Эрих Ремарк - Тры таварышы (на белорусском языке) Страница 34

Тут можно читать бесплатно Эрих Ремарк - Тры таварышы (на белорусском языке). Жанр: Проза / Разное, год неизвестен. Так же Вы можете читать полную версию (весь текст) онлайн без регистрации и SMS на сайте Knigogid (Книгогид) или прочесть краткое содержание, предисловие (аннотацию), описание и ознакомиться с отзывами (комментариями) о произведении.

Эрих Ремарк - Тры таварышы (на белорусском языке) читать онлайн бесплатно

Эрих Ремарк - Тры таварышы (на белорусском языке) - читать книгу онлайн бесплатно, автор Эрих Ремарк

XIV

Праз тыдзень у нашым двары нечакана з'явiўся булачнiк на сваiм "фордзе".

- Выйдзi, Робi, - сказаў Ленц, з'едлiва гледзячы ў акно, - кухонны Казанова, вiдаць, з'явiўся з рэкламацыяй.

Булачнiк выглядаў крыху зморана.

- Нешта не ў парадку з машынай? - спытаў я.

Ён пахiтаў галавой.

- Наадварот. Бегае выдатна. Амаль як новая.

- Дык яна новая i ёсць, - пацвердзiў я i з цiкаўнасцю паглядзеў на яго.

- Справа ў тым... - сказаў ён. - Як вам сказаць... Я хачу купiць iншую машыну... большую. - Ён азiрнуўся па баках. - У вас, здаецца, быў "кадзiлак".

Я адразу ўцямiў, у чым справа. Чарнявая, з якой ён жыў, даканала яго.

- Так, быў "кадзiлак", - летуценна сказаў я, - трэба было хутчэй браць яго тады! Цацачка! Сплыў за сем тысяч марак. Як задарма!

- Гм, задарма...

- Задарма! - паўтарыў я настойлiва, а сам думаў, што можна зрабiць.

- Я даведаюся, - сказаў я. - Магчыма, чалавеку, якi купiў яго, спатрэбiлiся грошы. Сёння такое - звычайная справа! Пачакайце хвiлiнку. - Я пайшоў у майстэрню i хутка расказаў пра ўсё. Готфрыд аж падскочыў.

- Хлопцы, дзе ж нам тэрмiнова дастаць стары "кадзiлак"?

- Пакiнь гэта мне, - сказаў я. - Лепш прыгледзь, каб тым часам булачнiк не ўцёк.

- Згода! - Готфрыд знiк.

Я патэлефанаваў Блюменталю. Я не вельмi спадзяваўся, але ж за спрос не б'юць у нос. Ён быў у канторы.

- Цi не хочаце вы прадаць "кадзiлак"? - спытаў я без хiтрыкаў.

Блюменталь засмяяўся.

- У мяне ёсць чалавек, - працягваў я, - плацiць наяўнымi з рук у рукi.

- Наяўнымi... - паўтарыў Блюменталь, хвiлiнку падумаўшы, - сёння гэта слова гучыць як высокая паэзiя.

- I я так думаю, - сказаў я i раптам павесялеў. - Дык як, абмяркуем гэтую справу?

- Абмеркаваць заўсёды можна, - адказаў Блюменталь.

- Цудоўна. Калi я магу бачыць вас?

- Сёння аполуднi ў мяне будзе час. Скажам, у дзве гадзiны тут, у канторы.

- Добра.

Я павесiў слухаўку.

- Ота, - усхвалявана звярнуўся я да Кёстэра, - нiколi не падумаў бы, але, здаецца, "кадзiлак" вяртаецца да нас.

Кёстэр адарваўся ад папер.

- Праўда? Ён згодны прадаць?

Я кiўнуў i глянуў праз акно туды, дзе Ленц нешта энергiчна даводзiў булачнiку.

- Ён сапсуе справу, - сказаў я заклапочана. - Ён замнога гаворыць. Булачнiк вельмi недаверлiвы. Яго трэба пераконваць маўчаннем. Я пайду змяню Готфрыда.

Кёстэр засмяяўся.

- З богам, Робi.

Я падмiргнуў яму i выйшаў. Але я не паверыў сваiм вушам: Готфрыд i не думаў загадзя ўслаўляць "кадзiлак" - ён з вялiкай стараннасцю тлумачыў булачнiку, як iндзейцы ў Паўднёвай Амерыцы пякуць кукурузны хлеб. Я пахвальна зiрнуў на яго i звярнуўся да булачнiка:

- На жаль, той чалавек не хоча прадаваць.

- Я так i думаў, - падхапiў Ленц, быццам мы згаварылiся.

Я пацiснуў плячыма.

- Шкада... але i яго можна зразумець...

Булачнiк стаяў у нерашучасцi. Я зiрнуў на Ленца.

- Можа, ты зробiш яшчэ адну спробу? - адразу спытаў ён.

- Абавязкова! - адказаў я. - Мне ўдалося дамовiцца з iм на сустрэчу днём. Як з вамi потым звязацца? - спытаў я булачнiка.

- У чатыры я тут буду недалёка. Тады заскочу...

- Добра... тады я ўжо буду ведаць дакладна. Спадзяюся, што нам пашанцуе.

Булачнiк кiўнуў. Потым ён сеў у "форд" i даў газу.

- Ты зусiм з глузду з'ехаў, - узарваўся Ленц, калi той выехаў. - Спачатку я з усiх сiл утрымлiваю хлапца, а ты яго адпускаеш як нiчога нiякага...

- Логiка i псiхалогiя, мой мiлы Готфрыд! - адказаў я i паляпаў яго па плячы. - Ты ў гэтым яшчэ не разбiраешся так...

Ён адкiнуў маю руку.

- Псiхалогiя... - прамовiў ён з пагардай. - Найлепшая псiхалогiя - удалы выпадак! А ён быў! Тып цяпер павек не вернецца!

- У чатыры ён будзе тут.

Готфрыд зiрнуў на мяне з жалем.

- На заклад? - прапанаваў ён.

- З радасцю, - згадзiўся я. - Але ты прайграеш. Я гэтага чалавека ведаю лепей, чым ты. Ён з першага разу не клюе. Акрамя таго, я ж не магу прадаць яму тое, чаго ў нас самiх яшчэ няма...

- Ах ты, божа мой, калi толькi ў гэтым справа, - сказаў Готфрыд, трасучы галавою, - тады з цябе не будзе толку, дзiця! Толькi так справы i робяцца! Хадзем, я прачытаю табе кароткi курс па сучаснай камерцыi...

Удзень я пайшоў да Блюменталя. Па дарозе я адчуваў сябе маладзенькiм козлiкам, якi iдзе да старога ваўка. Сонца распалiла асфальт, i з кожным крокам мне ўсё менш хацелася, каб Блюменталь смажыў мяне, як шашлык. Трэба было правесцi аперацыю хутка.

- Пан Блюменталь, - паспешлiва сказаў я, як толькi ўвайшоў у кабiнет, перахоплiваючы ў яго iнiцыятыву, - такая прапанова... барыш сам у руку лезе. Вы заплацiлi за "кадзiлак" 5 500 марак - я забiраю яго за шэсць, каб зноў збыць... Гэта павiнна вырашыцца да вечара...

Блюменталь сядзеў за пiсьмовым сталом, як на троне, i еў яблык. Ён перастаў есцi i кiнуў на мяне беглы позiрк.

- Добра, - прасоп ён i зноў пачаў есцi.

Я пачакаў, пакуль ён выкiне агрызак у кош для папер.

- Дык вы згодныя? - спытаў я.

- Хвiлiнку! - Ён дастаў з шуфляды стала яшчэ адзiн яблык.

- Хочаце?

- Дзякую, але цяпер - не...

Ён упiўся зубамi ў яго.

- Трэба есцi яблыкi, пан Локамп! Шмат! Яблыкi падоўжваюць жыццё. Кожны дзень па некалькi яблыкаў - i не патрэбны нiякiя дактары!

- А калi зламаю руку?

Ён ухмыльнуўся, выкiнуў другi агрызак i ўстаў.

- Вось менавiта тады вы i не зламаеце рукi.

- Гэта - практычна, - сказаў я i пачакаў, што будзе далей.

Размова наконт яблыкаў здалася мне падазронай.

Блюменталь дастаў з шафы карабок з цыгарамi, прапанаваў запалiць. Гэта была знаёмая ўжо "Карона".

- I яны падаўжаюць жыццё? - спытаў я.

- Не, гэтыя скарачаюць. Выходзiць тое на тое.

Ён выпусцiў воблака дыму i, нахiлiўшы галаву, паглядаў на мяне знiзу ўверх, як задумлiвая птушка.

- Тое на тое, пан Локамп. Заўсёды павiнна выходзiць тое на тое - вось вам таямнiца жыцця.

- Як атрымлiваецца...

Ён падмiргнуў.

- Так, уменне - таксама сакрэт. Мы ведаем шмат, а ўмеем - мала. Бо занадта шмат ведаем.

Ён засмяяўся.

- Прабачце... пасля яды я люблю пафiласофнiчаць.

- Самы час на фiласофiю, - сказаў я. - Дык з "кадзiлакам"... выходзiць у нас тое на тое... праўда?

Ён падняў руку.

- Секунду...

Я апусцiў галаву, падпарадкоўваючыся. Блюменталь убачыў маю пакорлiвасць i засмяяўся.

- Не тое, што вы думаеце. Я хацеў вам спачатку зрабiць камплiмент. Атака з ходу, з адкрытымi картамi! Гэта было выдатна разлiчана, з веданнем старога Блюменталя. Ведаеце, чаго я чакаў?

- Што я пачну таргавацца з чатырох тысяч пяцiсот...

- Менавiта! Але тады вам дрэнна прыйшлося б. Вы хочаце прадаць за сем?

Я асцярожна пацiснуў плячыма.

- Чаму менавiта за сем?

- Бо гэта ж была ваша першая цана ў нас.

- У вас блiскучая памяць, - сказаў я.

- На лiчбы. Толькi на лiчбы. На жаль. Але закончым: можаце забраць машыну за цану, якую вы назвалi.

Мы ўдарылi па руках.

- Дзякуй богу, - сказаў я з палёгкай. - Першая здзелка за даволi працяглы час. "Кадзiлак" прынёс нам удачу.

- I мне таксама, - сказаў Блюменталь. - Я ж таксама зарабiў на iм пяцьсот марак.

- I праўда. Але чаму, прызнайцеся, вы прадаяце яго так хутка? Не спадабаўся?

- Проста забабоны, - растлумачыў Блюменталь. - Я iду на любую здзелку, на якой магу зарабiць.

- Выдатныя забабоны, - адгукнуўся я.

Ён пахiтаў блiскучым чэрапам.

- Вы не паверыце, але так i ёсць. Каб не ведаць няўдач у iншых справах. Не пайсцi сёння на здзелку - гэта выклiк лёсу. А на такое нiхто не адважыцца.

А палове пятай вечара Готфрыд Ленц, скроiўшы шматзначную мiну, паставiў перада мной на стол пустую бутэльку з-пад джыну.

- Хачу, каб ты яе напоўнiў, хлопчык! За свой кошт! Помнiш наш заклад?

- Помню, - сказаў я. - Але ты занадта спяшаешся.

Готфрыд моўчкi паднёс мне пад нос гадзiннiк.

- Палова пятай, - сказаў я. - Нават сонца ўзыходзiць не ў адзiн i той самы час. Любы можа спазнiцца. Мiж iншым, я змяняю ўмовы закладу - стаўлю два супроць аднаго.

- Прымаецца, - урачыста заявiў Готфрыд. - Чатыры бутэлькi джыну ў маю карысць. Гэта называецца: праявiць гераiзм на страчаных пазiцыях. Ганарова, дзiця, але неразумна...

- Пачакаем...

Хоць я i харахорыўся, але былой упэўненасцi ўжо не было. Наадварот, я ўжо амаль прымiрыўся з тым, што булачнiк не паявiцца. Трэба было ўтрымлiваць яго ранiцай. Ён быў занадта ненадзейная асоба.

Калi ў пяць гадзiн на фабрыцы пярын насупроць нашай майстэрнi прагучаў гудок, Готфрыд моўчкi выставiў на стол яшчэ тры пустыя бутэлькi. Потым ён адлёгся да акна i ўтаропiўся на мяне.

- Пiць хачу, - сказаў ён праз хвiлiну са значэннем.

У гэты момант я пазнаў характэрны шум фордаўскага матора на вулiцы, i адразу ж машына булачнiка завярнула ў наш двор.

- Калi ты хочаш пiць, дарагi Готфрыд, - прамовiў я з вялiкай годнасцю, то бяжы хутчэй ды купi дзве бутэлькi рому, якiя ты прайграў мне. Глыток дастанецца i табе - я частую. Бачыш за акном булачнiка? Псiхалогiя, мой хлопчык! А цяпер прыбяры пустыя бутэлькi! А потым можаш выязджаць у рэйс на таксi. На больш тонкiя справы ты замалады. Прывiтанне, сын мой!

Я выйшаў i сказаў булачнiку, што машыну, вiдаць, можна будзе набыць. Той, хто прадае, патрабуе сем тысяч пяцьсот марак, але калi ўбачыць жывыя грошы, аддасць, напэўна, i за сем.

Перейти на страницу:
Вы автор?
Жалоба
Все книги на сайте размещаются его пользователями. Приносим свои глубочайшие извинения, если Ваша книга была опубликована без Вашего на то согласия.
Напишите нам, и мы в срочном порядке примем меры.
Комментарии / Отзывы
    Ничего не найдено.