Альбер Камю - Падзенне (на белорусском языке) Страница 5

Тут можно читать бесплатно Альбер Камю - Падзенне (на белорусском языке). Жанр: Проза / Разное, год неизвестен. Так же Вы можете читать полную версию (весь текст) онлайн без регистрации и SMS на сайте Knigogid (Книгогид) или прочесть краткое содержание, предисловие (аннотацию), описание и ознакомиться с отзывами (комментариями) о произведении.

Альбер Камю - Падзенне (на белорусском языке) читать онлайн бесплатно

Альбер Камю - Падзенне (на белорусском языке) - читать книгу онлайн бесплатно, автор Альбер Камю

У мяне быў адзiн сябар, якога я стараўся часцей пазбягаць. Мне з iм было крыху нудна, i потым - ён назаляў мне сваiмi маральнымi настаўленнямi. Аднак калi ён апынуўся на смяротным ложы, будзьце спакойны, я адразу ж сядзеў ля яго. Кожны дзень я прыходзiў да хворага, i ён памёр задаволены мною, пацiскаючы мне руку. У адной жанчыны, якая вельмi доўга, але бясплённа заляцалася да мяне, хапiла добрага густу памерцi маладой. Колькi месца яна адразу заняла ў маiм сэрцы! А ўявiце сабе не простую смерць, а самагубства! Божа лiтасцiвы, во дзе ўздымаецца вэрхал! Бесперастанку звонiць тэлефон, сэрца перапаўняецца, гучаць наўмысна кароткiя фразы, поўныя намёкаў, стрыманага болю i нават папрокаў - але-але! - папрокаў самому сабе!

Так ужо створаны чалавек, мiлы пане, у яго два аблiччы: ён не можа любiць другiх, калi не любiць самога сябе. Паназiрайце за сваiмi суседзямi, калi ў вашым доме нехта памрэ. Да таго яны сонна марнеюць у сваiм нiкчэмным жыццi, але вось, раптам, памiрае, ну, скажам, напрыклад, дворнiк. I адразу ж усе прачынаюцца. Колькi мiтуснi, пытанняў, жалю! Нарэшце навiна аблятае ўвесь дом, i спектакль пачынаецца. Што вы хочаце, людзям патрэбны трагедыi, гэта дапамагае iм хоць крыху ўзняцца над самiмi сабой, гэта iх хмельны напiтак. Дарэчы, я не выпадкова завёў гаворку пра дворнiка. У нашым доме таксама быў адзiн, асоба сапраўды пакрыўджаная Богам - заўсёды злосны, да пачварнага пагардлiвы i злапомны. Ён мог бы збянтэжыць нават сама памяркоўнага манаха-францысканца. Я нiколi не гутарыў з iм, але адно яго iснаванне ўжо псавала мне радасць жыцця. I вось нарэшце ён памёр, i я пайшоў на яго пахаванне. Чаго - скажыце вы мне?

Два днi да хаўтураў былi, зрэшты, вельмi цiкавыя. Дворнiчыха ляжала хворая ў сваiм адзiным пакойчыку, i труну з целам нябожчыка паставiлi побач з ёю на драўляных козлах. Кожны жыхар мусiў сам забiраць сваю пошту. Усе заходзiлi, казалi: "Дзень добры, панi", -слухалi хвалебныя словы ў адрас нябожчыка, на якога няшчасная паказвала рукой, i, узяўшы свае газеты, знiкалi. Вы хочаце сказаць, што ў гэтым няма нiчога вясёлага! Тым не менш, увесь дом пабываў у гэтым пакоi, дзе нясцерпна патыхала фенолам. I заўважце, людзi не пасылалi сваiх пакаёвак, яны самi iшлi пакарыстацца такiм удалым выпадкам. Зрэшты, i пакаёўкi таксама прыходзiлi, але цiшком, каб iх не заўважылi. У дзень пахавання аказалася, што труна настолькi вялiкая, што не пралазiць у дзверы. "О даражэнькi ты мой, - прастагнала дворнiчыха са свайго ложка, i ў яе голасе пачулася адначасова зачараванае i прыкрае здзiўленне, - якi ж ты быў вялiкi!" - "Не хвалюйцеся, панi, - азваўся распараднiк працэсii, - зараз мы яго нахiлiм i пранясём стаўма". Яго сапраўды нахiлiлi, пранеслi i потым паклалi, i я быў адзiны (калi не лiчыць былога бармена, з якiм, як я даведаўся, нябожчык штовечар пiў у бары "Перно"), хто дайшоў аж да могiлак i кiнуў кветкi на труну, раскошнасць якой мяне, дарэчы, здзiвiла. Пасля гэтага я зайшоў да дворнiчыхi, каб паслухаць, як яна голасам трагiчнай акторкi выкажа мне сваю ўдзячнасць. Вы запытаецеся, навошта я гэта зрабiў? Нiнавошта. А можа, таксама - каб выпiць свой хмельны напой.

Аднойчы мне давялося хаваць старога супрацоўнiка з Калегii адвакатаў. Гэта быў даволi нiкчэмны чыноўнiк, але я заўсёды пацiскаў яму руку. Зрэшты, там, дзе я працаваў, я ўсiм пацiскаў руку, i нават не адзiн, а два разы на дзень. Такая мiлая сардэчнасць, якая, увогуле, нiчога не каштавала, прыносiла мне сiмпатыю ўсiх, а яна была вельмi карысная майму працвiтанню. Старшыня Калегii нават пальцам не варухнуў, каб уладзiць хаўтуры нашаму беднаму таварышу па службе. А я зрабiў усё як найлепш, i гэта - напярэдаднi сваёй вандроўкi, што асаблiва ўсiмi падкрэслiвалася. Безумоўна, я ведаў, што мой удзел у пахаваннi будзе абавязкова заўважаны i сустрэне найлепшыя водгукi. Таму вы зразумееце, што нават снег, якi падаў у той дзень, не прымусiў мяне адступiцца.

Што? О не, я ўжо блiзка. Ды вы не турбуйцеся, я зусiм не адхiляюся ад тэмы. Дазвольце толькi, я спачатку закончу пра гэтую дворнiчыху. Яна лiтаральна зруйнавала сябе, аддаўшы ўсе грошы на дарагое распяцце i багатую дубовую труну са срэбнымi ручкамi, але ўжо праз месяц - вiдаць, каб паўней прачуць свае перажываннi - зблыталася з нейкiм прайдзiсветам, у якога, памiж iншым, быў даволi прыгожы голас. Гэты фат часцяком яе лупцаваў, з iх пакоя даносiўся жудасны лямант, але ўжо праз хвiлiну ён адчыняў акно i на ўсё горла спяваў свой улюбёны раманс: "О жанчыны, мае прыгажунькi!" - "Чорт ведае што!" - казалi суседзi. А чаму "чорт ведае што", папытаюся я ў вас? Ну, няхай паводзiны ў гэтага барытона гаварылi не на яго карысць, няхай у дворнiчыхi таксама. Але гэта яшчэ не даказвае, што яны не кахалi адно аднаго. Як i не даказвае, што яна не кахала свайго памерлага мужа. Прынамсi, пасля таго як прайдзiсвет раптам знiк, натамiўшы свой голас i рукi, верная ўдава пачала зноў узносiць хвалу свайму мужу-нябожчыку! Як бы то нi было, але я ведаў многа такiх, што, здавалася б, знешне жылi цiха i мiрна, але праз гэта зусiм не былi болей верныя або шчырыя. Я знаў аднаго чалавека, якi дваццаць гадоў свайго жыцця аддаў абсалютна пустой балаболцы, усiм ахвяраваў дзеля яе: сябрамi, кар'ерай i нават прыстойнасцю, - а потым аднойчы прызнаўся, што нiколi яе не кахаў. Проста яму было нудна, вось i ўсё. Ён нудзiўся, як i большасць людзей, i каб нечым заняцца, стварыў сабе такое жыццё, поўнае складанасцей i драматызму. Людзям трэба, каб нешта здаралася, i гэтым тлумачыцца большасць чалавечых канфлiктаў. Усе толькi i чакаюць, каб нешта адбылося - няхай нават рабства без кахання, няхай нават вайна, няхай смерць. I таму мы маем падставу ўсклiкнуць: няхай жывуць пахаваннi!

У мяне ж не было i гэтага апраўдання. Я зусiм не нудзiўся - я панаваў. А ў той памятны вечар, магу вам сказаць, я нудзiўся меней за ўсё. Не, праўда, я абсалютна не хацеў, каб нешта адбылося. I тым не менш... Уявiце сабе такi цiхi восеньскi вечар, калi над горадам яшчэ дзьме цёплы ветрык, а над Сенай ужо ўздымаецца вiльготная прахалода. Надыходзiла ноч, яшчэ светлае на захадзе неба змрачнела, цьмяна блiскалi лiхтары. Я iшоў па набярэжнай да моста Мастацтваў. Памiж зачыненых латкоў букiнiстаў мiгцела сваiмi хвалямi рака. На набярэжнай было амаль бязлюдна: Парыж сеў за вячэру. Я таптаў нагамi пыльнае жоўтае лiсце, якое нагадвала пра нядаўняе лета. Неба пакрысе напаўнялася зорамi. Яны загаралiся раптам, калi я адыходзiў ад чарговага лiхтара, i хутка зноў гаслi. Я ўпiваўся цiшынёю i вячэрнiм спакоем апусцелага горада. Я быў задаволены. Дзень прайшоў вельмi ўдала: мне сустрэўся сляпы, якому я дапамог перайсцi вулiцу, я здолеў памякчыць прысуд аднаму свайму падапечнаму, i той горача пацiснуў мне за гэта руку, я зрабiў яшчэ некалькi велiкадушных учынкаў i за абедам у коле сяброў вызначыўся iмправiзаванай прамовай пра чэрствасць нашых кiраўнiкоў i крывадушнасць элiты.

Я зайшоў на мост Мастацтваў, бязлюдны ўжо ў гэты час, i спынiўся, каб паглядзець на раку, якая ледзь вiднелася ў згусцелым змроку. Я стаяў тварам да статуi Генрыха IV, якраз над самай выспай, i адчуваў, як ува мне расце бязмежнае пачуццё сваёй усемагутнасцi i, я б нават сказаў, нейкай завершанасцi. Я ўжо збiраўся быў запалiць цыгарэту, як гэта часта бывае ў хвiлiну задавальнення, але раптам за спiнаю ў мяне прагучаў смех. Здзiўлены, я рэзка павярнуўся - нiкога. Я кiнуўся да парэнчаў - на рацэ не было нi чоўна, нi баркi. Я зноў зiрнуў на выспу, i зноў пачуў за спiнаю гэты смех, але цяпер ужо больш далёкi, нiбы яго зносiла плынню. Я стаяў, нерухомы. Смех цiшэў, але я чуў яго вельмi, выразна, ён ляцеў знiадкуль, з пустаты. Цi, можа быць, з хваль? Я адчуваў, як шалёна тахкае маё сэрца. Але зразумейце мяне правiльна, у гэтым смеху не было нiчога таемнага, гэта быў звычайны, добры смех, абсалютна натуральны i амаль сяброўскi, якi ўсё ставiць на сваё месца. Зрэшты, хутка ён ужо сцiх. Я спусцiўся на набярэжную i пайшоў па вулiцы Дафiн. Купiў зусiм не патрэбныя мне цыгарэты. Я быў уражаны, уражаны настолькi, што мне нават дыхалася цяжка. Вярнуўшыся дахаты, я пазванiў свайму прыяцелю, але той ужо некуды пайшоў. Я сам хацеў быў пайсцi куды-небудзь, калi раптам пачуў смех пад акном. Я адчынiў аканiцы. На ходнiках стаяла моладзь, яны весела смяялiся, развiтваючыся пасля пагулянкi. Я зачынiў акно i пацiснуў плячыма; нарэшце, мне было што рабiць - трэба было пагартаць адну новую справу. Я пайшоў у ванны пакой, каб выпiць халоднай вады. Мой адбiтак у люстры ўсмiхаўся, але мне падалося, што ў гэтай усмешцы ёсць нешта няшчырае...

Што? Ах, прабачце, гэта я падумаў пра iншае. Убачымся з вамi заўтра, дамовiлiся? Ну, значыць, да заўтрага. Не-не, цяпер я застацца, на жаль, не магу. Бачыце, вунь там мяне клiча гэткi буры мядзведзь? Я абяцаў яму даць кансультацыю. Слаўны хлопец, далiбог, а палiцыя ўвесь час да яго чапляецца, i толькi праз сваю гнюснасць i мярзотную звычку. Вы лiчыце, што ў яго пыса забойцы? Будзьце ўпэўнены, яго пыса цалкам адпавядае яго прафесii. Ён сапраўды някепскi грабежнiк, i вы здзiвiцеся яшчэ больш, калi я скажу, што гэты пячорны чалавек выдатна разбiраецца ў жывапiсе i падпольна гандлюе карцiнамi. У Галандыi ўсе спецыялiсты ў жывапiсе цi ў гадоўлi цюльпанаў. А гэты, дарэчы, нягледзячы на свой сцiплы выгляд, - аўтар сама нашумелага ў апошнi час крадзяжу. Ён украў карцiну. Якую? Можа быць, я некалi вам пра гэта скажу. Не здзiўляйцеся, што мне ўсё вядома. Хоць я i суддзя-пакаяльнiк, але i ў мяне ёсць слабая струнка: я даю юрыдычныя кансультацыi гэтым мiлым людзям. У свой час я старанна вывучыў усе тутэйшыя законы i цяпер маю добрую клiентуру ў гэтым квартале - тут нiхто не пытаецца пра дыпломы. Зрэшты, зрабiць гэта было не так ужо лёгка, але мне давяраюць. У мяне такi шчыры, прыемны смех, я ўмею так бадзёра пацiснуць руку - усё гэта вялiкiя казыры. I потым, я дапамог уладзiць некалькi даволi складаных спраў, прычым зрабiў гэта не толькi дзеля карысцi, але i па перакананнi. Бо я лiчу, што калi сутэнёраў i рабаўнiкоў будуць паўсюль i заўсёды караць, дык усе так званыя сумленныя людзi палiчаць сябе занадта невiнаватымi. А на маю думку, шаноўны пане, - адну хвiлiнку, я ўжо iду! - на маю думку, якраз гэтага i трэба пазбягаць. Iначай усё будзе вельмi ўжо смешна.

Перейти на страницу:
Вы автор?
Жалоба
Все книги на сайте размещаются его пользователями. Приносим свои глубочайшие извинения, если Ваша книга была опубликована без Вашего на то согласия.
Напишите нам, и мы в срочном порядке примем меры.
Комментарии / Отзывы
    Ничего не найдено.