна было прадугадаць. «Мінская праўда» — гэта нават не маладзёжная «Чырвоная змена». Абласную газету ў райкаме чыталі гэтаксама ўважліва, як і раёнку, а яшчэ «Сельскую газету», таму заўсёды ведалі, што пісалася пра раён. Калі напаткоўвалі станоўчую публікацыю, то, безумоўна, радаваліся, калі ж знаходзілі крытыку...
Не паспеў гэты нумар «Мінскай праўды» трапіць у райкам партыі, як падняўся сапраўдны вэрхал. Першы заўважыў гэта загадчык аддзела прамысловага жыцця, які, не марудзячы, патэлефанаваў рэдактару нашай раёнкі. Ён, не хаваючы свайго абурэння, як той следчы, настойліва дапытваўся, хто гэта схаваўся пад псеўданімам. Рэдактар паспрабаваў пераканаць яго, што супрацоўнікі газеты ніякага дачынення да гэтай публікацыі не маюць. Магчыма, пасля гэтага ў райкаме і супакоіліся б, аднак нумар «Мінскай праўды» трапіў на вочы сакратару, які займаўся пытаннямі прапаганды і агітацыі.
Ужо нашаму беднаму рэдактару давялося ператварыцца ледзь не ў сышчыка. З адным з супрацоўнікаў перагаварыў, з другім... Тут хтосьці і падказаў яму, што аўтарам хутчэй за ўсё з’яўляецца Марціновіч, бо менавіта ён часта выступае ў рэспубліканскім друку, у тым ліку і ў «Мінскай праўдзе». Ды я, ужо навучаны горкім вопытам, прызнавацца не збіраўся. Зразумеўшы, што ад мяне нічога не дабіцца, рэдактар вырашыў змяніць тактыку.
— Здорава напісана! — прамовіў ён, не хаваючы свайго захаплення, пасля чаго паглядзеў на мяне так, быццам баяўся, што я запярэчу яму, і дадаў: — Хіба нашы так могуць?!
— Не могуць, — пагадзіўся я, радуючыся, што нарэшце гэтае расследаванне, як падалося мне, падышло да канца.
Аднак памыліўся. Мой галоўны рэдактар у дадзеным выпадку аказаўся добрым псіхолагам. Ён вырашыў закрануць маё самалюбства.
— Узяць цябе, — разважліва пачаў ён, нібыта вывучаючы мяне,— што твой рэйд, у параўнанні з гэтым фельетонам?
Сказаўшы «фельетонам», рэдактар яшчэ ўважлівей, чым дагэтуль, паглядзеў на мяне. Больш за тое, быццам стараўся пранізаць мяне сваім позіркам наскрозь. У душы ён, несумненна, ужо радаваўся, прадчуваючы, што такая пахвальба аслабіць маю пільнасць і я абавязкова прагаваруся.
Аднак я вырашыў стаяць да апошняга. Не тое, што баяўся. Іншае адчуванне з’явілася. Мне ўсё ж падабалася, што, не чакаючы гэтага, апынуўся ў цэнтры такой павышанай увагі. Няхай і ў раённым маштабе, але гэта і на самай справе цешыла маё самалюбства.
Я вытрымаў позірк рэдактара.
— Сапраўды, — уздыхнуў я, — пры ўсім сваім жаданні ніколі так не напішу. Умеюць жа людзі...
Здаецца яшчэ імгненне і з маіх вачэй гатовы былі закапаць слёзы.
Рэдактар быў чалавекам добрым, таму ад гэтага майго ўздыху яму стала не па сабе.
— А ты асабліва не перажывай, — сказаў ён разважліва.
Цяжка было зразумець, што пры гэтым меў на ўвазе: тое, што я яшчэ навучуся пісаць, ці, усё ж, не сумняваўся ў маім аўтарстве публікацыі ў «Мінскай праўдзе» і хацеў, каб я забыў пра ўсе непрыемнасці.
«Іронія лёсу»: беларускі варыянт
Бадай, няма такога чалавека, які б хоць аднойчы ў сваім жыцці не глядзеў мастацкі фільм «Іронія лёсу, альбо З лёгкай парай». Наадварот, многія рабілі гэта некалькі разоў, бо звычайна перад самым Новым годам ці ў першыя дні яго абавязкова знойдзецца тэлеканал, які пакажа гэтую ўсенародна любімую кінастужку чарговы раз. Нядаўна ж, як вядома, і працяг яе знялі. Цікаўнасць да гэтага фільма, як мне здаецца, не толькі ў тым, што ён зроблены на высокім мастакоўскім узроўні. Прывабнасць яго яшчэ і ў тым, што сітуацыя, пакладзеная ў яго аснову, вельмі жыццёвая.
Пры жаданні некаторыя могуць прыгадаць штосьці падобнае, калі «спрацавала» іронія лёсу, з уласнага жыцця. А з чужога, то пэўна, бо ў жыцці, як сцвярджаў Анарэ дэ Бальзак, самы слынны раманіст — яго вялікасць выпадак. Праўда, тое, што адбываецца па волі выпадку, не заўсёды цягне на раман. Дый тыя, на каго гэты выпадак уздзейнічае, не трапляюць зусім нечакана ў іншы горад, у якім многае выглядае гэтаксама, як і ў іхнім, родным. А вось кватэры, пад’езды блытаюць неаднойчы. На жаль, гэта не заўсёды добра заканчваецца. Адзін такі, далёка не аптымістычны зыход адбыўся і па маёй віне. І хоць віна ўскосная, але ўжо больш як сорак гадоў, калі прыпамінаю той выпадпак, неяк становіцца нядобра. Быццам узяў і падштурхнуў чалавека...
Гэта быў ці не першы дзень маёй працы ў рэдакцыі драгічынскай раённай газеты. Што адзін з першых, то пэўна. У душы я разумеў, што трэба было б адзначыць маё працаўладкаванне, але, будучы на той час надта сарамлівым, не асмельваўся прапанаваць гэта. Супрацоўнікі ж газеты самі не напомнілі. Відаць, думалі: адкуль узяцца ў маладога спецыяліста грашам. Атрымае пад’ёмныя, першую зарплату, то і пачастуе. Грошы, праўда, у мяне былі. Не паспеў растраціць дзве месячныя стыпендыі, якія выдаваліся тым, хто ехаў па размеркаванні.
Жалоба
Напишите нам, и мы в срочном порядке примем меры.