Альбер Камю - Падзенне (на белорусском языке) Страница 3

Тут можно читать бесплатно Альбер Камю - Падзенне (на белорусском языке). Жанр: Проза / Разное, год неизвестен. Так же Вы можете читать полную версию (весь текст) онлайн без регистрации и SMS на сайте Knigogid (Книгогид) или прочесть краткое содержание, предисловие (аннотацию), описание и ознакомиться с отзывами (комментариями) о произведении.

Альбер Камю - Падзенне (на белорусском языке) читать онлайн бесплатно

Альбер Камю - Падзенне (на белорусском языке) - читать книгу онлайн бесплатно, автор Альбер Камю

Але становiшча ў мяне было болей зайздроснае. Не толькi таму, што я не рызыкаваў прыстаць да лагеру злачынцаў (у мяне, напрыклад, не было нiякiх шанцаў забiць сваю жонку, бо я быў нежанаты), але i таму, што я станавiўся на iх абарону - з адною ўмовай, што яны мусiлi быць сапраўдныя забойцы, як бываюць, скажам, сапраўдныя дзiкуны. Сама манера, з якою я вёў такую абарону, прыносiла мне вялiкае задавальненне. У сваёй прафесiйнай дзейнасцi я быў абсалютна беззаганны. Я не толькi, што само сабой зразумела, нiколi не браў хабару, я нiколi не апускаўся нi да якiх махiнацый. I што здараецца яшчэ радзей, я нiколi не лiслiвiў нi перад журналiстамi, прыхiльнасць якiх магла б мне паспрыяць, нi перад чыноўнiкамi, дружба з якiмi была б мне карыснай. Двойчы цi тройчы мне выпадала шчаслiвая магчымасць дастаць ордэна Ганаровага Легiёна, але я кожны раз адмаўляўся са сцiплаю годнасцю, у якой бачыў сваю сапраўдную ўзнагароду. Нарэшце, я нiколi не браў грошай у бедных i нiколi не крычаў пра гэта ўсiм i ўсюды. Але не думайце, мiлы пане, што я кажу ўсё гэта, каб пахвалiцца. Тут маёй заслугi няма: мяне заўсёды смяшыла тая прагнасць да славы, якая замянiла ў нашым грамадстве пачуццё свайго гонару. Я цэлiў вышэй. I хутка вы ўбачыце, што ў дачыненнi да мяне гэта даволi трапны выраз.

Ды мяркуйце хоць бы па маёй задаволенасцi. Я быў зачараваны сваёю натурай, а ўсе мы ведаем, што якраз у гэтым i ёсць шчасце, хоць часам, дзеля ўзаемнага супакаення, мы ганiм гэтую ўцеху i называем яе эгаiзмам. Я ж упiваўся ёю, я быў зачараваны, прынамсi, тою часткай сваёй натуры, якая так спраўна, так безадмоўна i так чуллiва рэагавала на сiротак i ўдоў, што з цягам часу разраслася i запанавала над усiм маiм жыццём. Мне, напрыклад, было невыказна прыемна пераводзiць сляпых цераз вулiцу. Калi яшчэ здалёк я заўважаў нерашучы кiёк, якi вагаўся на беразе ходнiкаў, я кiдаўся наперад, абганяў усiх, часам усяго на нейкую секунду выпярэджваў ужо працягнутую спачувальную руку, каб мой сляпы не мог пакарыстацца нiчыёй iншаю спагадай, апроч маёй, i мяккай, але ўпэўненай рукою вёў яго па пераходзе, мiнаючы ўсе перашкоды руху, да цiхай гаванi другiх ходнiкаў, дзе мы расставалiся з узаемнай удзячнасцю i хваляваннем. Гэтаксама я любiў дагадзiць патрэбнаю даведкай незнаёмаму мiнаку на вулiцы, падаць запалкi, падвесцi цяжкую каляску цi падштурхнуць раптам заглухлы аўтамабiль, я заўжды купляў газеты ў сябраў Армii грамадскага ратунку цi кветкi ў старой гандляркi, хоць ведаў, што яна iх крадзе на Манпарнасаўскiх кладах. Я любiў - ах, гэта нават цяжка выказаць! - як я любiў даваць мiласцiну! Адзiн мой прыяцель, сапраўдны хрысцiянiн, прызнаваўся, што першае пачуццё, якое ён адчувае, калi бачыць, як да яго дзвярэй iдзе жабрак, пачуццё прыкрасцi. У мяне ж было нешта горшае: я трыумфаваў! Але пакiнем гэта.

Пагаворым лепей пра маю далiкатнасць. Яна была агульна прызнаная i бясспрэчная. Мая ветласць, сапраўды, несла мне адны ўцехi. Калi ранкам мне шчасцiла саступiць сваё месца ў аўтобусе або ў метро таму, хто меў у гэтым патрэбу, калi я мог падняць аброненую старой кабетай рэч i вярнуць ёй яе з сваёй звычайнаю ўсмешкай цi проста - саступiць таксi таму, хто, можа быць, спяшаўся болей за мяне - увесь мой дзень асвячаўся гэтаю ўдачай. Трэба сказаць, мяне радавалi нават тыя днi, калi баставаў гарадскi транспарт, бо тады ў мяне ўзнiкала магчымасць падсадзiць у сваю машыну некалькi няшчасных суайчыннiкаў, якiя тлумiлiся на прыпынку, не ведаючы, як iм дабрацца дадому. Аддаць сваё крэсла ў тэатры, каб дазволiць каханаму сесцi побач з каханай, пакласцi ў вагоне валiзку маладзенькай дзяўчыны на палiцу, занадта высокую ёй, - усе гэтыя i падобныя подзвiгi я рабiў часцей за другiх, таму што пiльней лавiў кожны выпадак i таму што яны дарылi мне большую асалоду.

Мяне лiчылi за чалавека шчодрага i велiкадушнага, i я сапраўды быў такi. Я многа ахвяраваў як на грамадскiх пачатках, так i па прыватных матывах. I я нiколi не шкадаваў, калi мне трэба было расстацца з нейкаю рэччу або пэўнаю сумай грошай. Наадварот - я знаходзiў у гэтым трывалыя ўцехi, не сама меншай з якiх была лёгкая меланхолiя, што нараджалася ўва мне, калi я прадбачыў бясплённасць сваiх дароў i верагодную няўдзячнасць, якую яны напаткаюць. Я настолькi любiў даваць, што ненавiдзеў, калi гэта трэба было рабiць з нейкага абавязку. Педантычнасць, дакладнасць у справах, што маюць дачыненне да грошай, мяне заўжды прыгняталi, i я падпарадкоўваўся iм з вялiкаю прыкрасцю. Я хацеў адчуваць сябе адзiным гаспадаром сваёй дабрадзейнасцi.

Усё гэта, вядома, толькi дробныя штрыхi да маёй бiяграфii, але яны дапамогуць вам зразумець, якую трывалую асалоду я знаходзiў у сваiм жыццi i асаблiва ў сваёй прафесii. Быць, напрыклад, перастрэтым у калiдоры Палаца правасуддзя жонкай якогась падсуднага, якога ты абараняў толькi ў iмя справядлiвасцi або праз шкадаванне, што значыць-бясплатна; пачуць, як гэтая кабета лапоча, што нiчым, далiбог, нiчым нельга выказаць, якую паслугу зрабiў ты iх сям'i; адказаць, што iначай i быць не магло, любы iншы зрабiў бы таксама, прапанаваць нават грашовую дапамогу на першыя цяжкiя днi, а потым рэзка спынiць яе сардэчныя падзякi, каб захаваць iх чыстае гучанне, пацалаваць нябозе ў руку i сцiпла знiкнуць - гэта, паверце, шаноўны пане, i ёсць дасягнуць той вышынi, на якую вульгарная прагнасць да славы не здольная, гэта значыць - узбiцца на тыя вяршынi, дзе дабрачыннасць жывiцца ўжо толькi самою сабой.

Але спынiмся на гэтых вяршынях. Вы цяпер разумееце, што я хацеў сказаць, калi гаварыў, што цэлiў вышэй. Я меў на ўвазе менавiта гэтыя вяршынi адзiныя, на якiх я мог жыць. Сапраўды, мне пачувалася добра толькi тады, калi я быў на вышынi. Нават у сама нязначных жыццёвых сiтуацыях я адчуваў патрэбу быць вышэй. На аўтобусе я любiў ездзiць больш, як на метро, на брычцы - больш, як на таксi, жыць на верхнiм паверсе мне падабалася больш, як на нiжнiм. Я быў вялiкi аматар спартовых самалётаў, любiў, каб усё неба было адкрыта над маёй галавой, i на параходах заўсёды гуляў на верхнiм памосце. Я ўнiкаў цяснiн у гарах, лез на перавалы, на ўзгор'i, а калi i пагаджаўся на раўнiну, дык яна мусiла быць, прынамсi, высакагорная. Каб мне па волi лёсу давялося выбiраць памiж прафесiямi токара i страхара, будзьце спакойны, я выбраў бы стрэхi i не адчуваў бы галавакружэння. Скляпы, сутарэннi, безданi, пячоры абуджалi ўва мне жах. Я нават адчуваў нейкую асаблiвую нянавiсць да спелеолагаў, якiя мелi нахабства друкаваць свае артыкулы на першых палосах газет. Iх поспехi выклiкалi ў мяне агiду. Iмкненне залезцi пад зямлю на глыбiню ў восемсот метраў з рызыкай, што табе зацiсне галаву ў нейкай каменнай лёсе (цi "сiфоне", як кажуць гэтыя ўтрапёныя вар'яты), здавалася мне подзвiгам, вартым людзей з ненармальнай, хваравiтаю псiхiкай. У гэтым было нешта заганнае.

Зусiм iншае - натуральная тэраса на скале вышынёю ў пяцьсот - шэсцьсот метраў, над морам, што плёскаецца ўнiзе, залачонае сонцам. Тут мне заўжды дыхалася лёгка, асаблiва калi я быў адзiн, над усiм чалавечым мурашнiкам. Я добра тады разумеў, чаму ўсе вялiкiя казанi, прароцтвы i цуды рабiлiся на вяршынях. Па-мойму, чалавек не здольны мыслiць у склепе цi ў вязнiцы (хiба што яна будзе на вежы, адкуль вiдзён увесь абшар); там не мысляць - там пакрываюцца цвiллю. I я выдатна разумеў таго чалавека, якi, пастрыгшыся ў манахi, убачыў, што акно ў яго келлi выходзiць не на шырокi краявiд, а на глухую сцяну, i адразу скiнуў з сябе клабук. Што ж да мяне, дык тут ужо можаце быць упэўнены - я не цвiў. Штогадзiны, штодня, сам-насам i на людзях я караскаўся да вяршынi, я запальваў там зыркi агонь i прыслухоўваўся да радасных прывiтальных крыкаў, што неслiся знiзу. Вось так я цешыўся жыццём i сваёй дасканаласцю.

Мая прафесiя, на шчасце, спрыяла майму iмкненню да вяршынь. Яна пазбаўляла мяне горкай крыўды на маiх блiзкiх, якiм я заўсёды рабiў паслугi, але нiчога не быў вiнен. Яна ставiла мяне вышэй за суддзяў, якiх я сам судзiў у сваю чаргу, i вышэй за падсудных, якiх я прымушаў быць мне ўдзячнымi. Заўважце, шаноўны, што сам я жыў бяскарна. Мяне не датычыў нiякi прысуд, мяне наогул не было на судовым памосце - я лунаў недзе там, пад скляпеннем, як багi ў антычным тэатры, якiх адмысловай машынай спускалi, каб надаць дзеi патрэбны кiрунак i сэнс. Урэшце, жыць на вяршынi - пакуль што адзiны сродак, каб цябе заўважыла i ўшанавала як мага большая колькасць людзей.

Некаторыя з маiх мiлых злачынцаў iшлi на забойства, кiруючыся менавiта гэтаю думкай. Чытанне газет у тым незайздросным становiшчы, у якiм яны былi, вядома, давала iм слабае суцяшэнне. Як i большасць людзей, яны не маглi болей вытрываць сваёй невядомасцi i з такой нецярплiвасцю iмкнулiся хутчэй быць заўважанымi, што часам гэта штурхала iх на сумныя крайнасцi. Каб зрабiцца вядомым, увогуле, досыць забiць кансьержку ў сваiм пад'ездзе. Але, на няшчасце, гэта хутка мiнучая слава, бо - надта ўжо многа кансьержак сапраўды заслугоўваюць i дастаюць нож у спiну. Толькi злачынства стала трымае галоўную ролю на сцэне, а злачынца - злачынца ўзнiкае на ёй на iмгненне, i адразу падмяняецца iншымi. I за такi кароткi трыумф яму даводзiцца нарэшце вельмi дорага заплацiць. А вось абарона нашых няшчасных шукальнiкаў славы прыносiла мне якраз сапраўдную вядомасць, прычым у той жа час i ў тым самым месцы, але намнога болей эканамiчнымi сродкамi. Гэта натхняла мяне рабiць усе вартыя ўхвал намаганнi, каб яны заплацiлi як мага меней; бо часткова яны плацiлi i за мяне. Шчырае абурэнне, талент i гарачыя пачуццi, якiмi я шчодра аздабляў свае прамовы, былi той кампенсацыяй, якая пазбаўляла мяне ўсякiх даўгоў перад iмi. Суддзi каралi, асуджаныя выкуплялi сваю вiну, а я, свабодны ад усiх абавязкаў, бяскарны i непадсудны, - лунаў на волi, асветлены райскiм праменнем.

Перейти на страницу:
Вы автор?
Жалоба
Все книги на сайте размещаются его пользователями. Приносим свои глубочайшие извинения, если Ваша книга была опубликована без Вашего на то согласия.
Напишите нам, и мы в срочном порядке примем меры.
Комментарии / Отзывы
    Ничего не найдено.