Вінцэсь Мудроў - Албанскае танга Страница 9
Вінцэсь Мудроў - Албанскае танга читать онлайн бесплатно
Машына павярнула з праспекта налева, і гэта азначала, што яго вязуць на ўрадавае лецішча «Зарэчча». Летась, як прыязджаў у Маскву, іх дэлегацыю таксама пасялілі на тым лецішчы, паведаміўшы, што гэта лепшая загарадная гасцёўня. Апроч албанцаў там спыняўся толькі кітайскі прэм’ер Чжоў Энь-лай.
Усю дарогу да «Зарэчча» яны з хрушчоўскім намеснікам амаль не размаўлялі, толькі зрэдзьчасу абменьваліся кароткімі рэплікамі. Нарэшце ўрадавы “ЗіМ”, даўшы кола па невялічкім пляцы, спыніўся, і яны выйшлі з машыны. Энвер думаў, што зараз развітаецца з Казловым і пойдзе адпачываць пасля дарогі, аднак той зайшоў на лецішча, зняў ля ўваходу палітон і, ляпнуўшы далонямі, гракнуў:
- А зараз крыху вып’ем і перакусім!
У вітальні ўжо быў падрыхтаваны стол з выпіўкай і канапкамі з чорнай ікрой.
Казлоў відавочна хацеў даведацца пра настроі албанскай дэлегацыі, таму і завёў размову пра дакументы, якія збіраліся прыняць удзельнікі нарады. Аднак Энвер сваімі суворымі адказамі даў зразумець, што не мае ахвоты мянціць языком. Урэшце хрушчоўскі памагаты наліў каньяку, крэкнуў: «За вас, таварыш Энвер!» - і, кульнуўшы поўны келіх, падаўся прэч.
Праз дзве гадзіны Энвер Ходжа сядзеў у пакоі, што быў адведзены пад кабінет, і чытаў з алоўкам у руках тэкст прамовы, з якой мусіў выступіць.
«Няўжо ў Савецкага Саюза, які прадае збожжа ўсяму свету, не знайшлося 50 тысяч тон зерня для албанскага народа, у той час як не па нашай віне яму пагражаў голад? Калісьці таварыш Хрушчоў казаў нам: «Не хвалюйцеся за хлеб; тое, што вы спажываеце за год, у нас пацукі з’ядаюць». Значыць, пацукі ў Савецкім Саюзе могуць жэрці, а албанскі народ хай памірае з галадухі?» - чырвоны аловак падкрэсліў слова «пацукі» і застыў у паветры. «А можа не згадваць пацукоў? Можа гэта задужа?» - падумалася той хвілінай, і ў кабінет стоена пастукалі. Энвер адарваў вочы ад папер і ўбачыў у дзвярной пройме кучаравага хлопца з нейкім дзіўным прыстасаваннем у руках: яно нагадвала мініяцюрны радыёпрымач з тэлескапічнай антэнай. Ні слова не кажучы, хлопец кіўнуў галавой і прычыніў дзверы.
- Ну і сволачы! - выдыхнуў Энвер, падхапіўся на ногі і некалькі аркушаў зляцелі на падлогу.
Гэтага кучаравага інжынера ён уключыў у склад дэлегацыі як рэферэнта. А ў руках хлопца быў найноўшы амерыканскі дэтэктар, які адразу ж вызначаў - ці ёсць у памяшканні «жучкі». Маўклівы ківок сведчыў, што лецішча праслухоўваецца.
- Сволачы, - паўтарыў Энвер і нервовым крокам прайшоўся па кабінеце.
«Не толькі зачытаю прамову цалкам, але і яшчэ чаго дадам. Лясну на развітанне дзвярыма так, што ў Георгіеўскай зале са столі тынкоўка пасыплецца», - з гэтаю думкаю Энвер нахіліўся і падабраў з падлогі старонкі спавешчання.
«Ляскаць дзвярыма» ён збіраўся не проста так, а каб спадабацца кітайцам. Яшчэ пару гадоў таму пайшлі чуткі пра канфлікт паміж Хрушчовым і Мао. Кіраўніку Паднябеснай карцела ачоліць міжнародны камуністычны рух і, стаўшы на кітайскі бок, можна было выслізнуць з савецкіх абдоймаў. Ён паслаў у Пекін свайго чалавека, і там паабяцалі буйныя крэдыты ды эканамічную дапамогу. Гэта якраз тое, што трэба: Паднябесная далёка, а кітайскія крэдыты пад рукой. Валадары Паднябеснай, аднак, збіраліся даць грошы толькі ў выпадку, калі Албанская партыя Працы падтрымае Камуністычную партыю Кітая.
Кітай Энвер наведаў толькі аднойчы - у верасні 1956 года. Прыехаў тады ў Пекін на партыйны з’езд. Думаў, Мао прыме іхнюю дэлегацыю асабіста, у сваім кабінеце, а той пагаманіў з імі похапкам, падчас перапынку паміж пасяджэннямі з’езду. Калі ён з таварышамі ўвайшоў у пакой, дзе адбывалася сустрэча, Мао стаяў нерухома, як статуя, і давялося кожнаму па чарзе падыходзіць да яго, каб парукацца. Размова з кітайскім лідэрам атрымалася няўцямнай. Мао казаў нешта пра югаславаў, пра памылкі Сталіна, вёрз яшчэ нейкую лухту, якая нават не адбілася ў памяці. Але чорт з ім, з Мао. Галоўнае, гэтая статуя ў шэрым фрэнчы наўрад ці будзе скідваць яго, Энвера, з пасады. Так што пераход у стан кітайцаў, як выглядала, быў адзіным выратаваннем.
Першы стрэл па хрушчоўцах ён зрабіў яшчэ ўлетку, у Бухарэсце. Там, на нарадзе прадстаўнікоў камуністычных і рабочых партый, савецкая дэлегацыя выступіла з крытыкай кітайскіх таварышаў, аднак албанская дэлегацыя тую крытыку не падтрымала. Мікіту Хрушчова гэта спачатку здзівіла, а потым разлютавала: «Што там за Албанія такая - кату на раз аблізаць, - а заяўляе пра нейкую сваю пазіцыю... Жывуць, галякі, за наш кошт і яшчэ хвастамі круцяць. Не даваць ім ніякага збожжа! І спыніць пастаўку трактароў ды іншай тэхнікі». Словы гэтыя перадалі Энверу, і гэта азначала, што ў Маскву яму ехаць не варта. Але ж вось давялося паехаць...
Хрушчоў ведаў тэкст ягонага спавешчання і, як меркаваў Энвер, будзе рабіць усё, каб яно, прынамсі ў такой рэдакцыі, не прагучала. І як у ваду глядзеў. Першым, хто ўзяўся яго пераконваць не канфліктаваць з Мікітам, быў лідэр французскіх камуністаў Марыс Тарэз. Тарэз запрасіў на сяброўскую вячэру, і напачатку яны гаманілі - выключна па-французску - пра шумны і бязладны Парыж і пра ціхі ды ўтульны Манпелье, дзе Энвер калісьці вучыўся ва ўніверсітэце, але так і не здолеў скончыць. Ды і як было вучыцца, калі вакол віравала столькі прыгожых дэвотак, якія раз за разам вешаліся на шыю. «Ээ-х, былі часіны!» - выгукнуў ён за бяседным сталом, але Тарэз урэшце рэшт разагнаў прыемныя ўспаміны, паведаміўшы, што калі ён выступіць супраць Хрушчова, усе восемдзесят партый, што заявіліся на нараду, будуць супраць яго.
- А мы нікога не баімся, - сказаў Энвер, выціраючы сурвэткай вусны,- таму што ідзем правільнай дарогай!
Увечары наступнага дня пад вокнамі загулі машыны, і да ганку лецішча падкаціла адразу некалькі “ЗіМаў”. Гэта прыехалі на перамовы савецкія таварышы.
Энвер заўсёды з неахвотаю плёўся ў сталоўку, дзе ладзіліся падобныя сустрэчы, але гэтым разам, пабачыўшы сярод гасцей зморшчаны, што той сухафрукт, твар Анастаса Мікаяна, зусім змарнеў душою. Гэтага армяніна ён не любіў больш за Хрушчова, бо той непасрэдна займаўся пытаннямі дапамогі Албаніі і ўсяляк тую дапамогу скарачаў, крэслячы чырвоным алоўкам іхнія заяўкі.
«Усё, пан Анастас, мінуў твой час. Больш ужо не буду перад табой на хлеб спяваць ды на тваю руку паглядаць», - падумаў тады Энвер, нядобра зыркнуўшы на Мікаяна.
Госці штосьці казалі пра адзінства камуністычнага руху, пра тое, што Мікіта Сяргеевіч вельмі перажывае з нагоды савецка-албанскіх непаразуменняў, сталі прапаноўваць ільготныя крэдыты, нарэшце, пшаніцу ў неабмежаванай колькасці. Але, пачуўшы ад Энвера кароткую фразу: «Мы ад сваёй пазіцыі не адступімся», - селі ў свае чорныя, падобныя да жукоў- гнаевікоў “ЗіМы” і з’ехалі ў Маскву. Назаўтра, проці ночы, ізноў завіталі Мікаян з Казловым і зноўку пачалі казаць пра патрэбу адзінства, але Энвер паведаміў, што яму трэба класціся спаць, і госці, ужо накінуўшы палітоны, прапанавалі албанскай дэлегацыі сустрэцца непасрэдна з Хрушчовым.
12 лістапада 1960 года, акурат у поўдзень, да шэрага будынку на Старым пляцы пад’ехала албанская дэлегацыя, што ўдзельнічала ў нарадзе. Надвор’е было халодным і золкім. З неба падаў дробны сняжок, які адразу ж раставаў, крануўшыся асфальту.
Хрушчоў прыняў дэлегацыю ў сваім кабінеце, у прысутнасці Мікаяна, Казлова і Андропава.
Размова ад самага пачатку не задалася.
- Вам слова, пачынайце. Мы ўважліва слухаем, - прамовіў гаспадар кабінета, раскінуўшыся ў крэсле.
- Вы нас запрасілі, вы тут гаспадары, вы і пачынайце, - адказаў Энвер, і Хрушчоў, сумеўшыся, запытаў:
- Я не разумею, што адбылося пасля майго візіту ў Албанію ў 1959 годзе? - летась Мікіта ездзіў да Энвера на пагасціны, і яго там закідалі кветкамі.
У адказ албанскія таварышы завялі катрынку пра югаслаўскіх рэвізіяністаў, іх савецкія калегі, у сваю чаргу, сталі абвінавачваць Энвера ў расколе камуністычнага руху, потым сталі высвятляць - каму належыць ваенна-марская база ва Улёрскай бухце, нарэшце Хрушчову абрыдла ўся гэтая балбатня, ён падняўся на ногі і заявіў: «Вы на мяне плюяце! З вамі немагчыма размаўляць!» І албанцы, нават не развітаўшыся, ціхенька выслізнулі з кабінета.
Праз чатыры дні прыспеў час зачытаць спавешчанне.
Вялізная Георгіеўская зала гарэла ўсімі сваімі кандэлябрамі і цені ўдзельнікаў нарады, якія ішлі займаць свае месцы, нагадвалі чорныя кветкі. Амаль усе ўдзельнікі ўжо сядзелі за сталамі, суцішна перамаўляліся, утвараючы бязладны шум, і раз-поразу пазіралі на атвор разнасцежаных дзвярэй. Усе чакалі з’яўлення савецкай дэлегацыі. Неўзабаве шум прыкметна пацішэў, і ў залу дробным імпэтным крокам увайшоў Хрушчоў. Следам за ім, віхлястай чарадой, паспявалі брывасты Брэжнеў; сухарлявы, з віслай чупрынай на лобе, Суслаў; пахілы і зморшчаны, што той смаржок, Мікаян.
Мікіта кінуў на стол тэчку з паперамі, грузна сеў у крэсла, і сёмае па ліку паседжанне нарады пачалося.
Жалоба
Напишите нам, и мы в срочном порядке примем меры.