Юры Станкевіч - Брамнік заўжды самотны Страница 5
Юры Станкевіч - Брамнік заўжды самотны читать онлайн бесплатно
Максім правёў дзяўчыну да пад’езда, хацеў адразу пайсці да цёткі, але Юля павяла яго з сабой.
— Што здарылася? — убачыўшы Максімаў твар з набухлым вокам, устрывожана запыталася Юліна маці. Выйшаў са свайго пакойчыка і Кірыл.
— Няслаба падмаладзілі, — адно пракаментаваў ён.
Максіму зрабілі халодны кампрэс. Ён пасядзеў крыху і хутка развітаўся.
Начаваць ён пайшоў да цёткі. Пабачыўшы яго твар, цётка Люба ахнула і замітусілася: прапанавала нейкія лекі, знайшла і прыклала да вока бадзягу, каб хутчэй сышла гематома.
— А галава не баліць? Можа, да лекара варта звярнуцца?
Максім, як мог, супакоіў жанчыну. Давялося коратка расказаць ёй пра тое, што з ім здарылася.
— Ну, няхай, — урэшце згадзілася тая. — Такая ўжо ваша мужчынская доля: бараніць свой дом, жанчыну, сям’ю.
Раніцай Максім сабраўся, пацалаваў цётку Любу і заспяшаўся на аўтавакзал.
Праз тыдзень ён ужо ўладкаваўся на новым месцы, у інтэрнаце спартыўнага профілю. Пачалося новае жыццё. Многае ў ім яму спадабалася: цікавыя, прафесійныя трэніроўкі, жорсткі распарадак дня, зусім па-іншаму, больш цікава і мэтаскіравана праходзілі і заняткі ў школе.
Усё радзей і радзей даводзілася сустракацца з Юляй. На гэта ён звычайна скарыстоўваў напоўніцу адзіны выхадны дзень. Аднойчы дзяўчына сама прыехала да яго. Максім паказаў ёй інтэрнат, месца, дзе жыў, стадыён. На развітанне Юля моцна пацалавала яго і адразу заспяшалася на аўтобус.
Неасэнсаваная трывога і сум пасяліліся ў Максімавай душы. І зноў усё часцей яго ахоплівала пачуццё адзіноты. Прадчуваў, што наперадзе чакаюць вялікія, але пакуль яшчэ не зусім для яго акрэсленыя змены.
«Гранд» стадыён. Францыя. Ліон
Перапынак Палыч выкарыстаў творча і ад пачатку да канца. Намаляваў на планшэце некалькі імклівых схем з камбінацыямі, заклікаў не аддаваць сярэдзіны поля, ні ў якім разе не «правальвацца» ў абароне, як здарылася ў першым тайме, і лавіць саперніка на контратацы. Так — яны на чужой «паляне», але вырваць перамогу, і тым больш нічыю, цалкам рэальна. Мы чаго сюды ехалі — апынуцца ў якасці «дрэў»? І ўжо на выхадзе спытаў Максіма:
— Ну, як, не прапусціш?
А ў самога задрыжаў голас, і толькі ласкава падштурхнуў таго ў спіну рукой:
— Зрабі, што здолееш!
І адразу пачалося сапраўднае пекла. Стадыён кіпеў незадаволеным гулам. Ліонцы, нібы машына, якой дадалі хуткасці, хваля за хваляй накатваліся на вароты. Настырныя цёмнаскурыя крайнія, атакі якіх пачынаў усё той жа плэймейкер Бурэ (не забіў пенальці і таму быў вельмі раз’юшаны), раз-пораз небяспечна забягалі ў штрафную і толькі іх паспешлівасць, ігнараванне вугла абстрэлу і рэакцыя яго, брамніка, зноў і зноў выцягвалі пагражальную сітуацыю. Гол наспяваў, усе гэта адчувалі, але... але, яго не было.
Дабавілася працы лайнсманам, бо абаронцы гублялі сілы і пачалі рызыкоўна ствараць штучныя афсайды. Урэшце нехта з суддзяў непазбежна затрымаўся з адмашкай, і варатар Максім Гудаў зноў аказаўся адзін на адзін з нападаючым сапернікаў. І зноў на нейкае імгненне пачуццё адзіноты ахапіла яго, калі раптам убачыў, што бекі «праваліліся», а прама па цэнтру ў штрафную ўрываецца цёмнаскуры паўабаронца сапернікаў Мбвана і ніхто са сваіх бекаў ужо не здолее яго спыніць. Кароткія, ліхаманкавыя думкі прабеглі ў галаве Максіма. Самае важнае ў такі момант для галкіпера — гэта з хуткасцю камп’ютара перабраць усе варыянты далейшага, угадаць накірунак удару, бо выскачыць на перахват ён ужо не паспяваў, і не даць падмануць сябе абвадным фінтом, на якія быў асабліва здольны цёмнаскуры хаўбек, што ён ужо ведаў з папярэдняга прагляду відэазапісу.
Між тым Мбвана, які апынуўся метрах у пяці ад варот, нахіліў корпус улева, а ён, безумоўна, быў «праўша», і, значыць, будзе біць правай нагой, па ўсім бачна — «шчоткай». Вось яго нага ўжо заносіцца для ўдару, і накірунак палёту мяча і яго будучая траекторыя склаліся ў галаве Максіма ў адно. І адразу мозг аддаў загад мышцам і целу, якое ва ўсю даўжыню з усёй магчымай хуткасцю распласталася над зямлёй, закрываючы сабой той адзіна магчымы сектар перад варотамі для трапнага выніку.
Удар! Мяч, нібы выштурхнуты з гарматы, сутыкнуўся з яго целам і — зрыкашэціў у бок, дзе яго падхапіў Жэня Жалкевіч і, ад граху, выбіў доўгай «свечкай» далей ад сваіх варот.
Стадыён незадаволена ахнуў і загудзеў.
Сэйв! Яшчэ адзін сэйв! І ён перамог. Максім убачыў, як у роспачы паваліўся на зямлю проста перад ім Мбвана і біў яе кулаком. А пасля падняўся і закрычаў, звяртаючыся да Бурэ:
— Ты бачыў, што ён зрабіў?! Не — ты бачыў?
Максім крыху разумеў французскую — вучыў у школе, і таму разабраў.
Чаму так заўсёды марудна цягнецца час? — думаў ён. — Колькі там да фінальнага свістка? Хутчэй бы. Як гуляюць у гэтыя ж хвіліны ў групе? Ці дастаткова нам будзе нічыёй, якую яшчэ трэба неяк выпакутаваць, вырваць у гаспадароў пляцоўкі? Постаць Палыча мітусліва мільгала за броўкай. Ён павінен быў ужо ведаць папярэднія вынікі групавых першых таймаў? Павінен ці не?
Мяч, між тым, доўгі час не пакідаў сярэдзіны поля. Са сваёй штрафной Максім нервова назіраў, як адчайна змагаліся за яго паўабаронцы, урэшце адабралі, адпасавалі назад бекам, а тыя ўжо яму — усё правільна, цяпер важна збіць тэмп, пацягнуць час. Як там пачувае сябе «асноўнік» — Сяргей Румаш, у якога, пра што коратка паведаміў у раздзявалцы трэнер, верагодны пералом рабра. Што ж, у галкіпераў такія траўмы не рэдкасць. Знакаміты варатар Чэх увогуле пасля аперацыі гуляе ў спецыяльным шлеме на галаве.
Максім паволі зрабіў разбег і выбіў мяч як мага далей — больш цягнуць час не выпадала, бо пунктуальны Стайлз мог адразу сунуць у нос «гарчычнік».
Годам раней
У нядзелю Максім прачнуўся рана, бо з вечара ўключыў будзільнік на мабільным тэлефоне. Апрануўся ў лепшае і паехаў на аўтавакзал, узяў білет на маршрутны аўтобус. З сабой вёз падарункі цётцы Любе (атрымаў грошы за зборы і першыя выступленні за юнацкую каманду краіны) і ў кішэні — чырвоную аксамітавую каробачку, у якой ляжаў заручальны пярцёнак для Юлі.
Дзяўчына сустрэла яго на плошчы. Паводзіла сябе даволі дзіўнавата. Выйшла з цёмна-сіняй «мазды», скіравала да камерцыйнага шапіка, азірнулася, памахала рукой вадзіцелю іншамаркі, якая адразу і ад’ехала. Толькі тады заспяшалася да яго.
Юля была ў шыкоўным летнім строі, высокая, смуглявая — паспела загарэць на чэрвеньскім сонцы. Яна днямі, таксама як і Максім, скончыла школу. Месяцы два яны ўвогуле не бачыліся, і Максім быў цяпер вельмі рады і ўсхваляваны. Нават не спытаў, хто яе падвозіў.
Дзяўчына стрымана пацалавала яго.
— Ну ты і расцеш, — сказала, белазуба ўсміхаючыся.
Сапраўды, юнак, які стаяў перад ёй, ужо пераваліў за сто дзевяноста сантыметраў, раздаўся ў плячах, узмацнеў.
— Хто гэта цябе сюды прывёз? — раптам адразу ўспомніў Максім.
— Ды так, адзін знаёмы. Праехалі, як кажуць. І дадала рассеяна:
— Куды мы зараз? Што прапануеш?
— А пайшлі ў кавярню. Памятаеш, дзе мы пабіліся з гопнікамі?
— Ну, а што — прыкольна. Пайшлі.
У кавярні мала што змянілася. Працаваў музычны аўтамат. Гучала папса. Яны выбралі столік, незнаёмая маладая афіцыянтка прыбегла з меню, круцілася побач, назвала Максіма «дарагім госцем».
— Што гэта яна? Запала на цябе? — здзівілася Юля. — Хоць што тут дзіўнага? Ты — відны. Дзеўкі цябе любяць.
— Мяне пазнаюць. Заўзятары. Паўсюль цікавяцца футболам. Але чакай, вось. — Максім выцягнуў з кішэні аксамітавую каробачку, пасунуў да дзяўчыны.
— Табе.
Юля марудна раскрыла яе, выцягнула пярсцёнак.
— Ты сур’ёзна — Максім? — яна чамусьці разгубілася, нават пабляднеў твар.
— Больш чым. Прапаную табе разам з гэтым сімвалам сваё сэрца. Як ты — згодная?
— Дзякуй. Я расчулена. Але, але... з’явіліся новыя абставіны.
— І што за яны, Юля? — праз паўзу спытаў Максім. Ён ужо зразумеў: нешта пайшло не так, як варта было. Быццам падзьмуў халодны паўночны вецер. Даўняе пачуццё самоты на кароткі момант ахапіла яго.
— Паслухай, Максім, — мне думаецца, ты варты нечага большага. Ну, чым гэты твой футбол цябе ачмурыў? Вядома, ты становішся папулярны, нават мясцовыя гопнікі цябе ведаюць і быццам паважаюць, але ў свеце столькі магчымасцей. Няўжо табе так важна, што тысячы няўдачнікаў на стадыёне — ты толькі паглядзі на іх твары буйным планам — будуць, як кажуць «ташчыцца» ад таго, што ты ўдала зловіш нейкі мячык, ці адаб’еш яго? Ты мог бы стаць якім адвакатам, урачом, акцёрам, спеваком, мала кім яшчэ.
— Па-твойму, які-небудзь выскаляка на сцэне робіць для людзей больш? Я не ўпэўнены. І потым, футбол — маё прызванне. Тут ужо нічога не перагледзіш. Я сам захацеў гэтага.
— І твой анёл, які назваўся Херувімам, адобрыў? Так?
— Так.
— І ты верыш у такую лухту?
— Я толькі выказаў жаданне. А ён дапамагае яго здзейсніць. Я буду вялікім галкіперам. Можа, нават такім, як Чылаверт.
Жалоба
Напишите нам, и мы в срочном порядке примем меры.