Міхась Кацюшэнка - Прызнанне левага крайняга Страница 13
Міхась Кацюшэнка - Прызнанне левага крайняга читать онлайн бесплатно
— Дык ты выдатна ўсё ведаеш пра мяне,— рагачу я.
- А што думаеш рабіць далей? — пытаецца Андрэй.
Зноў гэтае надакучлівае: «Што далей?»
— Далей я буду гуляць у футбол.
— А пасля?
— Зноў футбол. Футбол да самага канца жыцця.
— Я памятаю, як выдатна ты рашаў задачкі на алімпіядах, амаль без падрыхтоўкі перамагаў,— гаворыць Андрэй і ў гэтую мінуту нечым нагадвае мне бацьку.— Можа, яшчэ не ўсё забыў, можа, паспрабаваць, га?!
Я падымаю рукі ўгару:
— Пры дапамозе матэматыкі, мой родны, я разлічваю траекторыю палёту мяча, перадачы паса, а з астатнім... Ты ж бачыш, колькі я б’ю галавой па мячы, колькі збіваюць мяне. Кожны такі ўдар усё больш аддаляе мяне ад навукі.
Ён не здаецца. Пачынае гаварыць камандзірскім голасам:
— Я б на тваім месцы абавязкова вырашыў для сябе, пакуль не позна.
I тут мне на падмогу прыходзіць ягоная жонка:
— Во прычапіўся! Жыве Кастусь не горш, а лепш ад іншых. Нават за твайго камандзіра дывізіі. Глядзіць свет, усюды ездзіць, яго імя кожны хлапчук і дарослы ведае...
Андрэй ажно падскочыў са свайго месца.
— Ды ты не бачыш самага галоўнага!.. Яму ўсё гэта даецца страшэннай перагрузкай. Але я зусім пра іншае гавару. Усё гэта скончыцца, хоча ён таго ці не. Я не жадаю, каб ён з такой светлай галавой стаў магільшчыкам, як адзін вядомы хакеіст, альбо рубшчыкам мяса, як футбаліст, якога на руках насілі...
Я ўздыхнуў.
— Усё вы ведаеце. Зверху відна?
— Уяві сабе — відна! Табе трэба вучыцца.
— Добра, добра,— згадзіўся я.— Падам дакументы ва універсітэт на матэматычны факультэт. Усё ж я сын члена-карэспандэнта Акадэміі навук краіны. Дый наогул — футбаліст-матэматык... Такога яшчэ не было ў гісторыі.
— Я ж сур ёзна...
— I я. Складу канкурэнцыю ўласнаму бацьку, га?
Вера дапіла віно і папрасіла прабачэння: ёй трэба як след сабрацца ў госці. Калі Наталля жадае, яна дапаможа і ёй. Наталля здзіўлена зірнула на мяне.
— Не пужайся,— супакоіў яе я.— Вера — адзін з буйнейшых спецыялістаў па макіяжы. Цябе мінут праз дзесяць уласны муж не пазнае, а цесць проста анямее.
Наталля махнула рукой:
- Я згодная. Завёз мяне Андрэй у свой лес, і я там пачынаю адчуваць сябе бабуляй. Нам не да макіяжу.
Андрэю я расчасаў валасы на прабор, і ён у блакітным блайзеры як прафесійны менеджэр.
— А ці не занадта? — хацеў заўпарціцца брат.
— Норма! — упэўнена адказаў я.— Адвыкай ад сваёй лётнай формы. Ты ў сталіцы, браце! Бацька цябе век не бачыў, няхай парадуецца. Ён увесь час распытвае пра цябе, крыўдуе, гаворыць, што ты нарэшце павінен зразумець, наколькі складанае бывае жыццё.
— Угу,— сумна цягне Андрэй.— Наша жыццё было і застаецца простым, толькі на яго душу выпалі складанасці. Дый я наогул, калі б не ты...
Я разумеў, можа здарыцца непапраўнае — зараз ён перадумае ісці да бацькі, і ніхто не зможа пераканаць яго ў адваротным.
— Прашу цябе, супакойся,— сказаў я. — Я згодны з табой, але трэба нарэшце пашкадаваць і яго. Ты сам убачыш, ён стары чалавек. Гэта не ранейшы наш бацька.
У пакой увайшлі Вера і Наталля.
— Убачылі б цябе ў нашым гарадку,— сказаў Андрэй жонцы,— і мне б болей не ўбачыць ніводнай зоркі на пагонах.
— Памыляецеся,— запярэчыла Вера.— Менавіта з такімі жонкамі выходзяць у генералы.
На вуліцы я пайшоў да машыны, запрасіў садзіцца.
— Не разумею цябе, мы ж едзем у госці, а ты за рулём,— здзівіўся Андрэй.
— Прабач, але ў мяне сухі закон. Праз некалькі дзён гульня.
— За гэта я цябе паважаю і падтрымліваю,— узрадаваўся Андрэй.— Часта думаў, баяўся, каб цябе не зацягнула ўсё гэта жыццё. Слава, дзяўчаты, віно...
— Не хвалюйся, ён у нас абсалютна паказальны чалавек. Рэжым для яго галоўны закон жыцця,— сказала Вера.
Я правёз іх па самым цэнтры Масквы, бо ведаў, што Андрэй быў тут усяго раз, калі ў ліку выдатнікаў вучылішча прыязджаў на экскурсію.
— Якое шчасце жыць тут! — уздыхнула ягоная жонка.
Ля Беларускага вакзала я звярнуў на вузенькую вулачку і спыніўся ля вышыннага дома з шэрага каменю. Амаль на кожным над ездзе — мемарыяльныя дошкі.
— Пройдуць гады, і на гэтым доме з'явіцца яшчэ адна мемарыялыіая дошка,— сказаў я, націскаючы на тормаз.
— Не разумею цябе,— Андрзй са здзіўленнем паглядзеў на мяне.
— Тут жыве вядомы вучоны Аляксей Уладзіміравіч Паўловіч... Мы прыехалі.
Нечакана я заўважыў, што Андрэй па-сапраўднаму хвалюецца, пакусвае ніжнюю губу.
Андрэй выйшаў з машыны, агледзеў дом.
— Так, значыцца, ён жыве тут.
Я сціснуў ягоную руку.
— Не хвалюйся. Я цябе прашу. I выгляду не паказвай. Сёння ў яго вялікае свята. I нават два. Не ведаю, якое большае.
Андрэй запытальна паглядзеў на мяне. Праз зморшчыны, якія рассеклі абедзве шчакі, я імгненна ўбачыў ранейшы, хлапечы позірк брата.
— Ты думаеш...
— Упэўнены. Ты сам пераканаешся.
Ён стомлена махнуў рукой:
— Пайшлі. Дарогі назад няма.
На старамодным ліфце мы падняліся на шосты паверх, я націснуў на кнопку званка.
Адчыніла Ларыса. Яна яшчэ больш распаўнела. Святочны пірог з румянымі шчокамі.
— Кастусь! Нарэшце... Усе, акрамя вас, прыйшлі.
I тут, мусіць, яе позірк сутыкнуўся з позіркам Андрэя.
Яна яшчэ больш пачырванела, запрасіла нас праходзіць. Пачуўшы галасы, у прыхожую выйшаў бацька — сівыя валасы тырчаць у розныя бакі, з-пад белай кашулі выпірае вялікі жывот — сапраўдны адуванчык. Я чмокнуў яго ў шчаку, уручыў букет кветак. Аднак бацька быццам не звярнуўна мяне ніякай увагі. Ва ўсе вочы ён утароплена глядзеў на Андрэя. Той пераступаў з нагі на нагу і не мог нічога вымавіць.
— Новы нападаючы нашай каманды — Андрэй Паўловіч,— зменціў я нейкае глупства, але яно прайшло незаўважаным.
Бацька моцна прыціснуў да сябе Андрэя, праслязіўся:
— Якім ты стаў! Цябе не пазнаць... Дзякуй, нарэшце прыехаў да мяне, вялікі дзякуй.
Я вырашыў, што лепш за ўсё пакінуць іх на некалькі хвілін (больш не атрымаецца) адных, узяў пад руку Веру з аднаго боку, Наталлю — з другога і прайшоў у гасціную. Трэба аддаць належнае бацькавай жонцы: яна трымала кватэру ў добрым стане, без залішніх выкрунтас,усё даволі сціпла, але з густам. Рэчы дзейнічаюць на нервы, як гэта часта бывае, у кватэрах людзей, якія маюць лішнія грошы і не ведаюць, куды іх траціць. Як толькі мы ўвайшлі, я адразу адчуў на сабе дзесяткі позіркаў. Рэспектабельныя, салідныя людзі адразу ж адчулі ўва мне чалавека ці не з іншага свету, а мо з іншай сонечнай сістэмы, што нечакана завітаў да іх. Iх пажылыя, акуратныя дамы з прычоскамі ад лепшых майстроў упіліся вострымі позіркамі ў Веру і Наталлю (глядзіце, думайце што хочаце, але такімі вы сябе нават успомніць не можаце!). I тут следам імкліва з’явіліся бацька з Андрэем. Ён абняў нас з Андрэем за плечы, прадставіў:
— Прашу, дарагія сябры, прыняць у нашу таварыскую кампанію вось гэтых маладых людзей. Гэта мае сыны Кастусь і Андрэй Паўловічы.
Ён гаварыў яшчэ нейкія словы пра тое, кім мы з’яўляемся, гэты эпізод зацягваўся, я нецярпліва паглядаў на бацьку, маўляў, канчай хутчэй сваю прамову, новае адзенне рыпіць на мне, я адчуваю сябе новым крэслам, на якое ўпершыню селі. Нарэшце бацька адпускае нас, усе займаюць месцы за сталом. Вера гаворыць мне, што гэтыя людзі, і мой бацька ў тым ліку, павінны служыць для мяне прыкладам, у іх спакойныя, упэўненыя твары, яны літаральна ўсяго дасягнулі ў жыцці і нават старасць іх не страшыць.
Я нічога не адказаў, у мяне прачнуўся страшэнны апетыт, і сусед па стале з цікавасцю паглядаў, як я кідаў у «топку» бясконцую колькасць біфштэксаў, заліўных, бутэрбродаў з ікрой.
— Я разумею, у вас вялікія фізічныя нагрузкі, арганізм патрабуе аднаўлення энергіі. I таму лічу, для разрадкі, зняцця стрэсаў не пашкодзіць крыху каньяку...
Я гэтак жа па-змоўніцку шапнуў яму:
— Я б з радасцю, але ў нас пастаянны допінг-кантроль. Правяраюць амаль кожны дзень, і калі што, дык...
— Цяжкое ў вас жыццё,— уздыхнуў сусед.— Ды і ў нас таксама нялёгкае, я, напрыклад, старшыня таварыства барацьбы за цвярозасць, аднак час ад часу не магу сабе адмовіць, сярод харошых людзей, вядома.
Тым часам гаварылі бясконцыя тосты ў гонар новага члена-карэспандэнта, гаварылі разумна, доўга, сумна, і мне здалося — прамоўцаў ніхто, акрамя бацькі, не слухае.
У перапынку, калі госці выйшлі перакурыць у бацькаў кабінет (ён быў нават большы ад гасцінай), вучоныя мужы абступілі мяне і пачалі закідваць пытаннямі пра паездкі, матчы, розных ігракоў. Я старанна адказваў. Дзякуючы мне ў бацькі была вольная мінута, і ён не адыходзіў ад Андрэя. Вера стаяла побач і разам з усімі слухала мяне. Я час ад часу паглядаў на яе. Апошнія дні я не мог пазбавіцца адной думкі, гнаў яе прэч, але дарэмна. Мне прыемна было думаць, уяўляць, як аднойчы (у самы бліжэйшы час) яна пераступіць парог маёй кватэры і нікуды ніколі больш не пойдзе з яе.
Жалоба
Напишите нам, и мы в срочном порядке примем меры.