Алесь Марціновіч - Былое, але не думы Страница 25
Алесь Марціновіч - Былое, але не думы читать онлайн бесплатно
Сапраўды, многага мы яшчэ не ведаем. А можа, гэта і добра, бо калі ўсё ведаеш, то, бадай, і жыць нецікава. Усё ж тое незвычайнае, неардынарнае, невытлумачальнае, што часам адбываецца, як бы падсцёбвае ў жаданні глыбей спазнаць рэчаіснасць і адначасова лішні раз зразумець, якое шматграннае і складанае жыццё і як шмат чаго ў ім мы яшчэ не спасціглі.
Таварыш генерал, ты мяне зваў?
Раскажу, як аднойчы я пажартаваў са свайго сябра Славы. Было гэта таксама падчас ягонай службы ў арміі. Вярнуўся з нейкіх гасцей я зарана. Сяджу сабе адзін у пакоі. Дзень выхадны, асабліва заняцца няма чым. Сумна. Таму і прыйшло ў галаву, а чаму б не патэлефанаваць Славу. Праблема, аднак, у тым, што прамой тэлефоннай сувязі з Мінска ў ягоны батальён на той час не было. Праўда, Пратасевіч мне неяк назваў пачатковы нумар, каб пасля праз розныя Кедры, Сялкі і іншыя паролі выйсці на пароль таго батальёна, які мне і трэба.
Чаму б не паспрабаваць? Калі служыў у арміі, неаднойчы карыстаўся такой сувяззю. Аднак гэта магчыма толькі тады, калі ў пераходзе ад пароля да пароля не адбудзецца ніякіх збояў. Гарантыя поспеху, калі звоніць чалавек, які паводзіць сябе ўпэўнена, мае пэўнае званне. Іначай, на тым жа Кедры ўсё можа і скончыцца. Галоўнае ж, каб цябе ведалі там, дзе называецца апошні пароль.
Ды я быў ваўком стрэляным. Калі пасля набору нумара пачуў:
— Радавы Іваноў слухае! — крыкнуў з усёй сілы ў трубку: — Тэрмінова злучы з Сялком!
— Ёсць! — прагучала ў адказ і праз нейкую хвіліну пачулася:
— Сялок! Яфрэйтар Сідараў слухае.
Паступова я набліжаўся да запаветнага пароля. Але чым бліжэй быў да мэты, тым больш ўпэўніваўся, што сяржанта Пратасевіча мне проста так не паклічуць, бо можа стацца, што яго давядзецца доўга шукаць. Таму ўсё залежыць ад таго, наколькі праяўлю характар.
Пачуўшы пароль будбата і адказ дзяжурнага, я не проста закрычаў, а мацюкнуўся ў трубку. Гэта, безумоўна, у войску добра спрацоўвае, а пасля што сілы дадаў:
— Тэрмінова паклікаць сяржанта Пратасевіча!
На тым канцы провада спалоханы голас замармытаў штосьці накшталт таго, што гэта немагчыма, бо ён далёка адсюль. Тады я дадаў:
— На провадзе, маць тваю, генерал Марціновіч! (Канечне, мацяршчына з маіх вуснаў ішла патокам, але не магу ўсё гэта прывесці. — А. М.) Паўтараю: пакліч майго пляменніка Пратасевіча!
Чакаць давялося мінут пяць. Слава прыбег запыханы і разгублены, але хутка зарыентаваўся.
— Прывітанне, дзядзька, — пачуў я ягоны голас.
Мы крыху пагаварылі, а потым я пажадаў яму ўсяго найлепшага.
Калі праз некалькі дзён сустрэліся з ім у Мінску, па тым хваляванні, з якім ён гаварыў са мной, адчувалася, што ад таго майго званка Слава яшчэ канчаткова не прыйшоў у сябе.
— І доўга ты думаў, каб да такога даўмецца? — запытаўся ён.
— Гумарам трэба валодаць, — з пачуццём годнасці адказаў я.
— Каб ты ведаў, які перапалох быў у батальёне, як мяне шукалі?!
— Перажывуць, — спакойна адказаў я.
— Табе хоць бы што! А ў мяне камандзіры дапытваліся, чаму не папярэдзіў, што маю такога сваяка.
— І што ты на гэта адказаў?
— Сказаў, што ты не родны мой дзядзька, а нейкі далёкі родзіч.
— Няхай ведаюць, хто ў іх служыць, — адказаў я, задаволены сваім розыгрышам.
Калінінград — не для інтыму град
У дадзеным выпадку тыя салдаты, якія дзяжурылі на тэлефоне, зразумела, не маглі здагадацца, што з імі жартуюць. Больш за тое, нават падумаць пра гэта не маглі, бо, будучы пры выкананні службовых абавязкаў, мусілі хутка забяспечваць сувязь. Аднак часам знаходзяцца ахвотнікі паверыць у тое, у што, калі добра разважыць, ніяк паверыць немагчыма, самі па сабе. Такая ўжо чалавечая натура, што нярэдка некаторыя лёгка спакушаюцца на розыгрыш. Так было, калі я вырашыў пажартаваць з друкароў, дзякуючы якім выходзіць у свет «ЛіМ». Асобных з іх я больш-менш ведаў, калі чарговы нумар, будучы па ім дзяжурным, перад тым, як даць яму зялёнае святло, неабходна было падпісваць. Але прайшоў час і ў гэтым неабходнасць адпала, бо гэтая працэдура рабілася ўжо ў рэдакцыі, пасля чаго гатовыя для друку адбіткі везліся ў друкарню.
Абавязковыя ж экзэмпляры для рэдакцыі звычайна забірала наша прыбіральшчыца А., якая па сумяшчальніцтве выконвала і такую работу. З гэтай А. я быў у добрых адносінах. Журналісты старэйшага пакалення, дый усе, каму некалі даводзілася карыстацца пішучымі машынкамі, канечне ж, памятаюць яшчэ, як цяжка было дастаць для гэтай мэты добрую паперу. Апроч газетнай, ніякая іншая ў магазінах амаль не прадавалася. То А. мне звычайна ішла насустрач. Маючы ў друкарні шмат знаёмых, яна без асаблівых праблем даставала пачакдругі больш дабротнай. Я ж стараўся за падобную паслугу аддзячыць ёй.
Дык вось гэтая А. нечакана выйшла замуж за жыхара Калінінграда, але ён на пастаяннае месцажыхарства ў Мінск так і не пераехаў. Звычайна муж наведваўся да яе, але часам і яна ездзіла да яго ў Калінінград. Калі ж гэтая паездка займала і пятніцу, то ўзнікала праблема з дастаўкай абавязковых экзэмпляраў нумара ў рэдакцыю. Па сяброўстве А. прасіла зрабіць гэта мяне. Зразумела, адмовіць у просьбе я ёй не мог, дый яна звычайна аддзячвала: у якасці прэзента частуючы мяне такой рыбай, якой у крамах не было ці яна прадавалася рэдка.
Друкары да таго, што забіраў гэтыя асобнікі я, а не А., ставіліся спакойна, бо для іх не было ніякай розніцы. Так працягвалася даволі доўга. Толькі памыляюцца тыя, хто сцвярджае, што жанчыны куды больш цікаўныя, чым мужчыны. Усё залежыць ад чалавека. Знайшоўся і сярод друкароў адзін, які задумаўся, чаму гэта часта не А. забірае газету, а я. Не вытрымаў. Калі я прыехаў чарговы раз, пацікавіўся:
— А чаму часам вы замест А. прыязджаеце?
Знайшоўся і адзін, які вырашыў пажартаваць:
— А можа, у вас з ёю асаблівыя адносіны?
— На жаль, не, — я зрабіў выгляд, што я быў бы не супраць таго, каб у нас з А. і сапраўды пачаліся «асаблівыя адносіны». — Не паддаецца, — уздыхнуў я, — вельмі мужа свайго любіць.
— Мы чулі, што яна выйшла замуж, — кажа першы друкар.
— Прычым тут муж, — умяшаўся ў гаворку яшчэ адзін і з веданнем справы дадаў: — Галоўнае — да жанчыны адпаведны падыход.
— Значыць, не ўмею, — самотліва разважыў я. — Хоць у кожнага свая праблема.
Я паглядзеў на друкароў так, быццам разважаў: гаварыць ці не гаварыць.
— Няўжо ў А.? — друкар, які першым пачаў гаворку, аказаўся самым цікаўным.
— Як бы вам сказаць.
Яны зразумелі, што я вагаюся гаварыць ці не гаварыць, таму паспяшаліся запэўніць, каб не баяўся казаць праўду. Пра тое, што даведаюцца ад мяне, нікому ні-ні.
Хіба мог я пасля гэтага не падзяліцца з імі «сакрэтам»?
— У А. ўсё ў парадку, — запэўніў іх, — але праблема ў яе мужа.
— Што-небудзь здарылася?
— У нас у мужчын адна праблема, — з веданнем справы сказаў я. — Асабліва калі ты ўжо ва ўзросце.
— Няўжо ў яго не.
Я пастараўся быць як мага больш сур’ёзным, бо ў тым, што хацеў цяпер сказаць, і заключаўся мой жарт.
— Ведаеце, — кажу, — у яго вельмі рэдкі выпадак, — але гаварыць галоўнае не спяшаюся.
— Скажыце, — пачалі прасіць яны, — што гэта за выпадак? Дальбог, нікому не раскажам.
— Разумееце, — я задумаўся. — А як бы вам лепт сказаць... Бадай, адмоўна сказваецца рознасць у кліматычных умовах.
Мае субяседнікі ажно раты раскрылі, але, па усім відаць, так яшчэ і не ўпэўніліся, куды я хілю. Але нічога больш не пытаюцца. Баяцца, каб не перадумаў — гаварыць усю праўду ці прамаўчаць.
— Так і быць, — працягваю я, — паколькі вам цалкам давяраю, то ведайце. Крыху маўчу, каб зрабіць большы эфект ад сказанага і на адным дыханні прамаўляю: — У яго рэдкі выпадак: не с...ць толькі ў Мінску!
Адразу зразумеў, што мае субяседнікі падвоху не зразумелі.
— Ну і бедалага, — паспачуваў адзін.
— Трэба было жаніцца на калінінградцы, — сказаў той, які добра ва ўсім разбіраўся, — то ніякіх бы праблем і не было.
Трэці ж аказаўся самым здагадлівым:
— Таму А. і ездзіць да яго рэгулярна ў Калінінград!
— А за яе газеты забіраю, — патлумачыў я.
Што друкары ў гэтым маім аповедзе ніякага розыгрышу не ўбачылі, зразумеў я праз тыдзень, калі сама А. забрала чарговы нумар.
Прывёзшы газеты ў рэдакцыю, яна, заходзячыся ад смеху, запытала ў мяне:
— Гэта ты так пажартаваў?
— Пра што ты? — я зрабіў выгляд, што ні пра што не здагадваюся.
— Самае дзіўнае, што яны ва ўсё паверылі, — А. працягвала смяяцца.
— Паверылі?! Чаго-чаго, а гэтага я не чакаў, — прызнаўся я.
— Нават парады пачалі даваць, як майго. акліматызаваць.
— Запісала?
Яна ўхілілася ад адказу, а толькі папрасіла:
— Можа, і ў наступную пятніцу забярэш за мяне газеты?
— Калі ўжо табе так хочацца.
Хіба я мог адмовіць жанчыне, у якой такая праблема?
Канспект за гадзіну... На цэлы сшытак
Часам жарт і выжыць можа дапамагчы. У гэтым я ўпэўніўся, калі, будучы студэнтам, здаваў залік вядомаму кінакрытыку Ефрасінні Бондаравай, якая чытала ў нас курс па кіно. Не сказаць, каб на гэтых занятках быў надта актыўны. Больш за тое, займаўся сваімі справамі. Не звяртаючы ўвагу на тое, што займаліся звычайна ў невялікіх аўдыторыях, бо на курсе было недзе ў межах дваццаці пяці чалавек. Нехта пераводзіўся на завочнае навучанне. Хтосьці пераходзіў на вячэрняе. Я, напрыклад, прыйшоў з аддзялення беларускай мовы і літаратуры. Кожны перад выкладчыкам навідавоку. Тым не менш я і чытаў. І матэрыялы якія-небудзь пісаў.
Жалоба
Напишите нам, и мы в срочном порядке примем меры.