Іван Пташнікаў - Не па дарозе Страница 4

Тут можно читать бесплатно Іван Пташнікаў - Не па дарозе. Жанр: Разная литература / Прочее, год -. Так же Вы можете читать полную версию (весь текст) онлайн без регистрации и SMS на сайте Knigogid (Книгогид) или прочесть краткое содержание, предисловие (аннотацию), описание и ознакомиться с отзывами (комментариями) о произведении.

Іван Пташнікаў - Не па дарозе читать онлайн бесплатно

Іван Пташнікаў - Не па дарозе - читать книгу онлайн бесплатно, автор Іван Пташнікаў

Вайцех, прыгнуўшыся, падкраўся амаль да іх: яго прыкрывалі мэндлікі, густа пастаўленыя па загоне, а стук важкай палкі па снопе скрадваў крокі.

Перад яго вачыма спяшаліся двое. Праўда, дзіцянё менш стукала палкай па снопе — спіцай з каляса, як здалося Вайцеху, — а згортвала ў кучку на разасланай пасцілцы распырсканае зерне. Затое спрытна малаціў стары мужчына: і палкай, і локцямі, і пальцамі, і каленьмі. Ен нават ухітраўся час-ад-часу перасыпаць зерне з далоні на далонь, зыдзьмухваючы мякіну і падносячы затым рукі да вачэй. У разоры каля іх (Вайцех заўважыў гэта крыху пазней) ляжаў мяшок — паўпудовая ношка.

Нейкі смех пачынаў разбіраць Вайцеха: рухі мужчыны былі такія нязграбныя, нібы гэта мядзведзь абіраў шалупіны зваранай бульбіны. Затое малы... О-о-о!.. Які ён быў спрытны! Ён спраўляўся і падносіць снапы, хоць яны былі і зацяжкія для яго, і адкідваць абабітыя ўбок, затым прыстаўляць іх да някранутых мэндлікаў, і нават ухітраўся жме­ням! або прыгаршчамі папаўняць ношку... Апошняе выходзіла ў яго найспрытней. Рабіў ён усё хутка і моўчкі: відаць, баяўся бацькі.

Вайцех паверыў, што перад ім спрактыкаваны злодзей з вывадкам, а не звычайны вясковы абібок. На душы чамусьці адразу стала крыўдна... Мусіць, за малое. Затым падскочыла шалёная злосць.

— Стой! Hi з месца, прокляць!..

Канец стрэльбы амаль даставаў да плячэй мужчыны. Абодва, як сядзелі, так і прыгнуліся да зямлі. Затым мужчына, не азіраючыся, у адно імгненне ўхапіў мех i, як воўк, скакануў з месца. Твару яго Вайцех не згледзеў.

— Та-а-а-та!.. — дзіка і пісклява разанула вуха і разнеслася ў магільнай цішы ночы.

«Тата» не адазваўся. Ён, мусіць, добра ведаў сынка. Сапраўды, той, як дзікая каза, выслізнуў амаль з-пад ног у Вайцеха і быў ужо наперадзе бацькі.

— Стой! Застрэлю! Стой!.. — загрымеў Вайцехаў прарэзлівы голас: стрэльба дрыжала i падскоквала.

— Стой!.. Поскудзі... Улажу!.. — з усіх ног рвануўся Вайцех. Але прышэльцы былі маладзейшыя, ды яшчэ спалох прыдаваў ім воўчыя ногі i спрыт.

Вайцеху спачатку здавалася, што ён дагоніць іх вось-вось... Але ўперадзе лес, i гэтыя двое ваўчаногія сваімі хапатлівымі рукамі хутка расхінуць кусты і знікнуць...

Вайцех прыпыніўся. Ствол стрэльбы пачаў хадзіць ад аднаго сілуэта да другога, спыняючыся то на большым, то на меншым. Нейкае пачуццё — чорт бы яго ўзяў! — сплюнуў Вайцех, — не давала сагнуць па­лец, што ляжаў на курку... Мусіць каб лес загарадзіў дарогу зладзеям, Вайцех ніколі б не рашыўся стрэліць.

Аднак, хутка яны, міраеды, што не даюць жыцця яму i калгасу, знікнуць з вачэй, застануцца жыць, адседзяцца і зноў прыдуць.

— Стой!.. Стой!.. Спыніся!..

Хлапчанё дабегла да кустоў і расплылося ў цемені, знікла. Дзесьці на канцы ствала ён улавіў чорную, сагнутую мужчынскую постаць. Аж два пальцы націснулі на куркі. Чырвоны язык полымя лізнуў цемень... Гулкі, перакацісты стрэл разлёгся па Жукаўшчыне.

Працяглае рэха пакацілася па лесе і доўга, са стогнам, адклікалася то з-пад луга, то з-пад вёскі. Карацей і драбней адказалі імшары з бярэзнікам.

Яшчэ гусцейшая цемра схавала ўсё ад вачэй.

Толькі там, дзе зніклі прышэльцы, шумеў лес і трашчала сучча. Затым стала ціха: відаць, тыя прыселі аддыхацца або выйшлі на дарогу.

Ад стрэлу звінела ў вушшу.

«Соль... чорт задзяры... — успомніў Вайцех і, пашкадаваўшы, сплюнуў пад ногі. — Не гэта трэба на такіх...»

Раззлаваны, ён шпарка пайшоў назад. На месцы «малацьбы» прыпыніўся, пастаяў, падумаў. Затым падняў з зямлі пасцілку і за рагі панёс яе да бліжэйшага мэндліка. Пастаяўшы яшчэ крыху ля снапоў, ён сеў на край разасланай на ржышчы пасцілкі і скруціў цыгарку. Запаліў сярнічку, прыкурыў. Асвечаны на момант васьмінітовы ўзор на пасцілцы сцебануў яму па вачах: такія васьмерыкі вайной ткала яго жонка. Ен спаліў яшчэ адну сярнічку, другую... Апусціўся на калені, разраўняў рагі пасцілкі.

— Я так і адчуваў, што гэта Андрэй... Дакаціўся, швагерка... I сын­ка яшчэ прывёў. Выгадаваў...

III

Андрэй сядзеў на дзяжы, ссутуліўшы свае шырачэзныя плечы і падтрымліваючы валасатымі рукамі ссунутыя з азадка штаны, ды бесперастанку вохкаў. Прыбегшы ноччу з Жукаўшчыны, ён адразу кінуўся ніцма на ложак, увесь час варушачыся і брыкаючы нагамі. Але дзе ты стрываеш ад колкага болю ніжэй паясніцы і ў клубах? I ён «мабілізаваў» жонку, якая, праклінаючы ўсё на свеце, усё ж такі злітавалася і адпусціла дзяжу для адмысловых лекаў. Не пабяжыш жа пазычаць ноччу пасудзіну да суседзяў, якім абавязкова трэба давесці, — што, для чаго і як... Хіба мог дазволіць гэта Андрэй, якому здавалася і цяпер, што за ім гнаўся вартаўнік аж да хаты ды зараз вось-вось адчыніць дзверы?.. Другая дзежка, што была ў хляве на вышках, рассохлася, а ў начоўках такую «працэдуру» вытрымаць было б няёмка: трэба, каб балючае месца не дакраналася да цвёрдага, бо тады боль соваў аж у мазгі.

А соль трэба было вымачыць, бо выкалупаць яе з-пад скуры ніяк не ўдавалася, хаця Вова, якому драпнула толькі па далоні, пачаў як было загадана, тыкаць шпількай у невялічкія ранкі, з якіх сачылася жаўтаватая вадзіца, але нічога не змог зрабіць: бацька падымаў крык. Жон­ку Андрэй у той час не падпускаў да сябе і блізка, хоць яна i памкнулася была «даць рады».

Хлопцу таксама зрабілі перавязку падолкам ад старой крамнай кашулі, i малы цяпер ляжаў на ложку і глядзеў, не міргаючы, у столь і слухаў вохканне бацькі.

— Вох... Ая-ёй... Ох... — з плюхканнем даносілася да Вовы.

«Лучыў жа, зараза, якраз... Ой, пячэ... Пярун бы яго!.. I хлопец ледзь уратаваўся...»

Яму прыпомнілася, як хлопец, дабегшы ўжо аж на загуменне, усё яшчэ крычаў: «Та-а-та!.. Пячэ... Та-та...» «Чаго ты равеш?! Усіх ваўкоў пазводзіш. Тут жа веска. Пачуюць... Заразы ты кавалак...» — сціснуўшы зубы ад болю, затыкаў ён тады сыну рот рукой.

«Дарэмна я на яго вызвяраўся... Яму ж далонь зрашаціла. А мне... Мэнка страшэнная... А заўтра ж i нарад вывесяць».

Андрэю тады здалося, што са стрэльбай да іх падкраўся не Вайцех, а сам старшыня. Ён так і драпануў. У страха вочы вялікія...

«Калі з Леснікоў гасла няма, значыць, гэта быў Вайцех. I маўчыць ён толькі таму, што распазнаў пасцілку...»

У гэтым Андрэй не памыляўся.

«Па-мойму, Вайцех не стане плявузгаць. А мо ён яе i не апазнаў? Не, такі ўсё выкапае...»

— Вой... А-ай... — сціснуў ён зубы. — Калі яна вымакне, соль гэта? Каб таму Вайцеху праклятаму жыцця век не было.

Укручаны агеньчык цьмяна свяціў у другім пакоі аж да дня. Яго цяжка было заўважыць з вуліцы праз завешаныя вокны, таму раніцою на вёсцы было ціха, — як паведаміла жонка. Яна сёння спецыяльна пазнен звычайнага пайшла чытаць нарад і даўжэй, чым у другія дні, затрымлівалася каля жанчын, якія, прагнаўшы ў поле скаціну, наперабой балабонілі пра вясковыя навіны.

Дзень прайшоў для Андрэя ў пакутах; ён праваляўся да вечара ў хляве на сене. Забалелі грудзі, цяжка было дыхаць, лежачы на жываце. Нават на бок не давала павярнуцца пухліна, якая ўзнікла за ноч на сцегняках.

«Нехта ж выдумаў, што можна соль з цела вымачыць... Мусіць, пакуль сама не растане i не выйдзе, нічога не паможа. Толькі сэрца не вытрывае датуль...»

Удзень яго ніхто не патрывожыў: відаць, і брыгадзіру было не да Андрзя, бо ён не прышоў даведацца, чаму той не выйшаў на работу. Хаця нічога страшнага: на вочы Андрэй яму не папаўся б, а ў хаце для чужога быў падрыхтаваны адказ — бацька ў доктара.

На ноч ён перайшоў у хату і ўкрыўся на ложку двума коўдрамі. Доўга соп, стагнаў і варочаўся. Заснуў толькі пад дзень.

Раніцой, прачнуўшыся і абмацаўшы рукамі балючае месца, ён зазначыў, што боль суцішыўся і пухліна пачала спадаць.

Адначасова з’явіўся і другі, можа яшчэ горшы боль: трывожна зашчымела сэрца.

«А што, калі Вайцех здурнеў і перадаў пасцілку старшыні?.. Яе недзе пазналі... Як выкруціцца? А можа яна і цяпер ляжыць там непрыкметна ля лесу ў разоры? Чаму я назаўтра не паслаў па яе хлопца? Але маглі і спецыяльна яе пакінуць, каб падкаравуліць і схапіць...» — Думкі паўзлі самыя трывожныя, але ясныя, як божы дзень, — кары тэты раз не мінуць. Адзін ратунак — надзея на швагра, калі той яшчэ не развязаў языка.

Трэба ляцець да яго як мага...

Вуліцай ісці ён баяўся і падыбаў на загуменне па сваім бульбоўніку, які быў яму па пахі. Адтуль ён падаўся ў лазу і выйшаў на лясную дарогу, што вяла праз Жукаўшчыну ў Леснікі, дзе жыў Вайцех.

За вострымі яловымі вершалінамі, здавалася, матлялася сонца, хаваючыся зрэдку за густыя сасновыя шапкі. Халадок, які стаяў у лесе, асвяжаў Андрэя, і ён забываўся пра боль, які напамінаў аб сабе, калі шморгаліся адна аб адну залубянелыя калошыны старых картовых штаноў.

Ішоў ён той самай дарогай, якой бег ноччу, i яму прыпомніліся ўсе ранейшыя падыходы да Жукаўшчыны...

«Відаць, каб не падвёў тады вечарам Сідарка, з ім бы можа б і лепш абмазгавалі... А што гэта піскляня, — падумаў ён пра сына, — магло зрабіць? Што яно яшчэ цяміць...»

Перейти на страницу:
Вы автор?
Жалоба
Все книги на сайте размещаются его пользователями. Приносим свои глубочайшие извинения, если Ваша книга была опубликована без Вашего на то согласия.
Напишите нам, и мы в срочном порядке примем меры.
Комментарии / Отзывы
    Ничего не найдено.