Алесь Марціновіч - Былое, але не думы Страница 4

Тут можно читать бесплатно Алесь Марціновіч - Былое, але не думы. Жанр: Разная литература / Прочее, год неизвестен. Так же Вы можете читать полную версию (весь текст) онлайн без регистрации и SMS на сайте Knigogid (Книгогид) или прочесть краткое содержание, предисловие (аннотацию), описание и ознакомиться с отзывами (комментариями) о произведении.

Алесь Марціновіч - Былое, але не думы читать онлайн бесплатно

Алесь Марціновіч - Былое, але не думы - читать книгу онлайн бесплатно, автор Алесь Марціновіч

Паехаў у Драгічын, дзе правёў некалькі дзён. Адкуль зноў накіраваўся да бацькоў, каб пасля заканчэння водпуску вярнуцца ў вайсковую часць, у якой служыў. Пасля звальнення ў запас ужо не было ніякага жадання вяртацца на працу ў Драгічын. Але пра тамашняе жыццё з большага ведаў, бо рэгулярна перазвоньваўся са Славам. Дый некалькі разоў наведваўся да яго: ці ў час камандзіроўкі, ці падчас водпуску. Ведаў, што Валя працуе ў адной з сярэдніх школ раёна піянерважатай, але так і не пазваніў ёй.

Аднак у час адной з паездак у Драгічын усё ж адважыўся зрабіць гэта. Трэба ж: такое супадзенне. Калі патэлефанаваў, Валя акурат знаходзілася ў настаўніцкай. На маю прапанову пабачыцца, адразу згадзілася.

— Прыязджай, — адказала яна ахвотна.

Дабрацца туды, дзе яна працавала, асаблівай цяжкасці не складала. Праз той населены пункт праходзіць дарога на Брэст. На той час у гэты абласны цэнтр рэгулярна хадзілі рэйсавыя аўтобусы.

— Еду, — паведаміў сябру.

— А чаму б не з’ездзіць, — адказаў Слава.

У іншым выпадку ён, магчыма, прапанаваў бы таксама паехаць разам, а то, можа, і адгаварыў бы. Маўляў, ці не лепей пабыць разам, бо ў мяне ў кішэні быў ужо білет на Мінск. Аднак Пратасевіча і іншае турбавала. Дамаўляўся, каб бацькам прывезлі паліва ў вёску. Таму пажадаў мне поспеху, а яшчэ сказаў, што калі яго ўжо не заспею ў рэдакцыі, каб па прыездзе ў Мінск абавязкова патэлефанаваў. Я хацеў нават пазычыць у яго грошай, а пасля падумаў — навошта. Сякая-такая капейчына ў маёй кішэні ўсё ж ёсць.

Праз якую гадзіну я дабраўся ў той населены пункт, дзе Валя працавала. Хутка знайшоў і яе самую. Толькі яна была не адна, а з адной ці. Правільней усё ж сказаць, што з дзвюма сваімі сяброўкамі. Такая сустрэча ў мае планы не ўваходзіла, але ж не вяртацца назад. Таму і гаворка прыняла не той накірунак, як мне ўяўлялася. Спадзяваўся ж, нарэшце, сказаць, як шмат яна значыць для мяне, а тут. Ведама што: дзе працую, як працуецца. А ты як працуеш?

Прайшло колькі хвілін і я пашкадаваў, што не пазычыў у Славы грошай, бо Валя нечакана прапанавала:

— За сустрэчу не грэх і выпіць, — і, звяртаючыся да сябровак, дадала: — Як думаеце, дзяўчаткі?

Дзяўчаткі ў знак згоды заківалі галовамі і ці не ў адзін голас прамовілі:

— Шампанскага.

Мне стала не па сабе, бо грошай на бутэльку шампанскага ў мяне неставала. Валя інтуітыўна адчула гэта. Вопыт ёй падказваў, у якім няёмкім становішчы я апынуўся. Прыгадала ж, канечне, як мы са Славам, тады яшчэ, калі я працаваў у драгічынскай газеце, часам у дзяўчат з райкама камсамола пазычалі грошы.

— Я стаўлю! — яна сама знайшла выйсце з гэтага няпростага для мяне становішча і паспяшалася ў магазін.

Калі адкаркавалі бутэльку, у мяне міжвольна мільганула думка: «Дажыўся. Калісьці каньяк на дурніцу піў, а цяпер шампанскае — за чужыя грошы. Ды яшчэ за грошы той, да якой ніяк не можаш падступіцца».

Толькі тады я ніколькі не шкадаваў за такі ўчынак. Цяпер жа было сорамна. У апраўданне засталося хіба сказаць:

— Наступным разам бутэлька з мяне!

— Прыедзеш? — Валя засмяялася.

— Абавязкова прыеду, — запэўніў я і таксама засмяяўся: — Каб бутэльку паставіць.

Вяртаючыся паўпустым аўтобусам у Драгічын, уладкаваўся ля акна, прыціснуўся шчакой да шкла. Яно было халодным. За ім імжэў дробны восеньскі дождж. Але куды халадней было ў мяне на душы. Быццам нейкі цяжар наваліўся. То ціснулі далёка не радасныя думкі. Навошта была гэтая сустрэча? Дзеля чаго імкнуся туды, дзе я не патрэбны?

Мінулае не адпускае

Гэтыя думкі сталі яшчэ больш невыноснымі, калі, завітаўшы ў рэдакцыю, даведаўся, што Слава павёз бацькам у вёску паліва. Праўда, на рабоце былі яшчэ супрацоўнікі, якіх я таксама ведаў. Аднак наўрад ці маглі б яны зразумець мяне ў гэтыя хвіліны так, як зразумеў бы ён. Заставалася пайсці на станцыю і чакаць свой аўтобус. Што я і зрабіў.

Пратасевічу так і не пазваніў. Праз некаторы час патэлефанаваў ён сам.

— «Твая», — з падколам паведаміў Слава, — замуж выходзіць!

— Якая мая? — знячэўку я не здагадаўся, пра каго ідзе гаворка.

— Што, Валю ўжо забыў?

Мне стала не па сабе. Атрымлівалася, што тое шампанскае, відаць, ёю было пастаўлена невыпадкова. А запыталася, ці прыеду, проста так. Не, відаць, каб лішні раз упэўніць тых, з кім была, як я не магу без яе, бо, канечне ж, усё пра мяне ім расказала.

Я запытаўся ў Славы, а хто яе муж, быццам для мяне гэта было так важна. Ён адказаў. Калі гаворка скончылася, я нічога лепшага не знайшоў, як пайсці на пошту. Магчыма б, і не зрабіў гэтага, але перад гэтым вечарам пасядзеў з сябрамі. У галаве яшчэ крыху шумела, а да ўсяго такая навіна.

На пошце ўзяў бланк тэлеграмы, на якім напісаў штосьці накшталт: «Жадаю шчасця, няшчасны Саша». Адрас пазначыў той вёскі, у якой жылі яе бацькі. Супрацоўніца пошты, якой я прапанаваў запоўнены бланк, паглядзела на мяне з вялікім здзіўленнем. Не толькі яна, але і іншыя ў гэтым аддзяленні мяне добра ведалі: я друкаваўся ці не ва ўсіх абласных газетах і часта прыходзіў атрымліваць пераводы. Ганарары з рэспубліканскіх выданняў лічыў для сябе зручней таксама атрымаць пераводам.

Супрацоўніца са здзіўленнем паглядзела, але ні слова не сказала, тактоўнасць праявіла. Дый і разумела, што ў чужую душу не трэба лезці, бо чужая душа — цёмны лес. Я ж праз некаторы час супакоіўся, цвяроза разважыўшы, што ўсё, бадай, ідзе да лепшага.

Можна ўявіць сабе, у якім становішчы я б апынуўся, калі б Валя паставілася для мяне прыхільна. Хто яго ведае, магчыма б, дайшло б і да таго, чым усё звычайна ў падобным выпадках канчаецца. Я ж на той час сам у Мінску не быў прапісаны. Зразумела, што і кватэры не меў. А калі ўдваіх... У кожнага свая чарга нават наконт гэтага. Адзін у сямнаццаць гадоў жэніцца, а другі... Я жаніўся ў ажно ў трыццаць дзевяць і што? Слава богу, сыны ўжо дарослыя.

Што я так і не прыжыўся ў Драгічыне, цяпер, на адлегласці часу, я магу сказаць дзякуй і пажадаць вечнай памяці роднай Валінай цётцы. Мы і не ведалі са Славам, што гэта тая буфетчыца, якая працавала ў рэстаране. Слава пра гэта даведаўся праз шмат-шмат гадоў, а потым і мне расказаў. Паколькі рэстаран знаходзіўся ў некалькіх дзясятках метраў ад рэдакцыі, то да гэтай буфетчыца мы завітвалі часта. Асабліва, калі трэба было ўзняць настрой, як кажуць, «не отходя от прилавка», то і былі для яе заўсёды навідавоку. Бывалі ў рэстаране рэгулярна і іншыя супрацоўнікі рэдакцыі.

Я нідзе не напаткоўваў такіх гасцінных людзей, як на Драгічыншыне. Калі што якое, то адразу прапануюць «расслабіцца». Праяўлялася гэта і ў дачыненні да нас з Пратасевічам, маладых журналістаў. Што ж у такім разе казаць пра газетных ваўкоў, якіх на раёне ведалі многія. Частавалі не толькі ў камандзіроўках. Нярэдка ў рэдакцыю заходзілі і брыгадзіры, і загадчыкі, дый старшыні калгасаў таксама, калі па нейкіх справах наведваліся ў Драгічын. А хіба добраму чалавеку адмовіш, калі ён да цябе звяртаецца з гэткім добрым намерам? Таму работнікі рэдакцыі ахвотна адгукаліся на іхнюю прапанову схадзіць у рэстаран. А часам і на рабоце рабілі тое, што ўзнімае настрой. Канечне, не злоўжывалі гэтым, але і «манахам» ніхто не быў.

Двесце грам... З кішэні

Запомніўся ўнікальны выпадак. Працаваў у рэдакцыі цудоўнейшы чалавек Л., сельгасаддзелам загадваў. Васілём Андрэевічам звалі яго. Вясной дый восенню ён звычайна хадзіў у доўгім паліто. У такім доўгім, што крысо яго ледзь не чаравікаў краналася. Гэтае паліто было адметнае яшчэ і тым, што і кішэні адпаведныя мела — такія вялікія, якія што заўгодна маглі ўмясціць у сабе. У гэтым я аднойчы ўпэўнілся, калі Л. вырашыў зрабіць мне прыемнае.

Я стаяў у калідоры, паблізу ад увахода ў будынак, і як дзверы адчыніліся, у іх паказаўся Васіль Андрэевіч. Ён чамусьці ішоў вельмі асцярожна, не вымаючы правую руку з кішэні, а ягоны твар свяціўся ўсмешкай. Убачыўшы мяне, Л. узрадаваўся:

— А ты мне, Сашка, якраз і патрэбен, — твар яго стаў яшчэ больш радасным. — Падаруначак табе падрыхтаваў.

— Што яшчэ за падаруначак? — заінтрыгаваўся я.

— Пайшлі да мяне, пабачыш, — з гэтымі словамі Л. па-ранейшаму асця­рожна, быццам у кішэні было тое, што ён баяўся разбіць, накіраваўся ў свой кабінет.

Мне нічога не заставалася, як паслухацца яго.

— А цяпер, Сашка, глядзі, — Васіль Андрэевіч, калі я зачыніў за сабой дзверы, пачаў вымаць правую руку з кішэні свайго паліто. — Хоць бы не разліць, — ён не гаварыў, а шаптаў: — Хоць бы не разліць.

Толькі цяпер я заўважыў, што Л. крыху выпіўшы. Але пра сваю здагадку яму нічога не сказаў, бо было не да гэтага. Як зачараваны, я назіраў за ягонымі дзеяннямі. Тым часам растапыраныя пальцы правай рукі Л., павольна вылазячы з кішэні паліто, штосьці трымалі. Яшчэ імгненне — і я ўбачыў паўнюткую, да самых краёў шклянку, напоўненую, як адчуў па паху, гарэлкай. То была шклянка, якую яшчэ і сёння сёй-тое называе малянкоўскай, бо выпускаць іх пачалі пры Старшыні Савета Міністраў СССР Г. Малянкове — умяшчальная, у якую ўваходзіла 250 грам вадкасці.

Перейти на страницу:
Вы автор?
Жалоба
Все книги на сайте размещаются его пользователями. Приносим свои глубочайшие извинения, если Ваша книга была опубликована без Вашего на то согласия.
Напишите нам, и мы в срочном порядке примем меры.
Комментарии / Отзывы
    Ничего не найдено.