Аляксандр Капусцін - Крутыя павароты Страница 5
Аляксандр Капусцін - Крутыя павароты читать онлайн бесплатно
У кабінет увайшла сакратарка і паклала на стол аддрукаваныя аркушы. Павел Рыгоравіч паправіў рамень, абцягнуў гімнасцёрку, быццам рыхтуючыся да чагосьці ўрачыстага, і прайшоўся па кабінеце.
«Не, не з добрым намерам прыходзіў гэты чалавек. Прага помсты за знявагу прыгнала яго сюды». Гэтая думка нібы падштурхнула пракурора да стала, ён схапіў ручку і размашыста падпісаў пратэст. «А такіх тыпаў трэба выкрываць», — усё пераконваў ён сябе і зноу пачаў нешта пісаць.
Неўзабаве ён выводзіў надпіс на канверце: «Рэдакцыі раённай газеты».
8
Шумна, святочна на стадыёне. Усюды жарты, смех, радасць — бурлівая, светлая, як гэты сонечны дзень, радасць шчаслівай маладосці невялікага гарадка, што святкуе свой фестываль.
Сямён Пятровіч заўважыў сярод натоўпу Самуся і падышоў да яго.
— А чаму б, скажам, пракурору з суддзёй не сыграць што-небудзь, — адказаўшы на прывітанне, пажартаваў Павел Рыгоравіч. — Толькі што не сыграліся мы яшчэ.
Кузняцоў ведаў, што Самусь сапраўды любіць музыку. У яго ёсць скрыпка, яшчэ даваенная. Яе зберагла сястра. Павел Рыгоравіч, кранаючы смычком струны, заўсёды рабіўся суровым, задумлівым. Мо гэтая скрыпка была яму напамінкам пра сям’ю.
3 непрывычкі раз-по-раз папраўляючы свой новенькі светлы гальштук, Павел Рыгоравіч пачаў расказваць нейкую вясёлую гісторыю. Але раптам на ілбе ў яго з’явіліся ўпартыя маршчыны.
— Бач, як шнырыць позіркам, — кіўнуў ён галавою кудысьці ў натоўп. — Так і глядзі, зноў да каго-небудзь залезе...
Сямён Пятровіч азірнуўся і ўбачыў Куксу. Той стаяў, глыбока засунуўшы рукі ў кішэні, і з-пад насунутага на вочы казырка клятчатай кепкі назіраў за нейкім хлапцом, што шукаў чагосьці ў партфелі. Рукавы яго кашулі былі закасаны, і на руцэ Кузняцоў прачытаў вытатуіраваныя вялікімі літарамі словы: «Няма шчасця ў жыцці». I сапраўды, у гэтай крыху прыгорбленай з вузкімі плячыма постаці суддзя адчуў нешта насцярожанае, нядобрае. Кукса, злавіўшы на сабе пільны позірк суддзі, шпарка азірнуўся і, як зноў паказалася Сямёну Пятровічу, нахабна ўсміхнуўся і знік у натоўпе.
— Бачыў? — здзекліва кінуў Самусь.— Ведаеш, Сямён Пятровіч, калі-небудзь у нас грамадскасць сур’ёзна спытае, чаму мы не выведзем на чыстую ваду такіх тыпаў. — Сказаўшы так, ён павярнуўся і пайшоў. Цi то крыўда адагнала яго прэч ад гэтага ўпартага суддзі ці мо да знаёмых накіраваўся? Адыходзячы, ён нават не развітаўся. Кузняцова гэта нават абразіла.
Дзесьці непадалёку зайграў духавы аркестр.
На сцэне пачаў выстройвацца зводны хор. У купцы дзяўчат і хлопцаў, што станавіліся ў цэнтры, Сямён Пятровіч убачыў Веру. Дзяўчына, прыжмурыўшыся ад сонца, ледзь-ледзь усміхалася. Кузняцову здавалася, што гэта яму шле яна сваё прывітанне. I якая ж яна прыгожая, як да твару ёй гэтая светла-блакітная сукенка!
Заспяваў хор, і Сямёну Пятровічу здалося, што ён чуў Верын голас. Ён быў званчэйшы і прыгажэйшы ад усіх. Кузняцоў чуў яго так выразна, як тады, у ціхія зорныя вечары на шляху, калі Вера спявала «Зорку Венеру».
Пасля канцэрта на стадыёне хор калгаса «Перамога» павінен быў выступаць на мэблевым камбінаце. Вера спяшалася туды, і Сямён Пятровіч толькі змог сказаць ёй:
— Буду чакаць у парку над Дняпром, добра?
...Сонца хілілася да небасхілу, гарачыня ападала. Сямён Пятровіч сядзеў на лавачцы і пазіраў на раку, што ціха бруілася побач з паркам. Думкі набягалі адна за адною, як хвалі Дняпра на жоўты прыбярэжны пясок. I ўсе яны былі пра яе, Веру.
Прарэзлівы гудок парахода абарваў яго думкі. Сямён Пятровіч зірнуў на гадзіннік, потым дастаў з кішэні кругленькае люстэрка, грабянец і пачаў прычэсваць свой чорны віхрасты чуб.
Яшчэ на стадыёне ў кіёску Кузняцоў купіў раённую газету і цяпер разгарнуў яе. 3 другой старонкі, усё гэтак жа прыжмурыўшыся, з групы юнакоў і дзяўчат глянула на яго Вера. Прабягаючы вачыма загалоўкі на трэцяй старонцы, Сямён Пятровіч прачытаў: «Узмацніць барацьбу са злачыннасцю». Унізе быў подпіс: «П. Самусь, міжраённы пракурор». У артыкуле Павел Рыгоравіч пісаў, што суд аслабіў барацьбу з небяспечнымі злачынцамі, беспадстаўна вызваліў з-пад арышту злодзея Куксу, які нядаўна ўкраў у адной грамадзянкі грошы з кішэні. У другі раз суд, да разгляду справы ў судовым пасяджэнні, выпусціў з-пад арышту гэтага злачынцу, хоць ён і абвінавачваецца ў кражы тавараў з крамы.
Сямён Пятровіч прачытаў артыкул яшчэ раз. Так, пракурор прад’яўляе яму сур’ёзнае абвінавачванне. А ці ж яно справядлівае? Факты, пра якія ён піша, мелі месца. Але ж навошта прыдаваць ім такую афарбоўку? Хіба можна, пакуль не ўстаноўлена прыгаворам, сцвярджаць, што краму абакраў Кукса?
І ўжо не крыўда, а нейкая злосць на пракурора варухнулася ў душы Кузняцова. I чаго дабіваецца Самусь? Мо хоча, каб ён, суддзя, слепа верыў яму і быў, як кажуць, у яго на павадку? Дык жа не бываць гэтаму. Ен будзе рабіць так, як патрабуе ад яго закон і сумленне.
Сямён Пятровіч не чуў, як падышла Вера, як яна доўга назірала за ім, і схамянуўся толькі тады, калі адчуў на плячы яе руку. Кузняцоў спачатку i не заўважыў, што Вера была нейкая сумная. А калі заўважыў, устрывожыўся.
— Што здарылася, Верачка?
Яна слаба, быццам праз сілу, усміхнулася;
— Не прыкідвайся, ты ж усё ведаеш, Сеня.
Спачатку гэты папрок прагучаў для Сямёна Пятровіча неяк дзіўна: ён не задумваўся над тым, што паміж імі могуць узнікнуць непаразуменні. Таму яму хацелася цяпер пачуць, што Вера пакрыўдзілася на яго за доўгую разлуку. А ён жа не вінаваты, два гэтыя дні быў у камандзіроўцы.
— Сумавала, Верачка?
Вера здзіўлена пазірала на Сямёна, потым сказала:
— Андрэя ж арыштавалі...
Сямён Пятровіч не чакаў гэтага ад яе і незнаходзіў, што адказаць.
9
Вера ў бібліятэцы была адна. Яна зачыталася i не заўважыла, як асцярожна адчыніліся дзверы і ў пакой зайшоў незнаёмы чалавек. Яна, здаецца, яго недзе бачыла. А той пастаяў крыху каля парога, відаць, раздумваючы, ці праходзіць далей, ці вярнуцца назад, потым паціху падышоў да бар’ера.
— От гэта работка: не пыльная і, відаць, грашовая, га? — кінуў ён неяк насмешліва.
Ад нечаканасці Вера не знайшлася, што адказаць, толькі ўважліва разглядала незнаёмага з пісягам мазуты на абвіслай шчацэ.
— Што вы хацелі? — нарэшце спытала яна.
— Гарэлкі. Гы-гы-гы... — захрыпеў той зусім ужо нахабна.
— Што за недарэчныя жарты? Вы за якой-небудзь кнігай?
— Дай якую-небудзь пра зладзеяў...
— Вы, грамадзянін, мабыць, п’яны. Дык зайдзіце ў бібліятэку другім разам.
— Хіба пра зладзеяў толькі п’яныя чытаюць? Гы-гы-гы...— і позірк яго раптоўна згас, вочы апусцелі. — Ну, дык дасі кніжку, ці не?
Веру здзівіла такая рэзкая перамена ў паводзінах гзтага чалавека. Дзяўчына, не тоячыся, мо цэлую мінуту моўчкі назірала за ім і ў яго зрэнках бачыла толькі халодную абыякавасць, нейкую цёмную бездань. Працягваючы руку за бланкам рэгістрацыйнай карткі, Вера спытала, хто ён і як яго прозвішча.
— Марцін Кукса, злодзей. А цяпер яшчэ па сумяшчэнню i трактарыст у вашым калгасе. — ён, відаць, зноў хацеў пакпіць з дзяўчыны, але гэты нікчэмны жарт не ажывіў яго самога. Не зірнуўшы нават на кніжку, якую падала яму бібліятэкарка, Марцін распісаўся ў картцы і, быццам прывід, знік за дзвярыма. А Вера яшчэ доўга думала пра яго. Гэта ж той Кукса, што абакраў краму, той злодзей, праз якога i брат яе, i яго сям’я, i сама яна пакутуюць. Але чамусьці да пачуцця непрыязні да гэтага чалавека прымешвалася нейкая неакрэсленая спагада. У такой, як у яго позірку, пустаце можа таіцца толькі спакутаваная душа.
«I навошта яму тая кніга спатрэбілася? Ці ж ён што калі чытаў? — падумала яна з горыччу. — Не, напэўна, не па кнігу прыходзіў. Нешта другое прывяло яго сюды. А што?»
Не ведала Вера, што Марцін перад тым, як прысці ў бібліятэку, на вечарах схіляўся над кніжкай і, шлёпаючы губамі, павольна вадзіў пальцам па старонках.
Кніга наводзіла яго на думку пра свае маленства. Упершыню ён яшчэ хлапчуком учыніў кражу. Тады яго, здаецца, старэйшыя хлопцы прагналі з валейбольнай каманды. Бадзяючыся па горадзе, Марцін убачыў каля касы кінатэатра дзяўчыну, у якой з кішэні жакеткі тырчалі грошы. Спачатку ён разы са два прайшоўся паўз яе, але дзяўчына не звярнула на гэта ніякай увагі. Потым падцікаваў, калі тая загаварыла з сяброўкамі, i дрыжачай рукой выцягнуў грошы. Здарылася гэта неяк зўсім нечакана. Ніколі раней не прыходзіла Марціну думка лазіць па чужых кішэнях. I ён усвядоміў свой учынак толькі тады, калі за вуглом кінатэатра разняў кулак і ўбачыў украдзеную дзесятку. Спачатку хацеў вярнуцца i аддаць грошы дзяўчыне, але пабаяўся, каб яна не паклікала міліцыю. На другі дзень ён не пайшоў у школу: сорамна было за свой учынак перад сябрамі. Чамусьці здавалася, што яны ўжо ўсё ведаюць.
Бацька Марціна не жыў з сям’ёю. Маці працавала у гарадской лазні і позна прыходзіла дадому. Яна спачатку не ведала, што сын кінуў школу. А класную настаўніцу, відаць, не вельмі гэта турбавала, бо Марцін, па праўдзе кажучы, прычыняў ёй нямала клопату. Тым часам Кукса зноў залез да кагосьці ў кішэню. I гэтая кража яму сышла з рук.
Жалоба
Напишите нам, и мы в срочном порядке примем меры.