Неизвестно - Эпісталярыя Страница 5
Неизвестно - Эпісталярыя читать онлайн бесплатно
Адносна далейшых доследаў. Пры тым, што мы так кепска ведаем сваю гісторыю, тэмаў надта ж многа. Думаю, што Вам варта было б пераходзіць на іншую тэматыку. Калі браць з таго, што Вы найлепш ведаеце, можа лепей узяць на бліжэйшыя гады тэму Нясвіж — Слуцак як культурныя цэнтры: архівы, бібліятэкі, нумізматычныя зборы, карціны, друкарня і г.д. Гэта тэма ня толькі для нас, але амаль для ўсяго культурнага свету. Пару дзён назад я пачаў корпацца на той сваёй паліцы, на якой польская літаратура. Там знаходзіцца стос кніг (улічваючы гадавыя справаздачы) Таварыства прыяцеляў навук у Вільні. Калісь збіраў гэтыя матэрыялы, бо меў намер напісаць пра Таварыства калі ня кнігу (яно вартае гэтага), дык хоць добры артыкул. Архіў Таварыства (100 тыс. адзінак), бібліятэка і асабліва друкаваная прадукцыя — гэта таксама частка нашай гісторыі. Можа возьмеце? Урэшце, крыніцазнаўства. З гэтага наогул усё і пачынаецца. Калісь у прысутнасці Петрыкава ў Бірылы спрабаваў угаварыць, што ў Мінску патрэбна або археаграфічная камісія, або сектар, які б спецыяльна займаўся толькі гэтым. У тых спецыялістаў гэтая думка не знайшла ніякага водгуку, але яна будзе ўздымацца яшчэ і яшчэ, бо без гэтага нельга ісці далей. У першую чаргу важна нават можа не археаграфія, але архівістыка ў тым сэнсе, што неабходна зрабіць улік матэрыялаў па гісторыі Беларусі — дзе яны знаходзяцца і чаго вартыя. Пакуль я знаходжуся тут і працую ў сектары крыніцазнаўства, маю магчымасць падтрымаць гэтыя тэмы, калі ў тым будзе неабходнасць.
Адпачываў больш чым 3 месяцы, а прыехаўшы зноў лёг. Наперадзе зіма, а каб скончыць кнігу пра летапісы, трэба ехаць у Ленінград і г.д.
22.Х.1980.
Улашчык
А.П. Грыцкевічу
Дарагі Анатоль Пятровіч,
Дзякуй за кнігу. 1 такую трэба мець і ведаць. Праглядзеў пачатак. Відаць, трэба было пасылаць на рэцэнзію ў наш Інстытут, але асцерагаліся, каб не трапіла да мяне (хаця можа як падручнік павінны былі паслаць у навуковую ўстанову). Бяляўскі (дарэчы, не М.П., а М.Т. — Тимофеевич) беларускімі праблемамі ніколі не займаўся, яшчэ меншы спецыяліст у гэтай галіне Фёдараў, але, зразумела, ад іх вымагалі самай агульнай ацэнкі, накіраванасці, а гэта Бяляўскі можа даць. У гістарыяграфічным раздзеле ўсе аўтары, пачынаючы з Турчыновіча, ідуць адным цветам, без усялякае спробы аналізу. Нарбут, Ярашэвіч і наогул усе, хто ня пісаў па-руску, адсутнічаюць. Нават пра Космана няма згадкі. Адпаў і я, а з-за мяне (так думаю) адпалі Пахілевіч і Мальцаў.
Пару дзён назад чуў, што лёс «Беларусі ў складзе…» вырашаецца зноў, бо прысланая без подпісу рэцэнзія на 30 старонак. Кажуць, што ўсё прыйдзе ў Інстытут яшчэ раз. Спадзяюся, што пра ўсё гэта мне зноў нічога ня скажуць.
Я, ведама, згодзен быць у Вас апанентам, але я фігура няпэўная па дзвюх акалічнасцях. Цяпер шыфр апанента павінен супадаць з шыфрам дысертацыі, а ў мяне ён далёкі. Другое, — я наогул не магу быць пэўным па гадох. Пакуль што добра, але ніякіх гарантый на будучае. Майце гэта на ўвазе і прыглядайцеся да кантрольнага.
Калі быў у Мінску ў жніўні, гаварыў па тэлефону з Чапко. Між іншага спытаў, ці ёсць на кафедры адпаведныя тамы ПСРЛ. Сказала, няма, — ні першага, ні другога. А як жа Вы так? Чаму ж не набылі, як жа ў Вас ідуць заняткі? Набываць — гэта справа бібліятэкі, а ня кафедры, а калі трэба, то студэнты ходзяць у Ленінскую бібліятэку. Адкуль жа тут загарэцца студэнту!
3.ХІІ.1981
Скора новы год. Як хутка ідуць наогул гады.
Улашчык
А.П. Грыцкевічу
Дарагі Анатоль Пятровіч,
Спачуваю Вам, але згодна з законам прыроды маладыя мамы ня любяць свякрух, а любяць сваіх мамаў. На такі выпадак трэба было б мець кватэру хаця б на чатыры пакоі!!!
Адносна рэцэнзіі на «Беларусь» мне званілі з Мінску, і я даў згоду, але, відаць, ня надта разумна сказаў, што рэцэнзія будзе адмоўная. Размова была больш за тыдзень назад, а рукапісу няма. Калі яго прысылалі ў Інстытут першыя два разы, то мне нічога не казалі, і я думаю, што пра гэта была папярэдняя дамоўленасць з Мінска. Апошні раз, калі адкрывалася абмеркаванне, мне прыслалі, але ішоў том летапісаў і я прачытаў толькі самы пачатак, прычым раздзелы гістарыяграфія і крыніцы мне здаліся нават ня ўбогімі, а зусім нічога ня вартымі. Затым (як скрозь зараз ва ўсіх мінскіх працах) рухаючаю сілаю гісторыі робіцца праваслаўны бог.
Я тады сказаў усё гэта вельмі коратка, [але калі] і зараз, як прышлюць, скажу ўсё, што думаю, — гэта ж ня пойдзе ў друк і ня будзе каму тармазіць.
Дома ў мяне няскладна: Н.М. ляжыць. Была ў бальніцы, а цяпер дома. Раз на тыдзень прыходзіць жанчына, памагае сын, але ў асноўным гэта мой клопат, і таму на сябе застаецца мала што. Нават калі быў больш-менш вольны ад дамовых клопатаў, працаваць мог мала, а зараз яшчэ менш. У свой час, калі здаваў у друк «Очерки», адрэзаў проста з канца 100 старонак, каб улезці ў належны памер. Зараз дарабляю яго і думаю зрабіць кнігу аркушоў на 10-12, працяг «Очерков». Пісаць ёсць пра што («Белоруссия в эпоху феодализма», «Русско-белорусские связи», Статуты і г.д.). Між іншым, толькі зараз вычытаў у прадмове да 1 тома, што Русь у XII ст. прыгняталі татары і немцы (Капыскі). Навіна!
Вам такі пара сканчаць. Надта ўсё зацягнулася.
28.ІХ.1983.
Улашчык
Пак ад «Навукі» атрымаў. Другі Ваш ліст таксама. Нестае крыніц.
І.Я. Навуменку
Віцэ-прэзідэнту Акадэміі Навук Беларускай ССР Акадэміку І.Я.Навуменку
У 1971 г. група працаўнікоў Інстытута гісторыі АН БССР пачала пісаць манаграфію пад назваю: «Беларусь у складзе Вялікага Княства Літоўскага». Гадоў праз пяць-шэсць гэтую працу пачалі абмяркоўваць у адпаведных установах Мінска і Масквы, прычым кожны раз рабіліся важкія заўвагі. Пасля новых і новых дапрацовак кніга стала звацца: «Беларусь у XIV — сярэдзіне XVI ст.» (Назва вельмі няўдалая, бо гісторыю механічна на кавалкі не сякуць). I зараз, пасля ўсіх дапрацовак, манаграфію ніяк нельга лічыць гатоваю да друку. Разам з гэтым узнікае пытанне: колькі каштуе адна старонка гэтага рукапісу, над якім сядзяць 12 гадоў?
У чым рэцэнзенты і чытачы ня могуць пагадзіцца з аўтарамі (з асноўнаю групаю аўтараў)? Аўтары манаграфіі імкнуцца даказаць, што ў Вялікім Княстве Літоўскім улада належала выключна літоўскім каталікам, а беларускае праваслаўнае насельніцтва было прыгнечаным, пры тым жа яно складалася выключна з сялян і беднага мяшчанства (кожны раз, калі на Беларусі пачыналася паўстанне ці хаця б хваляванне, то яго душылі літоўцы ці палякі, але не беларускія феадалы, якіх нібы і не было). Пры такім тлумачэнні гісторыі Беларусі сацыяльнай барацьбы ў Беларусі нібы й не было, а была толькі рэлігійна-нацыянальная. Вельмі спрэчным у манаграфіі з’яўляецца пытанне пра склад паноў рады, — вышэйшай урадавай установы ў дзяржаве. Аўтары сцвярджаюць, што там улада належала выключна літоўцам-каталікам (табліца, якая сцвярджае адваротнае, з апошняга варыянту кнігі выкінута). Так, багацейшымі ў свой час у Вялікім Княстве былі літоўскія паны, але найбольш уплывовыя з іх — Гаштаўты, Кезгайлы да сярэдзіны XVI ст. вымерлі, і пасля кіруючая роля ў дзяржаве перайшла да феадалаў беларускіх і ўкраінскіх. Ці было наогул нацыянальнае прыгнечанне беларусаў у Вялікім Княстве? Яшчэ пры нараджэнні гэтай дзяржавы ў 1263 г. пасля забойства Міндоўга сын яго Войшалк збег у Пінск, адкуль з жыхарамі гэтага гораду і воласці пайшоў на Наваградак ды з дапамогаю наваградчан знішчыў сваіх ворагаў-літоўцаў. Ці ж былі наваградчане і пінчане прыгнечанымі ў такім разе? Калі ў Вялікім Княстве ўзнікла пытанне аб неабходнасці выбару асобнага князя (паколькі палякі абралі вялікага князя Казіміра сваім каралём), то кандыдатам быў высунуты праваслаўны князь Алелькавіч-Слуцкі. Праваслаўны князь Міхаіл Глінскі (паходжаннем з татарскага роду) у пачатку XVI ст. стаў другою (пасля вялікага князя) асобаю ў дзяржаве. Літоўцы ніколі не спрабавалі дэнацыяналізаваць беларусаў, а наадварот, — самі ўспрымалі беларускую мову, у першую чаргу якраз магнаты і шляхта. Беларуская была дзяржаўнаю моваю ў Вялікім Княстве. Падканцлер Вялікага Княства Леў Сапега, галоўны дзеяч пры стварэнні Статуту 1588 г., напісаў у прадмове, што жыхары ВКЛ «своим власным языком права писаные мают». «Власная» мова — гэта беларуская.
Самаю няўдалаю часткаю кнігі з’яўляецца гістарыяграфія. У гэтым раздзеле У.І.Пічэта, у якога налічваецца больш за 300 прац, паказаны як аўтар адзінай кнігі: «Гісторыі Беларусі» 1924 г. Дарэчы, гэтую кнігу сам аўтар лічыў вельмі няўдалай, пра што і напісаў у сваім аглядзе. З працаў М.В.Доўнар-Запольскага (аўтара больш за 200 прац) названа адна манаграфія і адна рэцэнзія, але разгледжана толькі адна брашура. Вялікая колькасць гісторыкаў, якія пісалі пра Вялікае Княства Літоўскае, наогул не згаданая, не названы нават Абэцэдарскі, погляды якога такія блізкія поглядам аўтараў манаграфіі. Наколькі можна зніжаць культурны ўзровень Беларусі таго часу.
Выхад у свет кнігі пад грыфам Акадэміі навук БССР скампраметуе Акадэмію.
Жалоба
Напишите нам, и мы в срочном порядке примем меры.