Аляксандр Капусцін - Крутыя павароты Страница 8
Аляксандр Капусцін - Крутыя павароты читать онлайн бесплатно
— А што вас цяпер прымусіла расказачь гэта? — запытаў суддзя.
— Сумленне,— i Кукса ўпершыню схаваў свой позірк, адвёў вочы.
Сямён Пятровіч заўважыў, як адразу пасвятлеў твар Веры. «Хтосьці, відаць, папрасіў Куксу. А хто? Няўжо яе работа?». Гэтая раптоўная думка была такая пакутлівая, што суддзя адчуў боль у галаве. «Не можа быць»,— намагаўся ён адагнаць ад сябе гэтае падазрэнне. I зноў супярэчлівая думка: «Мо Кукса і праўду кажа. Што яму за інтарэс выгароджваць чалавека, які хацеў звярнуць усё на яго?» А ў Верыным позірку, здавалася, было: «Бачыш? Брат жа не вінаваты».
— А якую гэта паперку перадала табе Андрэева жонка?
Суддзя не заўважыў, хто кінуў такую рэпліку, і шукаў таго чалавека. Кукса павольна павярнуўся і, пагрозліва бліскаючы бялкамі, працадзіў праз зубы:
— Хто ж гэта пільным такім аказаўся?
Не паспеў Мацвей Бяляк і слова вымавіць у адказ, як высокая хударлявая жанчына ўсхапілася з лаўкі і заверашчала натужлівым, сіплым голасам:
— Маўчы. Бачыў, не бачыў — маўчы. Навошта чалавека тапіць, ворагаў сабе нажываць?
— Не парушайце парадку, грамадзянка,— папярэдзіў жанчыну суддзя.
— Чула? — павярнуўся да жонкі Мацвей.— Гэта, брат, табе не дома...— I да суддзяў: — Я на свае вочы бачыў.
Суддзі параіліся і рашылі дапытаць Беляка.
— Стаю на вуліцы я, гляджу — Андрэя вядуць,—пачаў расказваць Мацвей.— Жонка яго крыху воддаль ідзе. Бачу, нагнулася, падняла нешта. Потым, калі разгарнула, я заўважыў, што гэта паперка. А Кукса на ганку стаяў. Тамара адазвала яго ўбок i перадала яе.
— Ён ілжэ, помсціць мне...— голасна пачаў апраўдвацца Андрэй.
— За што? — пацікавіўся народны засядацель.
— За тое, што радыёлу яму не прадаў...
— Як табе не сорамна, Андрэй. Дзе сумленне? — Голас Мацвея задрыжаў.
Кукса маўчаў і толькі неяк насцярожліва пазіраў то на аднаго, то на другога.
Суддзя выклікаў Тамару Арэшка. Падышла тая самая заплаканая жанчына, што сядзела побач з Верай. На пытанне суддзі, ці пацвярджае яна словы Беляка, жанчына нічога не адказала, толькі нервова кусала вусны.
— Язык у цябе адваліўся, ці што? — не сцярпеў Андрэй.
Але Тамара па-ранейшаму маўчала. Кукса недаўменна глядзеў на яе і думаў у гэты час: «Андрэй — яе муж. У іх ёсць дзеці. Дык чаго ж яна маўчыць, не выручае?» Так жанчына нічога i не сказала.
— Дапытай Беляка наконт аблігацый, Сямён Пятровіч,— раптам пачуўся з кабінета пракурораў бас.
«Пры чым тут аблігацыі?» — падумаў Сямён Пятровіч, але спытаў:
— Што вы, Бяляк, ведаеце пра аблігацыі?
— А што ведаю? Андрэй купляў іх у ашчадкасе. Я на свае вочы бачыў.— I Мацвей расказаў усё, пра што некалі паведаміў пракурору.
Пасля допыту Беляка судовае следства па сутнасці было ўжо скончана. Але Сямён Пятровіч разумеў, што эпізод з запіскай заставаўся яшчэ не высветлены як след. Што пісаў у той запісцы Арэшка — суду невядома. А як даведацца? Хто раскажа? Жонка падсуднага? Не, даказваць на мужа ў яе не хопіць адвагі. Мо Кукса гэта зробіць? Не, на яго таксама надзея малая. Паспрабуй, зразумей гэтага чалавека!..
Як толькі Сямён Пятровіч паглядзеў на Куксу, той адразу ж адвёў ад яго свой позірк. Суддзя адразу ж зноў выклікаў Куксу.
— Суд спадзяецца, сведка, што вы ўсё ж скажаце праўду. Перадавала вам жонка падсуднага запіску ці не?
Марцін то засоўваў руку ў кішэню, то зноў вымаў яе і маўчаў. А Сямён Пятровіч дапытваўся:
— Дык скажаце?
Кукса раптам павярнуўся, паглядзеў на Тамару, потым нервова выхапіў з кішэні руку і паклаў суддзі на стол шматок паперы. Суддзя разгарнуў запіску і, ледзь разбіраючы густы, дробны почырк, прачытаў: «Кукса, памажы. Заблытай як-небудзь справу. Пашкадуй не мяне, а маіх дзяцей».
А Кукса, пастаяўшы, павярнуўся да Арэшкі і сцішаным голасам кінуў:
— Сумленне... Яно ж і ў мяне ёсць...
Відаць, гаварыў для аднаго падсуднага, а пачулі ўсе, бо ў зале было ціха-ціха. Сямёну Пятровічу здалося, што гэтымі простымі словамі Кукса горда заявіў на ўвесь голас: «Я таксама чалавек...»
Падсудны пазіраў не на Куксу, а кудысьці ў кут пакоя. Вочы яго то ўспыхвалі, то цямнелі, то зноў ліхаманкава загараліся.
Суд прызнаў вінаватым Андрэя. Як толькі суддзі выйшлі з дарадчага пакоя, па зале пранёсся глухі шорах: прысутныя зноў усталі. Суддзя абвёў позіркам залу і ўбачыў строгія твары. Прачытаўшы прыгавор, ён чамусьці адразу зірнуў не на падсуднага, а на Веру. Дзве буйныя слязы выкаціліся з вачэй і павольна цяклі па твары дзяўчыны.
— Дзякую, грамадзянін суддзя. А туды вам ужо можна i не пазіраць,— неяк насмешліва кінуў асуджаны. А ў наступны момант Сямён Пятровіч убачыў у яго такіх жа сініх, як і ў Веры, вачах столькі нянавісці, што міжвольна падумаў: «Так, у гэтым, бадай, твая праўда».
Павел Рыгоравіч быў у судзе да канца працэсу. Як толькі суддзя зайшоў у кабінет, ён чамусьці зняў акуляры і доўга праціраў іх насоўкай. Потым падышоў да Сямёна Пятровіча і моўчкі паціснуў яму руку. «Моцная яшчэ рука ў старога»,— падумаў Кузняцоў, як толькі пракурор выйшаў. Застаўшыся адзін, ён падышоў да акна, расчыніў яго. У пакой зноў заглянула ўсё тая ж, што і зімою, галінка ліпы. Толькі цяпер яна была ва ўбранні першай, кволай квецені і неставала на ёй тых двух снегіроў. I дзе яны цяпер? Мо і яны разляцеліся ў розныя бакі?
Яго, як абручамі, сціснула цяжкая, пякучая туга.
Ён выйшаў на вуліцу. Абмытыя кароткім, але спорным дажджом, блішчалі дахі будынкаў і асфальт тратуараў. Непадалёку ад памяшкання суда, каля аўтобуснага прыпынку, стаяла некалькі чалавек. Сярод іх была і Вера. Кузняцоў з мінуту вагаўся, але, пераадолеўшы свае сумненні, наважыўся падысці да яе. Няўжо ж яна не зразумее, што ён не мог інакш? А яна павярнулася i пайшла прэч. Значыць, усё. Разышліся іхнія шляхі-дарогі. Сямёну Пятровічу хацелася крыкнуць на ўсе грудзі: «Вярніся, куды ты?» Але Вера, прайшоўшы крыху, азірнулася адзін раз, другі і спынілася. Ці яна чакае каго? Але, чакае. Адышла ад старонніх людзей і чакае. Цябе чакае, Сямён Пятровіч. Дык чаго ты стаіш? Ідзі да яе, ідзі...
Жалоба
Напишите нам, и мы в срочном порядке примем меры.