Юры Станкевіч - Паўночны вецер для спелых пладоў Страница 9

Тут можно читать бесплатно Юры Станкевіч - Паўночны вецер для спелых пладоў. Жанр: Разная литература / Прочее, год неизвестен. Так же Вы можете читать полную версию (весь текст) онлайн без регистрации и SMS на сайте Knigogid (Книгогид) или прочесть краткое содержание, предисловие (аннотацию), описание и ознакомиться с отзывами (комментариями) о произведении.

Юры Станкевіч - Паўночны вецер для спелых пладоў читать онлайн бесплатно

Юры Станкевіч - Паўночны вецер для спелых пладоў - читать книгу онлайн бесплатно, автор Юры Станкевіч

Але яго ідэю загадчык аддзела Казімір Шахто ўспрыняў, як асабістую знявагу. Высветлілася, што гэты, на думку студэнта Ігната Мазура, вяртлявы, правінцыйны тэлежучок, нават не ведаў, хто такія Дос Пасас, Фолкнер, не чытаў ніводнага з вядомых пісьменнікаў і так усхваляваўся, што пабег раіцца да дырэктара.

— Гэта што — пісьменнік? — перадусім тыцкаў ён даўгім пальцам у фотаздымак Уільяма Фолкнера, дзе нобелеўскі лаўрэат па літаратуры быў зняты за цяслярскай працай на сваёй ферме, у падраным пінжаку, выцвілых джынсах і з пляскатай пляшкай віскі, якая выглядала ў яго з кішэні. — Калгасны конюх гэта, а не пісьменнік! — вішчэў Казімір Шахто, — і ты прапануеш такія здымкі ў перадачу? А тэкст? Ты каго прапагандуеш? Для нас яны ўсе — буржуазныя, ідэлагічна няўстойлівыя прадстаўнікі замежнай культуры!

Дырэктар абласнога тэлебачання Кухарчук змушаны быў прагледзець сюжэт і выказаць свае адносіны.

— Скажыце, — раптам асцярожна звярнуўся ён спачатку да студэнта Ігната Мазура зусім з іншага боку, — сябра Вярхоўнага суда Мазур — не ваш сваяк?

— Так, — раптам зманіў раздражнёны ўсім гэтым Ігнат Мазур, — сваяк.

— Вы не хвалюйцеся, мы паставілі ў план ваш сюжэт. Ну, крыху дапрацуеце з рэдактарам, — паабяцаў дырэктар Кухарчук. — А ўвогуле мы бачым, што вы праяўляеце ініцыятыву, паводзіце сябе прыстойна, спадзяюся, так будзе і далей, і практыку вам абавязкова залічым. Вы згодны, Казімір Маратавіч? — звярнуўся ён ужо да рэдактара Шахто.

— Так, так, — заківаў той галавой.

Вольны з гэтага часу, студэнт Ігнат Мазур тым не менш вырашыў падпрацаваць на «Навінах», дзе ўжо абжылася Юля Маракова, і зрабіць які матэрыял для абласной газеты, каб на ўсялякі выпадак падстрахавацца, бо ад «Агеньчыка» можна было чакаць усяго.

Вечарам таго дня, а практыкаваліся ўжо ледзь не тыдзень, дзяўчаты сабралі тое-сёе на стол, а Ігнат Мазур схадзіў у бліжнюю краму, купіў бутэльку чырвонага сухога віна.

Як заўсёды, шмат палілі і гаманілі пра ўсё і. ні пра што.

— Уяўляеш, — пасмейвалася, звяртаючыся да сяброўкі Надзя Гусако­ва, — гэтае пудзіла, Казік Шахто, запаў на мяне. Учора падваліў цішком і прапанаваў адвячоркам пасядзець з ім за кубачкам кавы ў яго кабінеце.

— Працяг, спадзяюся, будзе? — пыталася Юля Маракова. Дзяўчына была ў добрым настроі.

— Магчыма. Праз тыдзень прыедзе на адведкі мой суджаны, ну, вы ж яго ведаеце. Ён і арганізуе працяг, калі наш юрлівец не супакоіцца.

Студэнт Ігнат Мазур раней бачыў у інтэрнаце жаніха рослай, прыгожай, але, на яго думку, праставатай Надзеі Гусаковай — той заканчваў палітэхнічны інстытут і даволі паспяхова займаўся дзесяцібор’ем.

— А ты чаму ўсё маўчыш, Ігнат? — пацікавілася Юля Маракова. — Мо захварэў?

Ігнат Мазур нявесела ўсміхнуўся, паціснуў плячыма. Ён раптам адчуў сябе нібы ў іншым вымярэнні.

— Выйду, запалю. А вы тут без мяне пасакрэтнічайце.

На амаль бязлюднай вуліцы ўжо загараліся ліхтары. Толькі ля бліжэйшай кавярні было даволі ажыўлена — там віравалі падлеткі.

Студэнт Ігнат Мазур адчуў, як самота холадам агорала яго знутры. Што ён тут робіць з гэтымі дзяўчатамі, адной з якіх быццам нечым абавязаны — толькі чым? Што яму з гэтага тэлебачання, дзе нельга прыбартаваць звычайны літаратурны сюжэт, дзе яго ўпарта не хочуць бачыць нават цяпер, а не толькі ў будучым? Там, у сталіцы, засталася Святлана Конкіна, з ёй адной яму б хацелася аказацца зараз побач. Дзе яна ў гэтыя хвіліны, з кім праводзіць вечар, альбо сядзіць адна? Урэшце, раптам успомніў Ігнат Мазур, ён жа паранейшаму амаль нічога пра яе не ведае: хто яна, адкуль, хто яе айчым, маці, нават не ведае якой яна нацыянальнасці? Хоць што яму, акрамя цікавасці, да апошняга?

Ён выцягнуў з кішэні партманет і палічыў грошы. Заставалася не так і багата ад заробленага на мінулых, леташніх вакацыях, але калі палічыць, колькі дзён яму тут пакутаваць, то можна. Так, выйсце ёсць. Можна вечарам ляцець самалётам у сталіцу, а праз суткі вяртацца назад. Наўрад ці хто тут будзе яго пасвіць. Дырэктар Кухарчук? Рэдактар Шахто? Ды ім ўсё роўна — толькі, каб было ціха, і не адбылося ніякіх незбалансаваных сітуацый. Затое ён убачыць Святлану Конкіну. «Насланнё» — нібы з боку падумалася яму пра самога сябе, але з усім гэтым ён пакуль не можа саўладаць. Дык зноў жа — няхай будзе, як будзе.

***

Ноччу Юля Маракова ціха праслізнула да яго на канапу. Прыціснулася, нешта зашаптала, паводзіла сябе разняволена і ўмела.

Калі ўжо сцішана ляжалі побач, сказала на вуха:

— Хоць тут мы разам. Пажыць нормальна нельга.

— А як жа Гусакова за шырмай? Спіць, ці не?

— Заснула даўно. Ды яна ўсё разумее.

— Усё роўна няёмка.

— Ды годзе табе. Усё-такі, як добра, што мы разам на гэтай практыцы. Хоць, шчыра скажу, мяне ад іх абласной студыі далёка не ўстаўляе. А хацелася на заходнюю частку краіны паглядзець, на людзей незнаёмых. Дзіўнаватыя вы, беларусы. У нас у Крыме іншы народ.

— Дзесяць плыняў эміграцыі. Чым багатыя. Што тут дзіўнага? У вас лепшыя?

— Я не ў дрэнным сэнсе. Можа, якраз наадварот. Не крыўдуй.

Студэнт Ігнат Мазур маўчаў. Здагадка паволі прабівалася ў свядомасці,

урэшце аформілася ў пытанне:

— Паслухай, Юля! Гэта ж ты паспрыяла таму, каб мяне паслалі сюды на практыку?

Паўза.

— Калі па праўдзе, то я, — прызналася дзяўчына. — Папрасіла «Агеньчыка», яна маю цётку добра ведае.

— Чорт бы вас усіх узяў.

— Ты што, Ігнат?

— Ды пайшла ты.

— Гэта ты дарэмна. Можа, хочаш сядзець па размеркаванні ў раёнцы? У якой-небудзь Бабінцы альбо Жабінцы? А тэлебачанне ніжэй абласного цэнтра не бывае. Пакуль. А ты мог бы хутка падняцца, бо адукаваны, дасціпны, начытаны, фотагенічны ўрэшце. Збольшага, вядома. Хіба толькі ўдзячнасці бракуе. Я ўсё сказала.

Студэнтка Юля Маракова саскочыла з канапы на падлогу і пайшла да сябе за шырму.

Раніцай Ігнат Мазур пацёрся ў рэдакцыі сярод штатных супрацоўнікаў. Усе былі занятыя сваімі справамі. Казімір Шахто зноў не звяртаў на яго ўвагі, а Юля Маракова моўчкі адвярнулася. Апошняе было не вельмі добра, бо дзяўчына з яе сувязямі магла б у якім неспрыяльным для яго выпадку і прыкрыць, дый жадала яна яму толькі дабра, але думаць пра ўсё гэта не выпадала.

Студэнт Ігнат Мазур сабраўся, апрануў свой адзіны касцюм, свежую кашулю, наваксаваў чаравікі і рушыў у аэрапорт. Праз нейкі час невялікі пасажырскі самалёт «АН», які амаль штодня курсаваў да сталіцы, узняў яго ў паветра.

***

Увесь час і ў самалёце, і пакуль дабіраўся з аэрапорта ў тралейбусе да інтэрната, студэнта Ігната Мазура не пакідала ледзь не ліхаманкавае прадчуванне блізкага шчасця.

У краме па дарозе набыў бутэльку таннага сухога віна і адразу скіраваў наверх па лесвіцы, да пакоя, дзе пражывала Святлана Конкіна.

Ён пастукаў у дзверы, прыадчыніў іх. Адна з першакурсніц, бялявая дзяўчына са здаровым вясковым румянцам на твары, сядзела за сталом і нешта пісала ў сшытак. Больш у пакойчыку нікога не было.

— Конкіна калі прыйдзе? — павітаўшыся, спытаў Ігнат Мазур.

— А яна не прыйдзе.

Паўза.

Студэнт Ігнат Мазур асэнсоўваў інфармацыю.

— Гэта яшчэ чаму?

— Яна тут больш не жыве.

— А дзе жыве?

— Не ведаю. Быццам недзе зняла кватэру.

— І яна нічога не пакідала, не прасіла перадаць?

— Нам тут — нічога. Яна з намі ўвогуле мала размаўляла. «Так, не», — і ўсё.

Студэнт Ігнат Мазур больш не дапытваў дзяўчыну і пайшоў у свой пакой. У пакоі нікога не было, дзверы, як заўсёды ў апошні час, зачынены, і ён пайшоў на вахту па ключ.

На вахце прагледзеў раскладзеныя паштовыя канверты. Адзін, ад Ані Балтас, быў адрасаваны яму.

Студэнт Ігнат Мазур выйшаў з інтэрната — цераз дарогу быў скверык. Сеў там на лаўку, ускрыў канверт і пачаў чытаць.

«Ігнат!

Нас таксама спіхнулі на практычныя заняткі. Я працую выхавацельніцай у дзіцячым садку. Вольнага часу небагата, але дырэктарка яшчэ не сапсела па ўзросце і з ёй можна калі-нікалі паразумецца. Чым займаюся ў вольны час...

З сябрам мужа сястры схадзіла ў кіно (гэта, каб ты крыху параўнаваў)не больш. Глядзелі «Рудабродага» Курасавы, і я была ў захапленні ад Т. Міфунэякая моц. Затое майго кінапартнёра стужка не ўразіла, і ён увесь час гаварыў нейкія глупствы. Расплявалася з ім на вуліцы. Затое ўжо на «Зацьменне» Антаніоні пайшла адна і выйшла з залы ў стане эмацыянальнага і нервовага зрыву. Які там прыгожы Ален Дэлон! І фільм нібы просты, але вельмі глыбокі і нават трагічны.

Спадзяюся, хутка пабачымся. І тады ўсё абгаворым. Хочашя прыеду да цябе на зборы?

Р S: нумар дзічага садка«21».

Р Р S: згуляем у пінг-понг?

Твая Аня».

***

Ветру амаль не было. На сонечным баку ўжо адчувальна прыгравала. Там-сям хадзілі па зямлі каўкі. Адна з іх трымала ў дзюбе дробную галінку — мабыць, дзесьці будавала гняздо. Студэнт Ігнат Мазур нерухома сядзеў на лаўцы і слухаў шум горада. Раптам звыклая туга ахапіла яго, ён падумаў, што зусім не ведае, як жыць далей і да якой мэты імкнуцца, і што ён як быў, так пакуль і застаўся самотным і неўладкаваным у жыцці няўдачнікам.

Перейти на страницу:
Вы автор?
Жалоба
Все книги на сайте размещаются его пользователями. Приносим свои глубочайшие извинения, если Ваша книга была опубликована без Вашего на то согласия.
Напишите нам, и мы в срочном порядке примем меры.
Комментарии / Отзывы
    Ничего не найдено.