Андрэ Моруа - Падарожжа ў нябыт (на белорусском языке) Страница 3
Андрэ Моруа - Падарожжа ў нябыт (на белорусском языке) читать онлайн бесплатно
Не буду апiсваць гэта новае чаканне. Я так стамiўся, што не меў сiлы нi скардзiцца, нi пакутаваць. Калi надышла мая чарга, я апынуўся ў крэсле перад сталом, а насупраць сядзела дзяўчына ў шэра-блакiтнай унiформе. Яна не была прыгожай нi з твару, нi з фiгуры, валасы, зачасаныя без прэтэнзiй; але я заўважыў, што, прымаючы майго папярэднiка, увiхалася спрытна i шпарка. Вiдаць, яна не належала да той катэгорыi служачых, што чэрпаюць асалоду, ставячы перашкоды i ўскладняючы становiшча.
- Вы гаворыце, што бачылi пана Франка?.. У вас ёсць накiраванне ад яго?
- Ёсць. Калi ласка.
- Добра... Пагляджу... Значыць, вы просiце вiзу на часовы прытулак... Колькi часу, думаеце, спатрэбiцца вам, каб... я не кажу, забыць, а каб аслабiць гэту сувязь? Дваццаць год? Трыццаць год?
- Не ведаю... У маiм узросце...
- У вас няма ўзросту... Дзесяць год хопiць?
Яна ў момант запоўнiла друкаваныя бланкi, дала iх мне падпiсаць, потым праводзiла мяне да вельмi старога чалавека, якi сядзеў на ўзвышшы пасярод залы.
- Пан камiсар, - далажыла яна. - Гэта пропуск на пэўны тэрмiн па просьбе пана Франка... Усё ў парадку.
Дзядок падпiсаў, не чытаючы, i паставiў штэмпель з датай.
- А цяпер хутчэй бяжыце да пана Франка, - спагадлiва параiла дзяўчына. Зараз пятнаццаць гадзiн. Кантора зачыняецца ў шаснаццаць.
"Хутчэй бегчы..." Нiшто сабе парада! Я ледзьве цягнуў збалелыя ногi. Знадворку туман згусцiўся яшчэ больш. Я хутка згубiў сцежку, заблытаўся ў калючым трысцi i ўпаў. Падняўся ўвесь у гразi, калоцячыся ад холаду, i ў такiм нервовым напружаннi, што патрацiў некалькi гадзiн, пакуль адшукаў будынак Б. Там было ўсё замкнёна.
- Вам трэба вярнуцца ў горад i прыйсцi заўтра, - сказаў швейцар.
Але я так стамiўся, што, карыстаючыся цемрай i туманам, цiхенька зайшоў за будынак i правёў ноч у нейкiх кустах пад перакуленай ваганеткай. Я прачнуўся ў дрыжыках, увесь пранiзаны болем. Ад самага пачатку майго злашчаснага вандравання па канторах i канцылярыях толькi цяпер упершыню выблiснула сонца. Мне здалося, што яно стаiць надта высока, i я з трывогай зiрнуў на гадзiннiк. Было ўжо за поўдзень. Нiякага сумнення, што я заснуў толькi пад ранiцу i страшэнна заспаў. Я паспешна абышоў будынак i ўбачыў чараду мужчын i жанчын такой даўжынi, што вартаўнiкi былi вымушаны падзялiць яе на групы.
Чаканне. Павольнае прасоўванне наперад. Бой гадзiннiка, як удары нажа ў сэрца. Раз... Два... Чаканне перад лiфтам... Тры... Чатыры... Нiякiх надзей. Назад у горад. Кашмарная ноч... Ранiшняя беганiна. Чаканне каля агароджы. Чаканне перад будынкам Б. Чаканне перад лiфтам. Марудны пад'ём да калiдора трыццаць чацвёртага паверха... 1451... 3452... 3454. Павольнае перасоўванне з крэсла ў крэсла... "Наступны!" Нарэшце я зноў пападаю ў кантору пана Франка.
- А! Гэта вы! Прынеслi вiзу?
- Прынёс, - адказваю я, падаючы ў крэсла ад слабасцi. - Вось яна.
Спачатку ён глянуў з задавальненнем i добразычлiва, потым з прыкрасцю вытрашчыў на мяне вочы:
- Чаму ж вы не прыйшлi ўчора? Ваша вiза несапраўдная.
- Як несапраўдная? Чаму?
- Тэрмiн годнасцi вiз ККК - адны суткi. А чаму? Не ў маёй кампетэнцыi. Такое правiла. Хутчэй бяжыце да iх у кантору i папрасiце прадоўжыць тэрмiн. Яны вам зробяць адразу... Наступны!
Ад гэтых слоў я налiўся гневам. З нянавiсцю ўявiў свае бясконцыя бадзяннi, гразiшчу, слоту, марную мiтусню i, без усякай павагi да навакольнага камфорту, забыўшы пра дваццаць асоб, што слухалi мяне ў пярэдняй, закрычаў не сваiм голасам:
- Даволi, хопiць! Хопiць ганяць мяне па вашых канцылярыях, з чаргi ў чаргу, ад бюракрата да бюракрата! Хопiць вашых паперак! Наздзекавалiся! Намучылi! Хопiць! Хопiць! Хопiць!.. Калi выехаць адсюль так цяжка, я не паеду.
Я стукнуў кулаком па стале пана Франка; ён, мабыць, спужаўся, i не без падставы, бо я ашалеў ад злосцi.
- Я не паеду! Я не паеду!
Франк паклiкаў сакратара, яны схапiлi мяне за плечы i выпхнулi з канторы. На шум з'явiлiся два здаравенныя вартаўнiкi, сцiснулi мне рукi i вывалаклi з будынка. Вырваўшыся на волю, я пачаў бегаць па пляцоўцы i крычаць:
- Я не паеду!
Навокал сабралася шмат пасажыраў. Некаторыя прабавалi мяне ўгаварыць, але я нiкога не слухаў.
- Я не паеду!
Раптам перада мной адкрыўся нейкi прасвет. Я кiнуўся туды. Свежы салёны вецер павеяў мне ў твар. Два агеньчыкi выблiснулi ў тумане. Дзе яны? На якiм беразе. Чуцён быў глухi грукат марскога прыбою.
- Я не паеду.
Агнi наблiжалiся. Што гэта? Агнi цi чалавечыя вочы? Гэта былi вочы, мiлыя шэрыя вочы, поўныя болю i смутку, вочы маёй жонкi Данацiны.
- Я не паеду, - прамовiў я слабым голасам.
* * *
- Доктар, - закрычала яна, - ён пачаў гаварыць!
- Значыць, хвароба адступiла, - пачуўся грубаваты голас доктара Галцье.
Апошнiя пасмы туману чаплялiся за фiранкi. Прывычныя контуры мэблi выразна вырысоўвалiся ў дзённым святле. На сценах зазiхацелi жывымi колерамi знаёмыя карцiны, i над самым маiм тварам, блiзка-блiзка, блiшчалi ў слязах вочы Данацiны, гордыя i поўныя любвi.
Жалоба
Напишите нам, и мы в срочном порядке примем меры.