Евгений Василенок - Сёмае акно (на белорусском языке) Страница 2
Евгений Василенок - Сёмае акно (на белорусском языке) читать онлайн бесплатно
Мiлая мая бабуля, каб жа гэта ты ведала, куды я зараз iду!..
Пошта адчыняецца ў дзевяць гадзiн, але я прыйшла а палове дзевятай, i гэтыя паўгадзiны да пачатку працы жанчына з высокай прычоскай цярплiва растлумачвала мне мае абавязкi. Ля майго стала стаiць невялiкая жалезная скрынка, у ёй поўна марак, канвертаў, паперы для пiсем, усялякiх бланкаў для тэлеграм, паштовых пераводаў, пасылак.
- Вы не палохайцеся, мiлая, - прыемным голасам гаварыла далей жанчына, раскладваючы на стале стосiкамi бланкi, канверты, маркi. - От гэта зручней будзе тут пакласцi, а гэта - лепш з правага боку. Маркi па сорак капеек тут пакладзiце, яны часцей за ўсё iдуць, а астатнiя можна пакласцi далей, iх менш пытаюць.
Я слухала Аўдоццю Паўлаўну - так звалi жанчыну - i пакутлiва намагалася запомнiць яе парады, але ў галаве ўсё блыталася, i я з сумам думала: "Вось яна, Ганна Мiкалаеўна, коска ў тваiм жыццi..."
Вялiкi старадаўнi гадзiннiк, што стаяў на падлозе i ўзвышаўся ледзь не да сярэдзiны сцяны, прабiў дзевяць разоў. Аўдоцця Паўлаўна адсунула фанерку, якая зачыняла маё акенца, села побач са мной i сказала:
- Ну вось...
Здаецца, яна таксама хвалявалася.
Акенца было з правага боку ад мяне, на ўзроўнi маiх вачэй. Непрыкметна я кiнула позiрк направа. У акенца мне была бачна ўся амаль пустая яшчэ зала. Вунь стаiць круглы стол, за якiм я ўчора напiсала сваю заяву...
- Дождж на вулiцы, таму i не iдуць... - прамовiла Аўдоцця Паўлаўна. Яна, вiдаць, заўважыла мой позiрк. - Вы не палохайцеся, мiлая.
- Грамадзяначка, марку, хуценька! - пачуўся раптам нечы моцны басавiты голас, i ў акенца прасунулася вялiзная мужчынская рука. На мой стол са звонам упалi тры манеты, адна з iх пакацiлася, я не паспела падхапiць яе, i яна са стала звалiлася на падлогу.
- Выбачайце! - сказаў той жа басавiты голас.
Аўдоцця Паўлаўна падняла манету i паказала мне вачыма на маркi - вунь адтуль, моў, бяры. Я схапiла лiст i пачала адрываць марку, але пальцы не слухалiся, i марка разарвалася папалам.
- Якая ж вы нялоўкая... - прагрымеў голас у акенцы. - Я ж спяшаюся, мне некалi!
Новая марка адарвалася добра, рука з акенца хутка выхапiла яе ў мяне i знiкла.
- А рэшту? - палахлiва спытала Аўдоцця Паўлаўна. - Ён жа даў сорак пяць капеек!
Я таксама спалохалася. Нервова схапiла нейкую манету, высунула яе з акна, але там нiкога не было. Выглянула ў залу - але таго чалавека i след прастыў...
- Няма, - цiха сказала я.
- Як кажуць - першы блiн комам, - не то з дакорам, не то са спачуваннем сказала мая настаўнiца.
"Эх ты, коска!" - аблаяла я сябе ў думках.
- А дождж, вiдаць, перастае, - радасна паведамiла Аўдоцця Паўлаўна.
"Лепш бы ён не пераставаў", - падумала я.
У зале захадзiлi, затупалi людзi. У маё акенца раз-пораз чулася:
- Любая, адзiн канверцiк!
- Марачку для заказнога пiсьма!
- Бланк для перавода можна? Будзьце ласкавы!
- Для тэлеграмы, хуценька бланк для тэлеграмы!
Я ледзь упраўлялася падаваць. Гадзiне а дзесятай я з жахам заўважыла, што ля майго акна выцягнулася доўгая чарга.
- Не палохайся, мiлая, не палохайся, - ласкава прамовiла Аўдоцця Паўлаўна i пачала дапамагаць мне. Чарга ў хуткiм часе растала, i пасля хвiлiн колькi да акна амаль нiхто не падыходзiў.
- Дождж, цi што, зноў пайшоў? - спытала я.
- Якi там дождж! Сонца вунь як пячэ! - весела адказала Аўдоцця Паўлаўна. - А што народ схлынуў, дык гэта ў нас заўсёды так: то густа, то пуста.
Нечакана да стала падышоў Гур'янчык. Сёння ён выглядаў не такiм старым, як учора. Паблiскваючы шкельцамi дзвюх пар сваiх акуляраў, Гур'янчык сярдзiта спытаў:
- Прывыкаеце? - I не чакаючы майго адказу, ужо мякчэй дадаў: - А я, ведаеце, амаль прывык ужо. Сёння ад начальнiка канторы наганяй атрымаў. За кадры. Не хапае iх у нас. Сярод вашых знаёмых няма такiх, што не працуюць? Можа ўгаворыце каго? Гэта ж як яно прыгожа гучыць: агент!
Я нiчога не паспела адказаць начальнiку аддзела кадраў. У акне пачуўся чыйсьцi нясмелы тонкi галасок:
- Цёценька, з Пушкiным няма маркi?
У акне вiднелася бялявая галоўка.
- Ёсць, дзяўчынка, ёсць. Табе колькi?
- Я не дзяўчынка, - пакрыўджана сказала бялявая галоўка, - Я хлопчык. Дайце дзве.
Маленькая рука ўзяла маркi i знiкла. Але праз хвiлiну той жа галасок зноў спытаў:
- А з Маякоўскiм ёсць?
З Маякоўскiм у мяне марак не было, i я прапанавала юнаму фiлатэлiсту марку з Чапаевым.
- З Чапаевым у нас ужо ёсць, - важна адказаў хлопчык, i я толькi цяпер заўважыла, што побач з белай варушыцца яшчэ i русавалосая галоўка. - А калi будзе з Маякоўскiм?
Я адказала, што не ведаю, i хлопчыкi, вiдавочна расчараваныя, пайшлi.
- Дык можа ўгаворыце каго? - зноў падаў голас Гур'янчык.
Але я iзноў не паспела адказаць яму. У акенца прасунуўся канверт, i чалавек, якi трымаў яго, хутка загаварыў:
- Даражэнькая, адну марачку. Простую. Будзьце ласкавы!
Не паспела я даць марку, як яна ў адзiн момант аказалася прылепленай да канверта. I тут здарылася нечаканае.
- Прабачце... - пачуўся разгублены голас. - Каб на яго лiха! Грошы ў старым касцюме засталiся... Ну, што ты скажаш - нi капейкi!
У акно разгублена, то бялеючы, то чырванеючы, глядзеў малады чалавек, з выгляду студэнт. На iм быў новенькi каверкотавы касцюм з ледзь прыкметнай блакiтнай палоскай i шэры капялюш. I яшчэ мне запомнiўся яго ярка-чырвоны гальштук, завязаны на вялiкi вузел.
- Што ж цяпер?.. - збянтэжана прамовiў малады чалавек, круцячы ў руках канверт. - Прамок, разумееце, ранiцой, забег пераапрануцца, i вось - на табе...
- А вы не палохайцеся, - адказала я чамусьцi словамi Аўдоццi Паўлаўны.
- Не, праўда, што ж рабiць? - Ён разгублена зiрнуў на мяне, потым на Гур'янчыка, на Аўдоццю Паўлаўну.
- А нiчога! - сказала я. - Прынясеце пры выпадку, другiм разам.
Малады чалавек неяк няўмела, адчуваючы няёмкасць, стаў дзякаваць, ён некалькi разоў паўтарыў, што вядома ж, абавязкова прынясе грошы, прынясе сёння ж. Я заўважыла, што калi ён выходзiў з залы, то павярнуўся i яшчэ раз паглядзеў на мяне...
- Чакайце, прынясе! - сярдзiтым голасам сказаў Гур'янчык, махнуў рукой i пайшоў. Аўдоцця Паўлаўна таксама некуды адышла, i я засталася за сваiм сталом адна.
Насупроць мяне за гэткiм жа сталом, як i мой, сядзiць немаладая жанчына ў цёмна-сiняй кофтачцы. Гэта - Зiнаiда Нiлаўна, мяне пазнаёмiлi ўжо з ёю. Яна прымае заказныя пiсьмы. Зiнаiда Нiлаўна сядзiць спiною да мяне, i я амаль не бачу яе твару. У яе вясёлы характар, яна ўвесь час размаўляе са сваiмi клiентамi. А чарга да яе акна вялiкая. Я заўважыла, што некаторым даводзiцца стаяць у ёй па два разы. Вось падышоў рослы шыракаплечы хлопец з нейкай здаволенай, нават нiбы радаснай усмешкай на твары. Ён працягнуў вялiкi, жоўтага колеру канверт. Зiнаiда Нiлаўна кiнула яго на вагi, паглядзела ў кнiгу расцэнак за перасылку карэспандэнцыi i аддала канверт назад:
- Два рублi сорак капеек... Наступны!
Хлопец здзiўлена паглядзеў на Зiнаiду Нiлаўну, вiдаць, не разумеючы, чаму яму вернута пiсьмо.
- Маркi побач, - з лагоднай усмешкай растлумачыла Зiнаiда Нiлаўна. - У сёмым акне. Наступны! У вас заказное? Авiя? Тады яшчэ на рубель вазьмiце марак. Наступны!
Цяпер я не бачыла твару хлопца, але чула, як ён, хоць i па-ранейшаму весела, але ўжо з ноткай прыкрасцi ў голасе прамовiў:
- Скажыце дзякуй вашаму богу, грамадзяначка, за тое, што ў мяне сёння дзень такi... А то накатаў бы я на вас скаргу, як пiць даць!
- За што?.. - здзiвiлася Зiнаiда Нiлаўна i нават пацямнела з твару.
- Хiба вы самi не можаце даць маркi або нават i наклеiць iх? Ганяеце людзей ад аднаго акна да другога.
- Не магу, бо не паложана. У мяне i марак нават няма. Я толькi прымаю пiсьмы. I не чапiцеся да мяне ненаведама праз што!
- Ну i парадачкi! От напiсаць бы на вас у газету!
Хлопец падышоў да майго акна.
- Фiзкульт-прывет, даражэнькая! А можа i вы мяне куды яшчэ пашляце?
Ды я ўжо загадзя падрыхтавала яму марак на два рублi i сорак капеек i цяпер працягнула iх у акенца. Хлопец заплацiў грошы, прыклеiў маркi i яшчэ раз сказаў:
- Фiзкульт-прывет!
I памахаў левай рукой.
"Спартсмен, напэўна", - падумалася мне.
У хлопца на правай руцэ былi забiнтаваны вялiкi i ўказальны пальцы, i ён усё рабiў левай рукой. Я ўзяла ягоны канверт i перадала Зiнаiдзе Нiлаўне. Мiжвольна зiрнула на адрас. Пiсьмо пасылалася ў Маскву, у выдавецтва. "А можа пiсьменнiк? - мiльганула новая думка. - Паэт, га?"
Хлопец адышоўся, але раптам зноў вярнуўся да майго акна.
- Ледзь не забыўся... Бланк можна, даражэнькая? Для тэлеграмы. - Ён азiрнуўся наўкола i, як мне здалося, узрадаваўся, што каля акна нiкога няма. Вiнавата ўсмiхаючыся, ён амаль шэптам сказаў: - Рука вось... паранiў учора. Чамадан рамантаваў. Можа напiшаце, га? Тут усё пра ўсё некалькi слоў. Га?
- Дыктуйце.
I я падрыхтавалася пiсаць.
- Значыць, так, - спяшаючыся, загаварыў ён. - Пiшыце. Орша, Дэпоўская, сто дваццаць тры, Чупраковай Анастасii Гаўрылаўне. Напiсалi? Цяпер тэкст. Выязджаю новую будоўлю, падрабязнасцi пiсьмом. Ёсць?.. Ну i яшчэ: цалую, твой Анфiл. Усё!
На слове "цалую" я пасадзiла кляксу, i тэлеграму прыйшлося перапiсваць.
Жалоба
Напишите нам, и мы в срочном порядке примем меры.