Юры Станкевіч - Брамнік заўжды самотны Страница 7
Юры Станкевіч - Брамнік заўжды самотны читать онлайн бесплатно
Стадыён ахнуў у адзін голас і — наступіла цішыня. Мяч праслізнуў у сетку варот.
Ён убачыў, як Стайлз паказаў на цэнтр, як потым перавёў позірк на свой судзейскі гадзіннік, і што было сіл, быццам на стометроўцы, ірвануў назад, да сваіх варот: яшчэ заставаліся хоць і лічаныя, але з дзясятак секунд, і магло здарыцца ўсё, што заўгодна, а на броўцы падскокваў, радасна крычаў нешта і трыўмфаваў Палыч.
Вароты ўжо на ўсялякі выпадак страхаваў абаронца Дзіма Гуркоў, але раптам зухавата ўхапіў рукамі перакладзіну і павіс на ёй, дэманструючы сваё захапленне, забоўтаў нагамі, і тут жа ззаду прагучаў свісток Стайлза аб заканчэнні гульні. Да яго, брамніка, ужо беглі, абдымалі, павалілі на траву.
Перамога. Яны выйшлі з групы.
***
Пасля мітусні дарожных збораў у самалёце «БелАвія» ўсёй камандай вярталіся дамоў. Максім уладкаваўся ля ілюмінатара на ганаровае месца побач з трэнерам. Палыч свяціўся ад радасці. Краявіды з вышыні раз-пораз прыцягвалі Максімаў позірк сваёй маляўнічай дасканаласцю.
Маўчалі.
Маладзенькая сцюардэса прынесла на разносе каньяк, шакалад.
— Гэта ад экіпажа. Яны ўчора глядзелі тэлерэпартаж.
— Не адмовімся.
«Коўч» Грак, ён жа Палыч, згодна кіўнуў. Радасная ўсмешка не пакідала яго твар.
— Дзякуем. Усім вам і пілотам прывет ад нашых пацаноў.
— І вось яшчэ газета. Ліёнскія спартыўныя экспрэс-навіны. Тут у асноўным пра вас, Максім. Я крыху ведаю мову. Перакласці? Не ўсё, але паслухайце:
«Гэтая яшчэ год-два таму малавядомая каманда з Беларусі, сябры якой у большасці гуляюць у ахвотку, за невялікія грошы, сенсацыйна выйшла з плэй-оф. Але самае сенсацыйнае — тое, што каманда прывезла з сабой невядомага галкіпера, які ў будучым магчыма стане побач з легендамі сусветнага футбола, і чый клас гульні напомніў нам вялікага Луіса Чылаверта. Дэбют Максіма Гудава — адкрыццё матча, і ўвогуле групавых гульняў.»
***
У Мінскі аэрапорт прыляцелі запозна, але іх чакалі. Журналісты, тойсёй са сваякоў. Пасыпаліся радасныя воклічы, усе загаманілі. Нават пануры «асноўнік» Румаш (разумеў, што яго месца ў асноўным складзе каманды пахіснулася) заўсміхаўся насустрач жонцы.
Максіма Гудава асабіста не сустракаў ніхто.
Замест эпілога
З ліста:
«... Ведаю, што табе, Максім, у гэтыя дні, не хапае часу, каб наведаць наш пасёлак, бацькоў, мяне, але веру, што хутка пабачымся. Сачу за тваімі выступленнямі, хвалююся і за цябе, і за каманду. Хоць і мала што разумею ў футболе. Хацела паехаць у аэрапорт, каб пабачыць цябе, але пасаромелася: старая. Дый яшчэ прычына. Спаткала неяк Юлю. Не ведаю, што там у цябе з ёй адбылося, але... але дзяўчына цябе не забыла. Яна нават абяцала, што паедзе цябе сустракаць. Казалі, што быццам раней ледзь не выйшла замуж, але нешта ў яе не склалася, да таго ж загінуў яе брат Кірыл. Знайшлі раніцай забітым у скверы на вакзале. Дзяўчына яна, на маю думку, вартая. Прыязджай.
Твая цётка Люба».
Жалоба
Напишите нам, и мы в срочном порядке примем меры.