Алесь Марціновіч - Былое, але не думы Страница 24
Алесь Марціновіч - Былое, але не думы читать онлайн бесплатно
Толькі калі раніцой сеў за камп’ютар, аптымізм мой адразу знік. Больш за тое, я западозрыў штосьці няладнае. Калі ўключыў камп’ютар, на экране манітора праз некаторы час з’явіліся нейкія надпісы, якіх да гэтага я ніколі не бачыў. Зразумела, яны былі ні на рускай, тым больш ні на беларускай мове. Англійскую я не ведаю. Становішча ўскладніла тое, што я ўжо не адзін тыдзень быў адзін: сыны з жонкай паехалі адпачываць. Павінны былі вярнуцца толькі ў панядзелак. Тады малодшы, які ведае камп’ютар, як свае пяць пальцаў, і высветліць, што і да чаго. Але панядзелка я не мог чакаць, таму ў адчаі пачаў націскаць на розныя клавішы наўгад. На маё здзіўленне, праз пэўны час на экране зноў з’яўляўся той надпіс, які хацеў паведаміць мне штосьці важнае.
«А што, калі тое, што я набраў, сцерлася?» — ад гэтай думкі мне стала не па сабе. Яшчэ праз колькі хвілін трывога ўзмацнілася, паступова дасягнуўшы крытычнай мяжы. Я не знаходзіў сабе месца: «Маглі ж знікнуць і ўсе іншыя файлы?!» Я кінуўся шукаць флэшку, на якой, для падстрахоўкі, знаходзіліся некаторыя з іх. Але флэшкі не было. Ад бязвыхаднасці становішча, у якое трату я ў адчаі выцер з ілба пот. Усё, усё кату пад хвост! Не заставалася нічога іншага, як чакаць панядзелка. Менавіта ў панядзелку было маё ўратаванне, ці...
Панядзелак прынёс мне крах. Сын, калі ўзяўся высвятляць, што здарылася, спачатку, праўда, паспрабаваў мяне абнадзеіць:
— Можа, удасца яшчэ ўсё паправіць.
— Ты ўпэўнены? — мне ніяк не хацелася верыць, што адбылося непапраўнае, таму ўхапіўся за сказанае сынам, як за выратавальную саломку.
Ягор, аднак, ухіліўся ад прамога адказу.
— Пастараюся, — прамовіў ён няпэўна.
Я з нецярпеннем чакаў, калі ж гэтае старанне дасць нарэшце вынікі. Зразумела, такія, якія стануць для мяне жаданымі. Але сын мусіў мяне расчараваць:
— Згарэў вінчэстар...
Што такое вінчэстар, я не ведаў. Дый для мяне гэта было не істотным. Куды болей гаварыла іншае слова — згарэў.
Значыць...
— Усе файлы прапалі, — уздыхнуў сын.
— Няўжо нельга паправіць?
— Часам гэта ўдаецца, — у голасе Ягора ўсё ж гучала пэўная надзея. — Ёсць такія спецыялісты, пагляджу ў інтэрнеце аб’явы.
Спецыяліст, які ўзяўся дапамагчы, рады не даў. Хоць трохі мой настрой узняло тое, што калі я звальняўся з «Беларускай думкі», файлы, якія былі ў рэдакцыйным кам’ютары, сын перапісаў на сваю флэшку, а потым скінуў іх у свой камп’ютар. Калі паставілі новы вінчэстар, то з сынавага камп’ютара іх і перакінулі ў мой. Пасля гэтага заставалася спадзяванне, што ўсё ж знойдзецца мая флэшка. А знайшлася толькі праз нейкі тыдзень. І дзе б вы думалі яна «хавалася»? Ды неяк патрапіла ў шчыліну ў крэсле паміж сценкай і сядзеннем. І гэта прытым, што на гэтым крэсле я, калі працую за камп’ютарам, ніколі не сяджу. Тым больш флэшку на яго не кладу.
Гэтыя два прыклады, зразумела, можна патлумачыць проста як збег выпадковасцей. Прытым такіх, што адбыліся ў адзін і той жа час. Магчыма, і так. Мяне, аднак, у сувязі з гэтым насцярожвае тое, што яны супалі акурат тады, калі я пісаў артыкул пра Янішчыц. Таму і насцярожыла, што дзесяць гадоў да гэтага таксама адбылося такое, ад чаго вее нейкай містычнасцю. Зноў жа ў час юбілею Янішчыц. Толькі тады, як вядома, адзначалася 50-годдзе з дня яе нараджэння.
Каб жа толькі гэта
Прадстаўнічая пісьменніцкая дэлегацыя пасля наведвання Піншчыны вярталася ў Мінск. Час быў позні. Дый восень таксама стаяла позняя — нарадзілася ж Янішчыц 20 лістапада 1948 года. Да гэтай даты і былі прымеркаваны юбілейныя мерапрыемствы, што праходзілі ў яе на радзіме. Снег яшчэ не выпаў, але холад моцна даваў аб сабе знаць. Хоць гэта звычайная з’ява на стыку восені і зімы. Пры настылай зямлі, але не пакрытай яшчэ снегам, калі нават крыху падмарозіць, то халадэча такая, што на вуліцу лепей асабліва не паказвацца. А тут у аўтобусе, у якім ехалі пісьменнікі, нечакана заглох матор.
Усе спачатку асабліва не турбаваліся. У салоне цёпла. Дый спадзяваліся, што шафёру ўдасца хутка выправіць непаладкі. Толькі, як ні стараўся ён, а рухавік не заводзіўся. Нічога не давала і тое, што ў вадзіцеля неўзабаве знайшліся добраахвотныя памочнікі з тых пісьменнікаў, хто мае ўласныя машыны. Толькі праз некалькі гадзін, калі ад холаду ў аўтобусе ўжо немагчыма было сядзець, матор нарэшце запрацаваў.
У падобнай сітуацыі апынулася і аўтамашына, у якой ехала Тамара Дудко — вядомы грамадскі дзеяч, дырэктар піўзавода «Аліварыя». Таксама прыкладна ў гэты ж час. І блізу таго месца, дзе нечакана спыніўся аўтобус з пісьменнікамі. Гэтаксама далёка не адразу ўдалося выправіць непаладкі. Тады ўсё абышлося. Аднак ніяк у галаве не ўкладваецца тое, што пазней Т. Дудко загінула ў аўтакастрофе, хоць і ў іншым месцы. Як тут не прыгадаць пушкінскае:
Хоть убей, следа не видно,
Сбились мы, что делать нам?
В поле бес нас водит, видно,
Да кружит по сторонам.
Сколько их, куда их гонят,
Что так жалобно поют?
Домового ли хоронят,
Ведьму ль замуж выдают?
Дарэчы, той, хто добра знаёмы з творчасцю Дастаеўскага, не можа не памятаць, што Фёдар Міхайлавіч узяў гэтыя радкі адным з эпіграфаў да свайго рамана «Д’яблы». Таго самага рамана, які пры савецкай уладзе не спяшаліся перавыдаваць, бо лічылася, што твор гэты — памфлет на рускую рэвалюцыйную сітуацыю, таму ён па сутнасці і быў выкраслены з творчасці выдатнага пісьменніка, у якога беларускія карані. Род жа Дастаеўскіх, як вядома, паходзіць з Дастоева. Сёння згаданая вёска ўваходзіць у склад Іванаўскага раёна. Ды, не будзем забываць, што гістарычна — гэта Піншчына. Няўжо і сапраўды тут прысутнічае нейкая містыка? Пэўна сцвярджаць, зразумела, нельга, але, мабыць, усё ж нешта такое ёсць. Ва ўсякім разе пасля таго, як матэрыял пра Янішчыц быў узноўлены па памяці, а па сутнасці напісаны занава, я сутыкнуўся яшчэ з двума выпадкамі, якія, у пэўнай ступені, як бы дапаўняюць ланцужок маіх непрыемнасцей.
Калі пра тое, што ў маім камп’ютары згарэў вінчэстар і былі беззваротна страчаны многія файлы, я расказаў Уладзіміру Мазго, які на той час працаваў у рэдакцыі часопіса «Вясёлка», Валодзя ўсхвалявана адказаў:
— Сапраўды дзіўна, бо...
Я не даў яму дагаварыць, таму што пасля гэтага ягонага «бо» на сэрцы стала трывожна. Няўжо згубіўся мой матэрыял, прапанаваны «Вясёлцы» да чарговага Дня беларускага пісьменства? Копіі ж яго ў мяне не засталося.
— Ды ўсё ў парадку, — Мазго, мабыць, здагадаўся, пра што я падумаў. — Згубілі праўда, але...
— Не цягні!
— Але знайшлі.
Пасля гэтага ў мяне адразу адлягло на сэрцы. Аднак праз некалькі дзён мусіў яшчэ раз пахвалявацца. Таксама ў сувязі з тым, што адбылося непрадбачанае. Будучы ў выдавецтве «Мастацкая літаратура», пацікавіўся, ці хутка выйдзе мая кніга «Горадзень, Гародня, Гродна», адрасаваная дзецям.
— Па віне друкарні затрымка атрымалася, — пачуў у адказ.
Як высветлілася, аддрукаваныя аркушы, а гэта мелаваная папера з мноствам ілюстрацый, па недаглядзе кагосьці былі заліты фарбай і ўсё трэба было рабіць нанава. Магчыма б, гэтае паведамленне мяне надта і не ўсхвалявала — мала што бывае, ды атрымлівалася, што за кароткі тэрмін у мяне здарыліся тры непрыемнасці, прытым у прамежку часу, звязанага з камандзіроўкай на Піншчыну.
Не магу не згадаць і выпадак, што прыгадвае А. Кірыковіч у гісторыка-дакументальнай хроніцы «Памяць» Пінскага раёна. Праўда, ён іншага плана і выклікае не змрочныя думкі, а светлыя.
У 1990 годзе, на другі год пасля смерці Янішчыц, кіраўніцтва Пінскага раёна прыняло рашэнне аб правядзенні ў вёсцы Велясніца першага свята паэзіі, прысвечанага памяці выдатнай паэтэсы-зямлячкі. Яно было прызначана на нядзелю 1 ліпеня. Зразумела, да яго рыхтаваліся належным чынам. За дзень да гэтага А. Кірыковіч, які быў адказным за правядзенне свята, паехаў на грузавой машыне раённага аддзела культуры ў вёску Малоткавічы, каб забраць партрэт Я. Янішчыц, выкананы вядомым пінскім мастаком А. Шыдлаўцом. Партрэт быў вельмі вялікі, таму заняў у машыне амаль увесь кузаў. Калі пад’ехалі да ракі Ясельды, то вадзіцель закрычаў: «Партрэт паляцеў!» — і пачаў тармазіць.
Выйшаўшы з кабіны, убачылі, як ззаду, на адлегласці метраў 300—400, партрэт паэтэсы павольна апускаецца на асфальт. Занепакоіліся, што ён можа разбіцца. Толькі спалох аказаўся марным. А. Кірыковіч прызнаецца: «... Калі мы пад’ехалі да яго і не заўважылі не тое што паломкі, а нават ніводнай драпінкі, мне, атэісту, які не верыць ні ў якія звышнатуральныя сілы, падумалася, што душа Жэні гэтым самым падала нам нейкі знак. Але які? Можа, яшчэ раз выказвала любоў да родных мясцін і, не дачакаўшыся Велясніцы, а толькі ўбачыўшы Ясельду, ластаўкай паляцела да яе. А можа, хацела гэтым палётам сказаць: «Бачыце, як я ўмею лётаць і прызямляцца без ніякае шкоды. Але ўмею я гэта толькі тут, на роднай зямлі. Не ў Мінску!» Хто ведае?»
Жалоба
Напишите нам, и мы в срочном порядке примем меры.