Иван Шамякин - Сэрца на далонi (на белорусском языке) Страница 30

Тут можно читать бесплатно Иван Шамякин - Сэрца на далонi (на белорусском языке). Жанр: Проза / Русская классическая проза, год неизвестен. Так же Вы можете читать полную версию (весь текст) онлайн без регистрации и SMS на сайте Knigogid (Книгогид) или прочесть краткое содержание, предисловие (аннотацию), описание и ознакомиться с отзывами (комментариями) о произведении.

Иван Шамякин - Сэрца на далонi (на белорусском языке) читать онлайн бесплатно

Иван Шамякин - Сэрца на далонi (на белорусском языке) - читать книгу онлайн бесплатно, автор Иван Шамякин

У тэрапеўтычным аддзяленнi ён пачуў, як адна дзяжурная сястра спалохана крыкнула другой:

- Яраш! - I забегалi, замiтусiлiся. Ён нiколi не мог зразумець, чаму ў другiх аддзяленнях i клiнiках яго гэтак баяцца.

Зося, у адной сарочцы, доўгай, пацямнелай ад часу i мыцця, сядзела каля акна i ела чарэшню, выплёўваючы костачкi на газету. Убачыўшы яго, яна войкнула, засаромелася, закрыла рукамi грудзi. Ад яе сарамлiвасцi i яму зрабiлася нiякавата. Год пятнаццаць ужо ён не адчуваў нiчога падобнага, заходзячы да хворых i застаючы iх у любым выглядзе. Ды i ўвогуле з iм было гэта толькi аднойчы: калi нарадзiўся iх першынец Вiктар i ён, студэнт-выпускнiк, наведаўся ў палату, дзе ляжалi парадзiхi.

"Што ты закрываешся? - падумаў ён пра Зосю. - Столькi разоў я цябе аглядаў, выслухоўваў... Буду трымаць у руках тваё сэрца..."

Прывiтаўся да ўсiх. У адзiн позiрк убачыў, што i другiя жанчыны накрываюцца коўдрамi, зашпiльваюць халаты, прычэсваюць валасы. Iх было ў палаце шэсць чалавек. Дзiўная жаночая псiхалогiя! Сарамлiвасць iх залежыць ад часу i абставiн.

Яраш спытаў у Зосi, як пытаюць усе лекары ў сваiх пацыентаў:

- Як мы адчуваем сябе?

- Добра, - нясмела адказала яна i ўсё яшчэ закрывала грудзi i хавала пад табурэт свае босыя ногi.

Ён узяў на ложку стракаты халат i падаў ёй. Яна хуценька накiнула яго, зашпiлiлася.

- Лажыцеся, - сказаў ён.

Узрадаваная, яна даволi рухава нырнула пад коўдру. Ён узяў табурэт, на якiм яна сядзела каля акна, сеў побач.

- Гуляем?

- Мне дазволiлi ўставаць, - прыдушаным i спалоханым голасам адказала Зося.

- Ёй дазволiлi, - пацвердзiла суседка.

Яраш адгарнуў коўдру i агледзеў ногi хворай, памацаў iх. Ацёк знiк. Зусiм звычайная жаночая нага - i па колеру i па форме. I твар змянiўся за два тыднi, якiя Зося знаходзiцца ў iх бальнiцы. Твар памаладзеў, папрыгажэў. Цяпер Яраш лёгка пазнаваў рысы той Зосi, якая некалi смела i дзёрзка схавала яго. Але яму хацелася ўбачыць рысы i таго ж характару. Няхай бы блiснула хоць адна iскра яе дзёрзкасцi, рашучасцi, весялосцi, дасцiпнасцi, хiтрасцi! Не, усё задушана, нават хiтрасць. Адно хiба свяцiлася ў яе вачах - захапленне iм, Ярашам. Але i яно было зусiм iнакшае, чым тады, нейкае па-рабску пакорлiвае.

Хворыя, якiя маглi хадзiць, па адной далiкатна пакiдалi палату: яны шмат што ўжо ведалi. Толькi новая старая, адчуўшы, што гэта "важны доктар", папрасiла:

- Доктар, паглядзiце i мяне.

Ды засталася дзяўчына з прыроджаным парокам сэрца, якую Яраш таксама меўся аперыраваць, хоць згоды яе яшчэ не пыталi, але яна, вiдаць, адчувала цi чула размовы i кожны раз глядзела на яго з панiчным страхам.

З'явiлася дзяжурная лекар, ужо заспаная.

- Я вам не патрэбна, Антон Кузьмiч?

- Не. Толькi не спiце, калi ласка, так рана. Няёмка, ведаеце... Дзесяць гадзiн.

Маладая лекарка "правалiлася" скрозь падлогу.

- Дык як самаадчуванне, Соф'я Сцяпанаўна? - ужо зусiм не як лекар, хоць i лiчыў у гэты момант пульс, а як добры сябра спытаў Яраш, iнтымна, даверлiва. Гэтая даверлiвасць перадалася i ёй.

- З мая сорак трэцяга я нiколi не адчувала сябе лепш, - сказала яна амаль шэптам, але так, што ў Яраша здавiла горла.

Васемнаццаць год фiзiчных i душэўных пакут! У парыве пяшчоты i спачування ён лёгка сцiснуў яе руку, сухую i гарачую. Ад маленькай ласкi такой вочы яе сталi вiльготныя. Ён глядзеў у iх бяздонне праз малюсенькiя шарыкi плафонаў. Яму не хацелася, каб яна заплакала, i ён падбадзёрыў яе добрай усмешкай i словамi, якiя гаварыў многiм хворым, але з той рознiцай, што ёй ён зноў сказаў "ты" - як блiзкаму чалавеку:

- Ты будзеш адчуваць сябе зусiм добра. Як усе здаровыя людзi. Можаш паверыць мне.

- Я сто разоў памiрала... I, бачыце, не памерла... Бо хачу жыць. Я веру вам.

Яна так вымавiла "хачу жыць" - з працягам, з нацiскам, што Яраш скалануўся. Дзiўна, але менавiта ў гэтых словах ён нарэшце адчуў характар той Зосi. Сапраўды, дзiўна. Тая Зося нiколi не сказала б такiх слоў.

Тая сказала: "Калi яны ўсё-такi ўварвуцца сюды, вы будзеце страляць?"

"Буду".

"У шафе ў Грота стаiць аўтамат".

I хоць бы задрыжаў голас. Нiбы паведамiла, што ў шафе стаiць варэнне.

Незразумела, чаму ў памяцi Яраша блiснуў гэты эпiзод i гэтыя словы. I невядома, па якiх лагiчных законах ён звязаў iх з тым, што яна сказала цяпер, праз васемнаццаць год пакутлiвага iснавання на мяжы жыцця i смерцi.

Яна спытала:

- Вы таксама дзяжурыце?

- Не. Я працаваў.

- Аперацыя?

- Не. Я рамантаваў адзiн прыбор.

- Сам?

- З электраманцёрамi.

- Вы ўсё ўмееце! - I, о дзiва, захапленне ў яе вачах ён убачыў таксама ўжо другое, амаль такое ж, што i тады, калi яна даведалася, хто ён.

- Усё ўмець у наш час немагчыма.

- А я нiчога не ўмею, - уздыхнула яна.

- Вам здаецца так. Пражыць такое жыццё...

- Хiба я жыла!

- Прафесiю можна набыць.

- У трыццаць шэсць год?

- Хiба гэта многа?

- Я ўмею трохi шыць. Там я шыла. Але не люблю. Гэта цяжка i нецiкава. Каб вы ведалi, якая пакутлiвая работа - прыёмшчыца кравецкай арцелi. Людзi жорсткiя i грубыя.

- Людзей кепска абслугоўваюць. Я не думаю, што ў вашым атэлье добра шылi.

- Дрэнна. Але падымаць крык з-за няправiльна прышытага гузiка.

- Гузiк можа сапсаваць чалавеку настрой.

Яна крыва ўсмiхнулася.

- Тады, - ён зразумеў сам - у падполлi, - вам мог сапсаваць настрой гузiк?

- Кожны час мае свае законы i нормы.

- Людзi пачынаюць патрабаваць замнога ўвагi...

- Па-мойму, гэта натуральна. Бяда ў iншым, што яе мала яшчэ ў нас, узаемнай увагi. У грамадстве, дзе чалавек чалавеку брат...

- Брат? - Зося, як бы спалохаўшыся, сцерла хусцiнкай з вуснаў скептычную ўсмешку i сказала мякка, ласкава: - У вас добрае сэрца, Антон Кузьмiч, пэўна, каб такiм чынам скончыць гэтую маленькую фiласофскую спрэчку.

Яраш разумеў яе. Занадта многа людзi прынеслi ёй гора i пакут. Яе шчасце, што яна зусiм не страцiла веры ў жыццё i ў людзей, верыць яшчэ, што побач са злоснымi ёсць людзi добрыя.

Нейкi момант яны маўчалi. Яраш, магчыма, упершыню за ўсю сваю практыку адчуў некаторую няёмкасць каля ложка хворай. Можа, таму, што без пэўнай мэты ён нiколi так доўга не заседжваўся. У яго i цяпер была мэта, але зусiм не прафесiйная.

Даследаваннi i здагадкi Шыковiча, нечаканая сустрэча з Зосяй не толькi распалiлi i яго цiкавасць да справы доктара Савiча, больш таго - ён адчуў сябе вiнаватым, што нiчога не зрабiў дагэтуль. Цяпер яму хацелася ўсяляк дапамагчы Кiрылу. Той, нецярплiвы, гарачы ў рабоце, дамагаўся сустрэчы з Зосяй. Ён, Яраш, як хiрург i як псiхолаг, ашчаджаў хворае сэрца пацыенткi i асцерагаў яе ад цяжкiх успамiнаў. Таму i цяпер яму нялёгка было падвесцi размову да ўспамiнаў пра яе бацьку.

Зося, напэўна, сама адчула няёмкасць зацяглай паўзы. Яна сказала:

- Ад мяне толькi што пайшла Маша. Мы доўга гутарылi.

- Я рады, што вы пасябравалi.

- Яна цiкавая. Спачатку мне здалося, што яна iграе... А ў жыццi нельга iграць! Некалi, яшчэ ў школе, я хацела стаць актрысай. I таксама iграла выдуманую ролю. Дома, на вулiцы, у гасцях - усюды... Смешна i наiўна.

- Чаму смешна? Маладыя ўсе рамантыкi. Вунь мае дзецi, Тарас, Вiця... Якiя ў iх мары i жаданнi! I я не сказаў бы, што гэта iгра.

- Дзе ён быў тады, Тарас?

- Яго схавалi добрыя людзi. Суседзi.

- Я шукала яго.

- Я ведаю. Мне казала цётка Люба.

- Яна не паверыла мне.

- Не крыўдуйце на яе. Яна была залаты чалавек i найлепшая канспiратарка.

- Яна загiнула?

- Не, памерла год назад.

Зося памаўчала, як бы ўшаноўваючы памяць чалавека, з якiм лёс звёў яе на кароткi мiг.

- Як мне хацелася знайсцi яго, гэтага хлопчыка! Я не проста помнiла вашу просьбу. Я доўга жыла ёй. Для мяне гэта было першае баявое заданне падпольшчыкаў. I мне хацелася хутчэй выканаць яго. Але бацька... Вы ведаеце, як ён асцерагаў мяне. Навошта ён так асцерагаў? Дзiўны чалавек!.. Употай ад яго я пайшла да цёткi Любы. Сказала пароль. Усё, як вы гаварылi. Яна адказала не зусiм так, але пусцiла ў дом. Я сказала, што вы прасiлi даведацца, цi вядома ёй што-небудзь пра сына Паўла Ганчарова. Яна адказала дзiўна i незразумела: "Перадайце Вiцю, што дзядзька Рыгор запрашае на заручыны Веты. У суботу пад вечар". Я сказала, што перадаць нiчога не магу, бо вас пераправiлi ў лес. "Да каго?" - спытала цётка Люба. Я не ведала, да каго. Тады, вiдаць, у яе ўзнiкла падазронасць. Яна больш нiчога не спытала пра вас. Але калi я зноў паўтарыла сваё пытанне пра Тараса, яна адказала, што нiчога невядома. Мяне пакрыўдзiла, што яна такая абыякавая i да лёсу дзiцяцi i наогул... Хаця б пацiкавiлася, хто я i што я. Не, нiшто, здавалася, яе не цiкавiла. Праўда, паводзiла я сябе неразумна i няўмела. Цётка Люба ўсё-такi спытала, як маё iмя. Я адказала, што Вольга. Чаму Вольга i навошта мне было падпольнае iмя - сама не разумею. Мабыць, ад жадання сыграць ролю падпольшчыцы.

На другi дзень я пайшла на Каштанавую, дзе жыў Павел. Там я таксама надзiвачыла. Ведаеце, што зрабiла? Я - сястра Паўлавай жонкi, шукала iх, жывых. Людзi, якiя жылi ў тым доме, збянтэжана пацiскалi плячамi: яны тут нядаўна i нiкога не ведаюць. Заплаканая, я паказвала пiсьмо, якое сама напiсала: "Яны жылi тут, вось адрас. Што ж мне рабiць? Я прыехала ажно з Харкава". Хадзiла па суседзях. Адны рабiлi выгляд, што нiчога не ведаюць. Другiя не таiлi сваю падазронасць. Але потым дзве старыя жанчыны, мабыць, паверылi мне i сказалi страшную праўду. Я плакала шчыра. "А хлопчык? Дзе хлопчык? Тарасiк". - "Кажуць людзi, у нямецкiм дзiцячым доме", - паведамiлi старыя. У той вечар я спытала ў бацькi, цi ёсць у горадзе дзiцячыя дамы. "Навошта табе?" Я расказала яму пра вашу просьбу i як я шукала малога. Бацьку гэта спалохала. Ён сярдзiта сказаў, што я загублю i сябе i яго сваiмi неразумнымi ўчынкамi. Тады я сказала яму, што больш не буду вартаваць дом i смажыць Гроту трусяцiну. "Трэба жыць i змагацца, як ён", - кiўнула я ўгору, маючы на ўвазе вас, Антон Кузьмiч. "Ён салдат, - сказаў бацька, - а мы з табой цывiльныя людзi, я - стары лекар, ты - дзяўчынка, дзiця". Я сказала яму тады многа тых слоў, якiя пачула ад вас. Бацька мусiў здацца. Толькi папрасiў, каб я нiчога сама не рабiла, пра ўсё даведаецца ён.

Перейти на страницу:
Вы автор?
Жалоба
Все книги на сайте размещаются его пользователями. Приносим свои глубочайшие извинения, если Ваша книга была опубликована без Вашего на то согласия.
Напишите нам, и мы в срочном порядке примем меры.
Комментарии / Отзывы
    Ничего не найдено.