Міхась Кацюшэнка - Прызнанне левага крайняга Страница 3
Міхась Кацюшэнка - Прызнанне левага крайняга читать онлайн бесплатно
— На сямідзесяты кіламетр Мінскай шашы? Гэта ж далёка...
— А — што?
— А ведаеш, колькі будзе каштаваць?
— Мінулы раз плаціў два чырвонцы. Між іншым, мяне гэта не цікавіць. Стаўка можа быць большай.
Ягоныя вочы цяплеюць.
— Тады паехалі. Дастаўлю як мае быць.
Я маўчу. Люблю ехаць у машыне, асабліва ў такое надвор’е. На душы робіцца спакойна, нішто цябе не хвалюе. Дарэчы, можна было б паехаць сюды на машыне, нейкіх шэсць-сем гадзін добрага ходу, але напружанне нерваў і без таго вялікае. У такім стане лепш, каб цябе везлі. Гэта я добра ведаю... Я зірнуў на гадзіннік. Праз некалькі мінут Фалалееў выведзе каманду на трэніроўку. Словы: «Яго няма. Зноў спазняецца... Пачакаем!» Кароткі крос, распасоўка мячоў, адпрацоўка ўдараў, камбінацыі, гульня... Колькі разоў гэта паўтаралася ў маім жыцці?! Тысячы разоў? Падлічыць немагчыма, ды і каго можа цікавіць такая лічба? Можа, толькі стрыечнага брата бацькі Станіслава Пятровіча. Нават побач з самымі заўзятымі фанатамі футбола ён бы заняў месца сярод прызёраў. У Станіслава Пятровіча цэлая бібліятэка з газетнымі і часопіснымі артыкуламі, кніжкамі на ўсіх мовах, справаздачамі пра самыя розныя матчы, дасье на асобных ігракоў — дзе і калі нарадзіўся, калі пачаў займацца футболам, колькі забіў альбо прапусціў, колькі разоў выступаў за той ці іншы клуб... Ён вядзе асобныя, як гаворыць мой бацька, «амбарныя кнігі» на лепшыя прафесійныя клубы свету і можа ў любы момант даць падрабязную даведку пра іх поспехі і няўдачы. Дзеля футбола ён траціць вялікія грошы на замежныя падпісныя выданні. Я неяк сказаў яму (без адцення жарту), што ён можа спакойна кідаць свой дом адпачынку пад Масквой, дзе здаўна працуе галоўным урачом, і жыць на вольным хлебе. Ён амаль што прафесійны футбольны статыстык.
Але ён толькі ўсміхаецца, ён любіць сваю родную вёску Васільеўскае, ганарыцца, што тут жыў у маленстве сам Герцэн, ён збірае кніжкі пра яго і з жалем гаворыць, щто мы да гэтага часу не можам усвядоміць, наколькі вялікім быў гэты адзін з самых сумленных рускіх людзей усіх часоў.
Калі я думаў, куды мне лепш за ўсё знікнуць, то ўспомніў неблагі адрас — Вільнюс, там жыве мой сябра, былы ігрок нашай каманды, а цяпер спартыўны аглядальнік «Вячоркі» Башэйкіс, але я, вядома, не паспеў пазваніць яму. А раптам яго няма, паехаў на поўдзень разам з жонкай. Цяпер жа лета, час адпачынку. Альбо — у турысцкую паездку за мяжу (ён любіць вандраванні). Ёсць у мяне нямала і маскоўскіх адрасоў, дома нават застаўся ключ ад кватэры Валеркі Захар’іна, з якім мы некалі пачыналі разам у маскоўскім «Дынама» (як даўно гэта было!). Валерка выступаў за гэты клуб даволі доўга (у адрозненне ад мяне), але з футболам вымушаны быў развітацца з-за траўмы нагі. Я не разумеў у той час, як можна наогул пакінуць футбол (сапраўдная трагедыя), і таму раіў яму згадзіцца на складаную аперацыю, маўляў, ёсць нямала людзей, якія выдатна адчуваюць сябе са штучнымі жыламі, аднак Валерка не згадзіўся. Ён сказаў, што не хоча заставацца інвалідам у дваццаць сем гадоў і цяпер трэніруе дзяцей, ажаніўся, адразу ж патаўсцеў і стаў падобны на бюргера, які рэкламуе баварскае піва. У мінулы раз (мы тады гулялі са «Спартаком») Валерка прыйшоў да нас у раздзявалку, паведаміў, што едзе з дзецьмі на поўдзень, забірае з сабой дачку і жонку, і сунуў ключ у кішэню маіх трэніровачных штаноў, дадаў пры гэтым, што чалавек я малады, несямейны, да таго ж у добрай спартыўнай форме (ён з жалем паляпаў сябе па тлустым жываце), і падміргнуў мне, маўляў, а ці памятаеш ты наша футбольнае юнацтва?! Дарэчы, пра гэта я не вельмі люблю ўспамінаць, хоць было ў тыя гады нямала прыемнага. Часам мне здавалася, што я жыву ў ілюзорным, нерэальным свеце, гляджу нейкі каляровы фільм, у якім сам з’яўляюся галоўным героем, і ўсё адбываецца не са мной. У мяне атрымлівалася па-сапраўднаму (гэтак не толькі я сам лічыў, а і многія людзі наўкола), калі ў нашай футбольнай школе моладзі, якая стала маім родным домам, з явіўся высокі чалавек з тварам прафесійнага баксёра Валерын Гаўрылавіч Ярэмчанка. Ён адразу ж атрымаў мянушку Гладыятар. Ярэмчанку ведаў кожны чалавек, які хоць крыху захапляўся футболам. Ягонае жыццё — жыццё прафесійнага трэнера — было самым звычайным: поспехі змяняліся цяжкімі няўдачамі; то ён трэніраваў каманду і выводзіў яе ў чэмпіёны, то яму даручалі зборную, давалі высокія званні, потым пачыналіся правалы, ён развітваўся са зборнай, сваім клубам, што поўз уніз, пераязджаў у другі горад, потым трэці, аказваўся ў першай лізе альбо на адміністрацыйнай рабоце, пакуль зноў не наступала ягоная чарга. Пасля аднаго няўдалага сезона Ярэмчанка, якому пераваліла за шэсцьдзесят, адчуў, што зусім страціў здароўе. Ён пакінуў маскоўскі клуб, вярнуўся ў свой родны Мінск, але і тут не змог без футбола — крыху падлячыўся і з’явіўся перад намі ў футбольнай школе моладзі.
Пасля некалькіх трэніровак Гладыятар сабраў нас і задаў нечаканае пытанне:
— Як вы думаеце, чаму ў нас вось ужо колькі гадоў няма добрага айчыннага футбола?
Нашы трэнеры (а сярод іх былі неблагія ў мінулым футбалісты, якія самі некалі прайшлі школу Ярэмчанкі) маўчалі, мы таксама паглядалі адзін на аднаго разгублена. Пытанне сапраўды было пастаўлена нялёгкае.
— Прычын, вядома, многа, і я не збіраюся сёння рабіць перад вамі навуковы даклад. Гэтым ёсць каму займацца...
— Трэба больш даваць нам гуляць з мячом, а не марнаваць сілы на ўсё астатняе,— выпаліў нехта, перабіўшы Ярэмчанку.
Усе мы цярпець не маглі цяжкіх заняткаў па агульнафізічнай падрыхтоўцы, бясконцых кросаў, цягання штангі.
Гладыятар заўсміхаўся ва ўвесь свой шырокі твар, матнуў галавой і павярнуўся да таго, хто выказаўся.
— Ты не зусім дакладна адказаў, але сэнс у тваіх словах ёсць немалы. Сапраўды, многія нашы спецы забываюць, што галоўнае ў футболе — сам футбол, тое, як мы валодаем мячом, як можам трымаць яго, гонім яго да варот альбо гуляем з ім, як з жывой істотай. За многія гады да таго я пераканаўся, што мы часта не бачым у футболе галоўнага, таго, чым ён з’яўляецца, калі хочаце, адным з відаў мастацтва. А мастацтва не можа быць сапраўдным без філіграннай тэхнікі...
Ён доўга гутарыў з намі ў тую першую сустрэчу, а назаўтра на трэніроўцы мы ўбачылі стацыянарны магнітафон з дзвюма вялікімі калонкамі. Ярэмчанка расказваў пра лацінаамерыканскі футбол, асабліва бразільскі і аргенцінскі. «Вы заўважылі, яны быццам выконваюць танец з мячом, і ты не ведаеш, куды ён паляціць у наступнае імгненне!» Гаварыў, што трэба прывучаць сябе адчуваць мелодыю гульні. Гладыятар націснуў клавішу, і пачаўся танец, якому не было назвы. Мы павінны былі пераадолець пэўныя кавалкі поля з мячом і пры гэтым вырабляць несусветныя фартэлі.
— Вы павінны дабіцца галоўнага — адчуць, што мяч быццам прывязаны да вашай нагі,— крычаў нам Ярэмчанка, які таксама (хоць і даволі марудна) вёў мяч.
Праз некалькі месяцаў ён запрасіў мяне да сябе ў госці.
Сказаў:
— Мне хочацца пагутарыць з табой.
Я здзівіўся — здаецца, не зрабіў нічога такога... Апошнім часам у мяне ніводнай пасрэднай адзнакі! А можа, ён вырашыў пашкадаваць мяне, выдатна ж ведае, што замест дома ў мяне пустая кватэра, дзе прапісана яшчэ мая цётка, аднак яна забягае вельмі рэдка, у яе свая сям’я.
Я здзіўлена паглядзеў на яго.
Ён усміхнуўся.
— Усё нармальна. Проста пасядзім з табой удвух, вып’ем добрага чаю, пагаворым пра жыццё, футбол.
Вечарам я апынуўся ў ягонай надзвычай вялікай кватэры. Яна нагадвала спартыўны музей — кубкі, прызы, медалі, вымпелы на ўсіх мовах свету. Жонка Ярэмчанкі, якая выглядала сапраўднай бабуляй у параўнанні з ім, прыгатавала добрую вячэру. Злавіў сябе на думцы, што празмерна многа ем (інтэрнатаўская ежа, хоць і неблагая, надакучыла), і сарамліва паглядзеў на Ярэмчанку. Той зразумеў мяне.
— Не саромейся... Успамінаю сябе ў тваім узросце — апетыт быў проста воўчы. Харошая машына (ён паляпаў мяне па плячах) патрабуе адпаведнай запраўкі.
Потым мы пілі чай. Ярэмчанка ўспамінаў былыя футбольныя гады, сяброў, розныя эпізоды свайго няпростага трэнерскага жыцця.
— Ты, вядома, здзівіўся, Кастусь, што я запрасіў цябе ў госці.
— Дзіва што...
— Справа вось у чым. Сам разумееш, я крыху ведаю футбол, шмат чаго пабачыў у ім. I магу разгледзець сапраўдны талент адразу... Заўсёды бывае шкада, калі чалавек з такім талентам гіне для футбола, калі ў яго не атрымліваецца тое, што закладзена самой прыродай. Я не хачу, каб гэта здарылася з табой.
Я не верыў пачутаму. Збянтэжана спытаў:
— Вы лічыце...
— Упэўнены, што з цябе можа атрымацца выдатны ігрок. Думаю, нападаючы. Я ўважліва сачыў за табой на ўсіх трэніроўках, гульнях і перакананы ў тваім выдатным будучым. Запомні адно — усё залежыць ад цябе. Ты павінен ведаць, што спорт дасць табе, мусіць, усё ў жыцці, аднак і многага цябе пазбавіць. Патрэбны твая адданасць, гатоўнасць ісці на шматлікія ахвяры. Днямі я сустракаюся з кіраўніцтвам нашай футбольнай каманды і скажу ім, што адзін чалавек можа выступаць за дубліруючы састаў.
Жалоба
Напишите нам, и мы в срочном порядке примем меры.