Міхась Кацюшэнка - Прызнанне левага крайняга Страница 28

Тут можно читать бесплатно Міхась Кацюшэнка - Прызнанне левага крайняга. Жанр: Разная литература / Прочее, год -. Так же Вы можете читать полную версию (весь текст) онлайн без регистрации и SMS на сайте Knigogid (Книгогид) или прочесть краткое содержание, предисловие (аннотацию), описание и ознакомиться с отзывами (комментариями) о произведении.

Міхась Кацюшэнка - Прызнанне левага крайняга читать онлайн бесплатно

Міхась Кацюшэнка - Прызнанне левага крайняга - читать книгу онлайн бесплатно, автор Міхась Кацюшэнка

— А ты што ў адказ? — пытаюся я і з цікавасцю гляджу на Стаса.

— Усё па-ранейшаму — не бачыў я такіх грошай. Тады яны за другіх хлопцаў узяліся — хто, калі і каму прадаваў машыны. А як іх не прадаваць, калі з заробкамі ў нас — дрэнь. Крыху папсавалі нервы, але ўсё скончылася ціха. Так што лёс маёй дваццацьчацвёркі невядомы, а я спакойна катаюся на «Жыгулях» — хутка, танна, надзейна. Ты сваю не здаў?

— Не, яна ў Маскве, на тым тыдні паеду. Трэба канчаткова пераязджаць...

— Канчаткова?! — здзівіўся Прануза.— Ды хто будзе цябе тут доўга трымаць? Ты ў зборнай, у цябе паездкі, у цябе ўсё! А ў нас што знойдзеш, акрамя эксперыментаў Фалалеева і нервовай абстаноўкі? Усё сцішыцца, і бяжы адсюль! Вярнуцца заўсёды паспееш.

— Гэта ад мяне не залежыць, Стас,— адказаў я.— Ёсць абставіны, калі за нас усё вырашаюць іншыя людзі.

— Магу з табой пагадзіцца, але не ва ўсім.

I тут у пакой зазірнуў Сяргей Валасюк:

— Вы тут, я гляджу, наладзілі дыспут...

- А ты не стой пад дзвярыма і не слухай,— выбухнуў Стас.— Ідзі лепш лізні Фалалеева ў адно месца.

Валасюк пачырванеў.

— Стас, я папрашу цябе трымаць сябе ў належных рамках. Мне гэта можа хутка надакучыць.

— А мне ўжо надакучыла,— адказаў Прануза.

I вось закруцілася звычная пружына — размінка, устаноўка на гульню (каманда-суперніца даволі цяжкая, на выездах гуляе ў асноўным у абароне, прабіцца да варот будзе цяжка, і таму самае галоўнае манеўранасць, стаіць задача выцягнуць іх са сваёй паловы поля), прыезд на стадыён (група футбольных фанатаў, як заўсёды, на месцы). Для большасці з іх невядома, што я вярнуўся ў каманду, у газетах няма ніводнага паведамлення, відаць, не могуць вырашыць, як што напісаць. Але вось гучыць па стадыёне: «Сёмы нумар — Канстанцін Паўловіч». 3 імгненне фанаты маўчаць, а нотым узрываюцца воклічамі.

Я ведаў, што мне зноў гуляць наперадзе са Стасам, а ён можа выкласці выдатны пас. Фалалееў вырашыў выпусціць у цэнтр Саньку Картавенку, выгляд у таго адразу павесялеў, ён глядзеў на мяне спакойна і нават дружалюбна.

— Успомні сёння ўрокі Ярэмчанкі,— параіў Прануза.— Штыкавая атака па левым краі.

— Я згодзен,— згадзіўся Картавенка.— Гэтага, думаю, яны ад нас не чакаюць.

— Вось і добра,— адказаў я.— Толькі кожны раз гэта нам не ўдасца. Раскусяць вельмі хутка... Трэба дзейнічаць на сто працэнтаў. Толькі ў тым выпадку, калі складзецца сапраўдная сітуацыя.

Пры гэтай размове Фалалееў не прысутнічаў, і Стас зазначыў, што мы пакажам сёння Эдгару, што такое сапраўдны, а не славуты адкрыты футбол, які ён увесь час прапагандаваў.

На першых мінутах гульні ў нас нічога не атрымлівалася. Метраў з трыццаці прабіў Картавенка, і мяч разануў па перакладзіпе. Быў яшчэ выпадак, калі я паспрабаваў прайсці цераз шчыльны натоўп і амаль прайшоў, але па варотах не далі прабіць. А тут і наогул здарылася непрадбачанае, у самы, здавалася б, спакойны момант, ля нашых варот праваліўся абаронца Козел, і нападаючы гасцей спакойна паслаў мяч пад перакладзіну. Я бачыў, якая грымаса прабегла па твары Фалалеева, ён нешта крычаў, бегаючы ўздоўж бегавой дарожкі (у той самы момант я ўпершыню падумаў, што ў яго не ўсё ў парадку з нервамі), адпусціў моцнае слова (ледзь не на ўвесь стадыён) Стас Прануза, а Картавенка, які быў у гэты момант разам са мной, прагаварыў: «Вось так заўсёды... Толькі пачнецца нешта больш-менш нармалыіае, і ўсё...»

Я тым часам прыглядаўся да свайго апекуна, магутнага хлопца з фігурай штангіста.

— Звярні на яго ўвагу,— кажу Картавенку.— Пастарайся пакорпацца дзе-небудзь зблізу, каб умяшаўся ён, а потым — пас мне.

— Зразумеў! — крыкнуў Картавенка і перамясціўся ў цэнтр.

Я пачаў заўважаць (раней гэтага збоку не было бачна), што ён крыху пацяжэў, няма ранейшай рэакцыі, хоць выдатна адчувае лінію гульні, бачыць поле.

— Прайграем,— заныў Стас.— Абавязкова прайграем...

— Чаму? — здзівіўся я.

— Ты паглядзі на твары хлопцаў. Поўная разгубленасць. Я ўжо вывучыў — калі з’яўляецца такі настрой, на полі няма чаго рабіць.

Фалалееў, чырвоны, усхваляваны, даволі блытана (як мне здалося пасля звыклых, ураўнаважаных слоў у гэткіх выпадках Васільева) падышоў да нас са Стасам.

— Вам час успомніць ранейшае. Я і Картавенку невыпадкова даў у дапамогу... Разумею, вы даўно не былі разам, але ж я бачу — амаль усё атрымліваецца. Патрэбны штыкавы праход, і яны будуць бяссільнымі.

Стас усміхнуўся.

— Мы пра гэты штык даўно самі ўспомнілі. Паспрабуем.

Фалалееў павярнуўся да мяне:

— Крыху дадай хугкасці!

У другім тайме мне проста шкада было глядзець на Саньку, які літаральна са скуры лез, каб прарвацца цераз абарону і выдаць мне пас. Ён цяжка дыхаў, твар пакрыўся чырвонымі плямамі. Ён выдатна разумеў, што сёння ў яго апошні шанц. На трыбунах крычалі: «Паўловіч, Паўловіч!» Недзе на дваццатай мінуце (я міжволі паглядаў на табло, час на якім мяняўся з незвычайнай сілай) Стас урэзаўся ў гушчыню натоўпу метраў за трыццаць ад варот і пачаў весці мяч быццам сярод слупоў, ён, праўда, ні на крок не рухаўся наперад, але і мяча не аддаваў, на дапамогу яму кінуўся Картавенка. Я зірнуў на свайго апекуна, якога таксама пацягнула да таго месца, дзе адбывалася нешта незразумелае. Вось ён, той самы момант. Стас аддае нарэшце пас Картавенку, прабягае некалькі метраў паперад і моцным ударам перапасоўвае мяч на левы край. Мне варта зрабіць некалькі метраў... Зрываюся з месца,мякка кранаюся мяча, які, падпарадкоўваючыся мне, мякка скача паперадзе. На сустрэчу са мной, ужо амаль у штрафной пляцоўцы ляціць цэнтральны нападаючы, але я абыходжу яго пры дапамозе самага звычайнага «дваравога» фінта — у мяне перавага, я на хуткасці, у мяне існуе мноства варыянтаў, каб абысці яго. Разгублены твар варатара, нечае дыханне ззаду. Трэба біць. Мяч ляціць у дальні вугал, мяне хапае за руку Санька Картавенка, б’е на плячы Прануза, нехта скочыў ззаду на плечы... Я быццам чую Юркавы словы: «Тарсіда раве, я забіваю!»

Потым атакі нашай каманды пайшлі адна за другой, Фалалееў увесь час зрываўся з месца, даваў нарады, арбітр сустрэчы нават памкнуўся зрабіць яму заўвагу, але ў гэты самы момант Санька Картавенка пушачным ударам паслаў мяч у вароты. Узарваўся ў адзіным парыве стадыён. Не, Саньку яшчэ рана спісваць у архіў, ён можа гуляць некалькі сезонаў, не менш. Я кажу пра гэта Фалалееву пасля разбору гульні, а ён не слухае мяне, гаворыць:

— Ты не падкачаў, хоць і адчувалася некаторая стрыманасць. Але гэта зразумела... Колькі часу не гуляў з хлопцамі, мне б і не варта было вынускаць цябе сёння, але не было іншага выйсця... Шкада, што настрой каманды ў наступным матчы не выкарыстаеш,— ён сціснуў кулакі.— Дагаворны матч... Павінны аддаць два ачкі, за мінулы сезон...

— Не хвалюйся,— кажу Фалалееву (калі мы адзін на адзін, то я дазваляю звяртацца да яго гэтак),— яшчэ час ёсць. Нават на другую частку чэмпіяната не перакацілі. Як-небудзь выпаўзем з чорнай дзіркі.

— Калі б так... Якія планы ў цябе?

— Не разумею.

— Я маю на ўвазе сённяшні вечар. Заўтра ж на зборы.

Я смяюся.

— Ты што, вырашыў апякаць мяне цэлымі суткамі?

Фалалееў уважліва глядзіць на мяне.

— Не крыўдуй, калі ласка,— гаворыць ён.— Я разумею твой настрой. А тут, у горадзе, цябе ведае кожны, шмат людзей. Пачнуцца запрашэнні ў госці, розныя прапановы...

— Не хвалюйся, я не стаў выпіваць у Маскве... Тая гісторыя, сам разумееш, асаблівая.

Ля аўтобуса вялікі натоўп балельшчыкаў. Хтосьці просіць аўтограф, хтосьці пытаецца, як я апынуўся ў Мінску, з якой нагоды.

Назаўтра аб гэтым напісалі ў справаздачах. 3 самай раніцы я пабег да кіёска. У газетах прагучала прыкладна тое, што Федэрацыя футбола вырашыла вярнуць іграка маскоўскага «Дынама» члена зборнай К. Паўловіча ў сувязі з яго не зусім правільнымі паводзінамі. Я адкінуў газеты ўбок: з такой фармуліроўкай можна пражыць больш-менш спакойна. У дванаццаць гадзін павінен быў прыйсці аўтобус, каб адвезці нас на спартыўную базу, а ў палове дванаццатай (і чаму толькі я раней не выйшаў на вуліцу падыхаць свежым паветрам?!) пазваніў бацька.

— Нічога не разумею, што адбылося? — пачуў я ў трубцы ягоны ўсхваляваны голас.

— Усё нармальна, у час гульні паслаў суддзю ў адно цёплае месца.

Голас бацькі нязвыкла жорсткі:

— Не хлусі. Расказвай усё як ёсць.

Я ўздыхнуў.

— Прабач, але гэта не тэлефонная размова. Зразумей адно — нічога страшнага не адбылося. Дарэчы, я забіў гол у апошняй сустрэчы.

— Ты сам ведаеш, што мяне твае галы асабліва не хвалююць.

— Прабач, тата, трэба ехаць на базу. Унізе чакае аўтобус. Хутка буду ў Маскве, абавязкова зазірну да цябе. Пагаворым.

— Толькі ж глядзі, абавязкова зайдзі да мяне.

Кароткія гудкі. Будзе яшчэ шмат тэлефонных званкоў, у гэтым я перакананы. Ад родных, знаёмых і малазнаёмых людзей. Лепш у гэтыя дні не падыходзіць да тэлефона.

Перейти на страницу:
Вы автор?
Жалоба
Все книги на сайте размещаются его пользователями. Приносим свои глубочайшие извинения, если Ваша книга была опубликована без Вашего на то согласия.
Напишите нам, и мы в срочном порядке примем меры.
Комментарии / Отзывы
    Ничего не найдено.