Алесь Марціновіч - Былое, але не думы Страница 40
Алесь Марціновіч - Былое, але не думы читать онлайн бесплатно
— Урач, дапамажыце, — залівалася слязьмі яго маладая жонка, — памірае...
— Перастань, — ціха абарваў яе мужчына. Па ўсім відаць, ён і сапраўды адчуваў сябе вельмі блага.
— Супакойцеся, — адказала ўрач і наблізілася да хворага.
Як толькі ўважліва зірнула на мужчыну, яе ногі падкасіліся: на канапе ляжаў яе муж.
— Ты? — міжвольна вырвалася ў яе.
— Дапамажы, — адзінае, што знайшоўся ён сказаць.
Яна дамагла. Не магла ж парушыць клятву Гіпакрата. Апроч таго ратавала не каго-небудзь чужога, а ўласнага мужа.
— Так што запомніце, — сумна закончыла сваю споведзь «масажыстка», — калі ў вас жонка ўрач, з хворым сэрцам да каханкі не хадзіце.
Канечне, пасля гэтага з мужам яны разышліся. Праўда, хутка разышоўся з гэтай «масажысткай» і я. Безумоўна, курс масажу, які я аплаціў, яна завяршыла. Аднак ужо калі я прайшоў палову яго, у мяне з’явілася насцярога, а ці так ужо неабходна мне гэтае лячэнне. Пасля таго з’явілася, калі ўрач параіла:
— Вельмі забаліць сэрца, можна месца, дзе яно знаходзіцца, памазаць мачой.
Я прамаўчаў, але ніякага жадання займацца урынатэрапіяй у мяне не было.
А яшчэ падумалася, што, магчыма, нейкую не такую тэрапію яна праводзіла і са сваім першым мужам, таму і пачаў шукаць любоўную ўцеху па-за межамі свайго дома. Ды ў рэшце рэшт — гэта іх асабістая справа. Тым не менш, калі маеш жонку-ўрача, лепей да каханак не хадзіць. Асабліва калі ў цябе хворае сэрца. На ўсялякі выпадак трэба берагчы сябе. Ад разводу!
Усё, што ні адбываецца, к лепшаму
Не памятаю, хто гэта і сказаў. Магчыма, і народная мудрасць. Сутнасць жа заключаецца ў тым: да трыццаці гадоў чалавек ўсё ўспрымае сэрцам, а пасля трыццаці — розумам. У тым сэнсе, што ў маладым узросце стаўленне да тых ці іншых падзей больш эмацыянальнае, а часам і катэгарычнае. Калі ж гаворка заходзіць пра пэўныя ацэнкі, то яны часам празмерна крытычныя, без уліку канкрэтных рэалій. Дый то з’яўляюцца па прынцыпе: кураня курыцу вучыць. Дарэчы, ці не найбольш характэрны прыклад тое, як ставіліся некалі некаторыя «маладнякоўцы» да сваіх папярэднікаў. Іхні тэзіс «у рожкі са старымі» нічога добрага не даў. Відавочна хіба толькі адно: зробленае ў літаратуры «старымі» і сёння яе залаты фонд, а многія «маладыя» так і нічога не пакінулі пасля сябе. На жаль, не ўсе ўрокі засвойваюцца наступнікамі. Гэта назіраецца і сёння, калі многія маладыя літаратары, нічога па сутнасці не напісаўшы, гатовы адхіліць ці не ўсю савецкую літаратуру, што з упартай паслядоўнасцю і робяць. Самі ж далей звычайных практыкаванняў не ідуць, не прамінаючы паднесці гэта як новую літаратуру.
Успомнілася гэта мне з такой нагоды. Калі я пісаў дыпломную работу, то выбраў наступную тэму: «Публіцыстыка Янкі Купалы». А паколькі мне на той час было ўсяго няпоўных дваццаць тры, то і ўспрыняў публіцыстыку народнага песняра не розумам. А пры падобным стаўленні лёгка і крытычных захадаў зрабіць. Чым я і не прамінуў пакарыстацца, таму і выказаў шаноўнаму Івану Дамінікавічу пэўныя заўвагі. Зразумела, не істотныя, але тады мне яны здаваліся значнымі. Гэта, канечне, было належным чынам ацэнена, таму і атрымаў не пяцёрку, а чацвёрку.
Ды з мяне дастаткова было і чацвёркі. Г алоўнае, што яна сумленна заробленая. Сёння ж. Сёння мне ніякавата, што замахнуўся на самога Купалу. Але гэта сёння, калі ўсё стараюся ўспрымаць розумам. Розумам — цяжэй, сэрцам — лягчэй.
Дзеля чаго я гэта ўспомніў? Цягам часу наша стаўленне да таго, што было — і ўвогуле ў жыцці, а тым больш у тваім асабістым, мяняецца. Але дазволю сабе паўтарыцца, бо гэты момант я часткова закранаў ужо ў пачатку сваёй споведзі, недаравальна цягам часу старацца падаць сябе з лепшага боку. Да гэтага я, думаю чытач заўважыў, не імкнуўся. Больш за тое, у нечым магчыма і празмерна «раскрыўся». Аднак уносіць хоць якія-небудзь купюры ніякага жадання няма. Дый я ў тым ужо ўзросце, калі няма сэнсу штосьці хаваць, а трэба ўжо думаць пра вечнае, а ўжо ў самой вечнасці разбяруцца, ці правільна жыў, ці тое рабіў, што трэба.
Дарэчы, у кнізе Юрыя Бондарава «Мгновения», якую я ўжо згадваў двойчы, ёсць і развагі пра тое, як шмат у свеце загадкавага і невытлумачальнага. Над гэтым асабліва задумваецца той, да каго нечаканага падкрадваецца страшная хвароба. Як і кожны на ягоным месцы, ён абдумвае перажытае. Не можа не думаць і над тым, як шмат у свеце несправядлівасці. Не ў глабальным, канечне, маштабе, тут і так усё зразумела. Дый калі тваё ўласнае жыццё вісіць па сутнасці на валаску, зусім не да высокіх матэрый. Праводзячы ў пакутлівым роздуме не тое што гадзіны, а дні і ночы, ён паступова прыходзіць да высновы, што, бадай, лёс кожнага чалавека загадзя прадвызначаны і, хочаш таго ці не хочаш, а хутчэй за ўсё пражывеш роўна столькі, колькі табе адведзена. Пра гэта і навела Ю. Бондарава «Но все-таки...» Дазволю сабе прывесці яе цалкам:
«Наверное, где-то там, в бесконечности, есть свой список, и ежедневно некая рука с усталой небрежностью ставит крестик или галочку напротив какого-либо имени — и тот, кто носил это имя на грешной земле, покидает ее в срок намеченный.
В выборе этом почасту нет благоразумного, логического порядка и нет верховной справедливости (так нам кажется), и мы говорим о неисповедимых путях, о високосном роковом годе, прошедшем с косой по знакомым и близким нашим, по совсем молодым людям, а слова «инфаркт» и «рак» стали уже эмоционально равнозначны понятиям «война» и «смерть».
Раз мой приятель, вернувшись из больницы и идя со мной вечером из ресторана по теплой весенней улице, сказал:
— Если зажечь над окнами всех смертельно больных всего мира красные лампочки, нас потрясла бы эта страшная иллюминация на большой земле!..
Но все-таки... все-таки если там, в запредельных списках, норма справедливости, не перепутываются ли эти списки кем-то с мстительной, пугающей людей злорадностью, не опахивает ли их черное, казнящее крыло, лукавя, обдавая вне очереди обреченные имена запахом жженой горечи?
Или, может быть, истина в сердцевине закона кажущегося равновесия? Это выше понимания разума человеческого. И здесь нет ответа».
Адказу і сапраўды няма. Правільней, у кожнага свой адказ. Над гэтым асабліва задумваешся, калі сам апынаешся перад выбарам: быць ці не быць. У такое становішча я трапіў, толькі паспеўшы размяняць свой шосты дзясятак. Калі хуткая везла ў дзявятую клінічную бальніцу, спачатку здавалася, што нічога страшнага няма. Занепакоіўся пасля таго, як адразу трапіў у рэанімацыю. Дый то не адразу, бо, як даведаваўся пазней, нам давалі ўколы, якія не толькі боль здымалі, а, як бы лепей сказаць, трывогу.
Дый, аказваецца, у такія палаты медсясцёр бяруць як на падбор: усе маладыя, прыгожыя. Для таго, каб у іхняй прысутнасці хворыя адчувалі сябе камфортна. Паколькі ж праца ў рэанімацыйных палатах цяжкая, то праз некалькі гадоў медперсанал мяняюць. Я так і не прывык называць іх медсёстрамі, ці сёстрамі. Звычайна звяртаўся «девушка». Тая ці іншая «девушка» папраўляла мяне, казала, што я няправільна звяртаюся. Ды як жа іначай звяртацца, калі «девушки» на заглядзенне, а то і на выданне. Канечне, не для нас, у каго аказаўся інфаркт.
Зноў жа і наконт дыягназу ашчаджалі нас. Ужо ўрачы. Спачатку ўсёй праўды не казалі. Таму і я быў упэўнены, што ў мяне, як і ў іншых, усяго мікраінфаркт. Што нешта не так, западозрыў толькі пасля таго, калі некаторых з такім самым дыягназам перавялі ў звычайныя палаты, а мяне працягвалі ўтрымліваць у рэанімацыі. Іначай і нельга было, бо ў мяне быў складаны інфаркт. Паруску кажучы, «обширный». Але тады, наколькі гэта складана, не думалася. Паглядзіш на адну медсястру, на другую... Прабачце, на адну «девушку», на другую — і адразу хораша становіцца на збалелым сэрцы.
Трывога з’явілася пасля таго, як падчас знаходжання ў звычайнай палаце, мне забаранілі хадзіць у сталовую, а ежу прыносіла санітарка. Дый прагулкі па доўгіх калідорах — у дзявятай яны такія, хоць на веласіпедзе катайся — вельмі стамлялі, а то і заканчваліся болямі ў сэрцы. Пра тое, каб выйсці на вуліцу і гаворкі не ішло. Але канчаткова, наколькі ўсё сур’ёзна, я ўпэўніўся, калі мяне адпраўлялі ў санаторый.
Цяпер гэта «Беларусачка» паблізу Ждановіч. На той жа час ён, здаецца, называўся «Беларусь» і ў ім абавязкова (бясплатна) лячылі ўсіх, хто перанёс інфаркт. За выключэннем, аднак, пенсіянераў. Маўляў, яны і так непрацазольныя. Паколькі мне тады да пенсіі было далекавата, то я не надта задумваўся над падобнай сацыяльнай несправядлівасцю.
Дык вось зайшла ў палату медсястра і сказала, каб складваў свае рэчы ў пакет. А якія маглі ў мяне быць рэчы? Зубная паста, шчотка, мыла. Ды яшчэ лёгкая куртка. Склаў я ўсё гэта ў пакет, а медсястра:
— Я панясу. Вам нельга.
— Што вы, — запярэчыў я. — Сам...
Яна нічога не адказала. Я і не здагадваўся, якую непасільную ношу ўзяў на сябе. Едучы ў ліфце, яшчэ неяк трымаў гэты пакет, але калі выходзіў з вестыбюля да «рафіка», то ледзь не хістаўся. Праўда, сядаючы ў яго, яшчэ паспрабаваў кінуць медсястры нейкі двухсэнсоўны камплімент, ад якога яна ўсміхнулася, а малады вадзіцель паглядзеў на мяне так, што ў позірку гэтым прачытвалася: а ты, бацька, упэўнены, што выкарабкаешся?
Жалоба
Напишите нам, и мы в срочном порядке примем меры.