Неизвестно - Дзённік 1993 Страница 4

Тут можно читать бесплатно Неизвестно - Дзённік 1993. Жанр: Разная литература / Прочее, год неизвестен. Так же Вы можете читать полную версию (весь текст) онлайн без регистрации и SMS на сайте Knigogid (Книгогид) или прочесть краткое содержание, предисловие (аннотацию), описание и ознакомиться с отзывами (комментариями) о произведении.

Неизвестно - Дзённік 1993 читать онлайн бесплатно

Неизвестно - Дзённік 1993 - читать книгу онлайн бесплатно, автор Неизвестно

1 чэрвеня

У „Розным”. Дэп. Волкаў: „Нам у Камісію прыйшло звыш 100 пісем пра дзяцей з ракам шчытавіднай залозы. Колькасць расце. Ужо цэлыя сем’і хварэюць. Усіх чакае смерць! Дзяцей запісваюць інвалідамі ад нараджэння! Гэта дзікунства!”

Дэп. Качан. Тэма — Другі з’езд камуністаў Беларусі, названы аб’яднаўчым. Чытае Зварот З’езда да Вярхоўнага Савета РБ. Аб недапусцімасці свабодных цэн на прадукцыю першай неабходнасці. Затым кінуў лозунг: „Адрадзіць саюзную дзяржаву! Іначай — пагібель!” Дэп. Судас: пра ільготы пенсіянерам на транспарт у сельскай мясцовасці. Патрабуе вырашыць гэта пытанне ў карысць пакрыўджаных. Шушкевіч дае водпаведзь М. Грыбу за яго выступленне ў „Народнай газеце” наконт падпісання Дагавора аб Калектыўнай бяспецы.

Слова ўзяў намеснік прэм’ера С. Лінг. Ад закона будзе залежаць, хто будзе працаваць на дзяржаўных службах. Тыя, што будуць, як жабракі, зазіраць у вочы кожнаму наведніку? (Гэта — у адказ тым, хто лічыць, што ў чыноўнікаў вельмі высокія зарплаты.)

2 чэрвеня

У „Розным”. Дэп. Холад крытыкуе Кебіча, што не скарачае раздзьмутыя чыноўніцкія штаты. Дэп. Лябедзька робіць запыт да сп. Жыльскага (старшыня камітэта па справах Рэлігіі) — у абарону каталіцкай парафіі ў Ашмянскім раёне, у абарону прыезджага святара (здаецца, са Славакіі). Няма ксяндзоў, а патрэба ў іх вялікая і ўсё нарастае. „У Гародні вучацца на ксяндзоў толькі 74 семінарысты. Гэтага зусім мала!” — бядуе Лябедзька. Дэп. Пракаповіч: Спад вытворчасці працягваецца. Заключэнне эканамічнага саюза — працэс доўгі. Патрэбен палітычны Саюз у рамках СНД. Чаму ігнаравалі прапанову VII з’езда народных дэпутатаў Расійскай Федэрацыі аб утварэнні Канфедэрацыі? (Вось яно — куды хіліць! Да Канфедэрацыі! Нашто нам гэтая незалежнасць!)

Пытанне аб барацьбе з эканамічным злачынствам і карупцыяй. Дакладчык — дэп. Папоў. Схапіліся спрачацца, што такое карупцыя. Дэп. Булахаў: Суб’ектам карупцыі з’яўляецца ўвесь беларускі народ! Бо эвентуаль­на кожны так ці іначай у ёй удзельнічае. Дэп. Какоўка: Зняць першы артыкул! Дэп. Аксаміт: Зняць увесь законапраект, дапрацаваць і ў канцы сесіі прыняць! Як добра ў ходзе абмеркавання пытання аб карупцыі бачна, хто не мае ніякага дачынення да злачынстваў, у каго сумленне чыстае!.. Гэта адчуваецца вельмі выразна. Сумленны чалавек (напрыклад, Аксаміт) гаворыць такім асаблівым тонам — і без крыку, і пераканаўча. Або як дэп. Герасюк, які сказаў: „Пры паступленні на дзяржаўную служ­бу кожны павінен прад’явіць дэкларацыю”. Так усюды ў свеце. Але калі вам падабаецца без дэкларацый — хай будзе так! (Прагаласавалі прапанову Герасюка: „за” — 171. Не прайшла. Дзіва што!..)

Ну і схватка! Па колькі разоў бяруць слова адны і тыя ж. Большасць схіляецца, што гэта не закон, а пастанова аб узмацненні барацьбы з карупцыяй і злачынствамі ў сферы эканомікі.

3 чэрвеня

У „Розным” першы ўзяў слова дэп. Прывалаў. О, які, аказваецца, гэта ваяўнічы палкоўнік! Ястрабок! Але ж і заслужыў: крыкамі сагналі з трыбуны. Не любяць нашыя людзі празмернай ваяўнічасці. Дэп. Федарчук: Побач з вамі, Станіслаў Станіслававіч, група па згатаванню віцебскіх „блюд”, асабліва з Кантрольнай палаты. Знаю людзей, якія не мяняюць масак. (Нейкія цяжкія закіды, а пра што?)

Дэп. Маркевіч у прамове ўжыў слова „шпалеры”. У зале — бачна — не разумеюць, што гэта. Трэба рускім языком гаварыць, шаноўны!

Дэп. І. Трусаў. Пытанні Шушкевічу: Ці падпісаў Станіслаў Станіслававіч Дагавор аб Калектыўнай бяспецы? Якую пазіцыю ў гэтым займае Прэзідыум? І нарэшце: калі вы былі шчырым? (Во дзе сапраўдная „вандэя”! Божа, як мы яшчэ далёка да беларускай Беларусі!)

Дэп. Казлоў. Выйшаў, каб пахваліць „Фемиду” — як найвыдатную ў Беларусі газету (не важна, што на мове другой краіны). Пафас выступлення: „Далоў Шушкевіча!” Абкладаюць Стася. Але ці толькі яго? Думаю пра выступленні на сесіі дэпутата І. Т. Увесь час адчуваю, што гэты беларус няйначай як вывучанік вядомага „северо-западника” І. Саланевіча. Умоўна, бо гэтага прозвішча ён, напэўна, і не чуў, тым больш яго шавіністычных опусаў не чытаў. З першых момантаў знаёмства мая інтуіцыя па адносінах да яго — у напружанні, у насцярожанасці. Цяпер ясна, чаму на плошчы крычаць „Шушкевича в от­ставку!”. У крыкуноў ёсць натхняльнікі і абаронцы. Вось і рашылі ўзяцца. Ужо ўзяліся.

Пытанне аб Камітэце Дзяржаўнай Бяспекі. Дакладчык — дэп. М. Грыб. Па дакладу разгарнуліся цікавыя спрэчкі.

Дэп. Станкевіч: Камітэт не павінен быць у веданні Прэзідыума ВС! Яго трэба неадкладна перадаць у веданне Савета Міністраў. І кропка. І ніякіх размоў! (З тым жа апломбам, як і заўсёды.) Дэп. Малашка: Усім ясна, дзеля чаго хочуць перападпарадкаваць Камітэт Саўміну. Для таго, каб запалучыць аператыўную сілу ў СМ і пазбавіць Вярхоўны Савет неабходнай інфармацыі. І ўсё ж рашылі прагаласаваць. Раптам выходзіць Лінг. І катэгарычна патрабуе: Перападпарадкаваць Камітэт Саўміну! Абавязкова! Не драбязіце функцый КДБ. Сачыць за дзейнасцю Савета Міністраў — гэта дробязь! Генерал Піскароў. Рашуча за перападпарадкаванне Саўміну. Нарэшце пачалі галасаваць. За тое, каб пакінуць, як ёсць — г. зн. за рэдакцыю Камісіі — 98 галасоў. Не прайшло. За перападпа­радкаванне Саўміну — 147. Таксама не прайшло. Але больш, і на многа, чым за рэдакцыю Камісіі Вярхоўнага Савета.

Пытанне аб Грамадскіх аб’яднаннях. Дакладчык — дэп. Вярцінскі. Даклад разумны, пераканаўчы. У Беларусі на сёння 420 грамадскіх аб’яднанняў, зарэгістраваных. (Ніколі не падумаў бы, што іх аж столькі! Во — актыўнасць грамадзян на свабодзе!) Так рэалізуюцца правы грамадзян на аб’яднанні. А ў зале — ніводнага пытання дакладчыку, ніводнай рэплікі, ніводнага выступлення! Значыць, ніякіх праблем няма. Прагаласавалі моўчкі. „За” — 178. Усяго! І ніякіх пярэчанняў не было — і не блаславілі. Дзіўны народ сабраўся ў зале ВС!

4 чэрвеня

У „Розным”. Дэп. Слямнёў — аб дыскусіі па Калектыўнай бяспецы. Тлумачыць талкова — у апраўданне Шушкевіча.

Дэп. Жураўлёў: падтрымлівае рашэнне ген. Казлоўскага аб звальненні з арміі афіцэра М. Статкевіча, б’е Шушкевіча за пазіцыю ў гэтым пытанні („Вас втяну­ли!”). Дэп. Гермянчук. Аб дамове наконт стратэгічных сіл. Калі пачаў гаварыць пра неадпаведнасць тэкстаў дамовы на беларускай і рускай мовах — у зале іранічна заа-яй-калі. Не зусім тактоўна зрабіў запыт Кебічу: „Калі не маеце — я вам дам свайго карэктара”. Не зусім тактоўна па форме, а па сутнасці — зусім справядліва: павінны ж быць у Саўміне людзі, якія дасканала валодаюць беларускай мовай — каб змястоўных, сэнсавых разыходжанняў у тэкстах не было. Дэп. Лябедзька: Чым праславіў Беларусь Карл Маркс, што яго імем на­звана вуліца, на якой знаходзіцца наш Вярхоўны Савет? Мінгарсавет павінен тэрмінова разгледзець гэта пытанне!

Пытанне аб справаздачы Нацыянальнага Банка. Дакладчык С. Багданкевіч: Калі мы не спынім інфляцыю — не выйдзем з крызісу. Нашы крэдыты павінны быць дарагімі — іначай тупік, і ніякіх ілюзій. Крэдытная палітыка павінна быць больш жорсткай. У камерцыйных банках рэсурсаў — 40 млрд. рублёў. Нацынальны Банк — не Сабес (Аддзел сацыяльнага забеспячэння). Да якога часу ён будзе іменна такім Сабесам? Не пераменім закон — наперадзе тупік і поўны крах эканомікі! Рост аплаты працы на 60 працэнтаў перавышае прадукцыйнасць працы! А ільготы? На ўсё — ільготы! Гэта ненармальна! Утварылі камісію па кантролю за дзейнасцю камерцыйных структур. Старшынёй Камісіі абралі дэп. Лукашэнку.

8 чэрвеня

У „Розным” дэп. Жук падняў пытанне аб будаўніцтве вакол Мінска і іншых гарадоў на захопленай зямлі катэджаў (дамоў, палацаў). Трэба перагледзець Зямельны кодэкс. Старшыні сельсаветаў робяць, што хочуць. Дэп. Заблоцкі: Рэформа не ідзе. Ёсць ілюзіі, што мы рэфармуемся. Законы не выконваюцца. Развал паглыбляецца. Спрэчкі па ўчарашнім дакладзе Багданкевіча. Дэп. Беленькі: Нацыянальны Банк самастойнай крэдытна-грашовай палітыкі не праводзіць, — як і ў 1991 годзе, аб чым тады адкрыта гаварыў Багданкевіч. Дэп. Лукашэнка крайне рэзка выказаўся пра падрыў эканомікі, пра нейкую незразумелую прыватызацыю. Затым — пра вайну між кіраўніцтвам Вярхоўнага Са­вета і Урадам. «„Ад Савета Міністраў пахне мерцвячынай”, — кажуць у Вярхоўным Савеце». (Шум у зале, крыкі: „Хто кажа? Назаві!”) Рэпліка Шушкевіча: „Чую першы раз! Першы раз! Як можна так безадказна гаварыць?” Дэп. Цялежнікаў: Мы думалі, нам удасца пераседзець і выйграць. Не ўдалося. Пераступілі рысу. Віна не Нацбанка. Вінавата наша эканамічная палітыка — крайне няўдалая. Трэба кардынальна змяніць падыходы — іначай к восені дамы не будуць ацяпляцца, заводы і фабрыкі масава стануць спыняцца. Трэба стымуляваць экспарт у Расію і гандаль з Расіяй. Трэба называць рэчы сваімі імёнамі. Сельскай гападарцы крэдыты выдаваць не бяздумна і не ўсім.

Перейти на страницу:
Вы автор?
Жалоба
Все книги на сайте размещаются его пользователями. Приносим свои глубочайшие извинения, если Ваша книга была опубликована без Вашего на то согласия.
Напишите нам, и мы в срочном порядке примем меры.
Комментарии / Отзывы
    Ничего не найдено.