Александр Савицкий - Белы гарлачык (на белорусском языке) Страница 3
Александр Савицкий - Белы гарлачык (на белорусском языке) читать онлайн бесплатно
Вiцькаў твар увачавiдкi змяняўся: усе такiя дабрадушныя, сцiплыя абрысы раставалi, расплывалiся i знiкалi зусiм, i пад iмi, як на фотапаперы, кранутай моцным праявiцелем, нараджалiся зусiм iншыя, нязнаныя раней. Не, гэта ўжо не Вiцька, а нейкi iншы чалавек. Недзе бачыла яна такi твар... Але дзе? Дзе ж яна бачыла яго?.. Цяжка прыгадаць... I гэтыя рукi, што цягнуцца да яе, таксама чужыя, невядомыя...
Васiлiна адштурхнула iх.
- Адчапiцеся вы! Брыдка!
Штуршок быў не так што i моцны, але Вiцька не чакаў яго i павалiўся пад ялiнку.
Васiлiна кiнулася бегчы. Крыўда, як сухая скарынка, асела ў горле, яна штурхала Васiлiну ў плечы, прымушала бегчы не спыняючыся. Але ў гэтай крыўдзе была дваiстасць: крыўдавала не на тое, што Вiцька цалаваў яе, а на абразлiвыя словы, што сарвалiся з яго губ i за якiмi быў нехта чужы i страшэнны, крыўдавала на сябе, на сваю слепату. Як жа гэта яна раней не заўважала, што за жартамi, за ласкавымi словамi Вiцькi хаваецца зусiм iншы чалавек, якi можа i жартаваць, i гаварыць ласкавыя словы, i гаварыць гэтак нядобра!..
Сцежка, па якой бегла Васiлiна, скончылася раптоўна; за лазнякамi пачынаўся чысты зялёны мурог; стужкаю ляжала Дзвiна, выдавала зусiм не блакiтнай, а крышку зеленаватай, пад колер лiсця; на паваротку рака была шырокая, у буйным зiхатлiвым рабацiннi, што клiнам рассякала Дзвiну - адзiн канец гэтага рабацiння - вастрэйшы - упiраўся ў роўны мурог, а другi iшоў да крутога супрацьлеглага берагу. Сляпучае сонца пыхнула ў твар. Васiлiна азiрнулася. Густыя, дымна-шэрыя лазнякi захiнулi ўзвал, дзе раслi ялiнкi i дзе застаўся Вiцька. Ён не бег за ёю, але яна шпарка, не аглядаючыся болей, пабегла ў бок горада...
Васiлiна нiчога не сказала Адэлi пра тое, што адбылося з ёю на Дзвiне, нават не прызналася, што ездзiла на маёўку. Але думкi пра тое штохвiлiнна круцiлiся ў галаве, жылi ў душы, i Васiлiна не магла адагнаць iх, i часта заўважала, што не асаблiва пакрыўджана iх прысутнасцю: думкi тыя трывожылi, калi-нiкалi абуджалi непамыснасць, але з iмi не было самотнай адзiноты. Прыгадвалася сiняе неба, маладыя ялiнкi, прагныя Вiцькавы пацалункi; трывожная гарачыня адразу бiла ў шчокi, Васiлiна ўсмiхалася i шукала апраўдання паводзiнам Вiцькi. Калi яна, здаралася, ужо зусiм наважвалася ўсё дараваць яму, у памяцi ўсплывалi словы абразы. Дараваць такое?.. Дзеля чаго?!
Цяжка было памiрыцца i з гэтымi думкамi, i з успамiнамi: яны ўсё часцей выклiкалi боль, перашкаджалi жыць i працаваць. Брыгадзiр у панядзелак двойчы пасварыўся на Васiлiну за дрэнна зробленую тынкоўку. Адэля спагадлiва маўчала, пра нешта здагадваючыся, вiдаць, але нi пра што не распытвала, толькi зрабiлася надта клапатлiвая.
У аўторак Адэля ўсё-ткi не вытрымала, заўважыла жартам, што Васiлiна ноччу гаворыць праз сон.
Васiлiна насцярожылася:
- А што я такое гаварыла?
- Вiценька нейкi, вiдаць, снiцца. Усё тое ж: Вiцька! Вiцька! Прызнайся, хто такi? Я iх навылёт бачу. I Вiцькаў, i Мiцькаў - усiх. Параю, калi што якое!
Васiлiна ўздыхнула, нiчога не адказала.
- Толькi прашу цябе: не бяры блiзка да сэрца. Нiчога, - спагадлiва параiла Адэля. - Не паддавайся слабасцi. Нiколi! Разумееш?
Лёгка ёй раiць! Раiць увогуле лёгка, кожны здатны, калi яно цябе не тычыцца!..
У сераду - хоць дзень i не дужа спякотны быў - Васiлiна стамiлася незвычайна. Думкi пра Вiцьку, пра тое, што адбылося тады на Дзвiне, не давалi спакою, i працы навалiлася - хоць ты каго прасi на дапамогу. Дом праз два днi павiнна была прымаць камiсiя, i прараб з брыгадзiрам лёталi як апантаныя: тое - прыбяры, гэтае - падраўнуй... Дасталося, адным словам. У дадатак да ўсяго чарга ў сталоўцы, амаль гадзiна ляснула, пакуль адстаяла ды паела.
Вярталася ў iнтэрнат, схiлiўшы галаву, адчуваючы ў руках i плячах цяжасць i нейкi тлум быў галаве. Хацелася спаць. Але адпачыць, вядома, не адразу давядзецца: яе чарга прыбiраць пакой. Трэба памыць падлогу, а потым пайсцi на Дзвiну, прынесцi вады. А мо не хадзiць? Не, трэба: рачная вада на тое, каб далiваць шклянку, дзе стаiць белы гарлачык, што дастаў тады Вiцька на рацэ, ён ляжаў у сумачцы, i Васiлiна прынесла яго дамоў. Гарлачык, праўда, ужо цвiў слаба, пялёсткi пакрысе засыхалi. Але сэрца не хацела пагадзiцца з гэтым, у iм жыло абуджанае чаканне нечага вялiкага, харошага. Васiлiна штодня мяняла ваду, хоць i ведала, што гэта не жывiць кветку. Няхай! Але на дзень якi болей пастаiць!..
Увайшла ў пакой - дзверы былi незамкнёныя - i спынiлася, уражаная: шклянка з гарлачыкам знiкла. На тумбачцы, там, дзе яна стаяла ранiцаю i дзе стаяла ўсе гэтыя днi, палымнела агняна-чырвоная ваза з трыма вялiзнымi белымi гарлачыкамi.
Глуха затахкала сэрца.
Рыпнулi дзверы. Васiлiна хутка павярнулася. Адэля?
- Ты чаго стаiш? Пераапранайся! - загадала Адэля. Яна была вельмi ўзбуджана. - Зараз жа ён вернецца. Сказаў, што праз гадзiну...
- Хто?
- О-о-ох, хiтрая! - Адэля пагразiла пальцам Васiлiне. - Яна не ведае. Вiцька твой прыходзiў!
- Што яму тут спатрэбiлася?
- А я ведаю? Пасядзеў, кнiжку пагартаў.
- Якую кнiжку?
- Тую вунь... Вяснянку тваю... Цяпер я разумею, чаго ты ад мяне таiлася. Такога хлопца i я б нiкому не паказвала, пакуль не абкруцiла як след!..
Васiлiна цяжка села на крэсла. Адэлiны словы гучалi цяпер як бы зводдалi, прыглушаныя i незразумелыя, i яна ўсё глядзела на вазу з кветкамi. Вiцька!.. Гэта ж ён прыцягнуў гарлачыкi! I цяпер толькi яна, Васiлiна, можа вызначыць iх лёс: яна можа прыняць iх, можа выкiнуць, i нiхто i нiчога не забаронiць ёй!
I ад таго, што такая ўлада была ў яе, што яна магла вырашаць лёс гэтых кветак, магла дазволiць Вiцьку ўвайсцi ў гэты пакой i магла забаранiць, магла прагнаць яго i нiводнага слова не сказаць увогуле, Васiлiна адразу паспакайнела i ўсё глядзела на белыя гарлачыкi. Якiя слаўныя! Iх жа болей i не было там, адзiны пухiрок i застаўся. Адшукаў жа недзе!
Гарлачыкi, вiдаць, расцвiлi нядаўна, мо нават i сёння. На белых пукатых пялёстках дрыжаў агнiсты водблiск барвова-чырвонага шкла; i гэтакi ж водсвет, толькi крыху слабейшы, ружавеў i на вокладцы кнiжкi, што ляжала на столiку ля вазы; вада ў вазе здавалася барвовай, i ў ёй, у глыбi, на самым дне, цвiлi белыя гарлачыкi.
1957 г.
Жалоба
Напишите нам, и мы в срочном порядке примем меры.