Барыс Пятровіч - Экспрэс, альбо Няспраўджанасьць адзіноты Страница 6
Барыс Пятровіч - Экспрэс, альбо Няспраўджанасьць адзіноты читать онлайн бесплатно
Жыцьцё называюць цыркам. Але цырк жыцьцём – не адважваюцца.
Чалавека называюць клоўнам. А клоўна чалавекам? Гэта маецца на ўвазе, падразумяваецца...
Стаху здавалася, што няма абмежаваньняў на прафесію. І добры клоўн можа стаць добрым прэзідэнтам.
Але ж кепскі – ніколі. Затое кепскі прэзідэнт можа быць добрым клоўнам. А добры – ніколі.
Добры клоўн заўсёды сярод сяброў. А як адзінока кепскаму прэзідэнту! Вакол яго тысячы людзей, якія ўмеюць зазіраць у рот, выконваць любую прыхамаць, а яму – хрэнова, а яму – адзінока...
І тады ён бярэ гармонік, зачыняецца ў сваім вялізным кабінеце, грае і сьпявае ў самотным адчаі на поўны голас...
6a.
Летам, між дзевятым і дзясятым класам, Стах упершыню ўсур’ёз правёў дзяўчыну дахаты. І потым з месяц “хадзіў” з ёю. Так гэта называлася: “Ты з кім ходзіш?”, а не “сябруеш”... Амаль месяц, пакуль бабулі. Дзяўчына была старэйшаю за яго і ўжо вучылася ў нейкай вучэльні, але драбнейшаю: і станам, і ростам Стах выглядаў куды сталей і за ейных гарадзкіх аднакурсьнікаў-шчаўлікаў.
Увогуле Стаху было цяжкавата знаёміцца з дзяўчатамі. Бо нейкім невясковым ён быў. Ненармальным. Бо які ж звычайны вясковец будзе цэлы вечар дзяўчыне пра зоркі расказваць і рукамі, замест таго, каб абдымаць яе, паказваць, дзе абедзьве Мядзьведзіцы, а дзе Касіяпея... Гэта ён потым зразумеў, што хоць жанчыны і любяць вушамі, але чуць яны хочуць іншае, і ягоная “эрудыцыя” і “выхаванасьць” павінны быць пастаўленыя на службу пэўным намерам. Яму трэ было быць “простым” вясковым хлопцам і не “выпендрывацца” нават на першым курсе, а ня тое што ў вёсцы...
Стах бачыў, што гарадзкія дзяўчаты выбіраюць не па розуму, а наадварот: чым нахабней і дурней хлопец, чым хутчэй ён пачынае “распускаць” рукі, тым болей у яго шанцаў. Ён бачыў, што яны ня “дуры набітыя”, аднак з большым захапленьнем слухалі хлусьню чарговага Сёмкі, які пахваляўся тым, як учора на трактары ганяў перапалоханых курэй ды гусей у суседняй вёсцы, а аднаму гусю праехаў проста па даўжэзнай шыі. Пры гэтым Сёмка стараўся размаўляць па-расейску, хоць сам у сваім пэтэвэ толькі “да” і “нет” казаць навучыўся.
Стах жа ніколі, прынцыпова, не “ламаў” язык перад дзеўкамі, заўсёды размаўляў па-свойму, хоць расейскую мову ведаў дасканала, прынамсі, калі летам езьдзіў да дзядзькі ў Карэлію, там у яго акцэнту і не заўважалі... Стах рос у той час, калі ў беларускіх вёсках жанчын яшчэ паважалі і шанавалі, узьвялічвалі і аддавалі ім першынства. Але часы мяняліся і мяняліся проста на ягоных вачах. І вінаватымі ў тых зьменах былі і самі жанчыны, якія жадалі быць (здавацца?) больш незалежнымі. Стах бачыў, што ў Сёмкавых аповедах самае цікавае дзяўчатам было тое, што ён пры гэтым рукамі сваімі лазіў усюды, дзе можна і няможна...
Стах жа, нават калі заставаўся з дзяўчынаю сам-насам, баяўся абняць яе, а ня тое што пацалаваць.
Тую дзяўчыну, пэтэвэшніцу, звалі Ірка... Таксама, дарэчы, Іра. Бывае ж такое, што па жыцьці суправаджаюць жанчыны з адным і тым жа імем. (Гэта потым яго вучыў старшакурсьнік-клоўн, што каханку трэ выбіраць з імем жонкі: тады ў ложку не памылішся...) Ірка мужна, штовечар, выхадзіла з ім колькі тыдняў – самае большае за руку патрымацца ды ў вочы пазазіраць – слухаючы расповяды пра зоркі, пра цікавосткі жыцьця вясковага, пра сьмешныя выпадкі са Стахавага такога кароткага вопыту... і нарэшце не вытрывала і сказала яму пры разьвітаньні: “Ты мне падабаешся...” Для яго гэта было нечакана, але не зьдзівіла: а як жа іначай, калі яны столькі часу “ходзяць”... І яна яму таксама падабаецца... Яны стаялі каля падворку яе бабулі, і ён моўчкі лыпаў на Ірку, не выпускаючы ейныя рукі, сьціскаючы іх усё мацней і мацней. І тады яна вызваліла рукі, прыгарнула яго да сябе і пацалавала. Лёгка, аднымі сухімі вуснамі. У цішыні пачулася: “Па-а-а...” – чмокнулі яе губы... Цалуючы, Ірка ўкалола-кранулася яго пругкімі ў станіку ўзгоркамі сваіх грудзей, і ён ледзь не самлеў ад гэтага дотыку. А яна прашаптала: “Бывай...”, і пабегла дамоў.
6б.
Такім чынам, яна назвалася Ірай. Ён – Стахам (“Якое незвычайнае імя!” – Караткевіча, відаць, не чытала). Яна ехала праведаць бабулю, у якой некалі жыла кожнае лета. Вёска яе была далекавата ад ягонай – у іншым раёне. І бачыцца яны раней ніяк не маглі. Праводзіў яе жаніх, з якім яна заручылася і ў ліпені будзе вясельле. Іра і сапраўды студэнт-ка – перайшла на апошні курс. Вучыцца ня любіць. Лічыць, што ўся кар’ера для жанчыны – удала выйсьці замуж. Разумна. Выгадна. Будучы муж – сын дыпламата і сам стане дыпламатам... Стах слухаў яе і адразу забываў, што яна кажа, бо словы цяпер нічога ня значылі. Ён не заўважыў, як яе рукі апынуліся ў ягоных. Ён трымаў іх – маленькія, кволыя, цёплыя – і ня мог натрымацца. Ён кахаў яе – так, кахаў, хіба для гэтага трэба шмат часу? – гэтую чужую жанчыну. Ён пакахаў яе з першага погляду, яшчэ там, на пероне, калі праходзіў паўз іх з хлопцам у аўтобус. Ён тапіўся цяпер у ейных бліскучых, вільготных, вялікіх вачах, у якіх прабягала сьвятло рэдкіх сустрэчных. Стах паднёс яе рукі да вуснаў і пацалаваў. Ён дзівіўся сабе: раней ніколі ня змог бы адважыцца на такую сьмеласьць. Іра дрогнула – страпянулася так тонка, быццам нябачная хваля прабегла па ейным целе – але рукі не забірала. І Стах адчуў сябе зусім хлопчыкам у параўнаньні з гэтай жанчынай, з гэтай ільвіцай, якая ў любы момант можа яго разарваць на кавалкі, можа ўзьняць, узвысіць, а можа апусьціць, выкінуць, зруйнаваць, зьнішчыць... Стах разумеў, што і яна гэта ведае, што ягоны лёс, ягоная будучыня цяпер у гэтых маленькіх руках, якія ён трымае ў сваіх. Яна ўжо адчула, што можа дыктаваць яму ўмовы, і ёй гэта спадабалася: чаму б не пагуляцца з нявопытным шчанючком... Ноч, глухая ноч. Іх двое. Ён хваравіта гарыць, палае. Людзі вакол для яе – ня больш чым манекены, антураж, ён жа іх увогуле не заўважае. Мілы, наіўны вясковы хлапчук, які, напэўна, у жыцьці яшчэ нічога ня бачыў, толькі што вырваўся ў сьвет са сваёй вёсачкі... Чаму б не завесьці яго... Тым больш, што ноч, сумна і спаць ня хочацца, тым больш, што ў любы момант гульню гэтую можна перапыніць...
Стаха прываражыла гэтая жанчына, як ніхто раней, ён не валодаў сабою, ня мог спыніць сябе, нібыта і сапраўды прыйшоў ягоны час. Яна была так блізка і здавалася такой даступнай. Яму хацелася большага і большага... Ён закахана глядзеў у яе вочы, і яна разумела, што гэта не акцёрства, не гульня, што гэта шчыра, што і ў яе, мусіць, такога яшчэ не было і наўрад ці калі будзе... І яна таксама моўчкі, крыху стомлена, пазірала ў ягоныя вочы, якія глядзелі шырока-шырока... Крыху стомлена глядзела, але быццам бы дазваляльна-заахвочвальна... Прынамсі, яе бліжэй, адчуў ейнае цела – яно зноў страпянулася, затрымцела, чуйна напялася, як леска, калі рыбіна кратае нажыўку... Вочы яе яшчэ больш заблішчэлі, пакрыліся туманам... Пажадай? Жаданьнем? Прагай?.. Стах ня думаў пра гэта. Ён думаў толькі: “Якая ж ты прыгожая, Ірынка...”, і праз паўзу: “Як жа я цябе хачу...”
Іра раптам адабрала ў яго свае рукі, адсунулася на край крэсла, грубавата адштурхнула ад сябе – і настойліва, працяжна, бы зьмяя ў мульціку, прашаптала: “Сьпі-і-і!” Стах не зьдзівіўся гэтай нечаканай перамене. Са свайго невялікага вопыту ён ведаў ужо, што гэта своеасаблівая лакмусавая паперка: праверка мужчыны на трываласьць, што гэта і ёсьць дазвол жанчыны ісьці далей, пераступаць мяжу... Ён пяшчотна абхапіў яе галаву, прыцягнуў да сябе і пацалаваў гарачымі вуснамі ў шчаку, у вусны, у шчаку, у вушка, вушка, вушка... Прагна, па-даросламу, як не цалаваў яшчэ нікога.
— Сьпі-і, сьпі-і, — шаптала яна, і дыханьне яе зьбівалася, — сьпі-і..., — бо вусны ня слухаліся яе і лавілі ягоныя, — сьпі-і..., — і грудзі шалёна, адчайна ўздымаліся, — сьпі-і...
6в.
Асалода – гэта самападман.
І каханьне – самападман.
Любое імкненьне шукаць асалоду – хвароба. Але любое імкненьне атрымаць асалоду ёсьць нармальная зьява, незалежна ад таго, якім чынам гэтая асалода даецца. Няма нічога забароненага. Як можна забараніць тое, ад чаго чалавеку добра? Галоўнае, каб пры гэтым было добра кожнаму паасобку і ўсім разам. І ніякога гвалту. Ні над кім. Ніколі. Усё толькі па згодзе.
І тады любыя спосабы і любыя варыянты атрыманьня асалоды мажлівыя. Рознаполыя, аднаполыя, калектыўныя...
Толькі – ні кроплі прымусу, зьдзеку, гвалту, падману, хітрыкаў. Усё па добрай згодзе: “Табе “калясо” і мне “калясо”...
Вам добра? Ну дык – “упярод”.
Стаха ж цікавілі выключна жанчыны. Яго задавальняў толькі адзін варыянт: мужчына+жанчына. Ён шукаў яго. І гэта было адзінае, што жыцьцё магло супрацьпаставіць ягонай самоце. Жанчына не давала яму быць адным. Адзіным – так, але не адным... Жанчыны – вось што ўрэшце рэшт разьбіла ягонае ўяўленьне пра адзіноту. Пакуль ёсьць жанчыны – ён не самотны...
І цягнецца адная адзінота да другой. І разам ім добра.
Жанчыне добра – пакуль добра, пакуль ідзе “працэс трэньня”. Мужчыну добра – пакуль ня выштурхне з сябе семя. Жанчына схопіць імпульс звышдобрага і зноў вяртаецца да ранейшага – да проста добра. І так да бясконцасьці. І ў любы момант гэтай даброты яна можа адпіхнуць мужчыну, устаць, абцягнуць спаднічку, паправіць прычоску, падфарбаваць вусны, і як ні ў чым ні бывала сысьці... Жанчына можа не заўважыць “разрыву”, перайсьці ад стану трэньня да стану спакою амаль імгненна. Гэтаксама лёгка яна можа падняць спаднічку, растуліць ногі і быць гатовай прыняць порцыю асалоды...
Жалоба
Напишите нам, и мы в срочном порядке примем меры.