Бычковский Алесь - Прапаведнікі смерці Страница 5

Тут можно читать бесплатно Бычковский Алесь - Прапаведнікі смерці. Жанр: Разная литература / Прочее, год неизвестен. Так же Вы можете читать полную версию (весь текст) онлайн без регистрации и SMS на сайте Knigogid (Книгогид) или прочесть краткое содержание, предисловие (аннотацию), описание и ознакомиться с отзывами (комментариями) о произведении.

Бычковский Алесь - Прапаведнікі смерці читать онлайн бесплатно

Бычковский Алесь - Прапаведнікі смерці - читать книгу онлайн бесплатно, автор Бычковский Алесь

— Прывітанне, пісьменнік!

Да Славаміра падбегла Анжэла. Ён зморшчыўся: сустрэча з нядаўняй каханкай мусіла сапсаваць усю карціну.

— Чакаеш кагосьці?

— Сонейка, — Славамір падабраў патрэбнае слова. — Ты мне перашкаджаеш.

— Давай адгадаю. У цябе спатканне з дзяўчынай, так?

Анжэла была апранута ў скураныя штаны, боцікі на шпільках і кароткую камізэльку з чорнай замшы. Увесь яе выгляд патыхаў готыкай.

— Калі і так?

Сяброўка заўсміхалася.

— Вось не чакала, што ў старога халасцяка хтосьці ёсць.

— Не зусім яшчэ і старога, — мякчэйшым тонам адказаў Славамір.

— Слова даю, яна не прыйдзе, — раптам зазначыла Анжэла.

Сябар запытальна выгнуў бровы.

— Ты зануда, як і ўсе халасцякі.

Славамір уздыхнуў і адмахнуўся. Потым развярнуўся і павольна пакрочыў убок, заклаўшы рукі ў кішэні джынсаў.

— Пачакай! У мяне ёсць два квіткі на канцэрт, — выгукнула ўслед Анжэла. — Я таксама не дачакалася свайго кавалера, хадзем разам!

— Ды ну цябе, — прашаптаў Славамір, не азіраючыся.

Абцасікі пацокалі па тратуары ў процілеглым накірунку.

Славамір дастаў з кішэні мабільнік і зірнуў на час. Дзіва, што Карына не дала яму свой нумар. Хвілін праз трыццаць ён паўтарыў дзеянне. Канцэрт пачаўся ўжо. Дзяжурныя міліцыянеры чагосьці чакалі: мажліва, беспарадкаў і гвалту, мажліва, канца дзяжурства. Сям-там з’яўляліся людзі ў рокерскіх строях. Яны палілі цыгарэты і гучна размаўлялі. Карына так і не з’явілася.

Зрабілася сумна. Праз хмары прабіўся на імгненне адзінокі сонечны промень. Славамір пачакаў яшчэ крыху і пакрочыў да ўвахода ў метро. Ён заўсёды аддаваў перавагу гэтаму транспарту.

«Я свободен, словно птица в небесах», — пеў наўздагон Кіпелаў.

Унурыўшыся ў сябе, Славамір выпадкова выйшаў не на той станцыі і апынуўся ў незнаёмым месцы. Трапляць з рок-канцэрта ў царкву — кантраст яшчэ той. Славамір спыніўся перад будынкам з высокім шпілем-вежай. Людзі сцякаліся да гэтага месца па аднаму і невялікімі групамі. Стаянка побач з будынкам паступова напаўнялася аўтамабілямі розных марак.

Славамір павагаўся і вырашыў дзеля цікаўнасці зазірнуць, бо даўно меў намер далучыцца хоць да якой веры. «Урэшце, сюды білет не патрэбен», — падумаў ён і ціхенька коўзнуў у дзверы. Ніхто не звярнуў на яго ўвагі.

Карціна ў вытанчанай рамцы сведчыла пра існаванне Бога, які маліўся, узняўшы вочы да нябёсаў, і раса крывавага поту абмывала камень перад Збавіцелем. Насупраць застыў анёл — пасланнік, які суцяшаў Госпада.

Карціна была проста карцінай. У гэтым храме абразоў не прызнавалі. А гэта карціна вісела гадамі над катэдрай, чым раздражняла старых пратэстанцкіх артадоксаў. Уверсе меўся надпіс: «Бог ёсць Любоў».

Невялікую залу запаўняла задуха. Чалавек сто нерухома слухалі прамоўцу ў белай кашулі, пры гальштуку, з мікрафонам у руцэ. Натхнёнасць адчувалася ў прысутных.

— Калі мы просім Бога зрабіць нас дужымі, Гасподзь не нарошчвае на нас мус­кулы за ноч! Ён пасылае нам цяжкасці, каб, пераадольваючы іх, мы набывалі сілу! Калі мы просім больш любові да бліжняга, Збавіцель пасылае нам сітуацыі, у якіх мы павінны праяўляць любоў. У мяне часта пытаюць: я жыву для таго, каб маліцца? Не, сябры мае. Я малюся, каб жыць!

Зала агаломшана маўчала.

Пасля пераможнага «Амінь!» прысутныя ўсталі на калені, а прамоўца сышоў з катэдры з тварам выканаўшага свой абавязак прафесіянала. Па яго ілбе сцякаў ледзь прыкметны струменьчык поту.

Славамір выйшаў на вуліцу. У зямным раі яму зрабілася млосна.

Заімжэла. Дзень хіліўся да вечара.

«Калі разабрацца, літаратура — гэта таксама ў пэўным сэнсе рэлігія», — зрабіў нечаканую выснову Славамір і падаўся да метро.

***

Суседка з палюбоўнічкам, які нёс торбу гарэлкі, зноў сустрэліся Славаміру перад уваходам у пад’езд.

— Слухай, мужык, дай дзвесце рублёў, га? — пачаў прыставаць мужчына.

Славамір бліснуў на яго позіркам і моўчкі прайшоў міма.

— Ну ты! Да цябе ж людзі звяртаюцца!

— Не чапай яго, — уставіла суседка.

Славамір ускочыў у пад’езд і пабег па лесвіцы.

Па-шчырасці, яму зрабілася агідна. Асабліва пасля слова «людзі».

Дома ён зайшоў у ванну, вымыў рукі, твар і, выціраючыся ручніком, пачаў разгля-

даць сябе ў люстэрка. Правёў далонню па няголеных шчоках, і раптоўны жах працяў яго. «Не кіну піць, стану як той алкаш, — падумалася Славаміру. — Пара завязваць». Вячэраць пакуль не хацелася. Славамір зайшоў у залу, сеў у крэсла перад камп’ютарам. Каля клавіятуры ляжаў пакінуты ўчора важкі том «Сусветных таямніц». Славамір машынальна ўзяў яго, пагартаў. Выпадкова ці не, зноў раскрылася старонка з падра бязным апісаннем рытуалу для пазбаўлення ад алкагольнай залежнасці. Славаміра штосьці кальнула. Перад вачамі паўстала суседка са сваім сябрам, прыгадаліся сваркі за сцяной. «Была не была», — выдыхнуў Славамір і адклаў кніжку. Для правядзення рытуала трэба дачакацца апоўначы. Славамір устаў і прыняўся корпацца ў шафе шукаючы набор свечак, як патрабаваў рытуал. Не сказаць, што ён верыў у замагілле і тамтэйшых насельнікаў, але тым вечарам вырашыў выпрабаваць лёс.

***

«Прывітанне, Карына! Здаецца, нашым кароткім адносінам настала лагічнае завяршэнне. У першы момант я пакрыўдзіўся, калі ты не прыйшла на спатканне. Пасля дапяў — так і трэба. Так лагічна. Мне ўсё хацелася ведаць, ці гэта тваё сапраўднае імя, ці псеўданім? Чаму ты не пакідаеш мне свой нумар тэлефона? Чаму ў цябе толькі адзін фотаздымак на старонцы? Я шукаў цябе ў іншых сацыяльных сетках — не знайшоў. Цяпер гэта ўжо не важна.

Я вельмі часта ў жыцці атрымліваю тое, чаго баюся, ад чаго ўцякаю, чаго выракаюся. Чаму так склалася? Мо Бог хоча мяне ў нечым выпрабаваць? Што калі я мушу здзейсніць учынак, які Бог ад мяне аніякім чынам не жадае бачыць?

Дзякуючы нашаму знаёмству, я зразумеў сэнс віртуальнага кахання — уменне выслухаць партнёра. Прынамсі, уменне выслухаць, бадай, адзінае, што яднае віртуал з рэальнымі пачуццямі. Мо віртуальнае каханне ў сеціве раўназначна псіхічнаму захворванню?

Нават без камп’ютараў і сеціва мы жывём часта несапраўдным жыццём, вельмі часта ўсё вакол здаецца штучным, нерэальным, бы ў матрыцы, якая штампуе клонаў. Я ўдзячны табе за тое, што вывернуў душу ў сваіх пісьмах. Мне гэтага не хапала. Даўно карцела паспавядацца.

У які бок могуць развівацца адносіны ў сеціве? Да якіх межаў? Сеціва добрае тым, што ў ім можна быць шчырым. Ніхто цябе не бачыць, не сорамна. Ты ведаеш, што хутчэй за ўсё ніколі ў жыцці не сустрэнеш чалавека, з якім сябруеш. Таму можна быць адкрытым да бессаромнай крайнасці. Зусім не страшна, можна ў любы момант выдаліць свой акаўнт.

Шкадую, што мы ніколі не сустрэнемся ў гэтым жыцці. Мо ў будучым, на нябёсах? Хаця. наша сустрэча магла б знішчыць пачуцці. А так усё застанецца на сваіх месцах. Так правільна. Не варта рушыць гэты маленькі сусвет.

Бывай. З табой было захапляльна і цікава».

Славамір дапісаў апошнія словы, перачытаў. Адным клікам мышкі ліст быў адпраўлены. Усё скончылася. Ён зноў свабодны, чым так заўсёды ганарыўся, і такі ж нязменна адзінокі, як і раней. Славамір ніколі не пакутаваў ад сентыментальных пачуццяў, але на гэты раз адчуванне шчымлівай тугі ціха раздзірала сэрца. Г адзіннік паказваў палову дванаццатага вечара. Эксперымент з «Сусветнымі таямніцамі» мусіў хутка распачацца. Славаміра ахапіла нявыказаная трывога. Мурашы прабегліся па спіне. Каб сагрэцца, ён пайшоў на кухню заварыць гарбаты. З вентыляцыйнай трубы патыхнула тухлымі яйкамі. На імгненне падалося, што акрамя яго ў кватэры яшчэ хтосьці ёсць. Але толькі на імгненне.

Славамір дачакаўся пакуль закіпіць чайнік і заліў вадой шчэпаць зялёных лісцікаў у кубку. Непрыемны пах змяніўся водарам кітайскіх палёў. Славамір вярнуўся да камп’ютара.

Побач з «таямніцамі» чакала трынаццаць свечак...

.Пасля рытуалу наступіла паўза.

Жыццё раптоўна неяк прыпынілася. Застыла на месцы. Нічога не адбывалася. Ніхто не званіў ужо два дні. Карына не адказала на апошні ліст, а ў кнігарню Славамір наўмысна не заходзіў, каб не сустрэцца з сяброўкай. Ромка Фокін не турбаваў. Распачаты рукапіс не прыцягваў увагі. Камп’ютар шапацеў кулерам. Ён перабіваў цішыню ў кватэры. Цішыня — страшэнная рэч. Паспрабуйце ўслухацца ў яе. Можаце пачуць такія нерэальныя гукі, што можа падацца, быццам вы з’язджаеце з глуздоў.

Пасля кантакту з пазабоччам Славаміру было не па сабе. Ахапілі невытлумачальныя тужлівасць ды самота. Яны прыйшлі потым, не адразу, не падчас мармытання заклёнаў.

На трэцюю ноч прыснілася суседка. Мярцвяна-бледная, яна моўчкі ўзіралася пустымі вачыма ў Славаміра і быццам нема папікала. Потым прамовіла: «Я ў вёсцы Жытніца». І ён адразу прачнуўся ў халодным поце. У пакой лілося святло Месяца.

Усю наступную раніцу і палову дня Славамір праваляўся ў ложку. Ён не мог падняцца з-за ламаты ў целе. Сэрца напаўняў цяжар душэўнай пустэчы. Толькі бліжэй да абеду неяк здолеў прымусіць сябе вылезці з-пад коўдры. Пасля пастаяў пад халодным душам, каб змыць здранцвенне.

Перейти на страницу:
Вы автор?
Жалоба
Все книги на сайте размещаются его пользователями. Приносим свои глубочайшие извинения, если Ваша книга была опубликована без Вашего на то согласия.
Напишите нам, и мы в срочном порядке примем меры.
Комментарии / Отзывы
    Ничего не найдено.