Дзеці Аліндаркі - Ольгерд Иванович Бахаревич Страница 23

Тут можно читать бесплатно Дзеці Аліндаркі - Ольгерд Иванович Бахаревич. Жанр: Проза / Русская классическая проза. Так же Вы можете читать полную версию (весь текст) онлайн без регистрации и SMS на сайте Knigogid (Книгогид) или прочесть краткое содержание, предисловие (аннотацию), описание и ознакомиться с отзывами (комментариями) о произведении.

Дзеці Аліндаркі - Ольгерд Иванович Бахаревич читать онлайн бесплатно

Дзеці Аліндаркі - Ольгерд Иванович Бахаревич - читать книгу онлайн бесплатно, автор Ольгерд Иванович Бахаревич

па прыступках будынкаў сьцяліўся яркі саматканы мох. Пасярэдзіне ржавела спартовая пляцоўка, драўляная сцэна была акуратна засыпаная ігліцай, нібы яе наўмысна расьцярушылі тут, перад тым, як сысьці. У сталовай пахла гнілой бульбай. А над уваходам, да якога яны выйшлі па амаль нябачнай ужо праз траву сьцяжыне, вісела аблупленае, аблепленае птушыным гаўном жалезнае сонца.

«Да, блядзь… Канцлагер „Солнышка“», — зь нейкай журбой пажартаваў старшына і сплюнуў.

Лес даўно захапіў гэтае месца. Раптам вецер сьціх, і ім зрабілася не па сабе. Іх галасы гучалі тут неяк мёртва, гукі сыходзілі ў пустату, паветра іх не трымала і не перадавала далей. Як вымкнутыя прыймачы. Доктар неяк вельмі востра адчуў тады, што ізаляцыя — гэта сродак ачышчэньня. Калі б яго закінуць сюды аднаго на тыдзень — ён бы або звар’яцеў, або зразумеў нешта вельмі важнае. А калі тых, хворых? Ім не было б на што марнаваць гукі. Усё лішняе сышло б у пустэчу, у ігліцу, у пясок, вылецела б у разьбітыя вокны лягерных карпусоў.

І загучала б музыка.

А лес чакаў, пакуль яны сыйдуць. Лес пачынаў злавацца. Гэта быў памежны лес, зь якім нікому не было ахвоты сварыцца. І яны сышлі, зачыніўшы за сабой браму.

На заставе ён адразу зьвярнуў увагу на чырвонага, як бурак, дурня, якога звалі Бохан. Чамусьці Бохан зь першых дзён упадабаў доктара і ўсё лез да яго з расказамі пра сваё жыцьцё на гражданцы. Сяброўства было сумнеўнае — з Бохана кпілі ўсе, Бохан быў просты, як бот, і наіўны, як дзіця. Ён адзіны тут быў зь вёскі — калхазан Бохан, Бохан-ябохан. А яшчэ — «Радавой Бохан».

Так яго клікалі на заставе, каб паназіраць, як маленькія вочы Бохана пачынаюць панічна бегаць, рукі дрыжаць, а твар наліваецца крывёй так, што здавалася, зараз з вушэй пацячэ чырвоны сок. А ўсё таму што Бохан ня мог сказаць, як усе: «рядовой», так і казаў «радавой» — пэўне ж, тая костка, думкі пра якую займалі доктара, у роце Бохана была тоўстая, быццам баранова нага. І доктару вельмі хацелася на яе зірнуць — але замінала асьцярожнасьць. Доктар імкнуўся быць непрыкметным — і яму неяк удавалася гэта цягам усёй службы. Жорсткасьці тут хапала, але жыць было можна — людзей навокал было няшмат, усім валадарыў лес. Доктар выконваў простыя правілы, лішняга не прасіў, слухаўся тых, каго трэба было слухацца — і ўпотай назіраў за Боханам. А потым наважыўся. Пачаў падсыпаць Бохану прыгатаваную ім сумесь.

А той і сам палез у пастку. Проста на кончык скальпэля.

«Слухай, а ты ж вабшчэ вумны такі пацан», — сказаў неяк Бохан, калі яны прыселі на лясной паляне. Іх ніхто ня бачыў, сядзець было нельга, але яны прыселі, выпрасталі ногі — у доктара было дзіўнае адчуваньне, што вось, нейкая невядомая сіла закінула іх з гэтым недарэкам проста ў эпіцэнтар птушынага шчэбету і пасечанага на касыя промні сонца, і гэты шчэбет — чыстая мова, крыштальны птушыны Язык, а такіх, як Бохан, птаства не пацярпела б, задзяўбло, выгнала да людзей. І яшчэ ён падумаў, што няўменьне вымаўляць правільна гукі непазьбежна азначае і няўменьне іх чуць. Бохан ня чуе чароўнасьці лесу, Бохан парушае мяжу. Бохан лезе са сваімі дурнымі пытаньнямі менавіта тады, калі гучыць музыка. І таму такіх, як Бохан, трэба лячыць.

«Ну», — сказаў доктар абыякава.

«Скажы, можа ты слышаў дзе?» — Бохан прысунуўся да доктара ўсутыч. — «Как наўчыцца правільна гаварыць? Ну, так як ты ілі наш сяржант? Ну, дзе такому вучаць?»

«Не знаю», — доктар лёг на сьпіну і ўтаропіўся ў неба.

«Ілі гэта толька ў горадзе можна так наўчыцца?» — не адвязваўся Бохан. — «Хаця знаеш, Доктар, я слышаў, ёсьць такія, каторыя дажа па-беларускаму гаварат. У горадзе. Прыкінь. І дзяцей сваіх учат. Дзібілы».

«Да не знаю я ничего», — доктар пастараўся, каб яго голас гучаў як мага больш спакойна. — «Я политикой не интересуюсь».

«От бля», — засмуціўся Бохан. — «Так і буду, значыт, гаварыць, как калхозьнік. А я, знаеш, думаў у горад уехаць жыць. Насаўсем.»

«Там таких, как ты, пруд пруди», — сказаў доктар. — «И ничего, живут. Какая кому разница, как ты говоришь?»

«Разьніца ё», — замахаў Бохан рукамі. — «Атнашэніе другое саўсем».

«Ну, уедешь в город, сам не заметишь, как по-городскому говорить начнешь», — доктар падняўся. — «Пошли».

І толькі ўвечары доктар, паслухаўшы, як чарговы раз Бохана паднялі на сьмех, падышоў да яго і сказаў, быццам незнарок:

«Читал, есть такие таблетки, говорить правильно помогают. Могу достать. Напишу ребятам, они привезут».

Мінуў тыдзень. Цяпер Бохан атрымліваў поўны экспэрымэнтальны курс. І ўпотай пытаўся ў доктара, ці адчувае ён нейкія паляпшэньні. Доктар адводзіў вочы і няўцямна казаў, што нешта такое чуецца. Што і сьмяяцца з Бохана сталі меней. Бохан верыў. А доктар чакаў рэакцыі.

Але здарылася тое, на што доктар ніяк не разьлічваў.

Аднойчы ўначы Бохан уцёк. Уцёк, прыхапіўшы з сабой аўтамат і доктараў харчовы запас. Бохана так і не знайшлі. Знайшлі нешта іншае.

Знайшлі трох забітых салдатаў — яны сядзелі за картамі, з успоратымі жыватамі, на лясной паляне, і ўсе тры трупы паказвалі свае козыры сонцу, а над салдатамі кружлялі задаволеныя мухі. Недалёка ад заставы знайшлі іхнага сяржанта, укапанага ў зямлю да пояса — але, да жаху, галавой уніз. Ногі зьвісалі ў розныя бакі і гайдаліся, варушачы разьвязанымі матузкамі на берцах — сяржант дужа хваліўся іхным натаўскім паходжаньнем. Збоку ногі сяржанта выглядалі, як нейкае сьляпое стварэньне з даўгімі вушамі, якое замерла на месцы і чагосьці ўпарта патрабуе. Групу з дваццаці чалавек неадкладна выправілі прачэсваць лес. Толькі ўвечары, ля возера, у якім зьдзіўлена плёскалася рыба, была знойдзеная форма Бохана, уся ў крыві. А пра апошнюю знаходку ніхто, апрача доктара, так і не даведаўся. Сярод сваіх рэчаў доктар знайшоў аркуш паперы, на якім быў накрэмзаны верш. Верш, які доктар прыняў як знак — верш-падзяка, верш-прызнаньне.

«Ты дал мне язык, ты засунул его мне в рот. Ты понял. А сержант урод. Твой друг Б.»

Твой друг Б… Тады Бохана так і не знайшлі. Знайшлі човен, поўны крыві, і ў ім салдацкую пілотку з зорачкай. Знайшлі боты Бохана — памер быў той самы. Знайшлі сьляды — сьляды босага салдата-памежніка, які прабіраўся ўздоўж возера, скрозь балота, на сухое месца, і за ім ішоў крывавы і дакладны, бы намаляваны сьлед. Доктар нікому не расказаў пра верш, які прысьвяціў яму Бохан. Ніхто ня мусіў ведаць пра іхныя размовы і пра лячэньне. З саслужыўцамі Бохана доўга гаварылі

Перейти на страницу:
Вы автор?
Жалоба
Все книги на сайте размещаются его пользователями. Приносим свои глубочайшие извинения, если Ваша книга была опубликована без Вашего на то согласия.
Напишите нам, и мы в срочном порядке примем меры.
Комментарии / Отзывы
    Ничего не найдено.